Бел
Галоўная   /  Падзеі

Удзел у пленарным пасяджэнні II Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны

4 кастрычніка 2019 года
Удзел у пленарным пасяджэнні II Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны
глядзіце таксама: відэа
4 кастрычніка 2019 года
Удзел у пленарным пасяджэнні II Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны
Рабочы візіт ва Украіну
глядзіце таксама: фота
4 кастрычніка 2019 года
Рабочы візіт ва Украіну
29 фота

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 4 кастрычніка прыняў удзел у пленарным пасяджэнні II Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны ў Жытоміры.

У час выступлення Кіраўнік дзяржавы расказаў, як праходзіла яго першая сустрэча з новым Прэзідэнтам Украіны, назваў прыярытэтныя напрамкі супрацоўніцтва паміж краінамі, а таксама агучыў прапановы беларускага боку па актывізацыі ўзаемадзеяння ў розных сферах.

"Удзячны ўсім украінцам, Прэзідэнту за запрашэнне наведаць брацкую Украіну і прыняць удзел у ІІ Форуме рэгіёнаў. Час прадаставіў нам выдатны шанц зверыць гадзіннікі і расставіць арыенціры на перспектыву. Мы гатовы ўважліва вывучаць прапановы па актывізацыі двухбаковага супрацоўніцтва. Перакананы, што наша першая сустрэча і асабістае знаёмства стануць вялікім крокам да ўмацавання і развіцця даўніх адносін паміж дзяржавамі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што праведзеныя сёння перагаворы па змесце і аб'ёме разгледжаных пытанняў былі не проста асабістым знаёмствам. "Гэта было падобна на разбор завалаў, якія створаны за апошнія гады. На жаль, так здарылася, час выбраў нас разбіраць гэтыя развалы. Мы сёння гэта пачалі рабіць", - заявіў ён.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што паміж абласцямі, раёнамі і гарадамі дзвюх краін дзейнічаюць 120 пагадненняў аб супрацоўніцтве. Яны даюць магчымасць на пастаяннай аснове забяспечваць развіццё эканамічных, гандлёвых, культурных і гуманітарных сувязей. Маштабы гэтага ўзаемадзеяння далі магчымасць у 2018 годзе правесці I Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны ў Гомелі. "Вынікам праведзенага там дыялогу раўнапраўных партнёраў і добрых суседзяў сталі камерцыйныя кантракты і пагадненні на суму большую за $100 млн. Гэты форум прынёс больш як паўмільярда долараў. Важна, што ўсе яны выконваюцца, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Падпісаны ў гэтыя дні новы значны пакет дакументаў - паказчык запатрабаванасці і актуальнасці гэтага фармату ўзаемаадносін".

"Безумоўна, Украіна - адзін з галоўных гандлёвых партнёраў Беларусі. Толькі за мінулы год мы павялічылі тавараабарот амаль на чвэрць, але гэта далёка не мяжа нашых магчымасцей. Агульная гісторыя і суседства прадвызначылі прыярытэты ў тым ліку ў эканамічнай сферы. Гэта, перш за ўсё, паліўна-энергетычны, аграпрамысловы комплексы, прамысловая кааперацыя, транспартна-лагістычная сфера", - пералічыў асноўныя напрамкі супрацоўніцтва Прэзідэнт.

Беларусь гатова весці перагаворы аб павелічэнні паставак нафтапрадуктаў для ўкраінскіх прадпрыемстваў. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што і ў далейшым трэба падтрымліваць сумесныя праекты ў гэтай галіне. "Мы не ўтойваем тое, што мы сёння прапрацоўваем альтэрнатыўныя шляхі пастаўкі вуглевадароднай сыравіны з сусветных рынкаў. Большая частка перагавораў была прысвечана гэтай тэме. Мы дамовіліся, што мы не проста будзем прапрацоўваць варыянты, а будзем ужо непасрэдна дзейнічаць. Гэта цалкам натуральна, не накіравана супраць нейкіх іншых краін. Гэта наша неабходнасць, калі хочаце - цяперашняя бяспека дзвюх дзяржаў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Сур'ёзныя перадумовы для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, паводле слоў Прэзідэнта, стварае адкрыццё ўкраінскага рынку электраэнергіі. Беларускі бок ужо заключыў некалькі камерцыйных кантрактаў на яе пастаўкі ва Украіну. "З запускам Беларускай АЭС у 2020 годзе нам будзе вельмі цікавы вопыт работы ўкраінскай атамнай энергетыкі", - заявіў ён.



Вялікія перспектывы Аляксандр Лукашэнка бачыць у машынабудаванні, сумесным развіцці транспартных артэрый. "Геаграфічнае становішча нашых краін адкрывае добрыя магчымасці для лагістычнай сферы. Транзітную прывабнасць Украіны і Беларусі могуць узмацніць рачное суднаходства па Дняпры, Прыпяці, яго інтэграцыя ў міжнародны водны шлях Е40", - звярнуў увагу Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Прэзідэнт заўважыў, што гандаль - гэта дарога з двухбаковым рухам. Беларусь у сваю чаргу імпартуе ўкраінскі метал, сельскагаспадарчую і харчовую прадукцыю, кармавыя дабаўкі, лякарствы і шмат іншага.

"Шматмільярдны тавараабарот паміж дзвюма краінамі фарміруецца менавіта на месцах. Гэтым тлумачыцца наша пільная ўвага да развіцця міжрэгіянальных кантактаў", - растлумачыў беларускі лідар. Ён нагадаў, што ў Нікалаеве і Нежыне арганізавана зборка трактароў МТЗ і камбайнаў "Гомсельмаш", у Луцку і Дняпры - тралейбусаў "Белкамунмаш" і МАЗ, у Вышгарадзе - ліфтаў "Магілёўліфтмаш", у Чаркасах - аўтатэхнікі МАЗ. У Кіеўскай вобласці функцыянуе буйны гандлёва-лагістычны комплекс групы кампаній "Санта". Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, можна прывесці яшчэ шмат прыкладаў рэальнага эканамічнага супрацоўніцтва, у якое ўключаны рэгіёны.

Кіраўнікі дзяржаў у час перагавораў пацвердзілі сваю зацікаўленасць у стварэнні сумесных вытворчасцей. "Сфера інтарэсаў велізарная, - адзначыў Прэзідэнт Беларусі. - Мы прапануем нашым украінскім сябрам, братам: давайце мы прыйдзем да вас з той тэхнікай, вытворчасцю, якой мы займаемся даўно, у тым ліку ў адной дзяржаве, і стваралі разам з вамі. Усе рэспублікі Савецкага Саюза ўносілі ўклад у стварэнне самалётабудавання ва Украіне, а трактарабудавання, машынабудавання - у Беларусі. Давайце сёння ствараць гэтыя сумесныя прадпрыемствы".

У прыклад Аляксандр Лукашэнка прывёў ракетабудаванне, якому ў Беларусі сёння ўдзяляюць асаблівую ўвагу. "У вас гэта школа ёсць. Вы нам дапамажыце. Мы не за пяць гадоў асвоім гэту праграму, а за паўтара-два, - падкрэсліў ён. - А мы прыйдзем з прадуктам, таварам і тэхналогіямі да вас і будзем развіваць тое, што ніколі ў вас не развівалася, але вельмі Украіне патрэбна". На думку кіраўніка дзяржавы, калі Беларусь і Украіна змогуць стварыць прадукт сусветнага ўзроўню, то ў краіны хутчэй будуць прыходзіць інвестыцыі, і яны самі змогуць дапамагаць іншым.

"Дыялогавая пляцоўка форуму пацвердзіла сваю эфектыўнасць. Мы бачым важкі ўклад абласцей Беларусі і Украіны ў вырашэнне задач па павелічэнні аб'ёмаў гандлю", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы. Магчыма, адзначыў Прэзідэнт, гэты форум варта праводзіць не раз у два гады, а штогод. Такую прапанову падтрымліваюць і ва Украіне. Бакі дамовіліся абмеркаваць гэта пытанне і прыняць адпаведнае рашэнне.

"Хачу вам сказаць сумленна: чым бліжэй і цясней мы будзем з вамі, чым радней будуць нашы дзяржавы, чым з'яднаней, тым большае супраціўленне мы будзем адчуваць. Ніхто ніколі, як ні заяўлялі б палітыкі вакол нас і ў свеце, не дазволіць нам вельмі моцна сябраваць. На жаль, свет дзейнічае па прынцыпе "раздзяляй і ўладар", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым Прэзідэнт звярнуў увагу: дружба паміж Беларуссю і Украінай будзе адчуваць націск не з аднаго нейкага боку, а і з Усходу, і з Захаду. "Мы ўсведамляем гэта з Прэзідэнтам (Украіны. - Заўвага) і гаварылі аб гэтым, калі вялі перагаворы сам-насам. Гэты бар'ер мы поўныя рашучасці пераадолець, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Мы добрыя людзі. Не хочам супраць некага дружыць, супраць некага ваяваць. Мы павінны быць моцныя".

Прэзідэнт адзначыў, што асаблівае месца ў адносінах дзвюх краін займае дыялог культур, пабудаваны на аснове блізкіх і зразумелых сэрцу кожнага беларуса і ўкраінца традыцый і духоўных каштоўнасцей. "Мінуў год, але мінчане і госці сталіцы да гэтага часу знаходзяцца пад уражаннем ад Дзён культуры Украіны. Вашы калектывы і артысты сталі ўпрыгажэннем міжнародных фестываляў - "Славянскага базару ў Віцебску", свята "Купалле" ў Александрыі. Мы рады, што беларускія выканаўцы гэтак жа папулярныя ва Украіне. Ганарымся, што мастацкі кіраўнік ансамбля "Сябры" (Анатоль Ярмоленка. - Заўвага) стаў лаўрэатам украінскай агульнанацыянальнай праграмы "Чалавек года - 2018", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.



Маючыя адбыцца Дні культуры Беларусі ў Кіеве, дадаў ён, будуць выдатнай магчымасцю для беларусаў падарыць украінскім сябрам часцінку сваёй душы, перададзеную ў народнай творчасці і сучасным мастацтве.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што не так даўно Мінск прымаў ІІ Еўрапейскія гульні, матчавую сустрэчу па лёгкай атлетыцы Еўропа - ЗША. У гэтых спаборніцтвах актыўны ўдзел прымалі і ўкраінскія атлеты, прычым даволі паспяхова: напрыклад, на Еўрапейскіх гульнях яны сталі трэцімі ў агульнакамандным заліку.

"Думаю, нашы дзяржавы разам маглі б пазмагацца за права правядзення міжнародных спартыўных спаборніцтваў высокага ўзроўню. Гэта я гавару аб прапанове Прэзідэнта Украіны разам падумаць над тым, а ці не замахнуцца нам на Алімпійскія гульні. Для дзвюх краін гэта па сілах", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь і Украіна - не проста суседзі, краіны звязваюць вузы, якія мацнейшыя за любыя самыя эфектыўныя эканамічныя, дыпламатычныя і культурныя ўзаемаадносіны. "Гэта вузы кроўнай і духоўнай роднасці, вузы нашай славянскай еднасці. І сёння гэтыя сувязі падтрымліваюцца дзелавымі кантактамі, культурнымі і адукацыйнымі праектамі, турызмам, паездкамі да сяброў, сваякоў. Мы вельмі даражым нашымі адносінамі і вельмі-вельмі высока цэнім дружбу паміж нашымі народамі", - рэзюмаваў беларускі лідар.

 

Тэгі: Візіты
© 2019, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь