Удзел у сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ

  • 15

Старшынства ў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы перайшло да Беларусі. Прыярытэты беларускага старшынства будуць у бліжэйшы час дадаткова прапрацаваны і прадстаўлены краінам - членам Арганізацыі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 14 кастрычніка ў Ерэване на сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ.

Прэзідэнт адзначыў, што ў ходзе працяглых перагавораў лідараў дзяржаў АДКБ у вузкім складзе бакі абмеркавалі шырокі комплекс тэм і правялі прынцыповы аналіз праблемных пытанняў у свеце. "Прытым па перыметры ўсіх граніц - і на заходнім напрамку, і ў Цэнтральнай Азіі, у раёне Афганістана. Абмеркавалі канфлікты і нявырашаныя праблемы, - адзначыў беларускі лідар. - Шчыра прызнаюся, што падрыхтаваныя матэрыялы па прыярытэтах нашага старшынства крыху не цягнуць на той узровень абмеркавання, на які мы выйшлі ў вузкім коле".

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, бакі дамовіліся, што пры ўдзеле Генеральнага сакратара АДКБ Мікалая Бардзюжы будзе вызначана група спецыялістаў у іншых галінах. "Прыцягнем да гэтага спецыялістаў перш за ўсё з Расійскай Федэрацыі і іншых дзяржаў. І трэба сфармуляваць добрыя прыярытэты, каб наша Арганізацыя выйшла на даволі сур'ёзны ўзровень. Каб яе не баяліся, але паважалі, і мы нікога не ўгаворвалі, каб нас прызнавалі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прыярытэты маючага адбыцца беларускага старшынства ў АДКБ будуць грунтоўна прапрацаваны і даведзены да кіраўнікоў у краінах Арганізацыі, дадаў беларускі лідар. "Думаю, мы штосьці добрае можам прапанаваць нашай Арганізацыі ў плане адзінства і паважання з боку контрпартнёраў", - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што АДКБ, напрыклад, не трэба чакаць прызнання з боку НАТА. "Мы ўсе канстатавалі, што АДКБ ніхто не хоча прызнаваць, асабліва НАТА (ці бачыце, арганізацыя не тая). Я слухаў гэтыя размовы і думаў: калі мы будзем іх прасіць, каб яны нас прызналі, яны ніколі нас не прызнаюць. Нам трэба зрабіць такім чынам, каб прымусіць іх прызнаць нашу Арганізацыю", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Па выніках саміту кіраўнікі дзяржаў зацвердзілі Стратэгію калектыўнай бяспекі АДКБ на перыяд да 2025 года. Падпісаны пакет дакументаў у сферы процідзеяння міжнароднаму тэрарызму і экстрэмізму, прыняты заявы па шэрагу праблемных міжнародных пытанняў, а таксама іншыя рашэнні аб дзейнасці Арганізацыі і яе органаў.