Бел
Галоўная   /  Падзеі

Урачыстае ўшаноўванне перадавікоў АПК Беларусі

9 лютага 2018 года
Урачыстае ўшаноўванне перадавікоў АПК Беларусі
глядзіце таксама: відэа
9 лютага 2018 года
Урачыстае ўшаноўванне перадавікоў АПК Беларусі
Урачыстае ўшаноўванне перадавікоў АПК Беларусі
глядзіце таксама: фота
9 лютага 2018 года
Урачыстае ўшаноўванне перадавікоў АПК Беларусі
30 фота

У Беларусі беражліва захоўваюць прыгожую традыцыю адзначаць свята ўраджаю. Гэты факт Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка асабліва адзначыў 9 лютага на ўрачыстай цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод лепшым працаўнікам аграрнай сферы.

"Шмат гадоў мы падводзілі вынікі работы вяскоўцаў восенню, святкуючы "Дажынкі". Гэта традыцыя ў крыху відазмененым, але вельмі карысным і прагматычным плане прадаўжаецца і цяпер. Мы ўшаноўвалі лепшых працаўнікоў палёў. Здаўна менавіта яны лічыліся галоўнымі карміцелямі свайго народа, таму і заставаліся адзінымі героямі гэтай урачыстасці да сённяшняга дня. Мы і ў далейшым будзем беражліва захоўваць гэту прыгожую традыцыю - адзначаць свята ўраджаю, - сказаў Прэзідэнт. - Але надышоў час пашырыць кола яго ўдзельнікаў і правесці больш маштабныя мерапрыемствы, прысвечаныя вынікам работы ўсіх сфер АПК. Люты выбраны не выпадкова. Да гэтага часу ўжо вядома, хто як спрацаваў у галіне ва ўсіх рэгіёнах. І самы час рыхтавацца да веснавых палявых работ".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што толькі працаўнікі вёскі ведаюць сапраўдную цану ўкладзенай у зямлю працы. І нягледзячы на тое, што на дапамогу аграрыям прыйшлі індустрыяльныя і навуковыя дасягненні цывілізацыі, праца земляробаў па-ранейшаму застаецца адной з самых напружаных і цяжкіх. "У гарачую пару няма месца святам і выхадным. Зямлі трэба аддаць столькі часу і сіл, колькі яна запатрабуе. Іх не змераеш ні святлом дня, ні стомай. Зямля правярае кожнага, на што ён здольны. Забярэ ўсю ўвагу, але і аддасць больш, калі ставіцца да яе з клопатам", - адзначыў ён.

"Чалавек, які вырас у вёсцы, сярод палёў, лясоў і рэк, ведае, якой сілай і энергіяй напаўняе прырода ўсіх, хто з ёю блізкі. Куды б потым ні закінуў лёс, ён пранясе гэту сувязь праз усё сваё жыццё. І Радзіма назаўсёды застанецца ў яго сэрцы", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт паведаміў, што 2018 год у Беларусі вырашана аб'явіць Годам малой радзімы. Прэзідэнт растлумачыў, што прыняцце такога важнага рашэння выклікалі разважанні аб важнасці малой радзімы ў лёсе кожнага чалавека. "Яна шматаблічная. Для адных гэта родны горад, вуліца ў горадзе або невялікі дворык, вёска, дзе прайшлі лепшыя дзіцячыя гады, для іншых - кавалачак дзікай прыроды, які радаваў вока і дарыў пачуццё напоўненасці і спакою. А для тых, хто паехаў шукаць шасце ў іншыя краіны, малой радзімай стала Беларусь", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што настаў час кожнаму не толькі ўспомніць аб сваіх каранях, аб месцы, дзе засталася часцінка душы, але і аддаць доўг гэтаму кавалачку зямлі. "Вельмі хочацца, каб дапамога ішла ад сэрца, стала ўласнай ініцыятывай. Яна можа быць матэрыяльнай, стваральнай, асветнай, творчай - хто як можа і хто колькі можа. Залежыць ад магчымасцей, фантазіі і жадання кожнага. Настаў момант праявіць сябе і ўпісаць сваё імя ў гісторыю гэтай малой радзімы, гэтага кавалачка нашай зямлі", - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што Беларусь - прыгожая і добраўпарадкаваная краіна з чыстымі ўтульнымі гарадамі, дагледжанымі сельгасугоддзямі, багатай прыродай. "Дзяржава шмат зрабіла ў гэтым напрамку і не спыніцца на дасягнутым. Але ж няма мяжы дасканаласці, і заўсёды знойдзецца дзе прымяніць уласныя сілы. Беларусь - наш агульны дом, і ў нашых інтарэсах зрабіць яго ўтульным і ўзорным, - сказаў ён. - Давайце пакажам, што мы сапраўдныя і руплівыя гаспадары сваёй зямлі. Нас шмат, і таму нават самы сціплы ўклад кожнага адыграе сваю ролю, зробіць краіну яшчэ прыгажэйшай".


Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, асабісты ўдзел кожнага ў гэтым працэсе будзе для новых пакаленняў прыкладам сапраўднага патрыятызму, калі прыгожыя лозунгі і словы падмацоўваюцца канкрэтнымі справамі і ўчынкамі.

"І гэта не задача аднаго года. Магчыма, некалькіх гадоў. А лепш, калі стане нормай жыцця. Нашай роднай зямлі патрэбна энергія любові кожнага жыхара, яго вера ў сваю краіну і клопат аб ёй. Беларусь такая, якой мы яе бачым, такая, якой мы яе ствараем. І самае галоўнае - якія мы, такая і яна, наша Беларусь. Чым больш людзей паспяховых, упэўненых у сабе і сваёй краіне - тым мацнейшая дзяржава. І разуменне гэтай сувязі трэба перадаць, як ген, сваім дзецям", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Гэта немагчыма без выхавання гордасці за сваю краіну, горад, вёску, сям'ю. Каб прывіць гэтыя пачуцці, трэба самім быць адказнымі за словы, справы, учынкі, за блізкіх людзей. "Мы павінны паказаць нашым дзецям, што, як ні склалася б іх жыццё ў будучым, у іх ёсць дом, ёсць малая радзіма, дзе яны заўсёды знойдуць суцяшэнне і адчуюць нябачную падтрымку ад гэтай зямлі. Мне не трэба вам расказваць, што такое малая радзіма, асабліва, што такое вёсачка, у якой, можа, ужо засталося тры-пяць дамоў, - калісьці вялікая вёска ператварылася ў зусім маленькі куток, як у нас раней гаварылі, у хутарок. І мне не трэба вас пераконваць, што з гадамі цягне туды, дзе ты зрабіў першыя крокі. Пакуль у нас ёсць час і магчымасці, давайце выратуем гэтыя хутаркі", - заклікаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу: тыя, у каго ёсць магчымасці адбудаваць і адрадзіць гэтыя вёсачкі, няхай назавуць іх сваім імем. "Але мы яго захаваем. І калі глядзець у сутнасць тэмы года глыбей, то стане зразумела, што гэта не краіна, а мы самі маем патрэбу ў тым, каб зрабіць штосьці добрае і карыснае для свайго роднага краю. Гэта нам важна адчуць сябе патрэбнымі, шчодрымі. Усвядоміць сябе гаспадарамі ўласнага жыцця, самадастатковымі людзьмі, якія не толькі шчыра радуюцца поспехам сваёй краіны, але і адчуваюць да іх асабістую прыналежнасць", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт паставіў задачу вырашыць пытанне прывабнасці для моладзі жыцця ў вёсцы. "Жыццё імкліва ідзе наперад. На палі і фермы прыходзяць робаты, укараняюцца біятэхналогіі. Каму, як не моладзі, уключыцца ў гэты сучасны рабочы рытм? Пытанне прыцягнення ў сельскую мясцоваць маладых спецыялістаў на гэты момант адно з самых актуальных. Вырашаць яго неабходна як у вёсцы, так і ў гарадах. Думаю, каб дзейнічаць у гэтым напрамку больш эфектыўна, для пачатку трэба аб'ектыўна паглядзець на тое, што перашкаджае жыць і працаваць у вёсцы", - заявіў беларускі лідар.

"Трэба паставіць сябе на месца працаўнікоў вёскі, каб зразумець, што яшчэ неабходна зрабіць для паляпшэння ўмоў іх працы, жыцця і адпачынку. Не менш важна падумаць аб тым, чым можа быць прывабная сёння вёска для моладзі. Што трэба зрабіць, каб яны - сучасныя, актыўныя, адукаваныя людзі - не пакідалі вёску, а, наадварот, імкнуліся прыехаць туды жыць і працаваць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што ў свой час у Беларусі ўдзялілі шмат увагі гэтаму пытанню, узнялі на новы ўзровень амаль паўтары тысячы вёсак, ператварыўшы іх у сучасныя аграгарадкі. "Будучыня будзе фарміравацца вакол гэтых аграгарадкоў і ўнутры", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, усім разам трэба будзе яшчэ многае зрабіць, каб жыццё ў глыбінцы стала не толькі камфортным, але і цікавым. Прэзідэнт звярнуў увагу, што прыгожыя і дагледжаныя вёскі і гарадкі, даступнасць для іх жыхароў элементарных даброт цывілізаванага свету - гэта паказчык узроўню культуры ўсёй нацыі. "І няважна, хто будзе жыць і працаваць у вёсцы будучага, чыя яна малая радзіма, - мы ўсе за яе адказныя. Таму што кожны куток краіны - гэта частка Беларусі, нашай агульнай зямлі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гэта тэма павінна прайсці чырвонай ніткай праз увесь Год малой радзімы, якім у Беларусі аб'яўлены 2018 год. "Ёсць мэта, ёсць напрамак работы, ёсць канкрэтныя аб'екты для прымянення творчай, стваральнай і іншай прыкладной дзейнасці - значыць, павінен быць і рэзультат! А вынікі мінулага года сёння паслужылі добрай падставай адкрыць вялікае рэспубліканскае свята аграпрамысловага комплексу. Спадзяюся, яно стане нашай новай традыцыяй ушаноўвання працаўнікоў вёскі", - сказаў беларускі лідар.

"Сёння ў гэтай зале сабраліся людзі, якія аддаюць сябе нашай зямлі і роднаму краю штодзённа і без астатку па прычыне сваёй прафесіі і прызвання. Хачу шчыра падзякаваць ад імя беларускага народа ўсім за цяжкую штодзённую працу. Усе вы не па чутках ведаеце, што лёгкага хлеба не бывае, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Мінулы год для аграрыяў у цэлым быў нядрэнны па выніках, хоць і прайшоў у няпростых кліматычных умовах. Гісторыя для нашых шырот не новая. Надвор'е чарговы раз выпрабавала працаўнікоў палёў на трываласць. І зноў вы забяспечылі краіну хлебам, перасягнуўшы мінулагодні вынік. За гэта вам нізкі паклон".

Асаблівыя словы ўдзячнасці Прэзідэнт выказаў лідарам года па зборы збожжавых. Імі сталі гаспадаркі Гродзенскай і Мінскай абласцей. Самая высокая ўраджайнасць атрымана ў ААТ "Гастэлаўскае" Мінскага раёна (амаль 100 ц/га). Звыш 96 ц ураджайнасці збожжавых дасягнулі ў сельскагаспадарчых вытворчых кааператывах Гродзенскага раёна імя Крамко і "Свіслач".


Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, гэтыя гаспадаркі працавалі ў аднолькавых умовах надвор'я з суседзямі, аднак змаглі значна іх перасягнуць. На думку Кіраўніка дзяржавы, гэта лішні раз даказвае, што пры правільным тэхналагічным падыходзе ніякія прыродныя фактары не з'яўляюцца перашкодай для эфектыўнай працы.

Парадавалі ў мінулым годзе і поспехі жывёлаводаў. Упершыню ў краіне сярэднегадавы ўдой малака дасягнуў гістарычных 5 тыс. кг. Аднак для многіх гаспадарак гэта даўно пройдзены рубеж. У лідарах - "Моладава-Агра" Іванаўскага раёна, "Вітэкс" Уздзенскага раёна, СВК "Агракамбінат Сноў" Нясвіжскага раёна і "Ларынаўка" Аршанскага раёна. У кожным вырабляецца звыш 10 тыс. кг малака на карову ў год.

"Усё гэта садзейнічае стварэнню трывалай сыравіннай базы для перапрацоўчай прамысловасці. Па выніках 2017 года вытворчасць прадуктаў харчавання павялічылася больш як на 3%, гэта да таго высокага ўзроўню, які мы мелі, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - Вядучымі рэгіёнамі ў гэтай сферы з'яўляюцца Брэсцкая, Мінская і Гродзенская вобласці, якія ўзялі на сябе 60% ад гэтага аб'ёму".

Аляксандр Лукашэнка лічыць важным вырашэнне яшчэ адной праблемы - захавання ўраджаю. Была пабудавана дастатковая колькасць агароднінасховішчаў, дзякуючы якім экалагічна чыстая свежая агародніна і садавіна цяпер у продажы фактычна да сезона новага ўраджаю.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гэтак жа сур'ёзна трэба вырашыць праблему са стварэннем сховішчаў для кармоў. "Патрэбны добрыя сховішчы. Рашэнне прынята, і яно павінна быць выканана", - сказаў Прэзідэнт. На яго думку, гэта павінна даць вельмі высокі вынік.

"Нам асабліва прыемна адзначыць той факт, што Беларусь уваходзіць у першую групу краін з высокім узроўнем забяспечанасці прадуктамі харчавання насельніцтва. Гэта меркаванне міжнародных экспертаў - спецыялістаў Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Вытворчасць прадуктаў на душу насельніцтва ў рэспубліцы на гэты момант адпавядае ўзроўню развітых краін і па многіх пазіцыях перавышае паказчыкі, дасягнутыя ў краінах СНД".

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка назваў вельмі важным тое, што, забяспечваючы патрэбнасці айчыннага рынку, беларускія прадпрыемствы захоўваюць і свае экспартныя пазіцыі як на постсавецкай прасторы, так і ў асобных дзяржавах Еўрасаюза, а таксама арабскага, азіяцкага, афрыканскага і лацінаамерыканскага рэгіёнаў. Гэта больш за 60 краін.


На думку Прэзідэнта, беларускія малочныя прадукты без перабольшання сталі адным з нацыянальных брэндаў. Краіна ўваходзіць у пяцёрку вядучых сусветных экспарцёраў гэтай прадукцыі. Беларусь на чацвёртай пазіцыі ў свеце па экспарце сыроў і на пятай - па экспарце сухога абястлушчанага малака. Па гандлі сметанковым маслам - у тройцы сусветных лідараў. Дарэчы, на сённяшні дзень у асартыменце малочнай прамысловасці больш як 1,5 тыс. найменняў. І вырабляюцца гэтыя прадукты, у адрозненне ад замежных аналагаў, выключна з натуральнага малака.

"Да таго ж мы адзіныя сярод былых савецкіх рэспублік захавалі ДАСТ, і яго трэба няўхільна прытрымлівацца. Людзі, якія разумеюць, што гарантуе маркіроўка гэтым знакам якасці на этыкетцы, едуць за такімі прадуктамі часам за тысячы кіламетраў", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Айчынныя сыраробы правялі паспяховую работу па імпартазамяшчэнні італьянскіх і французскіх брэндаў. Цвёрдыя, мяккія, з цвіллю сыры, зробленыя ў Беларусі, не ўступаюць па смакавых характарыстыках вядомым аналагам, але пры гэтым значна таннейшыя.

Агульнавядома і высокая якасць айчыннай мясной прадукцыі. У Беларусі захавалі традыцыйныя тэхналогіі яе вырабу без дабавак - узмацняльнікаў смаку і кансервантаў, якія павялічваюць тэрмін годнасці прадукту, але не яго карысныя ўласцівасці.

Прэзідэнт таксама звярнуў увагу на той факт, што Беларусь займае восьмае месца ў свеце сярод экспарцёраў ялавічыны і мяса птушкі. Геаграфія паставак налічвае больш за 20 краін.

"Заваяваныя пазіцыі на буйнейшых сусветных харчовых рынках - вялікі крок наперад. Важна не толькі захаваць іх, але і пашырыць, - перакананы Кіраўнік дзяржавы. - Мы самі вырабляем і абслугоўваем сельскагаспадарчую тэхніку. Для дзяржавы, арыентаванай на аграрны сектар эканомікі, гэта вялікая перавага і залог паспяховага развіцця".

Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды і падарачныя сертыфікаты лепшым гаспадаркам і работнікам аграрнай сферы рэспублікі. Падзяка Прэзідэнта была аб'яўлена працаўнікам аграпрамысловага комплексу Брэсцкай вобласці і Гродзенскага раёна, калектывам шэрага сельгаспрадпрыемстваў, у тым ліку СВК "Ларынаўка" Аршанскага раёна, ААТ "Агра-Калядзічы" Пружанскага раёна, СВК "Свіслач" Гродзенскага раёна, КСУП "Саўгас-камбінат "Зара" Мазырскага раёна, ААТ "Гарадзея" Нясвіжскага раёна і ААТ "Рассвет" імя К.П.Арлоўскага Кіраўскага раёна.

"Шчыра віншую вас з поспехамі ў дзейнасці. Жадаю не проста паўтарыць іх у наступным сезоне, а значна перасягнуць. І няхай вам спрыяюць умовы надвор'я, праца будзе ў радасць, а зямля будзе шчодрай", - сказаў ён.

На ўрачыстай цырымоніі Прэзідэнту падарылі памятны сувенір - Грамнічную свечку, якая лічыцца сімвалічным абярэгам беларусаў.

© 2018, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь