Бел
Галоўная   /  Падзеі

Удзел у мітынгу ў Гродне

22 жніўня 2020 года
Удзел у мітынгу ў Гродне
глядзіце таксама: відэа
22 жніўня 2020 года
Удзел у мітынгу ў Гродне

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 22 жніўня прыняў удзел у мітынгу ў цэнтры Гродна, куды ён накіраваўся пасля сустрэчы з дэпутатамі абласнога Савета.

Мітынг прайшоў на плошчы Леніна пад дэвізам "Не дадзім разваліць краіну!" Яго  ўдзельнікі выступалі за дзеючую ўладу, мір і стварэнне і скандзіравалі, што краіну нікому не аддадуць. На мерапрыемства сабралося больш за 20 тыс. чалавек.

Прэзідэнт выйшаў на сцэну пад шквал апладысментаў. Мітынгуючыя некалькі хвілін скандзіравалі: "Лукашэнка!"

"Шмат гадоў таму (старэйшыя гэта добра памятаюць) яшчэ зусім юным чалавекам сваю першую перадвыбарную кампанію я пачынаў з гэтага цудоўнага рэгіёна, гэтага цудоўнага горада. Чаму я тады прыехаў у Гродна перш за ўсё? Таму што самымі галоўнымі, асноўнымі маімі сапернікамі былі, выбачайце ўжо, палякі і католікі - Зянон Станіслававіч (Пазняк. - Заўвага), Станіслаў Станіслававіч (Шушкевіч. - Заўвага) і Вячаслаў Францавіч (Кебіч. - Заўвага). І вырашыў: паеду да іх, палякаў", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, тады гродзенцы папрасілі яго вырашыць некалькі пытанняў, хоць і не верылі, што яму гэта ўдасца. "Я іх вырашыў на працягу года ў падзяку за тое, што вы тады першымі прагаласавалі за мяне. Дзякуй вам вялікі, што гэтыя гады вы мяне падтрымлівалі!" - выказаў сваю ўдзячнасць жыхарам горада Прэзідэнт.

"Калі я падыходзіў да гэтай плошчы, мне многія гаварылі, што ў Гродне нейкая сітуацыя не тая. Я гаварыў: "Няпраўда, не можа быць, каб там так перавярнуліся людзі". І ўбачыўшы гэту вялікую шматтысячную колькасць людзей, я зразумеў, што гродзенская зямля - гэта наша зямля", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы заклікаў беларусаў ніколі і нікому не аддаваць сваю краіну. "Буду я ў вас, не буду, ніколі не аддавайце сваю краіну. Дзяржыце сваю зямлю, не аддавайце нікому. Яна належыць нашым дзецям, і ім няма дзе больш шукаць зямлі. Ніхто ім не дасць", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Пытанне не ў Лукашэнку сёння. Я наеўся гэтага хлеба (прэзідэнцкага. - Заўвага). Але ўявіце на хвіліну - няма Лукашэнкі. Хто сёння камандаваў бы войскамі на заходняй граніцы? Перад кім бы Міністр абароны стаяў навыцяжку і дакладваў? Мы на гэтай плошчы ўжо не былі б гаспадарамі. Нас паламалі б, пакрышылі і выплюнулі б", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў відавочнасць знешняга ўмяшання ў справы краіны. "Сёння нас штурхаюць у прорву разладу і нянавісці, - сказаў ён. - На заходняй граніцы неспакойна, бразгаюць зброяй, пагражаюць, адкрыта ўмешваюцца ва ўнутраныя справы нашай суверэннай дзяржавы. Нехта нават, паціраючы рукі (я гэта ведаю дакладна), успамінае пра "Усходнія крэсы", дзе ўсё беларускае было пад забаронай і выпальвалася гарачым жалезам. Цяпер гэта наша зямля. Зямля суверэннай Беларусі, дзе жывуць у міры і згодзе ўсе нацыянальнасці, якія фарміруюць каркас беларускага народа. А сваю зямлю мы павінны абараняць".

