Бел
Галоўная   /  Падзеі

Удзел у рэспубліканскім суботніку

25 красавіка 2020 года
Удзел у рэспубліканскім суботніку
глядзіце таксама: фота
25 красавіка 2020 года
Удзел у рэспубліканскім суботніку 8 фота

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 25 красавіка прыняў удзел у рэспубліканскім суботніку, высадзіўшы дрэвы на тэрыторыі Нацыянальнага парку "Прыпяцкі".

У дваццатых чыслах красавіка Кіраўнік дзяржавы па традыцыі наведвае раёны, што пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Адраджэнню гэтых зямель заўсёды ўдзяляецца асаблівая ўвага і, улічваючы, што на гэты раз паездка Прэзідэнта супала з правядзеннем у краіне рэспубліканскага суботніка, Аляксандр Лукашэнка вырашыў прыняць удзел у работах на тэрыторыі Нацыянальнага парку "Прыпяцкі".

Тут у мэтах аднаўлення лясной масы прэзідэнцкая брыгада высадзіла 8 тыс. саджанцаў сасны на плошчы паўтара гектара.

Пазней у час размовы з журналістамі Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што правядзенне рэспубліканскага суботніка даўно стала традыцыяй у Беларусі і ад яе адступаць не будуць. Прэзідэнт даўно заяўляў: будаваць новую, суверэнную і незалежную Беларусь будуць, абапіраючыся на плечы бацькаў і дзядоў. "Суботнікі - гэта, лічу, тое добрае, што мы ўзялі з таго (савецкага. - Заўвага) перыяду. Вось і ўся ідэалогія: мы памятаем папярэдняе, шануем сваю гісторыю, бяром лепшае і актуалізуем на фоне сённяшніх падзей", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пасадка дрэў, дадаў Прэзідэнт, гэта ўклад у экалогію, клопат аб прыродзе. "Вы заўважылі, а некаторыя Telegram-каналы, з-за якіх мы напружваемся кожны дзень, - а дарэмна - гэтага не заўважылі: я некалі сказаў, што Ён (Гасподзь. - Заўвага) убачыў, што мы вельмі дрэнна ставімся да экалогіі, да ладу жыцця, які ў нас зусім не адпавядае тым крытэрыям, якія павінны быць, і ўдарыў нас па галаве (маецца на ўвазе ўспышка пандэміі каранавіруса. - Заўвага). Таму мы спрабуем калі не выраўняць сітуацыю, то хаця б абараніць сябе і сваіх блізкіх гэтымі крокамі", - падкрэсліў ён.

Размаўляючы з журналістамі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што без малой радзімы, асабліва вёсак, не можа быць ні суверэнітэту, ні незалежнасці. "За апошнія гады гэта была дзейсная, ідэйная справа - аб'явіць трылогію малой Радзімы. Што зрабілі, а што не зрабілі. Скажу сумленна: зрабілі не ўсё, што маглі. Калі б яшчэ трылогію аб'явілі, зрабілі б яшчэ больш. Але галоўнае - мы павярнулі людзей да іх малой радзімы. Асабліва да вёсачак, да тых дамоў, якія засталіся ад бацькоў, бабуль і дзядуль", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт яшчэ раз здзіўляўся тым беларусам, якія не разумеюць, што значыць мець сёння прысядзібны ўчастак у краіне, якая знаходзіцца ў цэнтры Еўропы. "Хутка гэта будзе даражэй за золата. Многія пачулі гэта. Пачынаючы ад Мінска, буйных гарадоў, усе вёсачкі, свабодныя прысядзібныя ўчасткі скуплены: нехта маленькі дом пабудаваў, нехта вялікі, нехта церам - калі ласка. Галоўнае, каб гэта зямля апынулася ў руках гаспадароў. Гэта значыць, за тры гады мы павярнулі свядомасць людзей і нацэлілі іх на тое, што без малой радзімы, асабліва вёскі, не можа быць ні краіны, ні суверэнітэту і незалежнасці", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што гэта не лозунгі. Яшчэ ў пачатку сваёй палітычнай дзейнасці ён убачыў, наколькі важна беражлівае стаўленне да невялікіх гарадкоў і вёсак. "Занядбалыя вёскі (інакш не скажаш), вакол разбітыя дарогі, перакошаныя дамы, разбураныя і кінутыя дамы, нікому не патрэбныя прысядзібныя ўчасткі, за якія нават у той час людзі дрыжэлі. Яны чапляліся за кавалачак зямлі, дзе б вырасціць прадукты. Калі б мы не правялі тры пяцігодкі па адраджэнні сяла, вёска знікла б", - упэўнены Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка ўспомніў, што ўпершыню пабываў у Ляскавічах у 1995 годзе: ён прыехаў у вёску і заўважыў, што тут толькі пясчаныя дарогі. Але галоўнае, дадаў Прэзідэнт, было іншае: гэтыя раёны былі закінутыя і ў людзей нават не было з чаго пячы хлеб. "Гэта вёсачка, уся гэта акруга стала маёй маленькай радзімай. Вельмі шмат было крыку: усё, кідаем землі, бяжым адтуль. Тады яшчэ я сказаў: не, мы тут будзем з часам жыць. І мы сталі асвойваць землі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. З часам гэта мясцовасць была добраўпарадкавана, пачалі аднаўляць і іншыя пацярпелыя пасля выбуху на ЧАЭС раёны.



