Бел
Галоўная   /  Падзеі

Удзел у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета

1 кастрычніка 2019 года
Выступленне на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета
Удзел у саміце ЕАЭС
глядзіце таксама: відэа
1 кастрычніка 2019 года
Удзел у саміце ЕАЭС
Размова з журналістамі ў кулуарах саміту ЕАЭС
глядзіце таксама: відэа
1 кастрычніка 2019 года
Размова з журналістамі ў кулуарах саміту ЕАЭС
Рабочы візіт у Арменію
глядзіце таксама: фота
30 верасня 2019 года
Рабочы візіт у Арменію
22 фота

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 1 кастрычніка прыняў удзел у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета.

Саміт прайшоў у Ерэване ў дзяржаўнай рэзідэнцыі Прэзідэнта Арменіі.

Лідары краін ЕАЭС правялі перагаворы ў вузкім і пашыраным складах, у час якіх абмеркавалі пытанні эканамічнага ўзаемадзеяння, фінансавай палітыкі, энергетыкі, асноўныя напрамкі міжнароднай дзейнасці і развіццё супрацоўніцтва з трэцімі краінамі.

У саміце ЕАЭС таксама прынялі ўдзел Прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон як Кіраўнік дзяржавы - наглядальніцы ў саюзе і Прэзідэнт Ірана Хасан Раўхані з Прэм'ер-міністрам Сінгапура Лі Сянь Лунам у якасці ганаровых гасцей.

Выступленне Прэзідэнта Беларусі на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў шырокім складзе.

Паважаныя сябры, удзельнікі пасяджэння! Традыцыйна перш за ўсё хацеў бы ад імя беларускай дэлегацыі падзякаваць Ніколу Ваваевічу (Пашыняну) і армянскаму боку за арганізацыю гэтага мерапрыемства і цёплы прыём.

Таксама ўдзячны Арменіі за намаганні па ўмацаванні нашага інтэграцыйнага аб'яднання ў перыяд яе старшынства ў Еўразійскім эканамічным саюзе.

У Звароце аб прыярытэтах работы на 2019 год Прэм'ер-міністр Арменіі ў якасці адной з мэт адзначыў развіццё гандлёвых адносін з трэцімі краінамі. У гэтым кантэксце неабходна пазітыўна ацаніць гатоўнасць Часовага пагаднення аб стварэнні зоны свабоднага гандлю з Іранам, якое ўступіць у сілу ў кастрычніку. Такі ж важны для нас пакет пагадненняў з Сінгапурам, падпісаны сёння.

Рады вітаць у Ерэване ў якасці ганаровых гасцей Прэзідэнта Ірана Хасана Раўхані і Прэм'ер-міністра Сінгапура Лі Сянь Луна. Вашы краіны для нас з'яўляюцца вельмі значнымі партнёрамі, а патэнцыял для нарошчвання эканамічных сувязей велізарны. Замацаваўшы рэжым прэферэнцый, важна падштурхнуць бізнес і ўрады да больш планамернага ўзаемадзеяння.

З задавальненнем адзначаем гатоўнасць да заключэння дагавора аб свабодным гандлі з Сербіяй. У кастрычніку ўступае ў сілу Пагадненне аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве з Кітайскай Народнай Рэспублікай. Падпісаны ў чэрвені дакумент аб абмене папярэдняй інфармацыяй аб таварах і транспартных сродках міжнароднай перавозкі, што перамяшчаюцца праз мытныя граніцы ЕАЭС і КНР, дасць магчымасць паскорыць праходжанне грузаў. Камісіі трэба прапрацаваць аналагічнае пагадненне з Еўрапейскім саюзам, каб зрабіць сухапутны шлях з Кітая ў Еўропу праз нашы краіны найбольш прывабным.

Сур'ёзна актывізавалася ўзаемадзеянне з СНД, ШАС і АСЕАН. Рады вітаць на пасяджэнні Прэзідэнта Малдовы Ігара Мікалаевіча Дадона. Ад старшынь Калегіі ЕЭК і Выканкама СНД чакаем канкрэтных прапаноў па забеспячэнні сінэргіі гэтых інтэграцыйных аб'яднанняў у галінах, дзе ў нас ёсць агульныя інтарэсы. Напрыклад, у сферах транспарту, прамысловай кааперацыі, лічбавізацыі.

Многае робіцца для папулярызацыі Саюза. Гэтымі днямі ў Бішкеку прайшоў чарговы форум "Еўразійскі тыдзень", крыху раней у Мінску адбыліся Форум маладых лідараў Еўразіі і канферэнцыя аб ролі Суда ЕАЭС у станаўленні Саюза.

Для пашырэння міжнароднага парадку дня Еўразійскага эканамічнага саюза трэба ўдзяліць асаблівую ўвагу краінам "далёкай дугі", дзе нашы тавары і паслугі пакуль яшчэ мала вядомыя. Прапануем Еўразійскаму банку развіцця падключыцца да гэтага напрамку. А Старшыню Праўлення Банка просім разгледзець такую магчымасць.

Нашым нацыянальным банкам развіцця і іншым фінансавым установам таксама трэба пашукаць формы для больш цеснага ўзаемадзеяння як унутры Саюза, так і па знешнім яго контуры.

Сёння мы зацвердзілі Канцэпцыю фарміравання агульнага фінансавага рынку ЕАЭС, заклаўшы аснову для забеспячэння свабоднага руху капіталу і паслуг. Арганізацыя такога рынку павінна быць спалучана з лічбавізацыяй. Гэта дасць магчымасць развіваць перадавыя фінансавыя тэхналогіі і зрабіць больш даступным увесь спектр такіх паслуг. Нам, безумоўна, будзе карысны ўзаемны абмен вопытам у гэтай галіне.

У Саюзе нямала зроблена для лічбавай трансфармацыі эканомікі, стварэння экасістэм для такіх сектараў, як гандаль, прамысловая кааперацыя, развіццё транспартных калідораў, занятасць, а таксама для забеспячэння прасочвальнасці руху тавараў. Гэты напрамак набірае абароты, і пара яго ўпарадкаваць, дапоўніць адпаведнымі нормамі Дагавор аб Саюзе.

Адначасова трэба звярнуць увагу на пытанні інфармацыйнай бяспекі, выпрацаваць адзіныя стандарты і фарматы ўзаемадзеяння.

Што датычыцца агульнага прызнання электронных лічбавых подпісаў на прасторы Саюза, то гэту праблему варта было ўрэгуляваць ужо даўно. Інакш немагчыма весці размову аб лічбавай будучыні.

Сёння мы надзялілі Камісію паўнамоцтвамі ў пытаннях маркіроўкі тавараў і прасочвальнасці іх руху. ЕЭК павінна гарантаваць, што гэтыя прагрэсіўныя прапановы не павернуцца новымі перашкодамі ў гандлі.



Бар'ераў у Саюзе і так дастаткова. Асабліва насцярожвае, калі яны ўводзяцца ў такіх адчувальных сферах, як, напрыклад, дзяржзакупкі. Надышоў час кіраўнікам дзяржаў разгледзець набалелую тэму і прыняць палітычнае рашэнне. Магчыма, трэба ўзмацніць кампетэнцыю Камісіі і еўразійскага Суда.

У 2020 годзе Беларусь прыме старшынства ў нашым Саюзе, узначаліць Калегію ЕЭК. І мы рыхтуемся з усёй сур'ёзнасцю. ЕАЭС - вельмі маладое ўтварэнне. У яго развіццё трэба ўкласці яшчэ шмат сіл і сродкаў. Каб не пазней за 2025 год або нават раней стварыць усёабдымны, эфектыўны эканамічны саюз, пабудаваць адзіныя рынкі, сфарміраваць адзіныя галіновыя палітыкі і рэалізаваць палажэнні Дагавора аб ЕАЭС.

Дзякую за ўвагу.

У кулуарах пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета Аляксандр Лукашэнка паразмаўляў з журналістамі і адзначыў, што краіны Еўразійскага эканамічнага саюза павінны перш за ўсё думаць, як знайсці шчасце ўнутры аб'яднання, а потым развіваць гандаль з трэцімі дзяржавамі.

"Прэзідэнт Казахстана гаварыў аб тым, што ўнутраны гандаль у нас скараціўся, наш знешні гандаль з іншымі краінамі скарачаецца. Я думаю, перш чым гаварыць аб гандлі, дапусцім, ЕАЭС у цэлым, трэба падумаць аб тым, як шчасце знайсці ўнутры нашага саюза, як зрабіць так, каб найбольшую выгаду атрымаць ад гандлю ўнутры. А для гэтага трэба знімаць бар'еры, трэба быць абавязковымі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Аднак тут, канстатаваў Прэзідэнт, ёсць праблемы. У ЕАЭС, паводле яго слоў, зафіксавана некалькі дзясяткаў бар'ераў і работа па іх устараненні праводзіцца вельмі марудна.

У той жа час Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на гэтым саміце ў Ерэване ён пазітыўна настроены наконт дзяржаўных пытанняў. "Я бачу вялікі інтарэс да нашага саюза. Яны (трэція краіны. - Заўвага) важныя з пункту гледжання таго, што падштурхоўваюць нас, каб мы былі больш дасканалымі, сімпатычнымі і прывабнымі для іншага свету", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. Ён звярнуў увагу, што Еўразійскі эканамічны саюз знаходзіцца паміж гіганцкімі арганізацыямі і краінамі: з аднаго боку Еўрапейскі саюз і Злучаныя Штаты Амерыкі, з іншага - Кітай і Азіяцка-Ціхаакіянскі рэгіён. "Гэта група краін, якая вельмі развіваецца, таму нам грэх не скарыстацца гэтым", - лічыць Аляксандр Лукашэнка. Ён дадаў, што Беларусь гатова супрацоўнічаць з як мага большай колькасцю дзяржаў, аднак пры гэтым трэба ўмець абараняць уласныя інтарэсы і таваравытворцу.

У снежні ў Санкт-Пецярбургу адбудзецца чарговы саміт ЕАЭС, дзе плануецца прыняць рашэнне па складзе Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі, якая з лютага 2020 года ўжо будзе працаваць пад старшынствам Беларусі. "Старшыня, зразумела, будзе беларускі. А па размеркаванні партфеляў сярод міністраў мы вызначымся. Мы абмеркавалі ўсе варыянты, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Расія ў сувязі з прапановамі Беларусі ўзяла невялікую паўзу. Але ў нас час ёсць. Больш таго, мы прынялі рашэнне, каб гэтыя пытанні потым не абмяркоўваць па дзесяць разоў, выпрацаваць нейкі адзіны рэгламент і пакінуць гэта пытанне прэм'ер-міністрам".

Тэгі: Візіты
© 2019, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь