Бел
Галоўная   /  Падзеі

Удзел у міжнароднай канферэнцыі "Еўрапейская бяспека: адысці ад краю бездані"

8 кастрычніка 2019 года
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у пленарнай сесіі "У пошуках парадку дня міру і супрацоўніцтва для Еўропы" міжнароднай канферэнцыі "Еўрапейская бяспека: адысці ад краю бездані". У сваім выступленні Кіраўнік дзяржавы падрабязна ахарактарызаваў глабальныя выклікі, якія стаяць як перад рэгіёнам Усходяй Еўропы, так і светам у цэлым, агучыў прапановы па паступовым зняцці напружанасці і ўрэгуляванні канфліктаў:

Паважаныя спадарыні і спадары!

Дарагія сябры!

Дазвольце мне вітаць вас ад імя беларускага народа ў горадзе-героі Мінску. Больш як 700 спецыялістаў, якія прыбылі сюды - у цэнтр Еўропы для таго, каб абмеркаваць праблемы нашага агульнага дома, - гэта, як кажуць, дарагога варта. Гэта трэба толькі вітаць. Ніякага тут залішняга клопату вы не даставілі. Наадварот, прымаць гасцей - гэта прыемныя клопаты. Так заўсёды беларусы лічылі. Таму калі гэта вам патрэбна, прыязджайце, ведайце, што нам гэта патрэбна тым больш.

Вітаючы вас сёння, хачу сказаць, што ў мінулым годзе ў Мінску прайшоў першы экспертны форум такога маштабу па праблемах бяспекі. Важна, што ён не згубіўся сярод іншых мерапрыемстваў, а наадварот, заслужыў высокія адзнакі, прыцягнуў увагу шырокай грамадскасці.

І атрымаў свой працяг. Рады, што вы зноў знайшлі магчымасць прыняць удзел у дыскусіі па хвалюючым усіх міжнародным парадку дня, які, на жаль, дапаўняецца ўсё новымі выклікамі.

Пошук адэкватных і сучасных адказаў на іх з'яўляецца на гэтым этапе адной з важнейшых задач экспертнай супольнасці, а таксама нас - палітыкаў. Аб гэтым у тым ліку сведчаць праведзеныя апошнім часам у Беларусі знешнепалітычныя форумы па шырокай тэматыцы: ад інфармацыйнай бяспекі, гандлю людзьмі да тэрарызму.

Гэта сведчыць аб відавочным росце інтарэсу заходняй і ўсходняй аўдыторыі да Мінска як пляцоўкі для дыялогу. І калі гэта патрэбна нашай Еўропе, мы гатовы ў гэтым плане дзейнічаць на любым узроўні, у любым месцы нашай Беларусі.

"Адысці ад краю бездані" - гэтыя словы ў тэме нашай канферэнцыі вельмі дакладна перадаюць сутнасць галоўнай праблемы ў сусветнай супольнасці.

Беспрэцэдэнтная напружанасць у міжнародных адносінах, разладжванне асноў інтэрнацыянальнай бяспекі, рост колькасці рэгіянальных канфліктаў закранаюць большасць кантынентаў.

Мы пачалі ўжо біць у набат, заклікаючы спыніць процістаянне. Апошнім часам асабліва шмат гаворым аб неабходнасці дыялогу, умацавання мер даверу і пошуку кампрамісаў. Але свет, на жаль, лепшым не становіцца.

Больш таго, мы з'яўляемся сведкамі новага вітка стратэгічнага саперніцтва так званых вялікіх дзяржаў, полюсаў сілы. Гандлёвыя войны і санкцыйнае процістаянне набіраюць усё большыя абароты. Узмацняецца барацьба за энерганосьбіты і сыравінныя рэсурсы.

Шматлікія ўзброеныя і замарожаныя канфлікты на Блізкім Усходзе, у Азіі, Лацінскай Амерыцы і Еўропе не вырашаюцца. Выкарыстоўваюцца ўсё больш прадуманыя метады барацьбы. Новым, раней не бачаным прэцэдэнтам сталі атакі з дапамогай беспілотнікаў на нафтавыя аб'екты Саудаўскай Аравіі. Такім чынам свет убачыў новую зброю. Простую, танную, даступную амаль кожнаму тэрарысту, але якая можа нанесці незаменны ўрон не толькі адной дзяржаве, але і планеце ў цэлым.

Цалкам відавочна: у спісе сучасных выклікаў чалавецтву дамінуюць пагрозы бяспецы. Пры гэтым шматбаковыя пляцоўкі, уключаючы Арганізацыю Аб'яднаных Нацый, АБСЕ, становяцца месцам высвятлення адносін, а не вырашэння праблем.

Сістэма ваенна-палітычных стрымліванняў і проціваг развальваецца на вачах, а міжнародныя арганізацыі пакуль не могуць спыніць гэты працэс. Можа, і не хочуць. А можа, тыя, хто дамінуе ў гэтых арганізацыях, зацікаўлены ў гэтым.

Нас не можа не хваляваць той факт, што градус недаверу і канфрантацыі паміж Усходам і Захадам дасягнуў мяжы. Эксперты ў галіне бяспекі і раззбраення з абодвух бакоў ужо малююць жудасную сваёй праўдападобнасцю карціну.

Усяго за некалькі хвілін Расія і НАТА, напрыклад, могуць прайсці шлях ад ненаўмыснага лакальнага канфлікту да ядзернай вайны.

Пасля нядаўняга выхаду з Дагавора аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці ключавых яго ўдзельнікаў працэс разбурэння архітэктуры кантролю над узбраеннямі фактычна выйшаў на фінішную прамую. Апошні рубеж - Дагавор па стратэгічных наступальных узбраеннях.

Калі бакі не дамовяцца аб яго прадаўжэнні, усяго праз два гады (па-мойму, да 2021 года) свет апынецца ў сітуацыі, калі адносіны ў сферы ядзерных узбраенняў наогул не будуць нічым рэгулявацца.

Чалавецтва сямімільнымі крокамі рухаецца да мяжы, за якой сапраўды бездань.

На жаль, даводзіцца прызнаў, што ў вялікіх дзяржаў ёсць падставы адносіцца адзін да аднаго з недаверам.


Недружалюбныя або нават агрэсіўныя дзеянні ў мінулым укараняюць узаемныя падазрэнні і апасенні на доўгія гады наперад.

У ідэале нам трэба вярнуцца да канцэпцыі еўрапейскай бяспекі, заснаванай на супрацоўніцтве. Да каштоўнасцей Хельсінкскага заключнага яго акта, Парыжскай хартыі для новай Еўропы. Нам усім тэрмінова патрэбна моцная гісторыя поспеху, якая пераканае нават заўзятых скептыкаў і "ястрабаў", што, нягледзячы на глыбокія супярэчнасці і недастатковае разуменне, інтарэсы бяспекі ў Еўропе абсалютна сумяшчальныя.

За апошнія два дзесяцігоддзі Беларусь апынулася ва ўнікальнай сітуацыі.

З аднаго боку, мы ваенна-палітычны саюзнік нашай Расіі, удзельнік Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы. Ні ў адной дзяржавы няма такога ўзроўню адносін з Масквой, як у нас.

У той жа час наша краіна заключыла міжнародныя дагаворы ў галіне бяспекі і мер даверу з усімі суседзямі, у тым ліку з дзяржавамі - членамі НАТА. А з такім суседам, як Украіна ў нас больш за 120 міжнародных пагадненняў.

Мы гатовы напаўняць гэтыя двухбаковыя пагадненні новым зместам, удасканальваць іх. Сігналы, якія атрымліваем ад нашых партнёраў, сведчаць аб тым, што і яны гатовы да такога ўзаемадзеяння.

Гэта ўнікальны рэсурс у цяперашняй сітуацыі. І мы ўсе абавязаны ім скарыстацца. Каб мы, еўрапейцы, даказалі самі сабе і ўсяму свету, што архітэктура еўрапейскай бяспекі можа быць адноўлена. Што можа быць іншая мадэль адносін Расіі і НАТА, Кітая і ЗША і яе праекцыя на Еўропу. Не такая, як апошнія пяць гадоў.

Беларусь шмат у чым фарміруе такую гісторыю поспеху ў пытаннях рэгіянальнай бяспекі. Мы і далей будзе прадаўжаць гэты курс, як бы камусьці ён ні падабаўся.

Мы чуем, бачым, што нехта ставіць пад сумненне, нехта шкадуе, што не ўсё Беларусь можа, а, магчыма, і нічога не можа. А нехта проста ўхмыляецца: ды ну, ці ім вырашаць нейкія пытанні!

Паважаныя спадарыні і спадары, мы нічога не збіраемся вырашаць за некага. Дай бог за сябе вырашыць. Мы проста вам прапануем: давайце збірацца ў гэтым ціхім, спакойным пакуль што месцы і будзем абмяркоўваць нашы праблемы.

Мы прыкладаем максімум намаганняў і маем намер гэтак жа дзейнічаць і ў далейшым. Для гэтага ў нашай краіны ёсць усё неабходнае. Само размяшчэнне беларускай зямлі, шматвяковыя духоўныя і культурныя традыцыі жыцця беларусаў, іх мірны ўклад і стваральная праца абумоўліваюць нашу пазіцыю.

Ну, і дадайце да гэтага яшчэ нашу гісторыю. Мы наваяваліся як ні адзін іншы народ. Прытым не мы былі ініцыятарамі гэтых войнаў і не за сябе ваявалі часам.

Беларусь з моманту атрымання незалежнасці і суверэнітэту ўжо больш за чвэрць стагоддзя выступае донарам стабільнасці, пастаўшчыком і еўрапейскай, і міжнароднай бяспекі.

Гісторыя поспеху Беларусі як надзейнага партнёра, які карыстаецца даверам і Усходу, і Захаду, магла б стаць адказам на пытанне, ці можна зрабіць Усходнюю Еўропу трансгранічным поясам стабільнасці і канструктыўнага ўзаемадзеяння.

У якасці першага кроку ў рэалізацыі гэтай амбіцыйнай місіі мы аб'явілі, што, нягледзячы на разбурэнне Дагавора аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасці, Беларусь, якая была паўнапраўным удзельнікам, прадоўжыць яго выконваць, калі не будзе адпаведных знешніх пагроз для нашай краіны.

Сёння я са здзіўленнем прачытаў, што Паўночнаатлантычны блок непасрэдна каля граніц Беларусі вясной будучага года збіраецца правесці шырокамаштабныя ваенныя вучэнні. І па колькасці я паглядзеў (гэта тое, што заяўлена, а што будзе фактычна, напэўна, у два разы, а то і тры, больш), такіх вучэнняў каля нашых граніц не праводзілася. Якое ў сувязі з гэтым можна задаць рытарычнае пытанне, вы ведаеце. Не ведаем, каму гэта патрэбна.

Мы бачым занепакоенасць ЗША і Расіі наконт бяспекі ва Усходнееўрапейскім рэгіёне. Аб гэтым сведчаць нашы нядаўнія кантакты з амерыканскімі прадстаўнікамі і пасланне Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна шырокаму колу краін аб мараторыі на разгортванне ракет у Еўропе і іншых рэгіёнах свету.

Можа, усё ж такі варта сабрацца і абмеркаваць гэту, бадай што, самую актуальную на гэты час праблему. Калі хочаце, у Мінску. Не хочаце - давайце ў якім-небудзь іншым месцы. Тым больш што Беларусь ужо выступіла з прапановай прыняць шматбаковую палітычную дэкларацыю адказных краін аб неразмяшчэнні ракет сярэдняй і меншай далёкасці ў Еўропе.

Гатовы нават ініцыяваць, а тое і ўзяць на сябе, распрацоўку тэксту гэтага дакумента. Зразумела, што такая дэкларацыя не стане раўназначнай заменай дагавора. Але зыходзім з таго, што яна магла б дапамагчы ў запаўненні прававога вакууму ў рэгуляванні гэтага сегмента ўзбраенняў. Мы спадзяёмся, што такі дакумент атрымае падтрымку многіх дзяржаў і стане практычным укладам у рэалізацыю нашай ініцыятывы аб запуску міжнароднага дыялогу па бяспецы.

Сумесныя дзеянні па захаванні дасягненняў Дагавора аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасці ў Еўропе могуць стаць важным крокам на гэтым шляху.

Ведаеце, што яшчэ вельмі важна: мы тут, у рускамоўным нашым свеце, цудоўна ведаем сітуацыю вакол гэтых ракет з вуснаў, можна сказаць, сродкаў масавай інфармацыі Расіі. Мы ведаем, і ў прынцыпе мы перакананы, што, напэўна, Расія мае рацыю.


Але мяне здзівілі нядаўнія перагаворы з амерыканскімі палітыкамі. Вельмі высокапастаўлены чалавек, вы гэта адсочваеце і бачыце, заявіў... Калі я яму задаў пытанне, навошта вы гэта сёння робіце, Расія ж гатова ісці на розныя ўступкі, выклаў пазіцыю так, як мы чуем з боку Расіі. Але яго адказ, фактычна як папрок, мяне ўразіў. Кажа, ды не, з Расіяй наогул немагчыма на гэту тэму размаўляць, усе нашы ініцыятывы яны наогул не чуюць. У гэтым плане быў адказ.

Дык я падумаў: "Ну, а дзе праўда?" Дык, можа, варта сабрацца ўсё ж такі і абмеркаваць, пачуць розныя пункты гледжання і хаця б знайсці для сябе, хто тут мае рацыю, у чым гэта праўда. Гэта вельмі важна - разуменне наогул праблемы, перш чым яе вырашаць.

Сёння новую гісторыю поспеху еўрапейскай бяспекі трэба збіраць літаральна па крупінках. Малыя і сярэднія дзяржавы, такія як Беларусь, могуць унесці рэальны ўклад у адраджэнне духу Хельсінкі на еўрапейскай прасторы.

Перакананы: рэалізацыя такога падыходу выгадна ўсім ключавым сусветным ігракам - і Расіі, і ЕС, і ЗША, і Кітаю.

Гэта ненармальна, калі столькі гадоў мы наогул на вышэйшым узроўні не збіраліся і не абмяркоўвалі гэтыя праблемы, каб адкрыта перагаварыць сам-насам і даць нейкі сігнал планеце. А калі не сігнал, то хаця б развеяць розныя міфы вакол гэтага. Гэта ж ненармальна. Навошта тады АБСЕ, навошта мы стваралі гэту арганізацыю? Каб пасылаць нейкія місіі на выбары? Гэта ж Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе.

Гэта дазволіла б як мінімум знізіць узровень існуючых рызык і геапалітычную праблемнасць Усходняй Еўропы, вызваліць значныя рэсурсы, якія могуць быць накіраваны на мірныя, стваральныя мэты. Будзе садзейнічаць спыненню далейшай эскалацыі канфліктаў і паступоваму паляпшэнню атмасферы ў адносінах Захаду і Усходу.

Паважаныя спадарыні і спадары!

У гэтым кантэксце не магу пакінуць па-за ўвагай сітуацыю на ўсходзе Украіны (я зараз растлумачу, чаму я вылучаю гэту праблему). Перш за ўсё таму, што гэта наша праблема - еўрапейская.

Ключавое пытанне бяспекі ў Еўропе - гэта вырашэнне канфлікту ў Данбасе. У брацкай нам Украіне прадаўжаюць гінуць людзі. Рэгіён не можа выбрацца з сацыяльнага, эканамічнага і гуманітарнага хаосу.

Вось мы, еўрапейцы, не еўрапейцы, тут сабраліся вырашаць нейкія праблемы Еўропы, абмяркоўваць. Вось нам тэст, гэта лакмусавая паперка: калі мы можам нешта, ну давайце ў нашым доме разбяромся і вырашым гэту праблему. Украінскі канфлікт не проста нам выклік, украінскі канфлікт патрабуе ад нас яго вырашэння. Калі мы яго вырашым, значыць, мы на нешта здольныя. Калі не - ну, будзем збірацца і размаўляць. Не ў Мінску, дык у Маскве, не ў Маскве - у Парыжы, у Берліне, яшчэ дзесьці... А толку будзе мала.

Некалькі дзён таму я быў у Жытоміры, дзе праходзіў наш чарговы беларуска-ўкраінскі саміт - Форум рэгіёнаў. Такая эканамічная нарада. Але без палітыкі не абышлося.

З Прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім мы мелі грунтоўную размову па шырокім коле тэм. Я адчуў, што Прэзідэнт Украіны - чалавек сапраўдны, моцны, патрыёт сваёй радзімы. Абсалютна нармальны, пры свядомасці палітык, які хоча вырашыць гэту еўрапейскую праблему, якая дасталася яму ў спадчыну. Ён гатовы да цяжкіх рашэнняў для дасягнення міру. І мы яго ў гэтым падтрымліваем.

У Беларусі рады, што ў працэсе вырашэння канфлікту з'яўляецца прагрэс - праведзены абмен затрыманымі асобамі, у Мінску на пасяджэнні трохбаковай кантактнай групы таксама намеціўся нейкі працэс.

Але калі нехта думае, што пасля прыняцця рашэння ў Мінску (а там проста былі яшчэ раз канкрэтызаваны Мінскія пагадненні "нармандскай чацвёркі") лёд крануўся - не. Ён не крануўся і не кранецца, калі мы не падштурхнём працэс, які, можа, ну хаця б у сродках масавай інфармацыі, розумах палітыкаў актуалізаваны. Так званая формула Штайнмаера.

Таму што мы Зяленскага, якога загрузілі гэтым страшэнным грузам, не яго праблемамі, пакінулі сам-насам з гэтымі праблемамі. Бачыце, што адбываецца ў Кіеве. Там без разбору выкарыстоўваюць пэўныя сілы гэты працэс, каб наогул прыціснуць новую ўладу і новага Прэзідэнта. І Еўропа маўчыць. Вы ведаеце, пра каго я гавару. Ні з Усходу, ні з Захаду. Толькі каменне кідаюць у адрас гэтага маладога чалавека. Кожны ва ўласных інтарэсах.

Апамятайцеся вы, у рэшце рэшт! Вайна не толькі ва Украіне, яна ў нас, у нашым доме. І вырашаць гэту праблему нам. І калі "нармандская чацвёрка" чагосьці вартая, тады даўно ўжо трэба было сабрацца і нешта вырашаць.

Вырашаць, калі хочаце. Але я ў гэтым сумняваюся. Я быў у гэтым працэсе і ведаю, як вырашаецца. Кожны стараецца набраць сабе палітычныя ачкі. На чым? На гібелі старых і дзяцей? Там жа адны старыя і дзеці засталіся! Усе, хто мог збегчы, ад'ехаць, адтуль збеглі.

Трэба вырашаць гэту праблему! Тады гэтыя дыялогі будуць мець нейкае значэнне. І гэта адкрые шлях да правядзення пасля доўгага перапынку сустрэчы ў вярхах у нармандскім фармаце. Разлічваем, што вынікам будуць цвёрдыя гарантыі запуску зладжанага механізма кантролю за выкананнем існуючых дамоўленасцей. Пры гэтым я свайго меркавання не ўтойваю: без удзелу ЗША канфлікт ва Украіне ўрэгуляваць не атрымаецца.

Шмат кажуць аб тым, што мы наперадзе калёс пабеглі. Што беларусы, нібыта ні да чаго не здольныя і пачынаюць умешвацца ў гэты канфлікт, нешта вырашаць. Дарагія мае, яшчэ раз паўтараю: гэта канфлікт не толькі ва Украіне, гэта ўжо ў нас канфлікт.

Мы ўжо адчулі, што такое канфлікт у Данбасе: 160 тыс. бежанцаў, якія рынуліся на нашу тэрыторыю. Я часта гавару, што я параўноўваю праблему Еўропы, якая 2-3 тыс. за год бежанцаў з Блізкага Усходу падзяліць не можа, дзе іх размясціць. А тут 160 тыс., і мы ім назаўтра ж, літаральна праз суткі, прадаставілі роўны статус з нашымі грамадзянамі - Беларусі. Мы прынялі іх як родных. Нехта ад'ехаў, нехта прыехаў... Мы адкрылі для людзей граніцу, праз якую да нас паступае асноўны паток зброі. Вядома ж, з таго канфліктнага рэгіёна. Гэта нас таксама не можа не хваляваць.


Гэта сведчыць аб тым, што гэта ў нашым доме ўжо канфлікт, таму мы не можам стаяць убаку. Па-другое, гэта і наша Украіна. Беларусь, Расія, Украіна - гэта нешта адзінае. Я не хачу сказаць, што адзін народ (гэта кагосьці раздражняе). А фактычна адзін народ. І мы ваюем і не можам разабрацца. Еўропа нібыта дапамагае. Ну, так дапамагайце, каб быў вынік!

Трэба не толькі спыніць вайну, трэба аднавіць Данбас. І не толькі аднавіць Данбас. Там яшчэ больш страшэнныя праблемы, ва Украіне. Гэта вайна і тая сітуацыя эканамічна апусціла Украіну. Ёй трэба дапамагаць. Калі мы на нешта здольныя, давайце вырашаць! На справе вырашаць! Вось параімся, вы сваіх палітыкаў возьмеце за каўнер і прымусіце вырашаць гэту праблему (нас возьмеце за каўнер).

Што датычыцца Беларусі, мы не рвёмся ні ў пасрэднікі, ні ў міратворцы. І не называйце гэта так. Ніколі мы так не ставілі пытанне. Мы гатовы як блізкія і родныя людзі, калі Украіна і Расія дамовяцца, адыграць тую ролю, якая імі будзе вызначана нам.

Калі двое братоў б'юцца, заўсёды падключаўся трэці, заўсёды так было. Мы з гэтага зыходзім. І не трэба толькі пасля мяне тут гаварыць, што гэта не канфлікт Расіі і Украіны. Ведаеце, тут дасведчаныя людзі, і гэтыя заявы нікому не патрэбны.

Так, не трэба ігнараваць сёння кіраўнікоў непрызнаных ЛНР і ДНР. Так, непрызнаныя, але яны ёсць, іх пазбягаць нельга. Гэта пытанне дамоўленасцей. Але важна, каб бакі ўвязаліся ў разгляд гэтага канфлікту і прымалі рашэнні. Тады будзе месца і ЛНР, і ДНР, і будуць зрухі: і 400 км граніцы, і правядзенне там выбараў, і стварэнне нейкай міліцыі.

Я Уладзіміру Аляксандравічу (Зяленскаму), калі абмяркоўвалі гэта пытанне, сказаў, што трэба ісці на нейкія кантакты, рух, таму што вайна ў цябе, на тваёй зямлі. Ён кажа: "Я так і разумею гэту праблему". Гэта вайна на зямлі Украіны. Таму трэба вырашаць гэту праблему!

Пройдзе час, любыя раны рубцуюцца. Слухайце, мы з Германіяй перажылі такую вайну! Больш за 30 млн чалавек пахавалі, а колькі пасля вайны калекамі засталіся... І што сёння, праз 70 з нечым гадоў? Мы ўжо не ворагі. Жыццё і гісторыя такія, што рубцуюцца любыя раны, нават больш сур'ёзныя, таму трэба рухацца ў гэтым напрамку.

Яшчэ раз падкрэсліваю: нельга будзе папракнуць Прэзідэнта Украіны ў тым, што ён не стараецца вырашыць гэту праблему,многае залежыць ад нас. І мы павінны ўзяць на сябе вялікую ношу, вялікую частку ў вырашэнні гэтай праблемы.

Паважаныя ўдзельнікі канферэнцыі!

Імгненнага, універсальнага рэцэпта нармалізацыі сітуацыі ў свеце і Еўропе няма. Але ёсць універсальны інструмент, значэнне якога немагчыма пераацаніць. Толькі шляхам спакойнага, дзелавога, мірнага дыялогу можна адысці ад краю бездані глабальнага канфлікту, у якім не будзе пераможцаў. А потым дзейнічаць, дамовіўшыся.

Усё больш відавочна неабходнасць правядзення ў бліжэйшыя гады міжнароднага саміту ў рамках новага Хельсінскага працэсу - пад эгідай АБСЕ, а магчыма, пад эгідай ААН.

Трэба прыняць дакумент стратэгічнага характару па ўмацаванні міжнароднай бяспекі ў Еўра-Атлантыцы і ў больш шырокім маштабе. Сёння немагчыма вырашаць гэтыя пытанні без Кітайскай Народнай Рэспублікі. Важна ўлічваць таксама меркаванне і іншых краін, чый уплыў у свеце сёння расце.

Мы гатовы пашыраць ідэю "Хельсінкі-2", дыялог Еўрапейскага саюза і Еўразійскага эканамічнага саюза, АДКБ і НАТА, спалучэнне з кітайскім праектам "Адзін пояс, адзін шлях", з ШАС, АСЕАН, стварэнне пояса лічбавага добрасуседства"(аб гэтым усё больш цяпер гавораць). Будзем падтрымліваць усе канструктыўныя ідэі, накіраваныя на пераадоленне раздзяляльных ліній, захаванне міру.

Дарагія сябры!

У цэнтры ўвагі гэтай канферэнцыі - лёсавызначальныя тэмы. Хачу прызнацца: мая асаблівая надзея - на вашы аналітычныя дыскусіі.

Я ўжо маю водзывы аб нашай канферэнцыі. Кажуць, калі былыя канферэнцыі, дзе б яны ні праходзілі, былі адзін супраць аднаго, цяпер дыялог ідзе не адзін супраць аднаго, а адзін з адным. Гэта вельмі добры прагрэс. Так і павінна быць у дыскусіі.

Аналітыкі і эксперты, па сутнасці, не абмежаваны ў сваіх меркаваннях і, у адрозненне ад палітыкаў, могуць дазволіць сабе сказаць усё, што лічаць патрэбным. Абазначыць любыя ідэі, аж да самых нестандартных, прапанаваць рашэнні, якія цяпер патрэбны міжнароднай супольнасці.

Хацеў бы пажадаць вам плённай працы, цікавых, актыўных дыскусій. Вельмі разлічваю, што думкі і высновы, якія прагучалі тут, будуць запатрабаваны тымі, хто прымае важныя палітычныя рашэнні.

Яшчэ раз, паважаныя сябры, вітаю вас у сталіцы нашай Беларусі і жадаю вам творчых поспехаў. Дзякую вам.


© 2019, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь