Урачысты сход, прысвечаны Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь

  • 4
Галоўны фундамент бяспекі і незалежнасці Беларусі — гэта адзінства і згода ў грамадстве, мір і парадак унутры краіны, устойлівае развіццё эканомікі. Аб гэтым заявіў 1 ліпеня Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка на ўрачыстым сходзе, прысвечаным Дню Незалежнасці Беларусі.

Прэзідэнт адзначыў, што гэтыя ліпеньскія дні асаблівыя ў беларускім календары. «Колькі б часу ні прайшло пасля Вялікай Айчыннай вайны, мы зноў і зноў вяртаемся ў далёкае лета 1944 года, — сказаў беларускі лідар. — Воляй беларускага народа менавіта гэтая дата стала галоўным дзяржаўным святам незалежнай Беларусі».

«Для нас святая памяць аб жахлівых ахвярах вайны, вялікім подзвігу мільёнаў салдат і афіцэраў, партызан і падпольшчыкаў, мірных грамадзян, якія адстаялі свабоду нашай Айчыны, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Прынята лічыць, што незалежнасць і суверэнітэт дасталіся беларусам мірна, без войнаў, узрушэнняў — амаль дарма. Аднак наш шлях да незалежнасці быў доўгім, цяжкім і крывавым. Толькі ў гады Вялікай Айчыннай вайны мы страцілі мільёны людзей, кожны трэці загінуў або памёр скалечаным».

«Мы ніколі не павінны забываць — менавіта ў Беларусі супраціўленне агрэсарам было самым масавым», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што ў гады акупацыі ішла сапраўдная бітва за свабоду і незалежнасць роднай зямлі, яна з’яднала народ, спарадзіла нябачаны ў гісторыі ўздым патрыятызму і мужнасці.

«Нашы партызаны і падпольшчыкі свой другі фронт, фронт супраціўлення, адкрылі ўжо ў першыя дні вайны. Яны скавалі вялікія сілы праціўніка, паралізавалі перамяшчэнне войскаў у ходзе рэйкавай вайны і партызанскіх рэйдаў, вызвалялі ад акупантаў вялікія раёны, супастаўныя з тэрыторыяй некаторых еўрапейскіх краін, — сказаў Кіраўнік дзяржавы. — У радах Чырвонай Арміі змагалася амаль паўтара мільёна беларускіх воінаў. Выхадцы з Беларусі самааддана працавалі ў эвакуацыі, удзельнічаючы ў забеспячэнні фронту зброяй і харчаваннем».

«І мы, і нашы нашчадкі заўсёды павінны памятаць — галоўная гістарычная заслуга ў выратаванні чалавецтва ад нацызму належыць савецкаму народу! І менавіта Савецкі Саюз, у склад якога ўваходзіла і наша Беларусь, прынёс самую вялікую ахвяру на алтар Перамогі», — сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ніколі не забудзецца і працоўны подзвіг тых пакаленняў. «Пасля вызвалення Беларусі яны ўзднялі краіну з руін. Абапіраючыся на падтрымку брацкіх саюзных рэспублік, беларусы вярнулі да жыцця родны край. У пасляваенныя гады ў нас быў створаны магутны навукова-вытворчы патэнцыял, з’явіліся новыя галіны эканомікі, атрымалі развіццё адукацыя, культура, сацыяльная сфера», — адзначыў Прэзідэнт. Ён звярнуў увагу на тое, што рэспубліка выйшла на лідзіруючыя эканамічныя пазіцыі ў Савецкім Саюзе.

«Міралюбівая палітыка маладой незалежнай дзяржавы выпакутавана ўсёй гісторыяй нашага народа, як і яе незалежнасць», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, важным палітычным вынікам Другой сусветнай вайны стала прызнанне міжнароднай супольнасцю значнага ўкладу беларускага народа ў перамогу над фашызмам. Краіна ўвайшла ў лік заснавальнікаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. «Беларусь па праву з’яўляецца паўнацэнным суб’ектам міжнароднай палітыкі. Мы не раз выступалі аўтарам найважнейшых ініцыятыў у Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па спыненні міжнароднага наркатрафіку, гандлю людзьмі, адстойвалі традыцыйныя сямейныя каштоўнасці", — сказаў беларускі лідар.

На думку Кіраўніка дзяржавы, тое, што Беларусь стала цэнтрам для ўрэгулявання міжнародных канфліктаў, паказвае: свет бачыць шчырасць, сумленнасць і адкрытасць беларускай палітыкі. «Мы ніколі не сябруем з некім і супраць кагосьці б то ні было. Беларусь ніколі не стане спекуляваць на міждзяржаўных супярэчнасцях. Ніколі не будзе шукаць сваю выгаду ва ўрон на шкоду каму б там ні было», — сказаў беларускі лідар.

«Але мы патрабуем такога ж шчырага, адкрытага, паважлівага стаўлення і да нашай краіны. Мы гатовыя сябраваць, дапамагаць і супрацоўнічаць з усімі, але толькі на прынцыпах узаемнай выгады і роўнасці», — падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што найноўшая гісторыя незалежнай Беларусі яскрава паказала: любыя спробы ізаляцыі дзяржавы контрпрадукцыйныя.

Ён звярнуў увагу, што сёння Беларусь энергічна пашырае геаграфію кантактаў, умацоўваюцца адносіны з такімі буйнымі дзяржавамі, як Кітай і Індыя, развіваецца цеснае супрацоўніцтва з краінамі Лацінскай Амерыкі, вядзецца пошук агульных пунктаў з дзяржавамі Афрыкі і Паўднёва-Усходняй Азіі. Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь ужо адчувае ад гэтага практычны вынік.

Умацаванню пазіцый Беларусі на сусветнай арэне служыць удзел у маштабных інтэграцыйных працэсах. Наша краіна стала ініцыятарам стварэння такіх інтэграцыйных структур на постсавецкай прасторы, як Саюзная дзяржава, Мытны саюз, а затым і Еўразійскі эканамічны саюз. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што маштабны праект ЕАЭС ахоплівае некалькі сот мільёнаў чалавек і мае валавы ўнутраны прадукт у $2,2 трлн. На думку беларускага лідара, гэта магчымасць сумесна пераадольваць крызіс і знаходзіць новыя шляхі развіцця.

Беларусь уключана ў глабальную эканамічную ініцыятыву Кітая па стварэнні новага Шаўковага шляху, якая выдатна дапаўняе праект Еўразійскага эканамічнага саюза, паколькі гандлёвыя шляхі будуць пралягаць па яго тэрыторыі, адзначыў Прэзідэнт.