Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Удзел у мерапрыемствах, прысвечаных гадавіне аварыі на Чарнобыльскай АЭС

26 красавіка 2017 года
Сустрэча з прадстаўнікамі СМІ
глядзіце таксама: відэа
26 красавіка 2017 года
Сустрэча з прадстаўнікамі СМІ
Наведванне Свята-Міхайлаўскага храма ў аграгарадку Ляскавічы
глядзіце таксама: відэа
26 красавіка 2017 года
Наведванне Свята-Міхайлаўскага храма ў аграгарадку Ляскавічы
Перагаворы з Прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам
глядзіце таксама: відэа
26 красавіка 2017 года
Перагаворы з Прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам
Наведванне аб'ектаў Чарнобыльскай АЭС
глядзіце таксама: відэа
26 красавіка 2017 года
Наведванне аб'ектаў Чарнобыльскай АЭС
Ускладанне кветак да "Сцяны перамогі" мемарыяльнага комплексу "Героям Чарнобыля"

Беларусь і Украіна маюць намер прытрымлівацца курсу дружбы і ўзаемнага супрацоўніцтва, развіваючы ўзаемадзеянне ў самых розных галінах, у тым ліку па чарнобыльскай праблематыцы. Такі вынік сустрэчы прэзідэнтаў дзвюх краін Аляксандра Лукашэнкі і Пятра Парашэнкі, якая прайшла 26 красавіка на тэрыторыях абедзвюх дзяржаў у гадавіну катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

У першай палове дня прэзідэнты наведалі ЧАЭС, дзе ўшанавалі памяць загінулых ліквідатараў і ўсклалі кветкі да "Сцяны памяці" мемарыяльнага комплексу "Героям Чарнобыля".

Кіраўнікі дзяржаў азнаёміліся з будаўніцтвам новага бяспечнага ахоўнага збудавання і захоўваннем адпрацаванага ядзернага паліва. Ім падрабязна расказалі аб унікальнай тэхналогіі, выкарыстанай пры ўзвядзенні новага ўкрыцця, а таксама далейшых планах па забеспячэнні бяспекі на аб'екце.

Беларускі лідар адзначыў, што кожны год у красавіку ў гэты час ён бывае ў беларускіх вёсках, размешчаных у зоне радыеактыўнага забруджвання. "І пераконваюся, што настрой людзей мяняецца - у іх з'явілася надзея на адраджэнне і на бяспечную будучыню родных мясцін. Гэта галоўны вынік нашых намаганняў - вера людзей у тое, што мы працуем дзеля іх", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што Беларусі і Украіне неабходна ўзмацніць узаемадзеянне па чарнобыльскай праблематыцы. "Нашы дзяржавы стараюцца разам пераадольваць гэту бяду. Рэалізаваны шэраг сумесных мерапрыемстваў у галіне радыеэкалагічнага маніторынгу, радыяцыйнага кантролю, сельскай, лясной гаспадаркі, каардынацыі навуковай, інфармацыйнай работы. Мы паспяхова ўзаемадзейнічаем у рамках чарнобыльскіх праектаў міжнародных арганізацый, - расказаў Прэзідэнт. - Аднак патэнцыял магчымасцей супрацоўніцтва Беларусі і Украіны выкарыстоўваецца далёка не ў поўным аб'ёме". Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што беларускія і ўкраінскія вучоныя, медыкі, эколагі могуць і павінны зрабіць значна больш.

"У 2016 годзе сумеснымі намаганнямі мы змаглі дабіцца прадаўжэння міжнароднага чарнобыльскага супрацоўніцтва пад эгідай ААН. Інтарэс сусветнай супольнасці да нашага горкага і разам з тым унікальнага вопыту па пераадоленні медыцынскіх, экалагічных, сацыяльных, эканамічных наступстваў катастрофы вельмі высокі, - падкрэсліў беларускі лідар. - Існуючы ў нас вопыт трэба выкарыстоўваць, у тым ліку ў сумесных праектах па адраджэнні пацярпелых тэрыторый. Таксама пры падтрымцы ААН і партнёраў".

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што на пераадоленне буйнейшай тэхнагеннай катастрофы дзяржавы накіроўваюць велізарныя сродкі. Толькі для бюджэту Беларусі на сённяшні дзень гэта лічба перавышае $25 млрд. "Думаючы пра бяспеку будучых пакаленняў, мы накіроўваем сродкі ў ахоўныя мерапрыемствы на месцах, інвесціруем у чалавечыя рэсурсы, навуку, сучасныя тэхналогіі і вытворчасць", - рэзюмаваў Прэзідэнт.

Пасля наведвання станцыі Аляксандр Лукашэнка і Пётр Парашэнка разам накіраваліся ў Беларусь для правядзення перагавораў.

Кіраўнікі дзяржаў наведалі Свята-Міхайлаўскі храм у аграгарадку Ляскавічы, дзе запалілі свечкі ў памяць аб ахвярах чарнобыльскай аварыі, а затым паразмаўлялі з мясцовымі жыхарамі. Беларускі лідар назваў 26 красавіка цяжкім, памятным днём для народаў Беларусі і Украіны. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, сітуацыя ў пацярпелых ад Чарнобыля раёнах паляпшаецца, хоць не абыходзіцца і без цяжкасцей. Прэзідэнты выказалі намер абмеркаваць існуючыя праблемы, намеціць магчымыя шляхі іх вырашэння, што павінна пасадзейнічаць павышэнню ўзроўню жыцця беларусаў і ўкраінцаў, якія пражываюць на забруджаных тэрыторыях.

У час сустрэчы ў фармаце сам-насам, а затым у пашыраным складзе з удзелам членаў дэлегацый прэзідэнты абмеркавалі актуальныя пытанні. У цэнтры ўвагі кіраўнікоў дзяржаў былі перспектывы гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Аляксандр Лукашэнка адзначыў пэўныя поспехі ў гэтай сферы. У прыватнасці, у першыя месяцы 2017 года тавараабарот паміж краінамі павялічыўся на 40%. "Ёсць, вядома, шэраг пытанняў, якія трэба вырашыць. Спецыялісты і члены ўрадаў з намі. Хачу запэўніць: усе рашэнні, якія мы сёння з вамі прымем, будуць няўхільна выконвацца з беларускага боку", - заявіў ён.

На перагаворах кіраўнікі дзяржаў разгледзелі канкрэтныя праекты беларуска-ўкраінскага партнёрства. Краіны маюць намер актывізаваць работу па стварэнні новых сумесных прадпрыемстваў у розных галінах эканомікі. "Прыярытэтным павінна стаць узаемадзеянне ў прамысловасці, нафтахімічным комплексе, аграрнай і транспартна-лагістычнай сферах. Беларусь гатова павялічыць пастаўкі ва Украіну аўтамабільнай і сельскагаспадарчай тэхнікі, угнаенняў і будматэрыялаў. У сваю чаргу мы зацікаўлены ў закупках вырабаў з металу, прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі", - адзначыў беларускі лідар.

Урадам дзвюх краін даручана максімальна эфектыўна выкарыстоўваць існуючы інструментарый для падтрымкі сувязей паміж прадпрыемствамі Беларусі і Украіны, актывізаваць міжгаліновае супрацоўніцтва.

Яшчэ адной тэмай перагавораў стала ўрэгуляванне канфлікту на ўсходзе Украіны. "У бліжэйшы час пры садзейнічанні Міжнароднага таварыства Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца Беларусь плануе накіраваць гуманітарную дапамогу насельніцтву Украіны, якое пражывае па абодва бакі лініі размежавання. Падтрымаем самым неабходным, у чым маюць патрэбу людзі, - прадуктамі харчавання, сродкамі гігіены, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Мы будзем працаваць у кантакце, каб знайсці самы кароткі шлях для таго, каб гуманітарная дапамога даходзіла да людзей і па адзін бок, і па другі бок барыкад".

Прэзідэнт падкрэсліў, што беларускі бок будзе і ў далейшым рабіць усё неабходнае для ўрэгулявання канфлікту на ўсходзе Украіны, каб брацкія народы жылі ў дружбе і згодзе. "Прынамсі, мне не сорамна глядзець у вочы ні ўкраінскаму народу, ні Прэзідэнту Украіны. Усё, аб чым прасілі нас украінскія сябры, мы свята выконвалі. Рабілі ўсё, што ў нашых сілах. У далейшым будзе так", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Украінскі лідар у сваю чаргу падзякаваў Беларусі за прыкладанне міратворчых намаганняў. Ён падкрэсліў, што Мінскія пагадненні з'яўляюцца безальтэрнатыўным планам міру і стабільнасці ў яго краіне, і выказаў надзею на хутчэйшае вырашэнне канфлікту.

Пётр Парашэнка запрасіў беларускага лідара зрабіць летам афіцыйны візіт ва Украіну, каб замацаваць дасягнутыя дамоўленасці.

© 2017, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь