Удзел у праверцы ўзроўню падрыхтоўкі афіцэрскага складу Узброеных Сіл Беларусі

  • 13

Сістэму падрыхтоўкі ваенных кадраў у Беларусі неабходна ўдасканальваць і прыстасоўваць да сучасных рэалій. Такое даручэнне Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даў 19 кастрычніка ў час удзелу ў праверцы ўзроўню прафесійна-службовай падрыхтоўкі афіцэрскага складу Узброеных Сіл на 230-м агульнавайсковым Абуз-Лясноўскім палігоне.

На палігоне Кіраўнік дзяржавы наведаў пункт кіравання Міністэрства абароны, дзе заслухаў даклады аб арганізацыі ва Узброеных Сілах падрыхтоўкі афіцэрскага складу і выніках праведзеных праверак. "Не стану аспрэчваць, што гэта сістэма падрыхтоўкі існуе, але тое, што мы яе даўно не ўзварушвалі і не прыстасавалі да сучаснай вайны, гэта факт. Ёсць у нас праблемы і з тэрмінамі навучання, з праграмамі і выкладчыкамі, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Трэба браць выкладчыкамі падрыхтаваных людзей з часцей, каб яны маглі вучыць гэтаму, што трэба на вайне".

Прэзідэнт падкрэсліў, што падрыхтоўку ваенных кадраў трэба пастаянна прыстасоўваць да сучасных рэалій. Гэта датычыцца не толькі ваенных і ваенізаваных вышэйшых навучальных устаноў, але і ваенных факультэтаў у грамадзянскіх ВНУ. "Трэба ў дзяржсакратарыяце стварыць групу спецыялістаў і ўсё прааналізаваць, вычысціць з праграм непатрэбнае, зрабіць адэкватнымі тэрміны навучання, паглядзець на завочную форму навучання: ці патрэбна яна нам. Афіцэры яе крытыкуюць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

У час дакладаў была звернута ўвага, што мае патрэбу ў дапрацоўцы і сістэма праверкі ўзроўню падрыхтоўкі афіцэраў. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў праводзіць адпаведныя мерапрыемствы без фармалізму: "Самае страшнае - гэта фармалізм, не паўтарыць бы нам тое, што было ў савецкія часы. Рабіце так, каб афіцэра можна было праверыць. Я не гавару, што яны павінны быць у вас вундэркіндамі, але я сам бегаў, падцягваўся і займаўся з салдатамі. Таму ведаю, якім павінен быць афіцэр. Зрабіце яго такім. Калі мы самі сябе будзем уводзіць у зман, гэта недапушчальна. Мы не тая краіна, дзе можна на нешта махнуць рукой, падняць верталёт, паказаць агонь - гэта зусім не галоўнае. Галоўнае, каб афіцэр мог навучыць свайго падначаленага".

Прэзідэнт азнаёміўся з ходам правядзення на палігоне кантрольнага занятку па фізічнай падрыхтоўцы, кантрольных стрэльбаў з танка Т-72Б і вучэбных стрэльбаў са стралковай зброі. Затым Аляксандр Лукашэнка наведаў заліковы занятак афіцэраў па ваджэнні баявых машын.

У час удзелу Прэзідэнта ў мерапрыемстве размова зайшла аб выступленні беларускіх ваеннаслужачых на спаборніцтвах "Танкавы біятлон", што адбыліся на падмаскоўным палігоне ў жніўні бягучага года. Было адзначана, што беларускія ваенныя па выніках турніру заваявалі некалькі ўзнагарод, разам з тым, іх выступленне на некаторых этапах магло быць больш паспяховым. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што на такіх вялікіх спаборніцтвах неабходна выйграваць, паколькі ад гэтага, у тым ліку, залежыць імідж беларускай арміі. "Туды збіраецца ўся ваенная, і нават не толькі ваенная, эліта", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Міністр абароны Андрэй Раўкоў выказаў меркаванне, што беларускім ваеннаслужачым трэба ўдзельнічаць у большай колькасці конкурсаў, прычым некаторыя з іх нават можна праводзіць у Беларусі. "Калі вы гатовы, чаму не? Гэта добрая падрыхтоўка і трэніроўка, там ужо не прыпішаш і не дабавіш", - падтрымаў прапанову Прэзідэнт.

Аляксандру Лукашэнку на палігоне таксама прадэманстравалі новыя верталёты Мі-8МТВ5-1, якія ў колькасці 12 адзінак былі закуплены на Казанскім верталётным заводзе.