Удзел у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета і нефармальным саміце СНД

  • 27

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 20 снежня ў Санкт-Пецярбургу прыняў удзел у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета.

Саміт праходзіў у Прэзідэнцкай бібліятэцы імя Барыса Ельцына, якая ў тым ліку выкарыстоўваецца для міжнародных, федэральных і рэгіянальных грамадска-палітычных і навукова-практычных мерапрыемстваў.

Лідары краін падвялі вынікі развіцця інтэграцыйнага ўзаемадзеяння ў бягучым годзе, абмеркавалі існуючую праблематыку і перспектывы сумеснай работы ў наступны перыяд, таксама з улікам пераходу Беларусі ў 2020 годзе старшынства ў ЕАЭС. У парадак дня пасяджэння былі ўключаны пытанні, якія датычацца стратэгічных напрамкаў развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі, назначэння Старшыні і персанальнага складу Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК), вынікаў дзейнасці і асноўных падыходаў да фарміравання кадравага складу ЕЭК, а таксама шэрага іншых канкрэтных напрамкаў міждзяржаўнага ўзаемадзеяння.

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, адкрываючы пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, выказаў надзею на канструктыўную работу. Ён асабліва падзякаваў Ганароваму старшыні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета Нурсултану Назарбаеву, які ў свой час выступіў ініцыятарам ЕАЭС. "Усё функцыянуе ў нас, функцыянуе самым найлепшым чынам, - сказаў Кіраўнік расійскай дзяржавы. - Хачу звярнуць увагу на тое, што ёсць пытанні, якія, вядома, яшчэ трэба вырашаць. Гэта звязана з рознымі абмежаваннямі, выключэннямі. У сувязі з гэтым адзначу, што ў прынцыпе гэта характэрна для любых інтэграцыйных аб'яднанняў. Мы з вамі паступова, але рухаемся ў напрамку зняцця гэтых абмежаванняў па меры гатоўнасці нашых краін да тых ці іншых крокаў". У прыватнасці, краінамі ЕАЭС ужо ўзгоднена ў канчатковым выглядзе стратэгія развіцця аб'яднання.

Прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян заўважыў, што старшынства яго краіны ў органах ЕАЭС падыходзіць да заканчэння. "Мы заканчваем год з вельмі добрым настроем. Сёння ў нас ёсць кансэнсус па ўсіх пытаннях нашага парадку дня", - сказаў ён.

На пасяджэнні савета Аляксандр Лукашэнка расказаў, як размяркуюць пасады ў новым складзе Калегіі ЕЭК. "Аб персанальным складзе калегіі мы толькі што дамовіліся: блок гандлю пакідае за сабой Расійская Федэрацыя. У нас застаюцца тэхнічнае рэгуляванне. Агракамісію, прамысловую мы перадаём Арменіі. І за намі старшынства. Таму ўсе гэтыя пытанні вырашаны", - заявіў беларускі лідар.

Афіцыйна прынята рашэнне аб старшынстве Беларусі ў органах Еўразійскага эканамічнага саюза ў 2020 годзе. Старшынёй ЕЭК стане прадстаўнік Беларусі Міхаіл Мясніковіч. Паўнамоцтвы цяперашняга складу калегіі заканчваюцца 1 лютага 2020 года.

Такім чынам, Беларусь будзе старшынстваваць у 2020 годзе ў Вышэйшым Еўразійскім эканамічным савеце, Еўразійскім міжурадавым савеце і Савеце Еўразійскай эканамічнай камісіі. Рашэнне ўступае ў сілу з 1 студзеня 2020 года.

Нікол Пашынян павіншаваў беларускі бок, які прымае на сябе кіраўніцтва ў Еўразійскай эканамічнай камісіі, і пажадаў ёй поспехаў у гэтай рабоце.

Міхаіл Мясніковіч быў прадстаўлены лідарам краін. "Чалавек вельмі вопытны. Касым аке (Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў. - Заўвага) толькі што прыслаў мне пісьмо, што ён згодны. І наш Ганаровы старшыня (Нурсултан Назарбаеў. - Заўвага) аб гэтым сказаў, што падтрымлівае кандыдатуру Старшыні", - адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў армянскаму боку, які эфектыўна старшынстваваў у саюзе, і запрасіў лідараў краін на саміт ЕАЭС у Мінск у маі 2020 года.

Знамянальна, што саміт у вузкім складзе прадаўжаўся літаральна 10 хвілін. Лідары канстатавалі, што па ўсіх пытаннях дасягнуты дамоўленасці, і перайшлі на пасяджэнне ў пашыраным складзе, дзе падпісалі рашэнні і дакументы, прадугледжаныя парадкам дня мерапрыемства.

На саміце таксама былі абмеркаваны некалькі прынцыповых пытанняў аб стратэгічных напрамках развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі да 2025 года, падпісана пагадненне аб пенсійным забеспячэнні працоўных у ЕАЭС. Разгледжана пытанне аб ходзе работы па ўстараненні дзяржавамі бар'ераў у рамках функцыянавання ўнутранага рынку саюза, прынята рашэнне адносна рэалізацыі планаў лібералізацыі па асобных сектарах паслуг у рамках ЕАЭС.

Адразу ж пасля пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета Прэзідэнт Беларусі прыняў удзел у нефармальным саміце Садружнасці Незалежных Дзяржаў.