Удзел у Рэспубліканскім педагагічным савеце

  • 22

Асноўныя напрамкі развіцця айчыннай адукацыі вызначаны 24 жніўня на пленарным пасяджэнні Рэспубліканскага педагагічнага савета з удзелам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

У гэтым маштабным мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за 800 чалавек, абсалютная большасць з якіх - работнікі ўстаноў адукацыі з усіх абласцей краіны і горада Мінска. У фармаце адкрытага мікрафона яны змаглі падзяліцца сваімі меркаваннямі і вопытам па тых ці іншых пытаннях, унесці слушныя прапановы.

Кіраўнік дзяржавы перад пачаткам пленарнага пасяджэння азнаёміўся з выстаўкай новых падручнікаў і вучэбных праграм, выдадзеных да 2017-2018 навучальнага года, новымі вучэбнымі дапаможнікамі.

У сваім выступленні перад удзельнікамі Рэспубліканскага педсавета Аляксандр Лукашэнка абазначыў галоўныя прынцыпы развіцця сферы адукацыі, акцэнтаваўшы ўвагу на дзяржаўнай падтрымцы, сацыяльнай справядлівасці і роўным доступе да адукацыі.

"Вы ведаеце мае падыходы па пераўтварэнні, удасканаленні, недзе рэфармаванні сістэмы нашай адукацыі. Сутнасць гэтых падыходаў у тым, што я катэгарычна супраць нейкай ломкі, нават рэфармавання ў поўным сэнсе гэтага слова сістэмы адукацыі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Я заўсёды выступаў і выступаю за ўдасканаленне таго ці іншага працэсу. Трэба ісці ад жыцця, вырашаць тыя пытанні, якія ставіць жыццё. Адукацыя - настолькі складаны працэс (і мы з вамі ведаем гэта не па чутках), што ўзяць і нешта зламаць, асабліва ў цэлым сістэму адукацыі, і выбудаваць новую не атрымаецца".

Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў свой час некаторыя краіны вырашылі поўнасцю перабудаваць сферу адукацыі. Але, зламаўшы старое, новае яны так і не стварылі з-за многіх прычын. "Сёння прызнаюць, што, зламаўшы старое, не атрымалі ў спадчыну тое добрае, што было. Мы гэтым шляхам не пайшлі", - адзначыў ён.

"Больш таго, вы, напэўна, помніце, што да нас, да сярэдзіны 1990-х, улады Беларусі паспрабавалі ісці гэтым шляхам. Яны за два-тры гады спрабавалі навучыць усіх нас размаўляць на той мове, на якой яны хочуць (я абсалютна тут не выступаю супраць роднай беларускай мовы, ні ў якім разе). Вы самі ведаеце, што было ў тыя гады: пачалі ламаць усё без разбору. І дакладныя навукі, і прыродазнаўства, гуманітарныя напрамкі нашай адукацыі. Нам давялося спыняць гэты працэс. Тады мы са многімі з прысутных у гэтай зале адчулі, што можам разбурыць усё дашчэнту. А для таго, каб стварыць пасля гэтага нешта новае, патрэбны каласальныя грошы, - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - Тады грошай наогул не было. Я не разумею, на што спадзяваліся тыя, хто быў на чале ўлады ў Беларусі, ідучы на такую карэнную ломку адукацыі. Таму, з якога боку ні паглядзі, мы пачалі рухацца ў няправільным напрамку. І тады, спыніўшы гэты працэс і ў палітыцы, і ў адукацыі, наладжваючы новае жыццё ў новай дзяржаве, быў вылучаны тэзіс аб удасканаленні, аб тым, каб не страціць тое лепшае, што мы набылі".

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што калі прымалася рашэнне, на якой мове павінна весціся навучанне ў школах, кіраўніцтва краіны прытрымлівалася пажаданняў народа. "Мы сілай не націскалі: давай "беларускую мову" і да таго падобнае. Мы ішлі і ідзём ад жыцця. Калі б мы пайшлі тым шляхам, як "рэфарматары" пасля распаду Савецкага Саюза, мы сёння не мелі б ні адной, ні другой мовы", - упэўнены Прэзідэнт.

"Руская мова - гэта наша родная мова. Калі нехта яе лічыць расійскай, у нас з вамі розныя падыходы. Можа, калі можна так гаварыць, крыху менш родная, чым беларуская. А ўвогуле, я іх стаўлю на адзін узровень і лічу, што ад гэтай спадчыны адмаўляцца нам ні ў якім разе нельга, інакш мы страцім многае. Давайце будзем багатымі людзьмі. Няхай у нас будзе дзве родныя мовы - руская і беларуская", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, чаму менавіта цяпер было вырашана правесці Рэспубліканскі педагагічны савет на такім высокім узроўні. "Адзін этап мы прайшлі - я яго называў. Потым, удасканальваючы нашу адукацыю, мы прайшлі другі этап, калі можна падзяліць гэта на этапы. Убачыўшы ўсе недахопы, прапусціўшы іх праз сябе, вось цяпер мы ўбачылі праблемы, якія яшчэ не вырашылі. Гэта значыць мы напярэдадні нейкага трэцяга этапу. Можа, асноўнага ў плане ўдасканалення нашай адукацыі. Мы з вамі павінны параіцца, як будзем вырашаць пытанні, якія паўсталі перад адукацыяй. Нам трэба будзе зрабіць новы крок у дашліфоўцы, удасканаленні нашай адукацыі: дашкольнай, школьнай, прафесійна-тэхнічнай, вышэйшай", - рэзюмаваў ён.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што цяпер устойлівасць развіцця дзяржаў вызначаецца не толькі і не столькі рэсурсамі - радовішчамі нафты, газу або залатым запасам. Галоўнымі становяцца прарыўныя тэхналогіі, новыя галіны, якія ствараюць эканоміку ведаў. Фактычна размова ідзе аб трансфармацыі традыцыйных эканамічных мадэлей. "Але гэтым змяненні не абмяжоўваюцца - змяняецца свядомасць людзей, іх стаўленне да дзяржаўных інстытутаў. Чалавеку ўсё цяжэй знайсці сваё месца ў грамадстве, зразумець, што такое сапраўдныя каштоўнасці, і не згубіцца ў інфармацыйным патоку. Гэтыя працэсы аб'ектыўна прыводзяць да дамінавання ролі адукацыі ў свеце. Менавіта эканоміка ведаў, а таксама прафесіяналы, якія шчыра любяць сваю радзіму, забяспечваюць канкурэнтаздольнасць краіны", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, сфера адукацыі і, адпаведна, роля педагога кардынальна змяніліся. "У сучасным інфармацыйным асяроддзі расце так званае пакаленне Сеткі. Для маладых людзей інтэрнэт - гэта месца пражывання. Яны не бачаць сябе без электронных устройстваў. Абсалютна згодны: гэтыя ўстройствы патрэбныя, цікавыя, карысныя. Але яшчэ важней навучыць людзей думаць, - перакананы Прэзідэнт. - У кожнага з нас былі настаўнікі, якія не толькі прывілі любоў да свайго прадмета, але і ў многім вызначылі жыццёвы шлях. У Беларусі педагогі нязменна па праву карыстаюцца асаблівай павагай і ўвагай".

Пры гэтым падкрэслена, што прафесія настаўніка не для выпадковых людзей. Менавіта ад асобы школьнага педагога, яго прафесіяналізму залежыць фарміраванне будучых пакаленняў. "Ён не толькі дае веды, але і выконвае нялёгкую місію выхавальніка, а гэта не проста работа, гэта падзвіжніцтва. Асоба педагога, яго пазіцыя і светаадчуванне - вось што цяпер асабліва важна, - лічыць Кіраўнік дзяржавы. - Сёння часта школьнікаў і студэнтаў вучаць карыстацца толькі гатовым наборам ведаў. Навучэнцы перастаюць аналізаваць, разважаць. Без інтэрнэту многія ўжо не здольны лагічна сфармуляваць думку, выказаць сваё меркаванне. Як вынік, з аднаго боку, мы бачым няхватку прафесіяналаў, з іншага - незадаволенасць работадаўца супрацоўнікамі. Такі падыход у адукацыі непрымальны".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў неабходнасць правесці вялікую работу па развіцці ў Беларусі чалавечага патэнцыялу. У сувязі з чым было важна аб'ектыўна, без эмоцый даць ацэнку вынікам развіцця ўсіх звёнаў нацыянальнай адукацыі, намеціць перспектывы яго ўдасканалення. "Вядома, ужо шмат зроблена ў гэтым напрамку, - канстатаваў Прэзідэнт. - Галоўнае - мы захавалі станоўчыя дасягненні, якія дасталіся нам у спадчыну ад папярэдніх пакаленняў. Сярод іх дзяржаўная падтрымка, сацыяльная справядлівасць, роўны доступ да адукацыі, яе дастойны ўзровень. Менавіта такімі прынцыпамі мы павінны кіравацца, плануючы любыя далейшыя пераўтварэнні ў гэтай сферы".

Як было адзначана, усе магчымасці для эфектыўнай рэалізацыі задуманага ёсць. У краіне створана неабходная інфраструктура ўстаноў адукацыі і выхавання, працуе дастаткова кваліфікаваных кадраў. "На выхаванне, навучанне і сацыяльную падтрымку моладзі дзяржава штогод выдзяляе значную частку рэспубліканскага бюджэту. Таму мы маем права чакаць ад педагагічнай грамадскасці адпаведных рэзультатаў на ўсіх узроўнях сістэмы адукацыі", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Пра дашкольную адукацыю

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу: для таго, каб дашкольная адукацыя была якаснай і даступнай, за апошнія гады ў Беларусі зроблена нямала. Па гэтым паказчыку рэспубліка з'яўляецца лідарам у рэгіёне. Яшчэ не так даўно даволі вострым было пытанне няхваткі месц у дзіцячых садах і яслях. Асабліва гэта датычылася мікрараёнаў-новабудоўляў, дзе сацыяльная інфраструктура не паспявала за будаўніцтвам жылля. Гэта праблема вырашаецца. У Беларусі актыўна будуюцца новыя дашкольныя ўстановы. Толькі ў 2016 годзе ўведзена ў эксплуатацыю 12 дзіцячых садоў, у 2017-м - яшчэ 16. Арганізаваны падвоз выхаванцаў, адкрыты групы кароткачасовага знаходжання.

"Сёння нам трэба будзе вырашыць яшчэ адну задачу - укамплектаваць дзіцячыя сады кваліфікаванымі спецыялістамі. Накіроўваючы маладых спецыялістаў, трэба зрабіць усё, каб, адпрацаваўшы па размеркаванні, яны захацелі там застацца. Таксама неабходна ўдасканальваць праграмы і методыкі работы з выхаванцамі дзіцячых садоў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Ён папярэдзіў Урад і мясцовыя органы ўлады, што да канца 2020 года гэтыя і іншыя пытанні дашкольнай адукацыі павінны быць вырашаны поўнасцю.

Прэзідэнт таксама адзначыў, што ў цэлым беларуская дашкольная адукацыя не мае аналагаў у свеце: яна ў асноўным бясплатная, усе маюць роўны доступ да яе, дзяржава да ўсіх адносіцца аднолькава.

Пра загружанасць настаўнікаў

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што раней было шмат нараканняў на высокую загружанасць настаўнікаў неўласцівымі функцыямі. "У мінулым годзе Міністэрства запэўніла: прыняты вычарпальны пералік школьнай дакументацыі, пытанне залішняй нагрузкі знята. Аднак мне дакладваюць, што нашы выкладчыкі па-ранейшаму скардзяцца на гэту праблему. Хачу падкрэсліць, што галоўная задача настаўніка - вучыць і выхоўваць дзяцей, а не займацца паператворчасцю", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён папярэдзіў міністра адукацыі, губернатараў, старшынь рай- і гарвыканкамаў, што ў школы павінны паступаць дакументы, якія датычацца толькі адукацыі і выхавання. "Давайце канчаткова паставім кропку ў гэтым пытанні. Справа нават не ў залішняй нагрузцы для настаўніка. Справа ва ўніжэнні самога настаўніка, якому даводзіцца рабіць непатрэбныя рэчы", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў ранейшыя часы класныя кіраўнікі рэгулярна наведвалі вучняў дома, цікавіліся, як яны жывуць і чым займаюцца. "Думаю, гэта нам страціць нельга. Настаўнік павінен жыць тым жыццём, якім жыве яго вучань. Усюды гэта сёння ёсць? Пытанне рытарычнае. Падумайце над гэтым. Гэта аб адзінстве працэсу адукацыі і выхавання, - сказаў Прэзідэнт. - Вы ніяк не зможаце выхоўваць свайго падапечнага, калі не ведаеце, якім жыццём жыве гэты маленькі чалавек, якому ў будучым мы перададзім у рукі тое, што мы з вамі стварылі, - суверэнную і незалежную краіну".

Кіраўнік дзяржавы таксама расказаў, што ў час азнаямлення з ходам уборачнай кампаніі ў рэгіёнах яму далажылі аб выпадках накіравання настаўнікаў на поле, каб яны кантралявалі, як вядзецца ўборка збожжа. Аляксандр Лукашэнка згадзіўся, што гэта не функцыя настаўніка. Разам з тым ён заўважыў, што сапраўдны настаўнік ніколі не паскардзіўся б, калі яго просяць нешта пракантраляваць, у тым ліку і ўборку. "Гэта цікава, гэта ўзбагачае настаўніка. Тым больш, вы ж працуеце ў вёсцы, а там вучні працуюць і на камбайнах са сваімі бацькамі. Таму я думаю, што ўборка, на якой папрасілі пабываць настаўнікаў, павінна прыносіць здавальненне. А калі шчыра кажучы, вядома, гэта не функцыя настаўніка", - сказаў ён.

Пра зарплату педагогаў

"Мы не педаліравалі гэта пытанне, але Міністра адукацыі і Віцэ-прэм'ера на апошнім дакладзе я выразна папярэдзіў: праблема скаргаў настаўніка (я не гавару аб памерах зарплаты) на нізкую заработную плату ў наступным годзе павінна быць знята", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што настаўнік і ўрач - ідэалагічная, маральная аснова беларускага грамадства. "Аснову маладзёжных арганізацый, прафсаюзаў, грамадскіх арганізацый, якія сёння існуюць, складаюць настаўнікі, урачы. Асабліва мясцовую інтэлігенцыю, якая працуе з народам. Калі нам трэба што-небудзь данесці да народа, мы гэта робім праз вас. Вы галоўная апора ў дзяржаве", - звярнуўся ён да педагогаў.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ёсць у краіне і добрыя навучальныя ўстановы, дзе педагогі атрымліваюць дастойную зарплату. Але ў многіх арганізацыях усё зусім наадварот. "Гэта пытанне павінна быць знята. Я ж не гавару аб памерах, таму што не ведаю, якім будзе памер. Але павінна быць такая зарплата, каб вам, ведаючы аб'ём работы, які вы выконваеце, сорамна было б ставіць пытанне аб павышэнні зарплаты, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Вядома, кожнаму хочацца, у тым ліку і любому настаўніку, каб было больш. Але гэта будзе звязана з развіццём эканомікі".

Прэзідэнт дадаў, што ў грамадстве часта параўноўваюць зарплату настаўнікаў у Беларусі і ў іншых краінах. "У нас у асноўным адукацыя бясплатная. І мы вялікія грошы ўкладваем у гэта. Вядома, недзе абядняем выкладчыка і настаўніка. У іх усё наадварот: каласальныя грошы за кошт таго, што ўсё платнае, яны трацяць на дапамогу настаўнікам і выкладчыкам. Якім шляхам мы пойдзем? Розныя будуць падыходы, і Міністр аб гэтым ведае, але мы абавязкова павінны зрабіць той крок, аб якім я гаварыў у плане заработнай платы", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, асабліва гэта пытанне датычыцца работнікаў устаноў дашкольнай адукацыі, паколькі кожны разумее, што такое быць выхавальнікам у дзіцячым садзе. "Катастрафічна несправядліва мы ставімся да тых, хто працуе, перш за ўсё, у яслях і дзіцячых садах. Любымі спосабамі і любымі шляхамі нам трэба амаль падвойваць у наступным годзе іх даходы", - паставіў задачу Прэзідэнт.

Пра дыферэнцыраваную аплату працы

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў дыферэнцыраваць аплату працы ў адукацыі. "Я вам шчыра скажу: настаўнік настаўніку не роўны. Вы гэта ведаеце не горш за мяне. Тады чаму мы стварылі ўраўнілаўку і настаўнікі ў нас заработную плату практычна ўсе атрымліваюць аднолькавую?" - задаў пытанне Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы прывёў прыклад, што ў сістэме аховы здароўя Беларусі ўдалося стварыць дыферэнцыраваную сістэму аплаты працы, пры якой зарплата медыцынскага персаналу залежыць непасрэдна ад яго кваліфікацыі і працаздольнасці. "Мы ўстанавілі пэўную планку. Скачаш вышэй за яе - атрымліваеш", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Пра новыя падручнікі

"Аснова школьнага навучання - добры падручнік. Гэта тое, што ў многім вызначае якасць ведаў вучняў. Нагадваю, галоўнае патрабаванне - змест навучальнага матэрыялу павінен быць аптымальны па аб'ёме, інфармацыі і яе глыбіні. Да 1 верасня 2019 года мы будзем мець новыя падручнікі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка выказаўся за тое, каб аўтарам добра заплацілі, па заслугах ацаніўшы іх уклад у стварэнне новых падручнікаў. Прэзідэнт таксама лічыць, што ў працэсе напісання падручнікаў можна выкрышталізаваць лепшых настаўнікаў, каб потым можна было прыцягнуць іх да выкладчыцкай работы ў ВНУ.

Пра ўкараненне аўтарскіх методык навучання і выхавання

Прэзідэнт спыніўся на неабходнасці распрацоўкі і ўкаранення ў практыку ўнікальных аўтарскіх методык навучання і выхавання. "Чаму мы не чуем аб сучасных настаўніках-наватарах? Дзе айчынныя Макаранкі, Сухамлінскія, Шаталавы? Гэта папрок і вам, і ўладам таксама - тым, хто займаецца адукацыяй", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. На яго думку, аўтарскія методыкі навучання і выхавання нават больш важныя, чым доктарскія дысертацыі, таму што яны заснаваны на жыццёвых рэаліях, на ўзаемаадносінах настаўніка і вучня.

"Па маім патрабаванні да напісання падручнікаў акрамя акадэмікаў, вядомых вучоных мы прыцягнулі настаўнікаў-наватараў. Эфект уражальны. А яны ж стваралі падручнікі на падставе выкладання гэтых прадметаў у школе. Як толькі гэта стала запатрабавана, яны адгукнуліся і за кароткі прамежак часу ўдасканалілі многія падручнікі", - расказаў Прэзідэнт.

Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на распрацоўку ўнікальных методык павінен быць попыт - як дзяржаўны, так і грамадскі.

Пра сістэму пазакласнай работы і працоўнае выхаванне

Прэзідэнт адзначыў неабходнасць адраджэння паўнацэннай сістэмы пазакласнай работы. "Мы з вамі добра разумеем яе каштоўнасць. Мной неаднаразова даваліся даручэнні: напоўніць шосты школьны дзень, узмацніць работу з сям'ёй, далучыць дзяцей да працы, больш актыўна ўключаць іх у заняткі спортам. Сёння, на жаль, хваліцца няма чым. Але на гэту тэму, я сказаў ужо гэта Міністру, размоў больш не будзе. Шосты дзень у тыдні не выхадны. Гэта, калі хочаце, скажу вам як настаўнік, - каб вучня нахіліць да жыцця, зрабіць яго здаровым чалавекам", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы звянуў увагу на няхватку гадзін працоўнага навучання. "Я ўжо гаварыў, што цяперашні малады чалавек, падлетак не разумее, што такое электрычная разетка, электрычная лямпачка. Дзяўчынка-падлетак не ўмее гузік прышыць. А ў наш час гэтаму ж вучылі. Чаму вы цяпер не вучыце гэтаму дзяцей?", - задаў пытанне Прэзідэнт.

Асобна Аляксандр Лукашэнка спыніўся на фізічнай форме вучняў. "Нам у хуткім часе не будзе каго ў армію прызываць па стане здароў", - заўважыў ён.
Гаворачы аб працоўным выхаванні, Прэзідэнт Беларусі адзначыў: "Мы павінны гэтым заняцца, каб дзеці ў вёсцы і ў горадзе адчулі, што такое праца. Вельмі важная праблема, цяжкая праблема, але яе трэба вырашаць".

"Тое, чаму мяне навучылі ў школе, я да гэтага часу не забыў. Вядома, чалавек, асабліва на маёй пасадзе, абавязаны, каб не адстаць, не спыніцца, пастаянна вучыцца. Але па некаторых напрамках усё, чаму мяне навучылі ў школе, той узровень я захаваў і цяпер. Нас сапраўды вучылі, асабліва працоўнаму выхаванню, асабліва ў вясковай школе", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што і ў школе, напрыклад, былі прысядзібныя ўчасткі. "Трэба паглядзець, вярнуцца да таго, як гэта ў нас было. Мы працавалі на прысядзібных участках, абавязаны былі летам тры тыдні або месяц праходзіць працоўнае навучанне, практыку, - сказаў Прэзідэнт. - Не ўсюды гэта ёсць. Вось і дапрацаваліся, што дзеці ў вёсцы не тое што карову ад быка - казу ад каровы адрозніць не могуць. Гэта ж катастрофа".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што як вынік месцамі ўжо не хапае механізатараў, камбайнераў. У сучасных камбайнах выкарыстоўваецца шмат электронікі, таму патрэбны вельмі падрыхтаваныя людзі, звярнуў увагу ён.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што для яго вопыт, набыты ў дзяцінстве, вельмі важны. "Не было б той працы - напэўна, і мяне б не было такога. І я не патрабаваў бы ад сваіх падначаленых адпаведнага стаўлення да гэтай працы". Прэзідэнт таксама адзначыў, што не толькі ў працы, але і ў спорце імкнецца падаваць асабісты прыклад. "Ніякая тут не піяр-акцыя. Мне яны сто гадоў не патрэбны", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Пра сістэму ацэнак

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што да дзесяцібальнай сістэмы ацэнак некалькі гадоў таму ў Беларусі перайшлі хутка, без усялякіх дыскусій, не праверыўшы і не пратэсціраваўшы гэту сістэму. "Сёння многія пачынаюць разважаць, а ці правільна зрабілі. Некаторыя гавораць, што трэба вярнуцца да пяцібальнай: яна была зразумелай, яна была не горшай за гэту. Многія гавораць, што не трэба, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Гэта адзін з прыкладаў, калі мы, не прадумаўшы, на практыцы не праверыўшы напрамак дзеянняў у гэтай сферы, хуценька за яе схапіліся. Прайшоў час - аказалася, што, па крайняй меры, без гэтага можна было абысціся".

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што па гэтым пытанні рашэнне трэба прымаць у тым выпадку, калі яно наспела. "Я бачу, чытаю ў сродках масавай інфармацыі, адсочваю працэс. Але гэта пытанне не мае крытычнай масы, яно не наспела для таго, каб тут прымаць нейкія рашэнні", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт канстатаваў, што да сістэмы ацэнак ставяцца па-рознаму: старэйшае пакаленне прывыкла да пяцібальнай, а моладзь ужо даўно вучыцца па дзесяцібальнай. "Шмат бацькоў за дзесяцібальную сістэму: прывыклі, ім нармальна, некаторыя асабліва і не ўнікаюць у гэта. Але большасць, я так адчуваю, усё ж такі схільныя да пяцібальнай: было прасцей. Але справа ж не ў прастаце, а ў эфектыўнасці той ці іншай сістэмы. Таму я лічу, што пытанне аб вяртанні да пяцібальнай сістэмы або пытанне захавання дзесяцібальнай сістэмы крыху перабольшана ў гэтым выпадку і не мае крытычнай масы, каб было патрэбна прымаць рашэнне. Пажывём - убачым. Думаю, гэта не вельмі ўплывае на імкненне нашых дзяцей мець добрыя веды", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што цікавіўся і меркаваннем свайго малодшага сына Мікалая па гэтым пытанні. Ён адказаў, што гэта сістэма нармальная, і да яе ўжо ўсе прывыклі. "Таму з усіх кропак, з усіх каардынат, якія мне як Прэзідэнту ўдаецца атрымаць, я раблю вывад, што нам спяшацца не трэба, неабходна паглядзець, недзе гэту сістэму ўзварухнуць, калі мы бачым нейкія недахопы. Хоць я асабіста прыхільнік пяцібальнай сістэмы: прасцей, добра і зручна, усё зразумела. Але ўсё ж такі цяпер ужо, праз некалькі гадоў работы гэтай дзесяцібальнай сістэмы, я адчуваю, што яна прыжылася", - сказаў Прэзідэнт.

Пра дысцыпліну ў школе і дрэс-код

Кіраўнік дзяржавы лічыць важным падтрымліваць у школах дысцыпліну і пэўны дзелавы дрэс-код. "Дысцыпліны ў школе не хапае. Трэба, Ігар Анатольевіч Шуневіч, падумаць і ў сваёй частцы папрацаваць з некаторымі вучнямі. Недзе нам трэба і міліцыю падключыць, каб дырэктару школы, настаўніку, класнаму кіраўніку дапамагчы, - адзначыў Прэзідэнт. - Таму што ў нас у школе вольніцы шмат".

Што датычыцца дрэс-кода, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што не трэба ўсіх заганяць у рамкі, як некалі было. Наадварот, трэба даць людзям выбар. Але дрэс-код павінен быць. "Дрэс-код павінен абавязваць: якая прычоска, якое адзенне. Яно павінна быць недарагое", - лічыць беларускі лідар.

"Я таксама бацька. Я бачу: штаны, звычайныя чаравікі, шкарпэткі нашы, кашуля і камізэлька. Усё ў Беларусі пашыта", - дадаў Прэзідэнт, гаворачы пра выбар школьнага адзення для малодшага сына.

Аб абмежаванні дэструктыўнай інфармацыі ў інтэрнэце

Пытанне абароны дзяцей ад негатыўнай і небяспечнай інфармацыі ў інтэрнэце ўзняла адна з удзельніц педагагічнага савета. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што выступае за строгае абмежаванне дэструктыўнай інфармацыі. Ужо рыхтуюцца адпаведныя законапраекты.

"Нам трэба звярнуць на гэта ўвагу. І праваахоўныя органы, і не толькі. Мы цяпер рыхтуем шэраг законапраектаў, накіраваных менавіта на гэта. Не ў тым, каб недзе закрыць інтэрнэт, нейкія нават сайты і рэсурсы "пятай калоны". Не, няхай пішуць. Людзі разбяруцца, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Але вось гэты дэструктыў - суіцыды і іншае... Расіяне прынялі ўжо шэраг рашэнняў. Спахапіліся, але вельмі позна. Вось нам гэты момант не ўпусціць бы".

"Раней амерыканцы наперадзе планеты ўсёй беглі, папракалі ўсіх і ўся ў тым, што кантралюем інтэрнэт. А сёння Дональд Трамп сам прыйшоў да гэтага і разумее, што нельга далей гэту вольніцу распускаць. Нам трэба прымаць рашэнні, інакш спознімся", - адзначыў беларускі лідар.

Пра прафесійную адукацыю

Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь заўсёды ганарылася сістэмай прафесійнай падрыхтоўкі моладзі. "Я ёю ганаруся і цяпер", - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, як на адным з пасяджэнняў кіраўнікоў дзяржаў СНД узнялі пытанні прафтэхадукацыі з канстатацыяй засмучальных фактаў, якія маюць месца ў шэрагу краін Садружнасці. "І толькі ў Беларусі захаваліся ўсе прафтэхвучылішчы, якія былі створаны. Шмат не хапае, але яны ёсць. Мы да гэтага часу аказваем дапамогу ў падрыхтоўцы людзей рабочых спецыяльнасцей іншым дзяржавам, у тым ліку Расіі. Гэта вялікае дасягненне, што мы гэту сістэму захавалі".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што аб высокай якасці прафесійнай адукацыі сведчаць перамогі беларускіх студэнтаў і вучняў на міжнародных алімпіядах і ў конкурсах прафесійнага майстэрства. "У нас, як і ва ўсім свеце, расце попыт на прадстаўнікоў рабочых прафесій. Але і патрабаванні да іх у сучасных умовах пастаянна растуць. Нам патрэбны кваліфікаваныя кадры, якія змогуць працаваць на найноўшых вытворчасцях. Маючы практычны вопыт, яны будуць больш усвядомлена падыходзіць і да выбару вышэйшай адукацыі", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым ён адзначыў, што Урадам не прыняты належныя меры для аптымізацыі структуры падрыхтоўкі кадраў па ўзроўнях прафесійнай адукацыі і пад патрэбнасці эканомікі. "Не выбудавана адпаведным чынам і прафарыентацыйная работа з моладдзю. Асноўная задача прафесійнай адукацыі - фарміраванне кадравага патэнцыялу работнікаў для эканомікі краіны", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што функцыі каардынацыі дзейнасці дзяржаўных органаў па прагназаванні кадравых патрэбнасцей на перспектыву, а таксама фарміраванні дзяржзаказу на падрыхтоўку спецыялістаў замацоўваюцца за Мінэканомікі і Мінпрацы і сацабароны. Карэкціроўка спецыяльнасцей павінна праводзіцца толькі на падставе аналізу патрэбнасці ў работніках. "І асноўная роля ў гэтым пытанні кладзецца на галіновыя міністэрствы. Важна разумець, што бесперапыннасць навучання на працягу ўсёй кар'еры становіцца асноўным патрабаваннем у падрыхтоўцы кадраў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама падтрымаў прапанову наконт больш шырокага выкарыстання сучаснага абсталявання ў прафесійнай адукацыі.

Пра паступленне ў ВНУ

На думку беларускага лідара, патрабуе далейшага ўдасканалення сістэма паступлення ў ВНУ. Яна павінна прадаставіць абітурыенту магчымасць прадэманстраваць не толькі пэўны набор ведаў па прадмеце, але і здольнасць лагічна разважаць, рабіць вывады і творча мысліць. "Папярэджваю, што карэкціроўка правіл прыёму і інфармаванне грамадскасці аб змяненнях павінны адбывацца загадзя", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Асобна Кіраўнік дзяржавы выказаўся адносна рэпетытарства. "Дайшло да таго, што паслугамі рэпетытара карыстаюцца нават у пачатковай школе, не гаворачы аб падрыхтоўцы да паступлення ў ВНУ. А калі і з'яўляюцца новыя методыкі, то яны арыентаваны на фінальную падрыхтоўку выпускнікоў, або, як кажуць у народзе, на вымуштроўванне школьнікаў да здачы цэнтралізаванага тэсціравання", - адзначыў Прэзідэнт.

"Многія мяне за гэта крытыкавалі, калі я гаварыў, што школьная праграма павінна быць школьнай, не вузаўскай. Павінна быць магчымасць яе асваення без усялякага вымуштроўвання. Цэнтралізаваныя тэсты павінны адпавядаць школьнай праграме, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Нямала зроблена да гэтага года. Да насупнага, да 1 верасня 2018 года, усе тэсты будуць дапрацаваны і прыведзены ў адпаведнасць са школьнай праграмай. Гэты працэс павінен быць завершаны з улікам вопыту паступлення ў ВНУ ў гэтым годзе".

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што ў старшых класах школы ўведзена профільнае навучанне. Яно павінна вырашыць праблему матываванага выбару выпускнікамі будучай прафесіі. "Аднак наспела неабходнасць разгледзець пытанне аб змяненні падыходаў да падагульняючай атэстацыі і кантролю бягучай паспяховасці школьнікаў, што забяспечыць аб'ектыўнасць і незалежнасць ацэнкі ведаў навучэнцаў", - адзначыў Прэзідэнт.

Пра вышэйшую школу

Прэзідэнт не выключае вяртання да вызначэння базавага профілю для кожнай ВНУ. "Трэба скараціць колькасць спецыяльнасцей, якія не з'яўляюцца профільнымі для той ці і іншай ВНУ. Сёння ў нас практычна кожная ВНУ выпускае сотні спецыялістаў самага шырокага профілю - юрыстаў, эканамістаў, палітолагаў. А потым яны беспаспяхова шукаюць работу па спецыяльнасці і вінавацяць у сваёй незапатрабаванасці дзяржаву", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Таксама Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што патрэбны аналіз аптымальнай колькасці ўстаноў вышэйшай адукацыі з улікам дэмаграфічных працэсаў і прагнозаў прыросту насельніцтва.

"Не трэба закрываць вочы і на праблему натуральнага старэння прафесарска-выкладчыцкага складу. Лічу, што кожная ВНУ павінна самастойна вырашаць пытанне абнаўлення кадраў, адбіраючы лепшых студэнтаў, рыхтуючы іх да абароны кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый", - адзначыў Прэзідэнт.

"Ва ўніверсітэтах павінны быць створаны неабходныя ўмовы для вываду на рынак навуковых распрацовак і абавязковай іх інтэграцыі ў адукацыйны працэс. Упэўнены, што комплекснае вырашэнне гэтых пытанняў будзе садзейнічаць фарміраванню высокатэхналагічнага сегмента нашай эканомікі", - рэзюмаваў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што настаў час заняцца вышэйшымі навучальнымі ўстановамі. "Мы гэтым пытаннем зоймемся неадкладна. У нас нядрэнныя навучальныя ўстановы, іх дастаткова", - сказаў ён. Пры гэтым праблемы павінны вырашацца не наскокам. "Мы заўсёды павінны памятаць, што будзем мець справу з самай элітнай часткай нашага грамадства. Таму акуратна, прынцыпова трэба вырашыць гэтыя пытанні. Да 1 верасня 2019 года ў асноўным яны павінны быць вырашаны", - даручыў Кіраўнік дзяржавы.

Пра ўдасканаленне завочнай формы навучання

"Трэба, каб завочную адукацыю атрымлівалі тыя, каму гэта трэба і хто нам патрэбны - дзяржаве і эканоміцы. Сёння абмяркоўваецца, платная або няплатная завочная адукацыя, колькі, дзе, як і іншае. Жыццё пакажа. Мы не будзем тут ламаць, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Мы вельмі акуратна падыдзем да гэтага пытання. Гэта чуюць члены Урада і Міністр".

Прэзідэнт запэўніў: тых людзей, якія сапраўды маюць патрэбу ў атрыманні завочнай адукацыі, дзяржава будзе падтрымліваць. "Так ёсць і цяпер: недзе сам плаціць, недзе - бюджэт, недзе - прадпрыемства. Мы захаваем усё лепшае, але мы ў пачатку шляху. Таму не трэба думаць, што мы заўтра зломім усё: была завочная адукацыя - і цяпер яе не стане", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Пра сістэму павышэння кваліфікацыі педагагічных кадраў

Прэзідэнт падкрэсліў, што трэба змяняць падыходы да падрыхтоўкі будучых выкладчыкаў непасрэдна ў ВНУ. Асновай павінна стаць практычная педагогіка і псіхалогія.

Таксама Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на неабходнасць надання новага імпульсу сістэме павышэння кваліфікацыі педагагічных кадраў. "Яна павінна быць больш гібкай, здольнай аператыўна рэагаваць на запатрабаванні з улікам найноўшых дасягненняў навукі і практыкі", - дадаў ён.

"Мы ўжо дамаўляліся, што перападрыхтоўка - гэта не месяц, два, калі настаўнік топчацца недзе ў інстытуце павышэння кваліфікацыі. Чым мы з вамі тады там займаліся, мы ведаем: колькі ішло на павышэнне кваліфікацыі, а колькі на шопінгі і сноўданне па абласных цэнтрах і сталіцы. Мы дамовіліся, што тыдзень, максімум дзесяць дзён настаўнік павінен павышаць сваю кваліфікацыю", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што перападрыхтоўку павінны ажыццяўляць настаўнікі-наватары, пераможцы конкурсаў, настаўнікі-метадысты, якія павінны дзяліцца лепшым, што напрацавана на гэтым этапе. "Не трацьце грошы на тое, што не патрэбна, пазбаўцеся ад гэтага, і вы атрымаеце сродкі, каб падтрымаць настаўніцтва", - даручыў Прэзідэнт.

Пра патрыятычнае выхаванне

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што з дзіцячага сада і першага класа школы дзецям трэба прывіваць гонар за Беларусь. "У гэтым павінны ўдзельнічаць усе - і ўлада, і школа, і сям'я. Вельмі важна выхаваць асобу маральную, навучыць моладзь адрозніваць праўду ад хлусні. Наша задача - даць пакаленню такія арыенціры, якія дапамогуць кожнаму стаць сапраўдным патрыётам і грамадзянінам. Беларусь сёння - мір і спакой. Трэба дзяцей навучыць цаніць гэта", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў: "Трэба, каб беларусы нашы людзі, моладзь цанілі мір, бяспеку і спакойнае жыццё, жывучы ў Беларусі".

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, кожны ўрок або дадатковы занятак павінны мець канкрэтнае выхаваўчае і ідэалагічнае напаўненне. І не толькі ў школе, але і ў тэатры, музеі, на спартыўных пляцоўках і стадыёнах. "Гэта не мая выдумка. Вазьміце амерыканцаў. Для іх Амерыка, гімн - гэта ўсё!", - прывёў прыклад Прэзідэнт.

Пра маладзёжныя арганізацыі

"Склалася ўражанне, што апошнім часам нашы ідэалагічныя памочнікі - маладзёжныя арганізацыі, грамадскія - захапіліся флэш-мобамі, піяр-акцыямі і іншымі паказушнымі мерапрыемствамі. Гэта таксама, напэўна, патрэбна, гэта сучасна. Але яны, відаць, забылі, што іх галоўная задача - гэта штодзённая карпатлівая работа з моладдзю", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што аўтарытэт у гэтым асяроддзі неабходна заваёўваць канкрэтным рэзультатам рэальных спраў у кожнай установе адукацыі, для гэтага створаны ўсе ўмовы. "У нас пераважная большасць школ маюць піянерскія арганізацыі. Уключаны ў гэта практычна ўсе школьнікі. Але піянерскія гальштукі не носяць. Тое ж самае магу сказаць пра камсамол наш, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Калі мы з гонрам значок гэты насілі, то ў нас гэтага пакуль няма. І мы гаворым, што ўсё добра", - дадаў Прэзідэнт.

Пра задачу дарослых раскрыць таленты дзіцяці

На думку Прэзідэнта, кожнае дзіця адоранае, задача дарослых - раскрыць і развіць яго здольнасці і таленты. Вельмі важна, каб гэты тэзіс быў пакладзены ў аснову адносін унутры трохвугольніка "сям'я - школа - дзяржава".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што прафесія педагога - высакародная і адказная. "Бацькі давяраюць вам самае каштоўнае - сваіх дзяцей. І ад вашай штодзённай карпатлівай працы залежыць, якімі яны ўвойдуць у свет дарослых", - канстатаваў ён.

"Нам патрэбны яркія педагагічныя ідэі, неабыякавыя выкладчыкі, здольныя вывесці нацыянальную адукацыю на больш высокі ўзровень, забяспечыць яе канкурэнтаздольнасць. Мы разам павінны зрабіць беларускую школу лепшай у свеце", - адзначыў беларускі лідар.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што адукацыя не прымае рэзкіх змяненняў і рэзкіх рыўкоў. "Неабходна паслядоўна удасканальваць гэту сістэму, наскокам тут нічога не возьмеш, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Перакананы, што ўсё зробленае нашымі педагогамі на карысць Беларусі атрымае далейшае развіццё, а новым задумам будзе спадарожнічаць поспех".