Даклад на Пятым Усебеларускім народным сходзе

  • 14

Адзінства народа дае магчымасць зберагчы мір у краіне і саму краіну. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 22 чэрвеня на V Усебеларускім народным сходзе.

"Права чалавека і грамадзяніна на ўдзел у кіраванні справамі дзяржавы з'яўляецца неад'емным патрабаваннем часу. Актыўнасць, з якой жыхары краіны ўключыліся ў падрыхтоўку і правядзенне сходаў у працоўных калектывах, па месцы вучобы, службы, жыхарства, яшчэ раз даказала, што наш з'езд - рэальна дзеючы механізм народаўладдзя", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, галоўная мэта форуму - абмеркаваць актуальныя пытанні жыцця грамадства, разгледзець на агульнарэспубліканскім узроўні праблемы рэгіянальнага маштабу, прыйсці да кансалідаванага меркавання адносна вырашэння стратэгічных задач і планаў развіцця эканомікі на новы пяцігадовы перыяд.

Прэзідэнт адзначыў, што Усебеларускі народны сход па праву з'яўляецца адной з важнейшых форм прамой дэмакратыі і грамадскім інстытутам сучаснай Беларусі, які апраўдаў сябе. "Адкрытая і сумленная размова з людзьмі стала нормай жыцця для ўлады і ўсіх службовых асоб дзяржавы", - падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што адзінства народа, мабілізацыя ўсіх яго сіл - тое, што трэба, каб не толькі выстаяць у ліхую часіну, але і прадухіліць яе надыход, зберагчы мір у краіне і зберагчы саму краіну. Многія і ў грамадстве, і ў СМІ звярнулі ўвагу на дату правядзення Усебеларускага сходу - 22 чэрвеня. "Гэта сапраўды сімвалічная, трагічная і - самае галоўнае - павучальная дата. Роўна 75 гадоў таму пачалася самая страшная і кровапралітная вайна ў гісторыі. Мы добра памятаем яе ўрокі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. "І галоўны ўрок у тым, што любую, нават самую вялікую бяду можна адолець толькі разам, - прадоўжыў Прэзідэнт. - Калі перад тварам цяжкасцей народ аб'ядноўваецца, а людзі не падаюць духам, то любыя перашкоды пераадольныя і любыя мэты дасягальныя".

"Можна з упэўненасцю сцвярджаць, што мы здольны абараніць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць нашай краіны, мір і парадак у дзяржаве", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Гаворачы аб асноўных палажэннях праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на будучае пяцігоддзе, Прэзідэнт падкрэсліў яе накіраванасць у будучыню. "Гэта праграма развіцця, а не застою; праграма будучага, а не мінулага; праграма дзеянняў, а не чаканняў", - заявіў Прэзідэнт.

"Мы цудоўна разумеем: праблемы не вырашацца самі сабой, крызісныя з'явы не знікнуць па ўзмаху чарадзейнай палачкі. Менавіта таму ў аснову праграмы пакладзены прынцыпы прагрэсу і адкрытасці. Мы робім стаўку на веды і тэхналогіі. У гэтым ключ да вырашэння бягучых праблем і руху наперад", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Мая пазіцыя адназначная: ніякага радыкалізму. Мы павінны ісці ад жыцця. Мы павінны вырашаць пытанні, якія рубам ставіць сённяшняя рэальнасць, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Таму стрыжань нашай праграмы ў тым, што мы павінны ўдасканальваць тое, што ў нас ёсць, удумліва і спакойна робячы крокі па пэўных напрамках, вырашаючы тыя праблемы, якія ў нас сёння існуюць. І ніякай ломкі. Вось стрыжань таго, што я прапаную сёння на Усебеларускім народным сходзе".

У сваім дакладзе Аляксандр Лукашэнка закрануў практычна ўсе сферы жыцця грамадства. Прэзідэнт падрабязна спыніўся на прычынах запаволення эканамічнага росту ў Беларусі ў апошнія гады, абазначыў асноўныя этапы і дасягненні ў развіцці краіны ў суверэнны перыяд, расказаў пра канкрэтныя перспектывы сацыяльна-эканамічнага развіцця ў асобных галінах і рэгіёнах. Беларусь, адзначыў Кіраўнік дзяржавы, выбрала эвалюцыйны шлях развіцця, а не шокавай тэрапіі.

"За кошт інвестыцый нацыянальная эканоміка павінна стаць інавацыйнай па сваёй сутнасці. У гэтым вялікі рэзерв аднаўлення яе канкурэнтаздольнасці. Таму трэба кіравацца правілам, што важнейшая сфера капіталаўкладанняў - інавацыі, гэта значыць стварэнне новай, навукаёмістай прадукцыі, канкурэнтаздольнай на сусветным рынку", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Ва ўвязцы з задачай па павышэнні эфектыўнасці работы эканомікі размова ішла і аб кадравай рабоце. Кіраўнік дзяржавы даў даручэнні па далейшай аптымізацыі дзяржапарату, павышэнні прэстыжу дзяржслужбы, прыцягненні на кіруючыя пасады выключна прафесіяналаў сваёй справы. "Нам неабходна мадэрнізаваць кіраванне разам з абнаўленнем вытворчасцей. Менавіта тады мы атрымаем поўную аддачу ад мадэрнізацыі: заваюем новыя рынкі, прададзім прадукцыю з прыбыткам і дастойна заплацім кожнаму працаўніку", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Падрабязна Кіраўнік дзяржавы спыніўся і на асноўных прыярытэтах сацыяльна-эканамічнага развіцця, у прыватнасці эфектыўных інвестыцыях, пытаннях занятасці, развіцця экспарту, інфарматызацыі і рабоце з моладдзю.

Акрамя таго, Прэзідэнт расказаў аб развіцці абароннага сектара, ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве, узаемадзеянні Беларусі з партнёрамі ў розных краінах і рэгіёнах, з інтэграцыйнымі аб'яднаннямі. Асобна гучала тэма пераходу да "зялёных тэхналогій". Не засталіся ўбаку і пытанні падтрымкі сем'яў з дзецьмі, развіцця сфер адукацыі, аховы здароўя, культуры і спорту, набыцця і будаўніцтва жылля, заахвочванне прадпрымальніцкай ініцыятывы, пытанні ўнутранай палітыкі.

"Ніякай ломкі існуючай у нас палітычнай сістэмы не будзе. Як я ўжо неаднаразова гаварыў, ліміт рэвалюцый і катастроф народ вычарпаў у мінулым стагоддзі. А цяпер ён хоча жыць у міры і дастатку, ствараючы, а не разбураючы свой дабрабыт і дабрабыт сваёй маладой і суверэннай дзяржавы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Мне бачыцца Беларусь праз пяць гадоў моцнай і працвітаючай, незалежнай і дружалюбнай, прыгожай і ўтульнай для жыцця людзей. Так і будзе, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Усё залежыць ад нас, ад нашага выбару і настойлівасці ў дасягненні пастаўленых мэт. Жыццё паказвае, што мэтанакіраванасць народа можа тварыць цуды".