"Я за час сваёй работы праехаў увесь свет, бачыў розныя народы, - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. - Бачыў шмат народаў, якія прайшлі праз каляровую рэвалюцыю, і ніхто ім не дапамог. Таму што трэба паставіць на калені, а потым заняволіць, прытым сучасным чынам, пажадана без танкаў і самалётаў. І без грошай, без затрат павярнуць іх у свой бок".

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі гэтыя задумы бачаць як і на вышэйшым узроўні, так і на ўзроўні радавых грамадзян. "Мы ж адукаваныя людзі - беларусы. Няўжо мы за стагоддзі пад бізуном і ў лапцях не наеліся гэтай бяды?" - задаў рытарычнае пытанне Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка даручыў Заходняму аператыўнаму камандаванню ўзяць пад самы жорсткі кантроль перамяшчэнне ваенных падраздзяленняў краін - суседзяў НАТА.

Дзяржпагранкамітэту Кіраўнік дзяржавы даручыў узмацніць ахову па перыметры дзяржграніц. "Ні адзін баявік, ні адзін правакатар, ні адзін патрон не павінен трапіць на нашу тэрыторыю", - сказаў ён.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў свой час у Беларусі было прынята рашэнне аб арганізацыі спрошчанага пропуску на граніцы для грамадзян шэрага краін. Аднак некаторыя іншаземцы спрабуюць выкарыстоўваць гэтыя магчымасці ў негатыўных мэтах. "Прыехалі, махаюць сцягамі, бузяць, вас падбіваюць на беспарадкі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка і растлумачыў, што менавіта па гэтай прычыне патрабуецца ўзмацненне аховы на дзяржграніцы.

"Беспарадкі, іх ядро, зачыншчыкі - не гродзенцы. Яны (сапраўдныя зачыншчыкі. - Заўвага) сядзяць пад Варшавай, Вільнюсам. І вы бачыце, куды альтэрнатыўшчыкі пабеглі. Іх ніхто не выганяў з Беларусі. Некаторыя самі мяне прасілі, каб я іх выратаваў і вывез. Некаторыя зрабілі круг праз Расію і Украіну і там аселі".

"Тыя, хто гэта ўсё каардынуе і кіруе гэтым, сядзяць за мяжой у суседніх краінах і нават атрымліваюць пэўную падтрымку ад іх улад", - перакананы Аляксандр Лукашэнка.

Галоўны клопат дзяржавы - людзі, заявіў Прэзідэнт у час мітынгу. Кіраўнік дзяржавы расказаў прысутным, што сёння назначыў новым губернатарам Гродзенскай вобласці Уладзіміра Караніка. Пад апладысменты ўдзельнікаў мітынгу Аляксандр Лукашэнка падзякаваў дэпутатам абласнога Савета за аднагалосную падтрымку прапанаванай кандыдатуры. "Уладзімір Сцяпанавіч, вы першы за чвэрць стагоддзя губернатар, якога прынялі на плошчы. З вас шмат належыць. Вы павінны дапамагчы гродзенцам. Галоўны наш клопат - людзі. Таму новы губернатар павінен зрабіць усё, каб на Гродзеншчыне людзі не хварэлі, у тым ліку гэтай хваробай (каранавірусам. - Заўвага)", - сказаў Прэзідэнт.

У Беларусі, паводле яго слоў, з гэтай праблемай у асноўным справіліся. З боку дзяржавы былі накіраваны значныя сродкі, у тым ліку і фінансавыя, на пераадоленне складанай эпідэміялагічнай сітуацыі. "А вы ж мне не верылі, калі я гаварыў, што не трэба ізаляваць людзей, - заўважыў Прэзідэнт. - Што сёння кажуць на Захадзе? Кіраўнік Сусветнай арганізацыі аховы здароўя заявіў: не трэба ўводзіць ізаляцыю, яна сябе паказала неэфектыўна пры першай хвалі. Прызналі ўжо. А як мне было, калі не ўсе вы мяне падтрымлівалі? Калі я адзін пайшоў супраць усяго свету і пераконваў вас: не трэба ізаляцыі, нас спецыяльна штурхаюць у двухпакаёвыя, трохпакаёвыя кватэры?"

Прэзідэнт адзначыў, што сёння не ўсё адназначна, у тым ліку ў працоўных калектывах. "Я вітаю розныя настроі", - падкрэсліў беларускі лідар. Аднак ёсць тыя, хто не хоча працаваць, а заклікае да забастовак. Ад такіх дзеянняў пакутуюць у найбольшай ступені іх жа суайчыннікі, калі, напрыклад, з-за прыпынення будаўніцтва важных сацыяльных аб'ектаў, якія так патрэбны жыхарам Гродзенскай вобласці, адкладваецца іх увядзенне ў строй.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што шмат зроблена дзяржавай для стварэння ў Гродзенскай вобласці сучасных вытворчасцей і рабочых месцаў. "Я звяртаюся сёння да тых, хто гэтага не разумее. Растлумачце ім, што мы рабілі ўсё для таго, каб расквітнеў гэты край. Навошта сваімі рукамі сёння ламаць тое, што мы стваралі дзесяцігоддзямі. Мы не павінны нікому гэта дазволіць. Мы павінны спакойна жыць і развівацца", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы заклікаў прадстаўнікоў розных канфесій не ўмешвацца ў пытанні палітыкі. "Мяне здзіўляе пазіцыя нашых канфесій. Дарагія мае свяшчэннаслужыцелі, займіцеся сваёй справай. У храмы людзі павінны прыходзіць маліцца! Цэрквы, касцёлы - не для палітыкі. Туды людзі душой павінны прыходзіць, як гэта было заўсёды", - падкрэсліў беларускі лідар.

Ён звярнуў увагу, што ў нацыянальным пытанні ў Беларусі парадак, няма праблем, і такі стан спраў трэба захаваць. "Ні ў якім разе нельга дапусціць міжнацыянальнай варожасці. Гэта будзе апошняе, што мы зробім, перш чым паставіць крыж на нашай шматнацыянальнай краіне", - падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы таксама лічыць, што ў Беларусі нельга ствараць моўную праблему, уводзячы паўзучае знішчэнне рускай мовы, як прапануюць апаненты ўлады.

"У гэтым цудоўным рэгіёне людзі размаўляюць на беларускай, рускай, польскай, літоўскай, украінскай мовах. Нам прапануюць паўзучае знішчэнне рускай мовы. Маўляў, за тыдзень пяройдзем на беларускую. Навошта? Няхай людзі гавораць на той мове, на якой яны хочуць. Так было заўсёды", - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў важнасць вярнуць жыхарам Беларусі спакойнае жыццё. "Дарагія сябры, людзі стаміліся. Мы прывыклі жыць у спакойнай, ціхай, талерантнай краіне. І ў Мінску, і ў вас, і ў іншых гарадах. Людзі ўбачылі, што нам падкідваюць галавешкі. Людзі стаміліся, яны просяць спакойнага жыцця. І мы павінны ім гэта жыццё прадаставіць", - сказаў Прэзідэнт.

Ён даручыў МУС, КДБ па Гродзенскай вобласці на працягу суботы і нядзелі забяспечыць парадак на вуліцах Гродна і іншых гарадоў вобласці. "Як бы камусьці ні падабалася, трэба акуратна (не натоўпам) выявіць усіх падбухторшчыкаў і правакатараў. У нас ёсць усе іх спісы. Трэба выявіць", - адзначыў беларускі лідар.

Прэзідэнт заявіў, што спробы націску і пагрозы ў адрас работнікаў розных сфер з боку праціўнікаў улады будуць жорстка спыняцца.

"Сёння вокол краіны бадзяюцца за мяжой паўдзясятка ўрадаў у выгнанні. Усе хочуць прыйсці, паласавацца на Беларусі, пасячы на кавалкі, нешта пакласці ў кішэню. Я ўжо гаварыў: з'явілася так званая чорная сотня. У цэнтры і тут ужо дзе-нідзе сталі ўзнікаць асобныя цэнтры, пакуль не ўзбудзіла пракуратура крымінальную справу. Як толькі ўзбудзілі, палова або больш там разбегліся, а гэтыя схаваліся пад плінтус. Мы іх выцягнем усіх", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Вы толькі падумайце, што яны нам прапануюць, гэтыя "чарнасоценцы". Сёння СМІ - гэта частка гібрыднай вайны, якая развязана супраць Беларусі. Усё сканцэнтравана на СМІ. Пачалі цкаваць сем'і. Пачалі запалохваць дзяцей, дзяржслужачых, ваенных, журналістаў. Гэта ненармальна. Гэта будзе спыняцца самым жорсткім чынам", - заявіў Прэзідэнт.

"Я толькі што сказаў: субота, нядзеля на роздум. З панядзелка няхай не крыўдзяцца. Улада павінна быць уладай", - дадаў беларускі лідар.

"Але самае страшнае, калі будзе прадаўжацца націск на людзей. Мы выпрацавалі алгарытм дзеянняў супраць тых, хто запалохвае, супраць тых, хто цкуе сем'і", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы на мітынгу выказаўся таксама аб спробах цкавання прадстаўнікоў праваахоўных органаў. "Мне паступае інфармацыя, што тут, як і па ўсёй краіне, ёсць прыватныя прадпрыемствы, якія падштурхоўваюць людзей да забастовак. Каб заняць месцы дзяржаўных прадпрыемстваў", - адзначыў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, даходзіць да таго, што калі міліцыянер прыязджае адрамантаваць дзяржаўную машыну, то нават у гэтым выпадку маюць месца факты націску. "Каманда з Польшчы (у нас ёсць гэтыя тэлефонныя размовы): цкаваць міліцыю. За што? Што вы будзеце рабіць, калі пачнецца бандытызм на вуліцы? Каму вы будзеце тэлефанаваць? 101, 102, 103 - мы з дзяцінства ведаем гэтыя нумары", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"Не граміце гэтых людзей. Гэта вашы людзі. Нават калі яны дзесьці памыліліся, прабачце ім", - дадаў беларускі лідар.

Прэзідэнт заявіў, што вакол цяперашняй сітуацыі ў краіне і, у прыватнасці, дзеянняў АМАПа ёсць шмат фэйкаў. "Нядаўна паказалі гродзенскую дзяўчынку, якую нібыта збіў АМАП. І ўся краіна рыдала пяць дзён - якія нягоднікі амапаўцы, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - А што аказалася на самай справе? Добра, дзякуй таму бацьку, які знайшоў мужнасць і сумленна сказаў: ды гасподзь з вамі, ніякі АМАП не збіваў, мы трапілі ў ДТЗ. Дзякуй яму вялікі! Гэта мужны чалавек! І гэтыя фэйкі ўвесь час навадняюць наш эфір".

Аляксандр Лукашэнка заклікаў грамадзян аналізаваць і параўноўваць інфармацыю з розных крыніц, фарміруючы сваё меркаванне аб тых ці іншых падзеях. "Трымайце заўсёды галаву на плячах! Чытайце інтэрнэт, глядзіце Telegram-каналы, глядзіце такое нялюбае дзяржаўнае тэлебачанне і параўноўвайце. Параўноўвайце і думайце! Не будзеце думаць, нас усіх не пад бізун паставяць - нас па калена загоняць у чужую зямлю", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Мы ўсе - адна краіна. Гэта наша зямля - чыстая, мірная, наша Беларусь! Якую мы абавязаны захаваць і перадаць нашым дзецям і ўнукам!" - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Пасля мітынгу Кіраўнік дзяржавы адказаў на пытанне прадстаўнікоў расійскага тэлеканала, якія прысутнічалі на мерапрыемстве. Прэзідэнт заявіў, што апаненты беларускай дзяржавы цкуюць краіну, адпрацоўваючы сцэнарыі для далейшага націску на Расію.

"Хтосьці ў Расіі (я часта гэта бачу ў сродках масавай інфармацыі) кажа: "Ах, у Беларусі, ах, у Беларусі..." Не ў Беларусі - гэта ў вас, вось тут, на заходняй граніцы, прыціскаюць, цкуюць. І мы з Пуціным сышліся на думцы: нас цкуюць тут, каб кінуцца потым на Расію. Гэта трамплін, і мы яго павінны разбурыць. Гэта наша адзінае меркаванне з Прэзідэнтам Пуціным", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь