Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Удзел ва ўрачыстым адкрыцці Палаца гімнастыкі ў Мінску

6 сакавіка 2018 года
Удзел ва ўрачыстым адкрыцці Палаца гімнастыкі ў Мінску
глядзіце таксама: відэа
6 сакавіка 2018 года
Удзел ва ўрачыстым адкрыцці Палаца гімнастыкі ў Мінску
Удзел ва ўрачыстым адкрыцці Палаца гімнастыкі ў Мінску
глядзіце таксама: фота
6 сакавіка 2018 года
Удзел ва ўрачыстым адкрыцці Палаца гімнастыкі ў Мінску 12 фота

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 6 сакавіка прыняў удзел ва ўрачыстым адкрыцці ў Мінску Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па мастацкай гімнастыцы.

Кіраўнік дзяржавы разам з алімпійскімі чэмпіёнкамі - беларускай Марынай Лобач і расіянкай Алінай Кабаевай, а таксама са старшынёй Беларускай асацыяцыі гімнастыкі Аленай Скрыпель і мэрам Мінска Андрэем Шорцам перарэзалі сімвалічную стужку ў фае цэнтра, затым сімвалічны ключ быў перададзены членам нацыянальнай каманды Беларусі па мастацкай гімнастыцы.

На цырымоніі таксама прысутнічалі прэзідэнт Еўрапейскага саюза гімнастыкі Фарыд Гаібаў, галоўны трэнер нацыянальнай каманды Беларусі па мастацкай гімнастыцы Ірына Ляпарская, вядомыя беларускія гімнасткі і трэнеры, юныя спартсменкі.

Аляксандр Лукашэнка падрабязна азнаёміўся з функцыянальнымі магчымасцямі комплексу. Ён агледзеў залы для заняткаў груп пачатковай падрыхтоўкі, залы харэаграфіі, трэніровачную і трэнажорную залы, а таксама пакой адпачынку для спартсменак і басейн з аднаўленчым цэнтрам. Прэзідэнт цікавіўся, наколькі сучаснае абсталяванне закуплена ў цэнтр і ці будзе хапаць гімнасткам магчымасцей для паўнацэнных трэніровак. Яго запэўнілі, што спартыўны комплекс адпавядае ўсім неабходным сусветным стандартам і ў ім створаны ўсе ўмовы для заняткаў гімнастыкай.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, Палац гімнастыкі стаў сімвалічным падарункам для прадстаўніц гэтага віду спорту да надыходзячага Міжнароднага дня жанчын. "Мне абсалютна не шкада тых грошай, якія мы ўклалі ў гэты цудоўны будынак", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт выказаў удзячнасць усім, хто меў дачыненне да ўзвядзення гэтага цэнтра. Асаблівую ўдзячнасць ён выказаў будаўнікам. "Вось тут вы малайцы. Дамовіліся мы менш як год таму, што да 8 Сакавіка мы падорым гэтым цудоўным дзяўчатам, іх бацькам, усім тым, хто сёння займаецца і адказвае за мастацкую гімнастыку, такі цудоўны і ўтульны палац, і мы гэта зрабілі. Я вельмі рэдка хвалю будаўнікоў, але вялікі вам дзякуй", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што мастацкую гімнастыку ў Беларусі не крыўдзяць, хоць раней у спартсменаў гэтага віду і не было такога палаца, дзяржава заўсёды знаходзіла магчымасць для арганізацыі трэніровак. "Я хацеў, каб вы тут не толькі працавалі, праца спартсмена жахлівая, я гэта ведаю па сабе. Ведаю, як цяжка вам, асабліва маленькім. Я хацеў, каб вы тут і аднавіцца маглі, і адпачыць. Таму жывіце ў гэтым доме дружна, мірна, працуйце, трэніруйцеся, адпачывайце, мы за вас будзем балець", - звярнуўся Прэзідэнт да гімнастак.

Кіраўнік дзяржавы таксама пажадаў юным грацыям, каб яны ніколі не атрымлівалі сур'ёзных траўмаў. Акрамя таго, на думку Прэзідэнта, спартсменкам важна не напружваць сябе псіхалагічна. "Калі вы гэту праблему ў сабе вырашыце, вы дакладна будзеце чэмпіёнкамі і свету, і Алімпійскіх гульняў", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Удзельнікі ўрачыстага адкрыцця Палаца гімнастыкі паглядзелі паказальныя выступленні беларускіх грацый. На заканчэнне мерапрыемства гімнасткі падарылі Кіраўніку дзяржавы карціну "Мары здзяйсняюцца!". Яна была створана ў час выканання аднаго з нумароў пры дапамозе залатога пылу. На карціне адлюстраваны новы спартыўны комплекс.


Тэгі: Паездкі
© 2018, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь