Удзел ва ўрачыстых мерапрыемствах у гонар Дня Перамогі

  • 24
  • 23:25

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 9 мая прыняў удзел у агульнарэспубліканскіх святочных мерапрыемствах з нагоды 73-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Кіраўнік дзяржавы ўсклаў вянок да манумента Перамогі. Удзельнікамі і гасцямі ўрачыстай цырымоніі сталі ветэраны вайны, вышэйшыя службовыя асобы, кіраўнікі дзяржорганаў, прадстаўнікі замежнага дыпламатычнага корпуса, маладзёжных і дзіцячых арганізацый, грамадскіх аб'яднанняў.

У сваім выступленні Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі ведаюць цану свабоды і незалежнасці. "Таму з такім хваляваннем ставімся да гісторыі, так старанна адстойваем прынцыпы справядлівасці, сумленнасці і роўнасці, - сказаў Прэзідэнт. - Праводзячы міралюбівую палітыку, паважаючы інтарэсы іншых народаў, мы не адмовімся ад нашых перакананняў. Не станем іх навязваць, але заўсёды працягнем руку дапамогі таму, хто ў ёй мае патрэбу. Гэта наша цвёрдая і паслядоўная пазіцыя".

Ён дадаў, што беларусы заўсёды змагаліся за недапушчэнне скажэння гісторыі, асабліва падзей Вялікай Айчыннай вайны. "Мы змагаліся супраць такіх шарлатанаў і не думалі, што нам давядзецца змагацца і з іншай бядой: прыватызацыяй нашай Перамогі", - заявіў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ўвесь савецкі народ унёс дастойны ўклад у Вялікую Перамогу, і дзяліць яе недарэчы. "Гэта гэтак жа балюча для сённяшніх ветэранаў, як аддаваць яе забыццю", - сказаў Прэзідэнт.

Памяць загінулых у Вялікай Айчыннай вайне ўшанавалі мінутай маўчання. Урачыстым маршам перад удзельнікамі мерапрыемства прайшла зводная рота і аркестр ганаровай варты Мінскай ваеннай камендатуры. Затым на плошчы Перамогі адбыўся святочны тэатралізаваны паказ.

Пасля завяршэння афіцыйнай часткі ўрачыстай цырымоніі Аляксандр Лукашэнка цёпла пагутарыў з ветэранамі, жыхарамі і гасцямі сталіцы, якія прыйшлі на мерапрыемства, прывітаў прадстаўнікоў дыпламатычнага корпуса.

Удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, размаўляючы з Прэзідэнтам, адзначалі спакой, які пануе ў Беларусі на фоне іншых краін. "Пакуль мы будзем цаніць гэты спакой, ён у нас будзе. Як толькі мы забудзем аб тым, што ён павінен быць, мы яго страцім. А страта спакою, вы ведаеце, да чаго сёння вядзе", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз выказаў ветэранам словы ўдзячнасці за ўклад у разгром нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Вялікую Перамогу, пажадаў доўгіх гадоў жыцця.

Размаўляючы з прадстаўнікамі замежнага дыпкорпуса, Прэзідэнт павіншаваў іх са святам Перамогі, адзначыўшы, што яно агульнае для многіх дзяржаў. Ён таксама выказаў надзею, што ўзброеныя і палітычныя канфлікты, якія сёння адбываюцца паміж некаторымі краінамі, будуць спынены ў хуткім будучым.


Аляксандр Лукашэнка таксама адказаў на пытанні прадстаўнікоў СМІ. Ён выказаў упэўненасць у тым, што страціць памяць пра Вялікую Айчынную вайну немагчыма пры любой уладзе, паколькі гэта памяць вельмі глыбокая. "Пакуль мы будзем ствараць фільмы, пісаць кнігі, чытаць вершы і прозу пра вайну, пакуль мы ў дзіцячым садзе будзем развучваць вершы і спяваць ваенныя песні, пакуль у навучальных праграмах школ і нашых ВНУ гэта тэма будзе асветлена абсалютна сумленна і адкрыта, да той пары мы памяць пра вайну не страцім", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі традыцыйна шануюць памяць пра Вялікую Айчынную вайну і на дзяржаўным узроўні праводзяць мерапрыемствы як у Дзень Перамогі, так і ў Дзень Незалежнасці 3 ліпеня. "Гэта ўжо ў крыві нашых беларусаў. Пакуль мы гэту палітыку будзем прадаўжаць, з нашай памяці, памяці нашага народа Вялікая Айчынная, ды і Другая сусветная вайна, усе войны, якія пракаціліся цераз Беларусь, яны застануцца ў нас у памяці", - заявіў Прэзідэнт.

Ён дадаў, што ніводная з войнаў, якія пракаціліся за апошнія стагоддзі па тэрыторыі краіны, не была патрэбна самой Беларусі. "Вазьміце вайну 1812 года, Першую сусветную, Другую сусветную - гэта што, нашы войны, яны нам патрэбны былі? Але мы заўсёды страчвалі трэць-палову свайго насельніцтва. Ці ж мы можам гэта забыць?" - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка ў размове з журналістамі таксама адрэагаваў на пытанне, якое прагучала ў час размовы з людзьмі, якія прыйшлі на свята, адносна інфармацыі, што нехта некаму нібыта забараняў прайсці па горадзе з партрэтамі іх сваякоў, якія ваявалі на франтах Вялікай Айчыннай вайны. "Запомніце: у Беларусі ніколі ніхто святое не забараняў і забараняць не будзе", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён нагадаў, што некалькі гадоў таму ў Дзень Перамогі існавала практыка арганізоўваць шэсце, калі яго ўдзельнікі разам з ветэранамі, трымаючы ў руках партрэты, ішлі па праспекце да Плошчы Перамогі. "Праўда, потым па ўсім свеце гэты так званы бессмяротны полк прайшоў. Гэта было даўно ў нас. Але ветэраны папрасілі: мы, кажуць, ісці не можам", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, у гэтай сітуацыі ветэранам спачатку прапаноўвалі правезці іх на аўтамабілях, каб ім было прасцей прымаць удзел у шэсці, аднак яны адмовіліся і папрасілі зрабіць фармат больш зручным для іх, і памятныя мерапрыемствы сталі праводзіць выключна на Плошчы Перамогі.

"Але калі народ просіць зноў прайсці з партрэтамі, сцягамі і гэтак далей, у наступным годзе мы гэта арганізуем. Толькі не трэба гэта палітызаваць і заяўляць, што мы ледзь не забараняем нешта. У Беларусі гэтага ніколі не было і не будзе. Кожны мае права ўшанаваць памяць сваіх герояў, прайсціся там, дзе ён лічыць патрэбным з партрэтам і ўскласці кветкі. Гэта вялікае, гэта святое. Гэтак будзе заўсёды ў Беларусі", - заявіў Прэзідэнт.

Адказваючы на пытанне, наколькі адэкватны сучасным рэаліям той бюджэт, які ў Беларусі траціцца на ваенную сферу, Кіраўнік дзяржавы сказаў: "Першае: я не магу мілітарызаваць эканоміку, гэта вельмі дорага потым абыходзіцца. Мілітарызацыя эканомікі - гэта не проста фраза. Гэта заводы, фабрыкі і людзі з ваенным мысленнем, якія вырабляюць ваенную прадукцыю. Што будзем рабіць тады, калі яна будзе не патрэбна? Трэба пра гэта думаць. Другое: нам сёння не да раскошы. Людзі жывуць пад мірным небам, і нам хацелася б, каб людзі жылі дастойна. Мы не можам велізарныя грошы кідаць на ўтрыманне ўзброеных сіл".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што беларуская дактрына не грунтуецца на нейкай захопніцкай вайне. "У нас абсалютна абаронная дактрына. І яе сутнасцю з'яўляецца нанясенне нашаму праціўніку, калі раптам хто-небудзь рызыкне з намі ваяваць, непрымальнай шкоды, - сказаў ён. - На гэта грошай у нас хапае. І мы трацім столькі, каб выканаць гэту задачу".

Прэзідэнт дадаў, што грошы ў гэтым пытанні важны, але гэта не галоўнае. "Перамагае заўсёды народ, а тэхнікі і зброі, для таго каб абараніць краіну, у нас дастаткова. Мы гэта дэманструем і на вучэннях, і на парадах. Так будзе заўсёды", - падкрэсліў беларускі лідар.


Па просьбе прадстаўнікоў СМІ Кіраўнік дзяржавы таксама адказаў на пытанне аб развіцці беларуска-расійскіх адносін і маючых адбыцца кантактах на вышэйшым узроўні.

"Прынамсі, наша палітыка адносна Расіі не зменіцца. Вы ведаеце яе, прынцыпы гэтай палітыкі, ідэйныя, маральныя, духоўныя: гэта нашы родныя браты, і мы не збіраемся сварыцца з імі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Калі Расія вырашыць пайсці далей, мы гатовы паглыбляць наша супрацоўніцтва. Мы за кааперацыю ў эканоміцы, адзіны рынак, за тое, каб у нас не было гэтых недарэчных рознагалоссяў - малочных, мясных, цукровых войнаў і іншага. Гэта проста сорамна", - сказаў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, развіццё двухбаковых адносін залежыць ад таго, наколькі Расія сёння гатова, улічваючы інтарэсы беларускага боку, прытрымлівацца курсу інтэграцыі.

"Сёння нашы адносіны не пазбаўлены прагматычнай асновы. І Расія бачыць у супрацоўніцтве з Беларуссю пэўны прагматызм, тое ж самае і мы. Але замыкацца і спыняцца на гэтым узроўні або на супрацоўніцтве толькі з Расіяй, я ўжо казаў, няправільна. Мы праводзім тую ж палітыку, што і Расія, - дыверсіфікуем нашы адносіны, перш за ўсё эканамічныя", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ў чэрвені плануецца правесці пасяджэнне Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы. "Думаю, недзе ў трэцяй дэкадзе, чысло вызначым, але гэта пасяджэнне ў Мінску ўжо лічыцца ў нашых графіках", - сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што на бліжэйшым тыдні ў яго запланавана сустрэча з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. "Сустрэча адбудзецца ў раёне 14 мая, літаральна гэтымі днямі. Мы ўжо аб гэтым дамовіліся", - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што на перагаворах будуць абмяркоўвацца стан і перспектывы двухбаковых адносін, будуць закрануты і праблемныя пытанні. "Прапанаваў правесці гэту сустрэчу расійскі бок. Я, вядома, з інтарэсам буду яе чакаць. Хацеў бы пачуць, якія ёсць усё ж такі пытанні, можа, у Расійскай Федэрацыі. Мы ж таксама не святыя, могуць быць і да нас пытанні, а магчыма, і прэтэнзіі. Мы гатовы іх за сталом перагавораў абмяркоўваць. Але ў тым, што ў нас будзе парадак і нармальныя адносіны з Расійскай Федэрацыяй, вы можаце ніколькі не сумнявацца", - дадаў Прэзідэнт.