Удзел у саміце Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы

  • 18

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 28 лістапада прыняў удзел у саміце Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы ў Бішкеку.

Пытанні парадку дня спачатку былі разгледжаны ў вузкім складзе, а затым у фармаце пленарнага пасяджэння з удзелам кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў, міністэрстваў абароны, сакратароў саветаў бяспекі.

Аляксандр Лукашэнка ў сваім выступленні зрабіў акцэнт на мірных ініцыятывах і глабальных пагрозах бяспецы. Кіраўнік дзяржавы спыніўся на асобных аспектах, найбольш актуальных для Беларусі. Ён, у прыватнасці, выказаў заклапочанасць у сувязі з глабальным палітычным і эканамічным процістаяннем паміж вядучымі сусветнымі дзяржавамі, адзначыў фактары, здольныя нанесці сур'ёзны ўрон усёй існуючай сістэме міжнароднай бяспекі.

Прэзідэнт згадаў аб спыненні дзеяння Дагавора аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасці, назваўшы гэта неапраўданым і небяспечным. Таму Беларусь выступіла з прапановай прыняць шматбаковую палітычную Дэкларацыю адказных краін аб неразмяшчэнні ракет сярэдняй і меншай далёкасці ў Еўропе. "Бачым у гэтай ініцыятыве магчымасць аднаўлення даверу ў рэгіёне", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Актуальнай застаецца і яшчэ адна беларуская ініцыятыва аб аднаўленні шырокага дыялогу па пытаннях міжнароднай бяспекі. "З улікам горкіх урокаў гісторыі Беларусі мы таксама заклікаем аднавіць шырокі дыялог па пытаннях міжнароднай бяспекі па аналогіі з Хельсінкскім працэсам. Накіраваць яго на пераадоленне існуючых супярэчнасцей ва ўзаемаадносінах паміж дзяржавамі на агульнай прасторы ў Еўра-Атлантыцы і Еўразіі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу беларускі бок гатовы да больш дэталёвага іх абмеркавання ў фармаце АДКБ. "Тым больш сёння, калі на фоне разбурэння механізмаў кантролю над узбраеннямі мы фіксуем паэтапнае нарошчванне ваенных патэнцыялаў, пашырэнне ваеннай інфраструктуры ў Еўрапейскім рэгіёне. Па сутнасці, размова ідзе аб адкрытай, а галоўнае беспадстаўнай мілітарызацыі заходніх рубяжоў зоны адказнасці АДКБ", - падкрэсліў беларускі лідар.

За апошнія гады групоўка НАТА, якая ўключае кантынгент ЗША, у суседніх з Беларуссю краінах вырасла ў разы. Пры гэтым канцэнтрацыя баявой тэхнікі і асабовага складу адбываецца ў непасрэднай блізкасці ад граніцы Беларусі. Акрамя таго, побач праводзяцца буйнамаштабныя шматнацыянальныя вучэнні альянсу.

"Новая гонка ўзбраенняў нам не патрэбна", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым актуальным рызыкаўтваральным фактарам застаецца высокая ступень напружанасці ў міжнародных адносінах. Іншай тэндэнцыяй апошняга часу стаў рост пратэснага руху і масавых беспарадкаў у шэрагу краін, у тым ліку стабільных. Нестабільнасці дабаўляюць факты санкцыйнай палітыкі, праводзімай у абход міжнароднага права, гібрыднае знешняе ўздзеянне.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, рэгіянальныя ўзброеныя канфлікты, у тым ліку тлеючага характару, застаюцца адной з асноўных крыніц палітычных, ваенных і тэрарыстычных пагроз, нелегальнай міграцыі, незаконнага транзіту зброі. У гэтым кантэксце ён спыніўся на сітуацыі ва Украіне, на ўсходзе якой пяты год ужо прадаўжаецца ўзброенае процістаянне, гінуць людзі, сярод якіх і мірныя жыхары.

Беларусь вітае прагрэс, які намеціўся ў пытаннях выканання мінскіх пагадненняў, і пачатак канструктыўнага дыялогу ў рамках трохбаковай кантактнай групы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сітуацыя вакол зоны адказнасці АДКБ і на планеце ў цэлым істотна відазмяняецца. "Перакананы, што наша арганізацыя павінна адэкватна і своечасова рэагаваць на новыя выклікі і пагрозы, дэталёва і комплексна аналізаваць абстаноўку, выпрацоўваць адпаведныя прапановы і ініцыятывы, - сказаў беларускі лідар. - З'яўляючыся важным механізмам забеспячэння бяспекі ў Еўразійскім рэгіёне, АДКБ павінна паступальна пашыраць знешнепалітычны напрамак, умацоўваць свой міжнародны аўтарытэт".

Прэзідэнт таксама выказаўся за ўмацаванне міжнароднага аўтарытэту АДКБ, пашырэнне яе ўзаемадзеяння з іншымі арганізацыямі. Гэтаму ў тым ліку можа паслужыць рэалізацыя прынятага па ініцыятыве Беларусі рашэння аб юрыдычным афармленні статусу "Партнёра" арганізацыі, а таксама "Наглядальніка" пры АДКБ. Прыцягненне да дзейнасці арганізацыі надзейных саюзнікаў у першую чаргу магло б садзейнічаць павышэнню эфектыўнасці калектыўных намаганняў у барацьбе з тэрарызмам, наркапагрозамі, у забеспячэнні ваеннай бяспекі.

У Бішкеку была агучана яшчэ адна ініцыятыва Беларусі. Кіраўнік дзяржавы лічыць, што ў сферы забеспячэння ваеннай бяспекі дзяржаў - членаў АДКБ, разам з планамерным развіццём ваеннага сегмента арганізацыі, захоўваецца актуальнасць выхаду на прамы і раўнапраўны дыялог з Паўночнаатлантычным альянсам. Гэта асабліва актуальна з улікам таго, што гэтыя дзве ваенна-палітычныя структуры адказваюць за забеспячэнне бяспекі на прасторы ад Ванкувера да Уладзівастока. У той жа час, напрыклад, паміж АДКБ і АБСЕ ідзе рэгулярны і канструктыўны дыялог.

Неабходна больш цесна працаваць і з ААН, лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі бок таксама лічыць мэтазгодным нарошчваць антытэрарыстычны патэнцыял АДКБ.

Асабліва падкрэслена, што сярод прыярытэтных напрамкаў дзейнасці АДКБ павінна трывала замацавацца забеспячэнне інфармацыйнай бяспекі. Існуючыя пагрозы бяспецы ўказваюць на неабходнасць пашырэння міждзяржаўнага супрацоўніцтва і павышэння ўзаемнага даверу ў інфармацыйнай сферы. У сувязі з гэтым Беларусь прапануе сфарміраваць пояс лічбавага добрасуседства, накіраваны на разрадку напружанасці ў інфармацыйнай сферы, устанаўленне агульных правіл адказных паводзін бакоў у віртуальнай прасторы.

Пасля праведзенага пасяджэння ў размове з журналістамі Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што бачыць у АДКБ патэнцыял для садзейнічання стабілізацыі сітуацыі ў свеце. "Вы вельмі правільна сказалі, бурны наш свет. Зразумела, што вы пад гэтым тэрмінам маеце на ўвазе. Таму, чым больш арганізацый, якія стрымліваюць бурны паток, тым лепш. АДКБ - адна з сур'ёзных арганізацый, якая будзе садзейнічаць стабілізацыі сітуацыі ў свеце ўсялякімі метадамі. І інфармацыйнымі, і палітычнымі, і дыпламатычнымі, і ваеннымі", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Прадстаўнікі СМІ пацікавіліся меркаваннем беларускага лідара, ці будзе АДКБ "як адзіны кулак, калі, не дай бог, ірване". "У кожнага свая зона адказнасці. Але калі рване там, дзе ў нас сканцэнтраваны ўсе інтарэсы, значыць, мы будзем процідзейнічаць гэтым узрывам разам. Гэта адназначна", - запэўніў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што лейтматывам на пасяджэнні ў Бішкеку быў тэзіс аб тым, што краіны арганізацыі павінны быць і самі бліжэй, і заяўляць на міжнароднай арэне, што будуць разам рэагаваць на тыя ці іншыя рэчы. "Ёсць "узрывы" лакальнага характару. Зона адказнасці, дапусцім, на заходнім напрамку, - гэта наша з Расіяй. У Цэнтральнай Азіі - цэнтральнаазіяцкіх (дзяржаў. - Заўвага) пры падтрымцы Расіі", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.