"Так мы падымалі малыя гарады і пасёлкі, а потым было рашэнне стварыць аграгарадкі, - нагадаў беларускі лідар. - У нас няма лішняй зямлі, таму нам трэба краіну сваю прывесці ў адпаведнасць і перадаць нашым дзецям, якія прыйдуць за намі".

Адказваючы на пытанні журналістаў, Аляксандр Лукашэнка расказаў, калі можа адбыцца яго Пасланне парламенту і народу краіны і чаму яно было адкладзена, хоць першапачаткова планавалася на сярэдзіну красавіка. "Вельмі шмат пытанняў, на якія сёння цяжка даць адказ або адказу няма наогул. З-за сітуацыі, якая склалася, з-за гэтага псіхозу, які разгарнуўся. З-за таго, што розныя палітычныя сілы ўнутры дзяржаў спрабуюць гэта выкарыстоўваць у нейкіх палітычных мэтах, што недапушчальна. І самае галоўнае - эканамічная нявызначанасць ва ўсім свеце", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт, напрыклад, адзначыў той факт, што нядаўна цана на нафту станавілася нават адмоўнай. "Такога ніколі не было, і гэта дзіўна. Гэта дзіўнасць потым выраўнялася. Але, тым не менш, было, - адзначыў беларускі лідар. - Блок пытанняў, на якія мы сёння не можам адказаць. А калі будзем адказваць, то толькі з нейкім прагнозам. А нам патрэбны дакладны прагноз. Яго сёння даць нельга. Таму патрэбны нейкі час, каб можна было прааналізаваць усе працэсы, якія адбываюцца ў краіне і за яе межамі, і тады ўжо нешта гаварыць народу".

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што Пасланне адкладзена на некаторы час. "Я так падумаў, што калі прэзідэнцкія выбары, то можам сумясціць Пасланне (пашырыць яго, зрабіць больш стратэгічным) з праграмай цяперашняга Прэзідэнта. Гэта адна з ідэй. Я нядаўна літаральна прыйшоў да такой ідэі. Можа, яшчэ нешта з'явіцца", - сказаў ён.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, звычайна Пасланне ўключае ў сябе толькі акцэнты на бягучы год і некаторыя штрыхі на будучае, а калі сумясціць яго з перадвыбарнай праграмай Прэзідэнта, то будзе магчымасць "зазірнуць за гарызонт" на ўсю будучую пяцігодку. "Думаю, і іншыя кандыдаты так зробяць", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў: у тым, што Пасланне адкладзена, няма ніякай канспіралогіі. Мерапрыемства было запланавана на сярэдзіну красавіка, але без канкрэтнай даты. "Таму, калі там нехта піша, што 16-га, 18-га, гэта няпраўда. Канкрэтнай даты не было. Яе і не павінна было быць. Як толькі гатова было б Пасланне і яно адпавядала б духу сённяшняга дня, яно прагучала б у сярэдзіне красавіка. Але сітуацыя з каранапсіхозам, інфекцыямі, а потым аб'яўленай пандэміяй вельмі моцна змяніла сітуацыю не толькі ў нашай краіне, але і ва ўсім свеце", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што калі б становішча змянілася толькі ў Беларусі, то Пасланне прагучала б ужо. "Але мы вельмі залежым, як і ўсе дзяржавы, і нават буйныя, багатыя, ад таго, што адбываецца ва ўсім свеце. Вось уявіце Прэзідэнта на трыбуне сёння і што ён можа сказаць: магчыма, а калі будзе так, то будзе так, а калі гэтак, то будзе па-іншаму... Інакш не скажаш", - пракаменціраваў абставіны беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ўжо ставіў пытанні аб тым, што будзе пасля пандэміі, і ніхто не можа даць пэўны адказ. "І не таму, што тут нешта новае для свету, нешта небяспечнае і страшнае. Не, не толькі таму. А яшчэ і таму, што розныя краіны пачалі разыгрываць (няхай яны мне даруюць) свае ўнутраныя карты на гэтым псіхозе. І цяжка ўявіць у сувязі з гэтым, якія крокі яны зробяць. Але ж мы вельмі залежныя ад знешняга свету - наша жыццё, экспартна арыентаваная эканоміка. Вельмі залежныя, і не толькі мы", - заявіў Прэзідэнт.

Разам з тым, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што па шэрагу фундаментальных пытанняў, калі Пасланне адбылося б у намечаныя тэрміны, адказы ёсць. Напрыклад, адносна маючых адбыцца ў Беларусі прэзідэнцкіх выбараў. "Тут можна адназначна сказаць, што мы іх будзем праводзіць па Канстытуцыі, як я і абяцаў", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Па нейкіх іншых пытаннях мы можам адназначна даць адказ. Асноўныя, дапусцім, параметры і пытанні будучай пяцігодкі. Потым пытанне Канстытуцыі (яно ж не здымаецца). Тут адназначна можна адказаць, што мы ў новай пяцігодцы хутчэй за ўсё будзем мець новую Канстытуцыю. Ёсць пытанні, на якія ёсць адказы. І вельмі шмат пытанняў, іх больш, на якія адказу няма", - расказаў Прэзідэнт.


© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь