Бел
Галоўная   /  Падзеі

Выступленне на пленарным пасяджэнні V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі

12 кастрычніка 2018 года
Удзел у V Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў Магілёве
глядзіце таксама: фота
12 кастрычніка 2018 года
Удзел у V Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў Магілёве
22 фота

Паважаны Уладзімір Уладзіміравіч! Дарагія сябры!

Дазвольце яшчэ раз вітаваць вас на беларускай зямлі, у цудоўным Магілёве, які гасцінна сустракае ўдзельнікаў чарговага, ужо V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

Хачу далучыцца да слоў падзякі майго калегі ў адрас арганізатараў - кіраўнікоў верхніх палат парламентаў нашай Беларусі і Расіі, яны вельмі шмат зрабілі для таго, каб V Форум нашых рэгіёнаў падняць на такі ўзровень.

Гэта мерапрыемства стала добрай традыцыяй для прэзідэнтаў дзвюх краін, кіраўнікоў рэгіёнаў, прадстаўнікоў бізнес-супольнасці, пляцоўкай для абмеркавання ключавых пытанняў міждзяржаўных адносін.

Мы ўважліва вывучылі, як на мясцовым узроўні рэалізуюцца нашы агульныя планы ў сацыяльнай палітыцы, аграрнай і прамысловай сферах. Азнаёміліся з перспектыўнымі напрамкамі развіцця высокіх тэхналогій, інавацый і інфармацыйнай супольнасці. Сёння нам неабходна прааналізаваць і вызначыць тыя сферы, у якіх міжрэгіянальнае ўзаемадзеянне магло б аказаць дадатковы станоўчы ўплыў на інтэграцыйныя працэсы ў рамках нашага саюза.

Цяпер больш як 8 тыс. прадпрыемстваў дзвюх дзяржаў звязаны вытворчай кааперацыяй. У Беларусі амаль 3 тыс. арганізацый з расійскім статутным капіталам. У Расіі зарэгістравана прыкладна 50 сумесных вытворчасцей, створана каля 160 суб'ектаў тавараправоднай сеткі з беларускім капіталам. Гэта сотні тысяч рабочых месцаў, што ў цяперашні час з'яўляецца пэўным дасягненнем.

Менавіта ў рэгіёнах нашых краін пачынаецца мноства вытворчых, тэхналагічных ланцужкоў па выпуску сумеснай прадукцыі. Практычна ў кожным беларускім вырабе, трактар гэта, велікагрузны або легкавы аўтамабіль, ці бытавы прыбор, ёсць расійскі кампанент.

Аб узаемнай зацікаўленасці ў развіцці міжрэгіянальных сувязей сведчыць высокая інтэнсіўнасць абмену візітамі дэлегацый рознага ўзроўню. Падпісана каля 80 дагавораў аб супрацоўніцтве з 36 суб'ектамі Расійскай Федэрацыі. Асноўнымі гандлёвымі партнёрамі Беларусі застаюцца Масква і Санкт-Пецярбург, рэспублікі Татарстан і Башкортастан, Пермскі край, а таксама Бранская, Калужская, Маскоўская, Смаленская і Цюменская вобласці. Аб'ём гандлю з гэтымі рэгіёнамі складае больш за 70% беларуска-расійскага тавараабароту.

Гэта вельмі высокі вынік, але важна наладзіць такі ж тэмп супрацоўніцтва і з іншымі суб'ектамі Расійскай Федэрацыі. Лічу, што ў нас ёсць усе неабходныя інструменты. Цяпер амаль з 60 рэгіёнамі Расіі створаны сумесныя рабочыя групы і саветы па дзелавым супрацоўніцтве. У расійскіх партнёраў ёсць магчымасць адпрацоўваць у Беларусі ўсе актуальныя пытанні непасрэдна са службовымі асобамі ў нашым Урадзе і мясцовых органах улады.



Я ўдзячны за тое, што тут прысутнічаюць тры дзясяткі кіраўнікоў расійскіх рэгіёнаў. Я думаю, яны пацвердзяць тое, што я сказаў. Павінен заўважыць, што ні адзін з іх не пакрыўдзіцца на мяне, таму што прыезд кіраўніка расійскага рэгіёна - гэта абавязковая сустрэча з Прэзідэнтам Беларусі, гэта аналіз тых праблем, якія складваюцца ў адносінах паміж Беларуссю і канкрэтным рэгіёнам, і прыняцце на месцы канкрэтных мер.

Па-ранейшаму застаецца актуальнай тэма правядзення ўзгодненай палітыкі ў прамысловай сферы і паглыблення кааперацыі. Важнейшым прыярытэтам міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння з'яўляецца рэалізацыя вытворча-кааперацыйных праектаў у машынабудаванні, дрэваапрацоўцы, харчовай, лёгкай прамысловасці.

Трэба забяспечыць неабходную загрузку ўжо дзеючых прадпрыемстваў шляхам стварэння сумесных праграм па імпартазамяшчэнні. Тады нашы вытворчасці змогуць развівацца ў інтарэсах дзвюх краін. На нядаўняй сустрэчы ў Сочы мы дэталёва абмяркоўвалі гэта пытанне. Спадзяюся, у бліжэйшы час прымем рашэнні, якія знімуць усе перашкоды ў развіцці сумесных вытворчасцей.

Прывабнасць любога інтэграцыйнага аб'яднання вызначаецца ўмовамі эканамічнага супрацоўніцтва яго суб'ектаў. Размова ідзе аб стварэнні ўмоў для камфортнага вядзення гандлю, а таксама магчымасці сумесна рэалізаваць прыбытковыя праекты ў розных сферах.

Нашымі галоўнымі задачамі прадаўжаюць заставацца ўстараненне ўсялякіх абмежаванняў ва ўзаемным гандлі і забеспячэнне роўных умоў дзейнасці суб'ектаў гаспадарання. Але скажу шчыра: хацелася б, каб мы з Прэзідэнтам Расіі менш займаліся тымі праблемамі, якія павінны вырашацца на ўзроўні ўрадаў, ведамстваў, міністэрстваў і рэгіёнаў.

Найбольш важнае пытанне - гэта супрацоўніцтва ў агракомплексе. У многіх рэгіёнах Расіі беларусаў ведаюць як добрасумленных і надзейных партнёраў, а беларускія прадукты цэняць і любяць. Часта сумесная работа па павышэнні якасці экспартуемых прадуктаў харчавання падмяняецца абмежавальнымі мерамі. Але мы нарэшце напярэдадні гэтага форуму дамовіліся аб тым, як будзем развязваць такія праблемы. Прытым дамовіліся адназначна, і гэта падтрымана ўрадамі дзвюх краін.

Перспектыўным напрамкам з'яўляецца развіццё ўзаемадзеяння ў будаўнічай сферы. Беларускія спецыялісты могуць якасна ўзвесці любыя аб'екты сацыяльна-эканамічнай інфраструктуры. У шэрагу гарадоў Цэнтральнай федэральнай акругі такія праекты намі рэалізаваны. Ёсць пазітыўны вопыт і на далёкім, але такім родным Сахаліне.

У Расіі ствараюцца кластары, індустрыяльныя паркі, тэрыторыі апераджальнага развіцця. Мы гатовы і павінны ўдзельнічаць у такіх праектах. Мы павінны эфектыўна задзейнічаць велізарны навуковы, прамысловы і кадравы патэнцыял дзвюх краін для стварэння сумеснай прадукцыі.



У нас ёсць станоўчыя прыклады ў станкабудаванні, распрацоўцы рухавіка для кар'ерных самазвалаў, пастаўцы кампанентаў для прадпрыемстваў аўтапрама. Акрамя таго, у Беларусі ўжо вырабляюцца розныя маркі тэхнічнага вугляроду на заводзе "Омск Карбон Магілёў", а групай кампаній "Садружнасць" (Калінінградская вобласць) створаны вытворча-лагістычны комплекс і алеяэкстракцыйны завод па выпуску прадукцыі з соі і рапсу ў Смаргоні.

Усе гэтыя праекты рэалізаваны і працуюць пры непасрэднай падтрымцы беларускіх і расійскіх губернатараў. Шмат у чым менавіта дзякуючы іх мэтанакіраванасці ажыццяўляюцца пазітыўныя пачынанні, якія збліжаюць нашы дзяржавы, напаўняюць канкрэтным сэнсам беларуска-расійскія адносіны.

Дарагія сябры!

Развіццё супрацоўніцтва з рэгіёнамі Расіі з'яўляецца важнейшым знешнеэканамічным прыярытэтам Беларусі. Перакананы, што і цяперашні форум дасць магчымасць нам у ходзе адкрытай дыскусіі абмеркаваць шляхі павышэння эфектыўнасці міждзяржаўнага супрацоўніцтва, мы зможам намеціць магчымыя прарыўныя напрамкі, вызначыць канкрэтныя задачы на перспектыву.

Аднак не толькі эканоміка ляжыць у аснове беларуска-расійскіх адносін. Наступныя два гады з'яўляюцца знакавымі для нашых брацкіх народаў: мы разам будзем адзначаць 75 гадоў з дня вызвалення Беларусі ад фашыстаў і 75 гадоў Вялікай Перамогі - нашай сумеснай Перамогі.

І для беларусаў, і для расіян святое ўсё, што звязана з Вялікай Айчыннай вайной. На прыкладзе подзвігу савецкіх салдат, якія абаранялі тады нашу агульную Радзіму, мы павінны выхоўваць новае пакаленне грамадзян Беларусі і Расіі сапраўднымі патрыётамі.

Для нас важна стварыць усе ўмовы, каб маладыя людзі атрымалі якасную адукацыю і магчымасць сумленна працаваць. Сёння яны, мэтанакіраваныя і таленавітыя, патрэбны ўсюды: на вытворчасці, у палітыцы, бізнесе, навуцы, адукацыі, дзяржаўным кіраванні.

Таму прапаную вам, паважаныя ўдзельнікі пленарнага пасяджэння, наступны Форум рэгіёнаў прысвяціць разгляду пытанняў, звязаных з маладзёжнай тэматыкай. Гэта вельмі важна. Скажу банальную рэч: за моладдзю будучыня. І мы павінны зрабіць усё, каб наша моладзь, Беларусі і Расіі, глядзела перш за ўсё адна на адну, а не так, як часам бывае: расіяне глядзяць праз Беларусь далей на Захад, і беларусы.

Я нядаўна сустракаўся з паслом (паслом Расіі ў Беларусі Міхаілам Бабічам. - Заўвага), і ён мне назваў лічбу: каля 50 беларусаў паступаюць у расійскія ВНУ, а на Захад паехалі дзве тысячы для таго, каб атрымаць адукацыю. Закрыцца не можам, гэта справа кожнага. Але мы павінны зрабіць так, каб нашы маладыя людзі вучыліся ў Расіі і ў Беларусі. Яшчэ раз падкрэсліваю: будучыня - за маладымі. Падумайце, можа, сапраўды мы змаглі б арганізаваць салідны форум і прысвяціць яго моладзі.

Трэба абмеркаваць рэальныя аспекты адукацыі, культуры, творчага развіцця, патрыятычнага выхавання і фарміравання здаровага ладу жыцця маладых людзей. Нашаму падрастаючаму пакаленню неабходна прывіваць жаданне жыць і працаваць на роднай зямлі. Паколькі менавіта ад моладзі залежыць будучыня нашых дзвюх краін. Менавіта дзвюх краін - у адзінстве і яднанні.

Дарагія сябры! Дарагі Уладзімір Уладзіміравіч!

Я вельмі цаню тое, што мы ў такім складзе сабраліся тут сёння. Дзякуй вам вялікі. Такія форумы не заменіць ні адно мерапрыемства па лініі Саюза Беларусі і Расіі. Гэтыя форумы збліжаюць, аб'ядноўваюць нашы народы, робяць адным цэлым, якое разарваць практычна нікому немагчыма.

 


© 2018, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь