Бел
Галоўная   /  Падзеі

Удзел у мерапрыемстве, прысвечаным Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны

22 чэрвеня 2020 года

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 22 чэрвеня ў Брэсце прыняў удзел у памятным мерапрыемстве з нагоды гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны. 

Кіраўнік дзяржавы наведаў мемарыяльны комплекс "Брэсцкая крэпасць - герой", дзе ў гадзіну пачатку вайны традыцыйна прайшло памятнае мерапрыемства. Аляксандр Лукашэнка ўсклаў вянок да Вечнага агню і выступіў з прамовай. 

Прэзідэнт адзначыў, што сёння ў Беларусі і іншых краінах успамінаюць трагічную дату пачатку Вялікай Айчыннай вайны, яе першых ахвяр і першых герояў. 

Гаворачы аб пачатку вайны, Прэзідэнт нагадаў, што мірныя жыхары прыгранічча і савецкія воіны сустрэлі раніцу 22 чэрвеня 1941 года пад грукат снарадаў і свіст куль, але павялі сябе смела і самааддана, а таму ўвайшлі ў гісторыю як сапраўдныя патрыёты, якія стаялі насмерць за родную зямлю. 

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на захоп Брэсцкай крэпасці фашысты планавалі патраціць не больш як восем гадзін, але яе гарнізон трымаўся амаль месяц. "Гэта даўжэй, чым процістаялі Гітлеру дагэтуль заняволеныя краіны, - звярнуў увагу беларускі лідар. - А пры ўзяцці цытадэлі праціўнік страціў у тры разы больш салдат і афіцэраў, чым за ўсю польскую кампанію. Нямецкаму камандаванню ўжо вечарам 22 чэрвеня прыйшлося аддаць загад аб спыненні штурму. І гэта стала першым адступленнем абсалютна непераможнай да таго дня арміі". 

У Беларусі, паводле слоў Прэзідэнта, заўсёды будуць памятаць аб подзвігу тых, хто абараняў Брэсцкую крэпасць. "Таму што ў іх - веліч і сіла духу людзей, якія не скарыліся, - падкрэсліў ён. - Менавіта тады, калі не здаючыся паміралі апошнія абаронцы крэпасці, вораг быў пераможаны псіхалагічна. І гэта быў першы крок савецкага народа на шляху да вялікай Перамогі новага часу". 

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Брэсцкая крэпасць стала неадольнай перашкодай для фашыстаў, якія так і не дайшлі да Масквы за шэсць тыдняў, як планавалі. "І ў той дзень захопнікі паўтарылі незасвоены гістарычны ўрок: народ, які жыве на гэтых землях, аддасць жыццё, але не стане рабом. Вельмі сугучна з нашым часам. Тут змагаліся прадстаўнікі больш як трыццаці нацыянальнасцей. І ўсе яны выканалі свой свяшчэнны абавязак. Яны абаранялі сваю Радзіму, хоць нарадзіліся за тысячы кіламетраў ад Брэста", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. 

Ён падкрэсліў, што подзвіг Брэсцкага гарнізона стаў сімвалам нязломнасці брацкіх народаў і агульным здабыткам былых рэспублік Савецкага Саюза. "Але, на жаль, не ўсе грамадзяне гэтых цяпер ужо незалежных дзяржаў бачаць сябе наследнікамі той гераічнай гісторыі. Вельмі шкада, - заўважыў Прэзідэнт. - У нашчадкаў здраднікаў свая праўда і свая перамога, якую яны сёння маюць намер атрымаць перш за ўсё на ідэалагічным фронце. Тым, хто прайграў, патрэбны рэванш. Іх ініцыятывы ўжо сталі часткай дзяржаўнай палітыкі асобных краін. Але я глыбока перакананы, што народная памяць пераможа і ў нашы дні". 

Кожны год, паводле яго слоў, гэта пацвярджае свята 9 Мая. "Мы бачым, як нават у тых краінах, дзе Дзень Перамогі забаронены, людзі нясуць кветкі да помнікаў савецкім воінам і бясстрашна прадаўжаюць адзначаць гэта свята. Таму што памяць аб героях, якія выратавалі многія краіны ад рабства і генацыду, - гэта тое, што ляжыць у аснове нацыянальнай гордасці ўсіх, хто з'яўляецца і лічыць сябе наследнікамі пераможцаў, Перамогі", - падкрэсліў Прэзідэнт. 

Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на важнасці захавання памяці аб падзеях вайны, каб такое ў гісторыі больш не паўтарылася. "Як толькі мы гэта забудзем, мы зноў акунёмся ў хаос, дэстабілізуем краіну, мы выклічам новую вайну. Вось таму  мы сёння раніцай прыйшлі сюды - каб ніколі не паўтарылася тое, што было тут, - сказаў ён. - Гэта не проста радавы рытуал. Гэта памяць, для таго каб мы з вамі, нашы дзеці ніколі не сутыкнуліся з такімі праблемамі". 

Прэзідэнт назваў суверэнітэт беларускай дзяржавы неаспрэчным фактарам. Ён адрасаваў словы асаблівай удзячнасці ветэранам за тое, што яны з гонарам вытрымалі цяжар ваеннага і пасляваеннага перыяду. "Тыя, хто пайшоў ад нас, сёння з намі, яны глядзяць адтуль (з нябёс. - Заўвага) на нас і ацэньваюць нашы дзеянні. Мы ім гаворым, што іх гераічнае мінулае стала сімвалам нашай незалежнасці. Іх жыццёвы шлях - прыкладам, у якім мы знаходзім сілы для пераадолення выклікаў не толькі нашага часу, але і будучых часоў", - сказаў ён. Цяжкасці сучаснага пакалення не параўнаюцца з тымі выпрабаваннямі, якія выпалі на долю ветэранаў, перакананы Кіраўнік дзяржавы. 

"Мы дакладна ведаем, што іх імкненне да свабоды і справядлівасці, адданасць Радзіме жывуць у кожным з нас. І гэта тая спадчыннасць, якая робіць суверэнітэт нашай дзяржавы неаспрэчным фактарам. Вельмі сугучна з нашымі днямі", - прадоўжыў беларускі лідар. Ён падкрэсліў, што трэба прадаўжаць і цяпер змагацца за сваю незалежнасць, суверэнітэт супраць тых, хто навязвае нам свае ідэі, хто ідзе сюды, каб разбурыць мір і ўсё тое, што створана ў краіне. І рабіць гэта неабходна ў імя памяці аб шматлікіх ахвярах вайны, аб загінулых у сотнях спаленых беларускіх вёсках. "Усё, што мы сёння маем, хоць і стварылі гэта сваімі рукамі, належыць не толькі нам. Яно належыць таксама і ім, а яшчэ будучаму - нашым дзецям, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Час выбраў нас, і мы павінны вырашыць праблемы, якія стаяць перад намі". 

"Сёння ўсе мы, нашчадкі слаўных воінаў, увасабляем у жыццё ўсё, за што змагаліся абаронцы Айчыны ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Мы гадуем дзяцей, будуем свае незалежныя дзяржавы, а галоўнае - мы свабодныя людзі. Мы не сталі тымі, на каго разлічвалі фашысты, прыйшоўшы сюды 22 чэрвеня", - дадаў ён. 

Звяртаючыся да афіцэраў і салдат, якія цяпер нясуць службу на гэтай гераічнай зямлі, Прэзідэнт адзначыў, што і сам служыў у гэтых мясцінах і добра ведае Брэст. "Вы сёння наследнікі Перамогі, вы стаіце на рубяжы, які не быў аддадзены ворагу, пакуль быў жывы хоць бы адзін воін. Ад нас гэтага сёння не патрабуецца, але мы павінны быць гатовымі да ўсяго. Дзякуючы абаронцам Брэсцкай крэпасці дзень 22 чэрвеня стаў пачаткам краху нацысцкай Германіі. Гэта вялікі гонар - прадаўжаць традыцыі герояў, і вялікая адказнасць - абараніць свет, які яны адстаялі цаной свайго жыцця", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

"Няхай ваша служба будзе мірнай і бяспечнай, - пажадаў Кіраўнік дзяржавы. - Я заўсёды памятаю і хачу, каб вы, калі давядзецца ваяваць, стаялі насмерць тут, але не за тысячы кіламетраў на чужых землях і тэрыторыях, там нам рабіць няма чаго. Я хачу , каб вы таксама аб гэтым памяталі". 

"Шматлікія войны пакінулі глыбокі след у памяці нашага народа. Але яны навучылі нас галоўнаму - берагчы і цаніць мір і незалежнасць, без якіх у нас няма будучыні, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Я вельмі часта нагадваю аб гэтым людзям, на злобу сённяшняга дня. Мы вычарпалі рэсурс не толькі рэвалюцый, але і той час, у які мы хадзілі пад бізуном і ў лапцях, без штаноў, бедныя і галодныя. Мы і толькі мы павінны будаваць сваю дзяржаву. Мы і толькі мы павінны вырашаць лёс свой і сваіх дзяцей. Няхай кожны наш дзень будзе пражыты ў імя памяці тых, хто змагаўся і паміраў дзеля нашага жыцця, дзеля нашага будучага, сённяшняга - у чыстай, утульнай, зялёнай, прыгожай Беларусі, працавітай, з разумным і мудрым народам. Няхай Гасподзь нам дасць гэту мудрасць назаўсёды, каб мы маглі жыць сваім розумам і на сваёй зямлі". 

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што незалежнасць вельмі дорага каштуе і яе неабходна абараняць. "Дзякуй вам. Вы нам па-ранейшаму патрэбны. Часам бывае заваяваць прасцей, чым абараніць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы, размаўляючы з ветэранамі. 

"Катастрофы ніякай, але абараніць мы павінны тое, што маем. Расслабляцца ні ў якім разе нельга. Я вас папярэджваў два-тры месяцы таму, што так званая пандэмія гэтым не закончыцца. Некаму яна вельмі на руку. Хутка ўбачыце, каму. Хоць ужо і цяпер гэта бачым. Будзе націск сур'ёзны, перш за ўсё эканамічны. Таму што ваяваць з намі ўжо небяспечна, а нахіліць трэба. Занадта незалежнымі сталі...", - сказаў беларускі лідар. 

"Вы ж разумееце, што незалежнасці шмат не бывае. Яна або ёсць, або яе няма. І я яшчэ год таму, выступаючы 3 ліпеня, папярэджваў, што незалежнасць вельмі дорага каштуе. Гэта самае каштоўнае, што можа быць у таго ці іншага народа або дзяржавы. Таму калі мы - народ, калі мы хочам мець сваю дзяржаву, сваю незалежнасць павінны абараніць", - падкрэсліў Прэзідэнт. 

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што, вядома, усюды ёсць свае недахопы, у тым ліку і ў заходніх краінах, і ў ЗША. "Хто б мог падумаць, што Амерыка так успыхне, і дэмакратычныя СМІ сёння захліпнуліся і замоўклі. Яны не паказваюць, што адбываецца. Там у гарадах ужо ўвайшлі войскі і ўвялі каменданцкую гадзіну. Тое ж самае і ў Заходняй Еўропе. Аб гэтым не прынята гаварыць. А ў нас яны нешта ўбачылі", - заўважыў беларускі лідар. 

Ён заклікаў людзей трымаць галаву на плячах і не ўступаць ні з кім у бойку. "Мы павінны вырашыць усё мірна. І праз некаторы час мы ўбачым вынік. Адзінае, аб чым вас папрашу: ніколі (буду я, не буду) не дазваляйце, каб вамі панукалі, каб вас прымушалі і нахілялі. Мінуў той час. Мы паспелі ўмацавацца і стварыць сваю дзяржаву. Галоўная задача - абараніць яе", - заявіў Кіраўнік дзяржавы. 

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі нікому не будзе дазволена сілавым спосабам вырашаць праблемы, якія трэба вырашаць мірна. "Я заўсёды вам гаварыў: я нікому не дазволю сілавым спосабам вырашаць праблемы, якія трэба вырашаць мірна, палітычным шляхам, на падставе нашых законаў. Так будзе заўсёды", - падкрэсліў беларускі лідар. 

Прэзідэнт заклікаў не звяртаць увагі на тое, што "нам там падпяваюць": "Нешта не тое робім... А калі накраў, дык нічога страшнага...". 

"Калі б мы гэтым зладзюгам за гады сваёй незалежнасці крылы не падразалі, мы сёння пабудавалі б алігархічную дзяржаву і стаялі б на каленях, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Таму глядзіце на гэта спакойна і не думайце, што гэта нехта выкарыстоўвае ў палітычных мэтах. Няма такой неабходнасці ў Беларусі - выкарыстоўваць нешта ў палітычных мэтах". 

Кіраўнік дзяржавы таксама заклікаў берагчы краіну і мір. "Не паддавайцеся на хітрасці трох-чатырох нейкіх шарлатанаў. Яны будуць выкарыстоўваць усё. І акумулятары, і заводы (акумулятарны завод у Брэсце, супраць якога выступаюць некаторыя грамадзяне. - Заўвага), і іншае. Трэба - знясём дашчэнту гэты ваш "акумулятар", калі толькі ў ім праблема. Але не ў ім, я ж гэта разумею. Шукаюць, за што зачапіць, і вас туды павесці. Памятайце, што гэтага рабіць нельга", - падкрэсліў беларускі лідар. 

"Мы ў сваёй краіне разбяромся, як трэба. І Брэст мне не чужы. Гэта і мой горад, дзе прайшлі самыя цяжкія гады майго жыцця. Вы ведаеце, што такое армія. Таму беражыце сябе, будзьце спакойныя, не перажывайце. Не напружвайцеся. Нас і так напружылі з гэтым каранапсіхозам. Але самае страшнае для нас, каб пад гэты шумок нас не прыбралі. Вось гэта для нас галоўнае", - рэзюмаваў Прэзідэнт.


Тэгі: Паездкі
© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь