Бел
Галоўная   /  Падзеі

Удзел у VIII з'ездзе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі

28 лютага 2020 года
Удзел у VIII з'ездзе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі
глядзіце таксама: відэа
28 лютага 2020 года
Удзел у VIII з'ездзе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі
Удзел у VIII з'ездзе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі
глядзіце таксама: фота
28 лютага 2020 года
Удзел у VIII з'ездзе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі
18 фота

Беларускі народ выбраў шлях сацыяльнага дыялогу, і ў краіне не раз пераконваліся ў яго разумнасці і перспектыўнасці. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 28 лютага на VIII з'ездзе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, у Беларусі мэты дзяржаўнага развіцця і інтарэсы народа супадаюць. Ён заўважыў, што дзякуючы гэтаму адзінству гісторыя суверэннай Беларусі не ведала масавых зацяжных процістаянняў і "паказальных" выступленняў грамадскіх арганізацый, прыклады якіх так часта з'яўляюцца ў міжнародных навінах.

"Беларускі народ выбраў шлях сацыяльнага дыялогу, і мы не раз пераконваліся ў яго разумнасці і перспектыўнасці", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Цяперашняе мерапрыемства Прэзідэнт назваў значнай падзеяй у грамадскім і палітычным жыцці краіны, якая адлюстроўвае інтарэсы і запатрабаванні ўсіх працаздольных грамадзян. "Мы маем усе падставы сцвярджаць, што ў нашай навейшай гісторыі прафсаюзны рух з'яўляецца паўнапраўным удзельнікам будаўніцтва краіны. Мы стварылі дзяржаву, галоўнымі каштоўнасцямі якой з'яўляюцца людзі і справядлівае стаўленне да іх. Гэты выбар прадвызначыў далейшае развіццё партнёрскага ўзаемадзеяння паміж уладай і грамадскімі арганізацыямі", - заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сёння ўсе - мясцовыя Саветы дэпутатаў, аб'яднанні моладзі, жанчын і ветэранаў, прафсаюзы - працуюць на стварэнне, забяспечваюць грамадзянскую кансалідацыю. Кіраўнік дзяржавы лічыць гэта адным галоўных дасягненняў. "Як і тое, што абарона правоў працоўных з'яўляецца прыярытэтным напрамкам развіцця дзяржавы, - дадаў ён. - У Беларусі працуючыя абаронены як ні ў якой іншай краіне - ад Канстытуцыі да зусім нядаўна прынятага ўказа па датэрміновых прафесійных пенсіях".

У цэнтры важнейшых эканамічных і палітычных падзей заўсёды былі прафсаюзы, звярнуў увагу Прэзідэнт. Паводле яго слоў, яны з'яўляюцца сапраўды народнай арганізацыяй - тым неабходным фундаментам, на якім трымаецца баланс у грамадстве.

"Аднак мы бачым, як скарачаецца колькасць членаў прафсаюзаў у некаторых суседзяў. Напрыклад, паводле даных Міжнароднай арганізацыі працы, у Эстоніі толькі 5% работнікаў знаходзяцца ў прафсаюзе, у Літве - 8%, у Польшчы - 13% - і гэта называецца "дэмакратыяй". У выніку прафсаюзы пазбаўлены магчымасці выступаць паўнацэнным бокам сацыяльнага партнёрства. Разбураецца сістэма трыпартызму і ў цэлым сацыяльнага балансу ў грамадстве. Ёсць і іншыя прыклады - Ісландыя, Швецыя, Данія, дзе ахоп прафсаюзаў складае ад 70% да 90%. Напрыклад, у Беларусі такі ахоп - больш як 93%", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў уражальныя поспехі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі па стварэнні пярвічных прафсаюзных арганізацый.

Кіраўнік дзяржавы прывёў даныя, што ўсяго з 2015 года, калі прайшоў папярэдні з'езд, створана больш за 4,2 тыс. прафсаюзных арганізацый, з іх 75% на прыватных прадпрыемствах.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, заслугоўвае ўвагі работа па мадэрнізацыі прафсаюзных структур. "Сёння прафсаюзы - гэта ўжо не разрозненыя арганізацыі, а адзіны рух, з якім лічацца і голас якога чуюць і наймальнікі, і органы ўлады. Важна, што вы не проста назіраеце за тымі працэсамі, якія адбываюцца ў краіне, а непасрэдна ў іх удзельнічаеце. Гэтым і тлумачыцца эфектыўнасць вашай дзейнасці", - сказаў Прэзідэнт.

Яскравым прыкладам паспяховага супрацоўніцтва прафсаюзнага руху і дзяржаўных інстытутаў беларускі лідар назваў актыўнае садзейнічанне арганізацыі ў правядзенні важнейшых палітычных кампаній. "Тут праяўляюцца і грамадзянская пазіцыя, і абсалютна прагматычны падыход. Ваша цікавасць да правядзення і вынікаў прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў відавочная. Таму што мае значэнне, з кім давядзецца працаваць па пытаннях заканатворчасці, па вырашэнні складаных праблем як на месцах, так і ў цэлым у дзяржаве", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама адзначыў аператыўнасць і актыўны ўдзел ФПБ у рэалізацыі рашэнняў Пятага Усебеларускага народнага сходу і асноўных палажэнняў прынятай на ім праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на пяцігодку.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў ліку пытанняў, якія адносяцца да кампетэнцыі прафсаюзаў, - рост і своечасовая выплата заработнай платы, забеспячэнне поўнай і прадукцыйнай занятасці, падтрымка найбольш сацыяльна слабаабароненых катэгорый работнікаў, паляпшэнне ўмоў працы, кантроль выканальніцкай і працоўнай дысцыпліны, павышэнне прадукцыйнасці працы і якасці выпускаемай прадукцыі, кантроль над цэнаўтварэннем у краіне.

"Але ёсць вынікі, аб якіх можна гаварыць ужо сёння. Гэта макраэканамічная стабільнасць і зніжэнне інфляцыі. Задача захаваць інфляцыю на ўзроўні не вышэй за 5% выконваецца, нягледзячы на мацнейшы знешні націск. Вы самі бачыце, як складваюцца адносіны з нашымі асноўнымі партнёрамі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Разам з тым ёсць напрамкі, дзе мы, мякка кажучы, недапрацавалі", - лічыць Прэзідэнт. Да такіх ён аднёс эфектыўнасць сельскагаспадарчага комплексу, асобныя праекты па мадэрнізацыі прамысловасці, развіццё адукацыі і навукі.

"Гэта тыя напрамкі, якія нам трэба будзе дэталёва прааналізаваць разам з эканамічным блокам краіны, - дадаў беларускі лідар. - Трэба чаго б гэта ні каштавала захаваць вытворчасці i працоўныя калектывы. Мы гэта рабілі заўсёды, нават у самыя складаныя часы. Людзей на вуліцу не выкідвалі. Зарплату, няхай і не самую высокую, плацілі".

Аляксандр Лукашэнка выказаўся па пытаннях занятасці і заработнай платы. "На гэтыя два важнейшыя для прафсаюзаў пытанні - занятасць і заработная плата - мы заўсёды будзем звяртаць самую пільную ўвагу", - гарантаваў Кіраўнік дзяржавы.



Ён нагадаў, што на Пятым Усебеларускім сходзе была пастаўлена задача стварыць за пяцігодку не менш як 250 тыс. новых рабочых месцаў. "Калі глядзець выключна на лічбы, то нібыта задача выконваецца, вырашаецца. Але пытанне ў якасці гэтых паказчыкаў. Новыя рабочыя месцы павінны быць высокапрадукцыйнымі. Калі ж там зарплата Br400-500, то такое рабочае месца нікому не патрэбна", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заклікаў прафсаюзы звярнуць увагу на гэтыя моманты. "Зарплата, безумоўна, важнейшае пытанне для людзей. І яно заўсёды павінна быць у полі зроку прафсаюзаў", - лічыць ён.

 

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў "выпальваць гарачым жалезам" факты нясвоечасовай выплаты зарплаты. "Тое, што чалавек зарабіў, павінна быць яму выплачана безагаворачна", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што, як яго інфармавалі прафсаюзы, найбольшую занепакоенасць выклікаюць факты нясвоечасовай выплаты. "Вось гэта трэба выпальваць гарачым жалезам. Адказнасць кіраўнікоў прадпрыемстваў павінна быць адназначная. Зарплату, кроў з носа, плаціць трэба", - падкрэсліў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, затрымкі зарплаты характэрныя для шэрага сельскагаспадарчых арганізацый Віцебскай вобласці. Прычым у некаторых выпадках у студзені людзі не атрымалі разлік за кастрычнік. "Больш таго, людзі не толькі зарплаты сваёй не бачаць, але і пазбаўляюцца часткі пенсіі. Таму што наймальнікі не плацяць за іх узносы ў Фонд сацыяльнай абароны. Гэта, вядома, недапушчальна!" - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым заўважыў, што, напэўна, КДК, Урад, пракуратура чакаюць чарговых жорсткіх даручэнняў. "Не хацелася б прыходзіць да гэтай жорсткасці. У адваротным выпадку мы затрымаем зарплату ўсім пералічаным структурам і выплацім за гэты кошт зарплату тым людзям, каму не выплачана", - папярэдзіў Прэзідэнт.

"Я не раз паўтараў, што своечасовая выплата заработнай платы - адзін з важнейшых паказчыкаў эфектыўнасці работы кіраўніцтва. Праца павінна быць аплачана. Прычым своечасова!" - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў таксама задачу па росце зарплат настаўнікаў і ўрачоў да адпаведна 100% і 150% ад сярэдняй па краіне. "У чацвёртым квартале мінулага года мы дасягнулі ўзроўню зарплаты бюджэтнікаў не ніжэй за 80% ад узроўню зарплаты па краіне. На 2020 год пастаўлена дакладная задача - захаваць гэтыя паказчыкі. Нядаўна мне дакладваў Міністр фінансаў - у нас не проста ёсць надзея, мы абавязкова гэты ўзровень захаваем. Для гэтага ёсць адпаведныя сродкі. Зарплата настаўніка павінна дасягнуць 100% ад сярэдняй па краіне, а ўрача - 150%", - сказаў беларускі лідар.

"Думаю, калі мы выведзем настаўніка на 100%, а ўрача на 150%, гэта будзе каласальнай перамогай. І пры тых ільготах, якія ў нас існуюць у грамадстве, пачынаючы ад камуналкі, мы не самыя горшыя", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама выказаў меркаванне, што ў пытанні павышэння зарплат трэба апасацца разбалансіроўкі сістэмы, калі рабіць гэта за адзін раз. "Будзем гэта рабіць спакойна (павышаць зарплаты. - Заўвага). Нават калі будзе шмат грошай, усё роўна трэба рабіць спакойна. Нельга імгненна ўкідваць грошы ў вялікіх аб'ёмах, - лічыць беларускі лідар. - Трэба рабіць як заўсёды ў жыцці - ціха, спакойна (грошы не любяць шуму і гвалту). І мы гэта будзем рабіць".

Гаворачы аб заработнай плаце работнікаў бюджэтных арганізацый, Прэзідэнт згадаў аб нядаўна ўведзеных новых падыходах да яе налічэння. "Задача новаўвядзення - зрабіць сістэму больш празрыстай і зразумелай. Пры гэтым маім патрабаваннем, якое я агучыў публічна, было не дапусціць зніжэння зарплат ні на капейку. Лепш 10 капеек дабавіць да таго, што было. Каб не было размоў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заявіў, што ў цэлым прафсаюзам сумесна з Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны трэба ўзяць на кантроль тыя арганізацыі, дзе ўзровень зарплаты ніжэйшы за Br500. "А Ураду пастаўлена год таму задача - нам трэба цяпер паглядзець на зарплату, дзе яна ніжэйшая за $500", - дадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў чыноўнікаў аб недапушчальнасці праблем пры пераходзе на новую сістэму аплаты працы ў бюджэтнай сферы. "Цяпер людзі атрымалі зарплату за студзень. І з'явіліся пытанні, з якімі трэба будзе сур'ёзна разабрацца", - сказаў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, Камітэт дзяржкантролю, адпаведныя міністэрствы, прафсаюзы займаюцца ўдакладненнем сітуацыі. "Мне яшчэ падагульняючага даклада няма. Але камусьці мала не падасца. Калі нехта не растлумачыў. Але справа не ў тлумачэнні. Вы што, на месцах не можаце налічыць няшчасную заработную плату? Гэта што, складанае нейкае гандлёвае, прамысловае, сельскагаспадарчае прадпрыемства, дзе трэба вылічваць нормы, выпрацоўку..." - абурыўся Аляксандр Лукашэнка.

"Гэта ж самая элементарная бухгалтэрыя - у бюджэтнай сферы налічыць заработную плату. Чаму гэтага не адбылося... Я думаю, Урад і Камітэт дзяржкантролю, калі трэба - і пракуратура, даложаць, што там адбылося. Вы проста падстаўляеце і мяне. Я ж публічна сказаў, што ніхто не павінен пацярпець", - дадаў беларускі лідар.

Прэзідэнт падкрэсліў важнасць надзейнай абароны тых, хто добрасумленна працуе на прадпрыемствах і ў арганізацыях, але адначасова нагадаў аб ролі прафсаюзаў у процідзеянні адваротным фактам.

"Трэба варушыцца для таго, каб нармальна жыць. І ў нас шмат такіх людзей. Дзякуй богу, Беларусь яшчэ не разленавалася настолькі, каб не разумець: больш працуеш - больш зарабляеш. І вось такіх людзей мы павінны падтрымліваць. Гэта мая палітыка - палітыка справядлівасці. Так, пра зарплату шмат гаворым, але гэта не "дармаплата", а зарплата, якую трэба зарабіць. І на гэта трэба работнікаў настройваць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.



"Калі хочаш жыць лепш, працаваць трэба больш. Мы захацелі рынку, уступілі ў яго, а гэта канкурэнцыя, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Сёння працоўныя месцы ёсць. Так, можна сказаць, што гэта не тыя працоўныя месцы (размова пра невысокую зарплату. - Заўвага). Але каб мець тое працоўнае месца, на рынку трэба канкурыраваць. Пачынаючы ад адукацыі і заканчваючы тым ладам жыцця, якім ты сёння жывеш. Гэта рэальнасць. І такая рэальнасць справядлівая, каб не было ўраўнілаўкі".

Прэзідэнт падкрэсліў, што асабліва неабходна падтрымліваць людзей працы, якія ствараюць даброты. "Але давайце гаварыць шчыра. Цяжка, напэўна, працэнт падлічыць. А колькі гультаёў і прыліпал, як іх раней называлі?" - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Ён станоўча ацаніў той факт, што на цяперашнім этапе прафсаюзы не займаюць пазіцыю нейкага крытыканства, а пачынаюць канкрэтна разбірацца з наймальнікамі і кіраўнікамі, хто працуе, а хто не. "І гэта тэндэнцыя ў будучым будзе толькі ўзмоцнена", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Мы не павінны агулам усіх абараняць. Мы павінны забяспечыць абарону тым, хто працуе. Хто не хоча, таго трэба навучыць або прымусіць працаваць. Трэба дыферэнцыравацца ў працоўных калектывах", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Чалавек-працаўнік павінен быць абаронены. Грошай шкадаваць для такіх людзей не трэба. А вось той, хто сёння не працуе, не трэба баяцца прафсаюзам прымусіць іх працаваць, - яшчэ раз падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Вы (прафсаюзы. - Заўвага) дзяржаўнікі. І мы ўсе ў гэты складаны час для нашай краіны з вамі разам у адным шэрагу павінны вырашаць гэтыя праблемы, ні на каго не спіхваючы іх. Браць і вырашаць".

Кіраўнік дзяржавы звярнуў асаблівую ўвагу на неабходнасць абароны працуючых жанчын. "У іх руках - дэмаграфічная стабільнасць дзяржавы. Сям'я, маці - гэта святое. Правы маці ў плане працоўнай занятасці павінны быць няўхільна абаронены!" - падкрэсліў ён.

Не ў кожнай краіне жанчыны, нарадзіўшы траіх-чацвярых дзяцей, могуць спакойна вярнуцца на работу. У Беларусі ў іх ёсць такая магчымасць. "Нашы шматдзетныя бацькі не страчваюць сваё месца за час дэкрэтнага водпуску. Больш таго, усе гады, прысвечаныя выхаванню дзяцей, залічваюцца ў працоўны стаж", - адзначыў Прэзідэнт.

Трэба таксама ўважліва ставіцца да працаўладкавання супрацоўнікаў у тых выпадках, калі скарачаюцца працоўныя месцы. "Вы ведаеце, што часам бывае, калі мы рэфармуем прадпрыемства. І нібыта ўсіх працаўладкавалі, а потым высвятляецца, што маме з трыма маленькімі дзеткамі прапанавалі месца за край свету. Вопытнаму інжынеру - месца вахцёра", - сказаў ён.

Прафсаюзы, як ні адна іншая арганізацыя, у курсе змяненняў запытаў рынку працы: якія спецыяльнасці і кампетэнцыі патрэбны сёння, што будзе запатрабавана эканомікай у перспектыве. "Тут я бачу звязку з Міністэрствам адукацыі. Пад новыя высокапрадукцыйныя працоўныя месцы з дастойнай аплатай патрэбны добра падрыхтаваны персанал. Для гэтага ў прафсаюзаў ёсць усе неабходныя правы і інструменты", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

У той жа час Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў аб неабходнасці захоўваць прадпрыемствы, якія апынуліся ў складаным эканамічным становішчы, старацца выводзіць іх на стабільную работу, замест таго, каб банкруціць, як гэта некаторыя прапануюць.

Ён падкрэсліў, што асабіста не раз дэталёва вывучаў пытанне аб неабходнасці банкруцтва і рэструктурызацыі прадпрыемстваў. "Я ўсё больш пераконваюся, што нам трэба спыніць усялякае банкруцтва і валтузню з антыкрызіснымі кіраўнікамі", - сказаў ён. У пераважнай большасці выпадкаў, на яго думку, гэтыя працэдуры не вядуць да аздараўлення, аднаўлення вытворчасці. "У асноўным гэтыя прадпрыемствы (якія знаходзяцца ў працэдуры банкруцтва. - Заўвага) разрабуюць, расцягнуць, і яны перастаюць існаваць", - адзначыў беларускі лідар.

У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў узмацніць ролю мясцовых улад, больш актыўна прыцягваць іх да вырашэння праблем прадпрыемстваў. "Чаму вы не сталі антыкрызіснымі кіраўнікамі і не выратоўваеце прадпрыемства? Там жа людзі працуюць!" - звярнуўся Прэзідэнт да работнікаў выканкамаў.



Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў час рабочых паездак па краіне наведвае праблемныя прадпрыемствы і часам толькі з яго прыездам прымаюцца рашэнні для выпраўлення сітуацыі. "Мы на іх не звяртаем увагі, пакуль Прэзідэнт не паедзе і камусьці па галаве не дасць. Хіба гэта нармальная работа?" - сказаў ён.

У якасці прыкладу Прэзідэнт прывёў фарфоравы завод у Добрушы. "Я да гэтага часу яго ўспамінаю, самыя душэўныя, цёплыя ўспаміны", - адзначыў ён, падкрэсліўшы добрую якасць выпускаемых там вырабаў. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, прадпрыемства стараецца трымацца на плаву, хоць і адчувае цяжкасці. Кіраўнік дзяржавы бачыць бясспрэчную неабходнасць яго захаваць і даручыў Ураду і вобласці падключыцца да вырашэння пытання.

Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць у тым, што ў большасці выпадкаў можна наладзіць работу нават праблемных прадпрыемстваў, і ёсць прыклады, калі з прыходам талковага кіраўніка, з падтрымкай з боку мясцовых улад прадпрыемствы аднаўляюцца.

"Таму давайце і ва Урадзе, і прафсаюзы, садзіцеся за стол разам і думайце, што нам рабіць з так званым банкруцтвам. Яго не павінна быць у Беларусі! Таму што гэта ўсё за кошт людзей, і гэта нам потым даражэй атрымліваецца. Мы трацім велізарныя грошы, змагаемся са злачыннасцю, людзі ідуць у злачынны свет, спрабуюць зарабіць шалёныя грошы, ідуць, бастуюць, мы пачынаем з імі размаўляць, угаворваць. Навошта мы ствараем гэтыя праблемы? У нас няма прадпрыемстваў, якія не могуць працаваць на рынку. Яны ўсе могуць працаваць, але на іх трэба звяртаць увагу, іх трэба падтрымліваць", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка станоўча ацаніў ролю ФПБ у рабоце над праектам закона па змяненні Працоўнага кодэкса. ФПБ выступае распрацоўшчыкам дакумента нараўне з парламентарыямі, што з'яўляецца ўнікальным прыкладам у сусветнай практыцы. "У большасці выпадкаў такім арганізацыям дазволена толькі выказаць сваю пазіцыю па ўжо гатовых прапановах і законапраектах, і не факт, што меркаванне будзе ўлічана", - адзначыў беларускі лідар.

Пры карэкціроўцы Працоўнага кодэкса павінны быць абавязкова ўлічаны інтарэсы кожнага работніка, таму ФПБ абавязкова павінна ўдзельнічаць у гэтым працэсе, падкрэсліў Прэзідэнт.

"Хто, калі не прафсаюзы, зможа іх выказаць і адстаяць? Як, напрыклад, вы адстаялі прадаўжэнне кантрактаў з добрасумленнымі работнікамі на максімальны тэрмін", - прывёў прыклад Кіраўнік дзяржавы. Калі наймальнікі сталі часам злоўжываць сваімі правамі і заключалі кантракты з работнікамі на кароткія тэрміны, ФПБ умяшалася ў сітуацыю, і ў заканадаўства ўнеслі змяненні. "У некаторых арганізацыях, у тым ліку буйных, дзе працуюць больш за тысячу чалавек, практычна 100% кантрактаў былі заключаны толькі на адзін год. Прычым людзі гадамі знаходзіліся ў такім падвешаным стане. Усё гэта негатыўна ўплывала  і на маральна-псіхалагічны клімат у працоўных калектывах, і на вынікі работы прадпрыемства", - нагадаў Аляксандр Лукашэнка.

Федэрацыя прафсаюзаў нядаўна таксама выступіла яшчэ з некалькімі ініцыятывамі. Прапануецца, у прыватнасці, удасканаленне сістэмы антыкрызіснага кіравання на прадпрыемствах і па выплаце заработнай платы прадпрыемствамі-банкрутамі.

Прэзідэнт паабяцаў абмеркаваць прапанаваныя навацыі. "Мы правядзём нараду і выпрацуем збалансаваную пазіцыю. Галоўнае - усе прапановы павінны быць рэальна пралічаны на перспектыву, адпавядаць інтарэсам і прадпрыемстваў, і работнікаў", - адзначыў беларускі лідар.

Ён звярнуў увагу кіраўнікоў на месцах, каб яны на сваім узроўні дапамагалі выводзіць прадпрыемствы з крызісных сітуацый і аказвалі падтрымку работнікам такіх вытворчасцей. "Займіцеся гэтымі пытаннямі, каб пакуль мы будзем фарміраваць нарматворчую базу, вы разам з прафсаюзамі вырашылі гэтыя людскія пытанні і праблемы", - даручыў Кіраўнік дзяржавы.

Федэрацыя прафсаюзаў выступае за ўнясенне змяненняў у пенсійнае заканадаўства. Паводле слоў Прэзідэнта, іх ініцыятыва заслугоўвае асаблівай увагі. "Пенсійная сістэма ў тым выглядзе, у якім мы яе сёння бачым, назіраем і выкарыстоўваем, сябе зжыла. Нам пасля прэзідэнцкіх выбараў (я буду або хто-небудзь з вас, або нехта іншы) усё роўна давядзецца гэтым займацца. Калі мы прадоўжым працаваць у такім жа складзе, у бягучым жа годзе (у канцы года) пачнём гэту работу. Трэба зрабіць так, каб чалавек, працуючы, разумеў: буду лепш працаваць, больш зарабляць - на пенсіі будзе лепш. Ураўнілаўкі быць не павінна!" - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, вырашыць гэта пытанне Беларусі будзе нескладана, краіна вывучае вопыт іншых краін, у тым ліку і Расіі. "Я з Уладзімірам Пуціным вельмі шмат на гэту тэму размаўляў. Але мы яшчэ параімся з тымі, хто ўкараняў накапляльныя і іншыя віды пенсій, якія не прайшлі, не адбыліся: загуляліся ў рынак і гэтак далей. З улікам іх вопыту і тых сістэм, якія ёсць у свеце, мы створым у Беларусі лепшую сістэму пенсійнага забеспячэння. З улікам нашых магчымасцей. Лепшую - гэта не значыць, што ўсіх завалім вялікімі пенсіямі, але гэта будзе справядлівая і добрая сістэма", - запэўніў беларускі лідар.

Ён дадаў, што абарона інтарэсаў пенсіянераў з'яўляецца важнейшым прыярытэтам для дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што насцярожаны ростам цэн на некаторыя прадукты харчавання. "Што маем цяпер? Агульныя паказчыкі быццам нядрэнныя. Што датычыцца прадуктаў харчавання, насцярожваюць даныя, што ўжо за студзень бягучага года цэны выраслі больш як на 1%. Таксама практычна на працягу года пастаянна даражэе малочная прадукцыя, - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. - Ідыятызм поўны. Малако няма куды дзяваць, а ў нас цэны пастаянна растуць. Мы не можам свой народ забяспечыць гэтым прадуктам".

Ён падкрэсліў, што прафсаюзы не павінны заставацца ўбаку. "Вы першыя ў гэтым шэрагу. Абараніце людзей. Вы можаце гэта зрабіць. Вазьміце і ў звязцы з Камітэтам дзяржаўнага кантролю вырашыце гэту праблему, - падкрэсліў Прэзідэнт. - У нас сёння ўсе кінуліся ў гандаль. Чаму? Там добра жывецца. І вы ведаеце, як там гандлююць. Нічога, не абяднеюць, калі патрымаюць цэны на 20 сацыяльна значных прадуктаў харчавання".

Выступаючы з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу ў красавіку мінулага года, Аляксандр Лукашэнка ўжо адзначаў, што чалавек мяркуе аб росце цэн не па агульнай спажывецкай карзіне, а па найбольш значных 10-20 пазіцыях тавараў і паслуг штодзённага попыту. Было дадзена даручэнне Ураду, Міністэрству антыманапольнага рэгулявання і гандлю, прафсаюзам забяспечыць прымальныя цэны на найбольш значныя тавары, ад якіх залежыць жыццё перш за ўсё малазабяспечанага насельніцтва і пенсіянераў.

"Хутка падвядзём вынік усёй гэтай валтузні па цэнах. Магчыма, нам давядзецца вярнуцца да гэтых 20 найменняў асноўных відаў прадукцыі (пераліку сацыяльна значных тавараў, цэны на якія кантраляваліся. - Заўвага)", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што інфляцыя ў Беларусі складае ўсяго 5%, але гэта не значыць, што цэны не хвалююць тых жа пенсіянераў або работнікаў з невысокімі зарплатамі.



Прэзідэнт падкрэсліў, што ў першую чаргу прафсаюзы - гэта гарант і абаронца правоў работнікаў па ўсіх напрамках, у тым ліку і на прадпрыемствах у прыватным сектары. На яго думку, пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі дарэчы і там. Работа па іх стварэнні прафактывам вядзецца, але ёсць аб'ектыўныя складанасці.

"Прыватніку не заўсёды зручна мець у сябе прафсаюз, які будзе сачыць за выкананнем правоў работнікаў, прымушаючы часам адступіцца ад сваіх фінансавых інтарэсаў. Але дзяржава пайшла на лібералізацыю ўмоў для бізнесу. Дык пакажыце і вы сваю сталасць, здольнасць несці сацыяльную адказнасць перад людзьмі, - звярнуўся да прыватнага бізнесу Аляксандр Лукашэнка. - Мы ўжо гэты бізнес настолькі лібералізавалі, што далей няма куды. Ужо старшыня Камітэта дзяржкантролю Анфімаў ледзь ці не з хваляваннем кожны раз пытаецца, можна туды ісці ці не. Ідзіце туды, куды трэба, і не саромейцеся".

Калі бізнес не разумее, то будзе распрацаваны ўказ аб стварэнні на прыватных прадпрыемствах пярвічных прафсаюзных арганізацый, папярэдзіў Кіраўнік дзяржавы. "Гэта не спантаннае рашэнне", - растлумачыў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, яму надакучыла слухаць, што прыватны бізнес не хоча ствараць у сябе прафсаюзныя ячэйкі. "Трэба прымусіць іх", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Я думаю, самыя дэмакратычныя краіны нас не асудзяць. За што нас асуджаць? Мы ж дэмакратычна хочам абараніць правы чалавека. Прыватнікі як ставяць пытанне: пастаўце нас у аднолькавыя ўмовы з дзяржаўнымі прадпрыемствамі. Вось мы іх і паставім. І ўсё ж такі трэба сказаць, што ўжо, можа, большасць прыватнікаў стварылі гэтыя прафсаюзныя арганізацыі і думаюць: а чым мы горшыя за тых, хто не стварыў? Таму трэба, каб сапраўды ўсе былі ў аднолькавых умовах. Калі не разумеюць простую чалавечую мову, калі ўжо я ім аб гэтым гавару, і яны гэтага не чуюць. Гэта недапушчальна", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Эфектыўнасць працоўных адносін без узаемнай адказнасці немагчыма, перакананы Аляксандр Лукашэнка. "Без працоўнай, тэхналагічнай дысцыпліны не будзе канкурэнтаздольнай якаснай прадукцыі, а значыць - не будзе збыту, грошай і дастойнай зарплаты на прадпрыемствах", - дадаў ён.

У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы закрануў яшчэ адно важнае пытанне ў рабоце прафсаюзаў - ахову працы. За пяць гадоў прафсаюзы выявілі больш за 300 тыс. парушэнняў. Спынена больш за 10 тыс. адзінак машын і абсталявання, якія маглі стаць прычынай траўміравання людзей.

"На мой погляд, два гады запар траўматызм на вытворчасці ў нас расце. Трэба знаходзіць прычыны і прымаць строгія рашэнні, - лічыць Прэзідэнт. - Нехта ж страціў карміцеля, нехта да гэтага часу пакутуе, што загінуў сын, бацькі. І не ўсё з-за п'янства, а з-за нашай бесталковасці або бескантрольнасці. Таму нам трэба больш строга падыходзіць да пытанняў кантролю за нармальным станам вытворчасці. І прафсаюзы са свайго боку павінны сачыць за гэтым. Калі лічыце, што вам неабходна больш правоў, вы скажыце".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў значнасць арганізацыі ў жыцці грамадства. "Я заўсёды адводзіў вам асаблівую ролю", - сказаў ён. Прэзідэнт звярнуў увагу, што работа з людзьмі, у працоўных калектывах ніколі не была простай. "А з улікам усіх эканамічных і грамадскіх выклікаў - тым больш. Яна патрабуе ўмення разумець людзей, дамаўляцца, аналізаваць і дзейнічаць на перспектыву", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: у Беларусі асновай грамадзянскай супольнасці з'яўляюцца Саветы дэпутатаў, прафсаюзы, грамадскія ветэранская, жаночая і маладзёжная арганізацыі, а таксама "Белая Русь". "Вось яна, аснова, і там прадстаўлены ўсе", - адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы таксама закрануў удзел прафсаюзаў у праведзеных парламенцкіх выбарах. Ён звярнуў увагу на тое, што ў складзе парламента прадстаўлены зрэз нашага грамадства, у тым ліку ўсе пакаленні.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў прафсаюзам за падтрымку і ўдзел у важных дзяржаўных ініцыятывах, у тым ліку ў мерапрыемствах да Года малой радзімы, 75-годдзя Вялікай Перамогі. "Помніце, што цяперашняя Беларусь - гэта жывы помнік той вайне", - заўважыў ён.

У сваім выступленні Прэзідэнт адзначыў важнасць таго, што прафсаюзы працуюць спакойна, без шуміхі і прыцягнення асаблівай увагі. "Усё гэта не дзеля піяру, а дзеля высакароднай мэты", - адзначыў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: дзейнасць прафсаюзаў адлюстроўвае эвалюцыйны шлях прафсаюзнага руху. Больш як стагоддзе таму ён зарадзіўся як адзіная апора працоўных у абароне іх правоў.

"Федэрацыя сёння - магутная структура, якая не толькі праяўляе клопат аб чалавеку на вытворчасці, але і вырашае задачы глабальнага маштабу, у тым ліку палітычныя, - прадоўжыў Прэзідэнт. - Пачынаючы ад аднаўлення гістарычнай памяці аб нашых продках, выхавання падрастаючага пакалення ў духу пераемнасці традыцыйных каштоўнасцей, клопату аб культуры, вольным часе і здароўі нацыі і заканчваючы фарміраваннем грамадзянскай пазіцыі народа".

Аляксандр Лукашэнка ў час выступлення на з'ездзе таксама выказаўся аб сітуацыі з каранавірусам, адзначыўшы правільнасць усіх мер, што прымаюцца ў краіне. "Нашым урачам трэба дзякуй сказаць. Ні граніцы не закрываюць, ні гвалтам не крычаць, ні шуму, ні пылу. Хоць робім усё тое, што робяць нават у Кітаі", - адзначыў ён. Людзі ў краіне таксама спакойна ставяцца да прымаемых мер. "Людзі нармальна да гэтага ставяцца. Ціха, спакойна, без гвалту, без шуму, але робім тое, што робяць усе", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Разам з тым закрыццё граніц, на яго думку, не з'яўляецца эфектыўным сродкам стрымлівання віруса. "Ну закрыеце граніцы, і што? Граніцы былі закрыты, але сёння ўвесь свет захварэў на каранавірус. Пры такіх глабальных стасунках - гэта пустое. Трэба на месцы спакойна працаваць па ўсіх напрамках", - перакананы ён.

Кіраўнік дзяржавы на VIII з'ездзе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ўручыў Ганаровы дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь.

Старшыня ФПБ Міхаіл Орда падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за ацэнку работы прафсаюзаў і высокую дзяржаўную ўзнагароду. Прэзідэнту ад імя дэлегатаў з'езда ён уручыў карціну, на якой адлюстраваны стары будынак школы ў аграгарадку Александрыя, дзе некалі вучыўся Кіраўнік дзяржавы.

"Адзін з будынкаў гэтай школы я папрасіў захаваць. Каб бачылі, у якіх умовах навучаўся першы Прэзідэнт Беларусі. Калі мы атрымліваем веды, важна, але галоўнае не тое, якая гэта школа. А галоўнае - наколькі ты хочаш атрымаць гэтыя веды", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падзякаваў за падарунак і паабяцаў размясціць яго ў Палацы Незалежнасці.


© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь