Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Удзел у цырымоніі адкрыцця стадыёна "Дынама" ў Мінску

21 чэрвеня 2018 года
Выступленне на цырымоніі адкрыцця стадыёна "Дынама" ў Мінску
глядзіце таксама: відэа
21 чэрвеня 2018 года
Выступленне на цырымоніі адкрыцця стадыёна "Дынама" ў Мінску
Удзел у цырымоніі адкрыцця стадыёна "Дынама" ў Мінску
глядзіце таксама: фота
21 чэрвеня 2018 года
Удзел у цырымоніі адкрыцця стадыёна "Дынама" ў Мінску
12 фота

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 21 чэрвеня прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця абноўленага стадыёна "Дынама" ў Мінску.

Кіраўнік дзяржавы ўручыў сімвалічны ключ ад стадыёна спартсменам - членам нацыянальнай зборнай па лёгкай атлетыцы і футбалістам. Аляксандр Лукашэнка таксама запусціў адваротны адлік часу да адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў, якія пройдуць у Беларусі роўна праз год.

Выступленне Прэзідэнта Беларусі А.Р. Лукашэнкі на цырымоніі адкрыцця стадыёна "Дынама"


Дарагія сябры!

Сённяшні дзень па праву стане датай новага нараджэння нашага легендарнага стадыёна "Дынама".

Яго багатая гісторыя напоўнена гучнымі і вялікімі імёнамі, яркімі перамогамі, незабыўнымі момантамі саперніцтва куміраў розных пакаленняў.

Стадыён быў упершыню адкрыты ў мінулым стагоддзі - у 1934 годзе - і адразу стаў галоўным спартыўным аб'ектам краіны, цэнтрам прыцягнення ўсіх паклоннікаў спорту.

У час Вялікай Айчыннай арэна была поўнасцю знішчана. Для яе аднаўлення спатрэбіліся чатыры доўгія гады - роўна столькі, колькі доўжылася на нашай тэрыторыі вайна. Пасля гэтага трыбуны "Дынама" зноў запоўніліся балельшчыкамі.

Тут праводзіліся вялікія спартыўныя спаборніцтвы, масавыя культурныя мерапрыемствы.

Асаблівы радок у гісторыі стадыёна - Алімпіяда-80. Перад яе пачаткам збудаванне перажыло маштабную рэканструкцыю, стаўшы зручным, умяшчальным і прыгожым.

А ў 1982 годзе нашы балельшчыкі былі тут сведкамі залатога сезона футбольнай каманды "Дынама-Мінск". Вельмі шкада, што гэтыя часы адышлі ў нябыт. Я думаю, што цяперашняе пакаленне дынамаўцаў, яшчэ раз пераканаўшыся ва ўвазе дзяржавы да спорту, верне тую вялікую славу, якая павінна належаць дынамаўскім клубам, таварыству "Дынама" і гэтаму легендарнаму стадыёну.

Абапіраючыся на традыцыі і вопыт, сёння мы пачынаем новы адлік жыцця вялікага культурна-спартыўнага цэнтра. Усімі рэстаўрацыйна-будаўнічымі работамі тут займаліся выключна беларускія спецыялісты. Выкарыстаўшы перадавыя тэхналогіі, яны беражліва захавалі гістарычную аснову, пры гэтым зрабілі яго сучасным і высокатэхналагічным.

Сюды з гонарам можна запрашаць знакамітых спартсменаў з усяго свету.

Я вельмі рады, што сёння няма свабодных месцаў на гэтым стадыёне. І дазвольце мне ад вашага імя, ад імя ўсяго беларускага народа, нашых спартсменаў выказаць удзячнасць нашым будаўнікам за гэта.

І, вы ведаеце, крыху асабістае: мне аднойчы пашчаслівілася гуляць на гэтым стадыёне, і я памятаю, ведаю, што яшчэ, на шчасце, вельмі шмат жывых легенд гэтага стадыёна. І прымаючы рашэнне аб яго адраджэнні, а фактычна - аб нараджэнні на гэтай базе новага фізкультурна-спартыўна-культурнага цэнтра, я думаў аб тых, хто гуляў на гэтым стадыёне, хто звязаў свой лёс з гэтым стадыёнам, хто жыў гэтым стадыёнам, хто хадзіў на гульні, матчы, спаборніцтвы і канцэрты на гэты стадыён. А іх яшчэ мільёны, дзякуй богу, - ад нашых каментатараў-журналістаў да найвялікшых спартсменаў. І я ўпэўнены, што, прысутнічаючы сёння, заўтра і ў іншыя дні на гэтым стадыёне, яны будуць з гордасцю ўспамінаць сваю маладосць, а хтосьці - сваё дзяцінства.

Я перакананы, стадыён абавязкова стане родным домам для аматараў актыўнага адпачынку. З гэтага часу на "Дынама" пастаянна будуць праходзіць самыя маштабныя і цікавыя мерапрыемствы. Ужо заўтра гэтыя бегавыя дарожкі, сектары для кідання і скачкоў апрабуюць лепшыя атлеты Беларусі, Украіны, Балканскіх і Прыбалтыйскіх краін.

У 2019 годзе стадыён "Дынама" стане сэрцам II Еўрапейскіх гульняў - еўрапейскай Алімпіяды - грандыёзная падзея для Беларусі і ўсёй сусветнай спартыўнай грамадскасці. Тут пройдуць цырымонія адкрыцця і спаборніцтвы па каралеве спорту - лёгкай атлетыцы.

Гэта адбудзецца роўна праз год. І сёння мы ўключым табло з адваротным адлікам дзён да старту гэтых Гульняў.

Дарагія сябры!

Спорт і алімпійскі рух служаць высокім і высакародным мэтам. Яны прызначаны аб'ядноўваць краіны і народы, умацоўваць волю і характар атлетаў, дарыць мару падрастаючаму пакаленню.

Дык няхай жа і наш абноўлены стадыён будзе адным з сімвалаў гэтых цудоўных ідэалаў!

Я шчыра жадаю ўсім моцнага здароўя, самых добрых, станоўчых і здаровых эмоцый, поспехаў і новых здзяйсненняў на карысць нашай Беларусі! Наш народ чакае ад спартсменаў вялікіх дасягненняў. Народ наш мае права на гэтыя дасягненні! І вы, спартсмены, будзьце дастойны гэтага вялікага народа!

Дзякую вам!

© 2018, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь