Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Удзел у вучэнні ўзброеных сіл Беларусі і Расіі "Захад-2017"

20 верасня 2017 года
Выступленне на вучэнні ўзброеных сіл Беларусі і Расіі "Захад-2017"
глядзіце таксама: відэа
20 верасня 2017 года
Выступленне на вучэнні ўзброеных сіл Беларусі і Расіі "Захад-2017"
Удзел у вучэнні ўзброеных сіл Беларусі і Расіі "Захад-2017"
глядзіце таксама: відэа
20 верасня 2017 года
Удзел у вучэнні ўзброеных сіл Беларусі і Расіі "Захад-2017"
Аб развіцці беларускай арміі і ваенна-прамысловага комплексу
глядзіце таксама: відэа
20 верасня 2017 года
Аб развіцці беларускай арміі і ваенна-прамысловага комплексу
Аб прысутнасці расійскіх войскаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь
Аб удзеле прэзідэнтаў Беларусі і Расіі ў вучэнні "Захад-2017"
глядзіце таксама: відэа
20 верасня 2017 года
Аб удзеле прэзідэнтаў Беларусі і Расіі ў вучэнні "Захад-2017"
Аб выніках вучэння ўзброеных сіл Беларусі і Расіі "Захад-2017"
глядзіце таксама: відэа
20 верасня 2017 года
Аб выніках вучэння ўзброеных сіл Беларусі і Расіі "Захад-2017"

Беларуска-расійскае ваеннае вучэнне "Захад-2017" прайшло на высокім узроўні, і ўсе пастаўленыя мэты былі дасягнуты. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 20 верасня па выніках наведвання 227-га агульнавайсковага палігона Барысаўскі, дзе быў прадэманстраваны адзін з галоўных эпізодаў вучэння.

Прэзідэнт пасля прыбыцця на палігон наведаў дапаможны пункт кіравання рэгіянальнай групоўкі войскаў (сіл) Беларусі і Расіі, а таксама дапаможны пункт кіравання 1-й танкавай арміі Заходняй ваеннай акругі Узброеных Сіл Расіі. Кіраўніку дзяржавы далажылі аб развіцці ваенна-палітычнай абстаноўкі ў Еўрапейскім рэгіёне і яе ўплыве на забеспячэнне ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы, аб парадку прымянення арміі, у тым ліку ва ўзаемадзеянні з групоўкай войскаў, дзеючай на паўночна-заходнім аперацыйным напрамку.

Аляксандр Лукашэнка агледзеў рухомы пункт кіравання камандуючага РГВ(с). Гэты браніраваны аўтамабіль айчыннай вытворчасці аснашчаны самымі сучаснымі сродкамі сувязі, якія дазваляюць кіраваць войскамі непасрэдна ў руху. "Малайцы! За кароткі прамежак часу зрабілі добрую сістэму", - адзначыў Прэзідэнт.

Затым Кіраўнік дзяржавы назіраў за манеўрамі, у ходзе якіх адпрацоўваліся ўзгодненыя дзеянні разнародных сіл і сродкаў узброеных сіл Беларусі і Расіі па адбіцці наступлення ўмоўнага праціўніка, правядзенні контратакі і далейшым яго разгроме. У час паказу тактычных эпізодаў прайшлі апрабацыю новыя ўзоры ўзбраення і ваеннай тэхнікі абароннага сектара эканомікі Беларусі. На палігоне таксама прысутнічала кіраўніцтва інтэграцыйных структур - Саюзнай дзяржавы, СНД, АДКБ, замежныя наглядальнікі і дыпламаты.

Пасля завяршэння актыўнай фазы вучэння Аляксандр Лукашэнка правёў агляд войскаў і ўзнагародзіў ваеннаслужачых, якія вызначыліся. Прэзідэнт канстатаваў, што вучэнне "Захад-2017" стала самым значным і маштабным мерапрыемствам у сістэме сумеснай падрыхтоўкі органаў ваеннага кіравання і войскаў Беларусі і Расіі ў бягучым годзе.

"Сімвалічна, што вучэнне праходзіла на беларускай зямлі, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны разгарнулася небывалае па маштабах усенароднае супраціўленне агрэсару. Мы свята помнім і ганарымся подзвігам пакалення пераможцаў, якое ўратавала чалавецтва ад фашызму. Быць дастойнымі іх нашчадкамі - значыць усямерна ўмацоўваць агульную ваенную бяспеку", - заявіў беларускі лідар.

Сучасная ваенна-палітычная абстаноўка характарызуецца нарастаннем актыўнасці ў ваеннай дзейнасці па ўсім свеце. У гэтых умовах Беларусь разам з брацкай Расіяй забяспечвае бяспеку Саюзнай дзяржавы, а таксама краін - удзельніц Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне. "Мы ўсямерна падтрымліваем неабходны ваенны патэнцыял і сумесна прымаем меры па прадухіленні ваенных пагроз Беларусі і Расіі, удасканаленні функцыянавання рэгіянальнай групоўкі войскаў. Пры гэтым сумесная ваенная дзейнасць і супрацоўніцтва з Расіяй у правядзенні вучэнняў не накіраваны супраць трэціх краін і служаць выключна абароне нашых нацыянальных інтарэсаў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У гэтым, звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы, змаглі пераканацца прадстаўнікі ваенна-дыпламатычнага корпуса і шматлікіх міжнародных арганізацый, якія прысутнічаюць на завяршальным этапе вучэння.

Падводзячы вынікі вучэння "Захад-2017", Прэзідэнт даў высокую ацэнку дзеянням ваеннаслужачых. "Вучэнне праведзена згодна з зацверджанай задумай, пастаўленыя мэты дасягнуты, вучэбныя пытанні адпрацаваны з добрай якасцю. На належным узроўні вырашаны задачы па сумеснай абароне ва ўмовах сучасных выклікаў і пагроз бяспецы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Праведзеныя манеўры далі магчымасць павысіць узровень зладжанасці органаў ваеннага кіравання і аператыўнай сумяшчальнасці штабоў, а таксама баявую і, самае галоўнае, таварыскую ўзаемадапамогу беларусаў і расіян пры выкананні вучэбна-баявых задач. "Камандзіры і штабы атрымалі добрую практыку ў планаванні дзеянняў войскаў. Паказаны высокі ўзровень і майстэрства ў палявой, паветранай вывучцы асабовага складу злучэнняў і воінскіх часцей, якія ўваходзяць у склад рэгіянальнай групоўкі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Вучэнне таксама дало магчымасць апрабаваць на практыцы палажэнні новых статутных дакументаў, вызначыць далейшыя шляхі супрацоўніцтва ў інтарэсах развіцця ўзброеных сіл і ўмацавання абараназдольнасці дзвюх дзяржаў.


Прэзідэнт павіншаваў ваеннаслужачых з паспяховым завяршэннем вучэння і пажадаў ім далейшых поспехаў у ратнай працы па надзейным забеспячэнні бяспекі і мірнай працы двух брацкіх народаў. "Усяму асабоваму складу, які прымаў удзел у вучэнні "Захад-2017" на тэрыторыі Беларусі, аб'яўляю падзяку", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён дадаў, што не першы раз прымае ўдзел у вучэнні "Захад": "У кожнага са старшых афіцэраў, генералаў у гэтых вучэннях нешта і асабістае. Гэтак жа, як і ў мяне".

Кіраўнік дзяржавы, у прыватнасці, успомніў вучэнне "Захад-81". "Зусім маладым лейтэнантам мне даводзілася ўдзельнічаць у гэтых вучэннях. Я параўноўваю тыя вучэнні і цяперашнія: вывучка і ўзровень значна выраслі. Вы зусім іншыя салдаты і афіцэры. Але мэты ў нас тыя ж - абараніць незалежнасць нашых дзяржаў, нашы нацыянальныя інтарэсы і проста абараніць нашы сем'і, - падкрэсліў беларускі лідар. - Мы нікому не пагражалі і пагражаць не збіраемся. З нашых зямель не зыходзілі пагрозы і войны, але той, хто прыходзіў на гэту зямлю, заўсёды атрымліваў дастойны адпор. Гэта ідэалагічны складнік нашых вучэнняў. Іншага няма і быць не павінна".

На заканчэнне Прэзідэнт адказаў на пытанні прадстаўнікоў беларускіх і замежных СМІ аб выніках вучэння і інфармацыйнай атмасферы вакол іх правядзення.

Кіраўнік дзяржавы не заўважыў якіх-небудзь недахопаў па ходзе вучэння. "Усё было на вельмі высокім узроўні, і гэта вучэнне не мела паказушны характар. Гэта было абсалютна практычнае вучэнне, як гэта будзе, не дай бог, вядома, у рэальнай абстаноўцы, - сказаў ён. - Мэты, якія пастаўлены ў шырокім плане перад вучэннем, былі рэалізаваны не толькі на беларускіх палігонах, але і на расійскіх. Усе элементы вучэння мы адпрацавалі. Вынікі мы яшчэ падвядзём больш канкрэтна, але ў цэлым задачы вырашаны".

Аляксандр Лукашэнка выказаў словы ўдзячнасці ўсім журналістам, якія, паводле яго слоў, проста бліскуча адпрацавалі гэта вучэнне як на этапе падрыхтоўкі, так і на этапе правядзення.

Прэзідэнт падкрэсліў, што спробы дыскрэдытацыі беларуска-расійскіх вучэнняў былі вельмі непрафесійнымі. Тым, хто іх рабіў, Кіраўнік дзяржавы параіў "хаця б навучыцца гэта рабіць па-сапраўднаму".  "Давайце пачакаем, што яны будуць гаварыць пасля таго, як усе ўзброеныя сілы, і Расіі, і нашы, будуць на месцах свайго пастаяннага знаходжання", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Што датычыцца прысутнасці расійскіх войскаў, ён запэўніў, што праз тыдзень гэта пытанне адпадзе само па сабе. "Вы не хвалюйцеся, мы не агрэсіўная дзяржава, мы і так напакутаваліся ад вайны, і вы таксама, хоць вы і ваявалі супраць нас, - сказаў Кіраўнік дзяржавы, адказваючы на пытанне прадстаўніка нямецкага тэлебачання. - Таму ні вы не хочаце ваяваць, я думаю, а мы тым больш не хочам. Мы толькі-толькі аднавілі даваенны ўзровень насельніцтва. З нашай зямлі ніколі не ішлі войны. Мы толькі ад іх пакутавалі".

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што хоча, каб беларускі народ разумеў, што ў выпадку чаго ў дзяржаве ёсць чым абараніць сваіх людзей і сем'і. "Я хачу звычайнай чалавечай бяспекі, да якой імкнуцца ўсе дзяржавы. Ніякая атакі вы ад нас не чакайце - ні ў Германіі, ні ў Польшчы, ні ў краінах Балтыі, а тым больш у роднай Украіне", - падкрэсліў ён.

Прэзідэнт адзначыў, што і на папярэднія такія вучэнні прыцягваліся расійскія войскі прыкладна ў такой жа колькасці. "Трэба супакоіцца вашым сябрам. Перадайце ім: няхай жывуць спакойна, мы не будзем ваяваць супраць каго б там ні было, калі нас ніхто не будзе чапаць. Гэта самая вялікая гарантыя", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што пры колькасці беларускай арміі ў памеры 75 тыс. прысутнасць некалькіх тысяч расійскіх войскаў у Беларусі нічога не змяніла б. "Калі нам трэба вырашаць нейкія праблемы, мы іх будзем вырашаць, і ў выпадку нейкага сутыкнення на заходнім напрамку інтарэсы Расіі і Беларусі перш за ўсё пачынае абараняць і ўступае ў вайну беларуская армія. І праз некаторы час згодна з задумай і нашымі ваеннымі планамі сюды імгненна падключаюцца часці Узброеных Сіл Расіі", - адзначыў беларускі лідар.

"Нападаць мы ні на каго не збіраемся. Але калі нам, па-руску кажучы, "дадуць па мордзе", мы адкажам", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама адказаў на пытанне, чаму на вучэнне ў Беларусь не прыехаў Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. "Мы дамовіліся, што паколькі ўсё ж такі асноўная фаза сапраўды тут (у Беларусі), але вельмі буйныя вучэнні праходзілі якраз у Ленінградскай вобласці, то Прэзідэнт Расіі пракантралюе і будзе назіраць за вучэннямі на поўначы, а я - ужо ў цэнтры", - заявіў ён.

"Я нашым ваенным і расіянам удзячны, што яны мне асноўную фазу прапанавалі для кантролю і даручылі менавіта цэнтральны напрамак. А наогул мы раней планавалі разам прысутнічаць на вучэнні, але па ходзе вызначыліся, што нам усё ж такі трэба больш шырока ахапіць гэта вучэнне, каб людзі бачылі прэзідэнтаў - дзе яны працуюць, як", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.


Яшчэ адно пытанне датычылася далейшых напрамкаў развіцця арміі і ваенна-прамысловага комплексу Беларусі. У якасці аднаго з іх Кіраўнік дзяржавы назваў глыбокую мадэрнізацыю ўжо існуючага ўзбраення і тэхнікі.

Прэзідэнт упэўнены, што неабавязкова закупляць нейкія дарагія новыя ўзоры за мільёны долараў, калі магчыма мадэрнізаваць тое, што ўжо ёсць і атрымаць параўнальныя характарыстыкі. "Мы гэта ўмеем рабіць - і лятальныя апараты, і бранятэхніку, і стралковую зброю", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з тым вядзецца работа над новымі відамі ўзбраення. Прыклад таго - ракетная сістэма "Паланэз" або айчынныя бронемашыны. Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу, што работа вядзецца перш за ўсё па тых узорах тэхнікі, якія могуць быць запатрабаваны ва ўмовах сучасных ваенных канфліктаў. "Вайна не будзе фронт на фронт. Будуць лакальныя баі. Нам для абароны патрэбны вельмі рухомыя часці, і апошнія войны ў свеце арыентуюць нас на тое, каб мы мелі мабільныя падраздзяленні", - заявіў ён.

"Самая сучасная высокадакладная зброя тыпу "Паланэз". У гэтым напрамку мы вельмі сур'ёзна працуем. Не хачу раскрываць дэталі, але мы сапраўды працуем. Мы вельмі шмат чаго дабіліся па беспілотных лятальных апаратах. Сёння немагчыма ваяваць, не маючы беспілотнікаў. Вядома, мы ствараем і ўдарныя беспілотнікі - без гэтага нельга. Яны хутка будуць пастаўлены на ўзбраенне", - сказаў беларускі лідар.

У Беларусі ўдалося захаваць прадпрыемствы і школы ў сферы ВПК, і яны запатрабаваны. "Па ўсіх напрамках мы навучыліся рабіць і будзем пашыраць гэты спектр. Не толькі таму, што трэба ўзброіць нашу армію, - у свеце вельмі вялікі попыт на глыбокую мадэрнізацыю, стварэнне новай тэхнікі. Тое, што мы ўмеем, не толькі вырабляем для сябе, але і паспяхова прадаём на міжнародных рынках", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт пры гэтым асабліва падкрэсліў, што Беларусь нічога забароненага не робіць і не пастаўляе ў іншыя дзяржавы.

Тэгі: Паездкі
© 2017, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь