Удзел у круглым стале кіраўнікоў дзяржаў на форуме "Адзін пояс і адзін шлях"

  • 24

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 15 мая на форуме "Адзін пояс і адзін шлях" у Пекіне, заклікаў краіны да сумеснага мірнага і ўзаемавыгаднага развіцця.

Беларускі лідар адзначыў, што сёння свет знаходзіцца ў стадыі актыўнага развіцця і глабальных перамен. Змяненні звязаны з бесперапыннымі выклікамі і небяспекамі.

"Сярод іх - тэрарызм, міграцыйны крызіс, небяспечныя інфекцыйныя захворванні, кліматычныя змяненні і іншыя новыя для сучаснага свету пагрозы бяспецы. Акрамя таго, аслаблены сусветны эканамічны рост аказвае прыкметны ўплыў на паглыбленне адрозненняў паміж краінамі. Часта супярэчнасці вырашаюцца з прымяненнем зброі, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Менавіта таму сёння так важна выкарыстоўваць гістарычную магчымасць для змянення мадэлі міждзяржаўнага ўзаемадзеяння. Дасягненне працвітання рэальна толькі ў сучасным мірным узаемавыгадным развіцці".

Прэзідэнт падкрэсліў, што глабальныя ініцыятывы "Адзін пояс і адзін шлях" і "Супольніцтва адзінага лёсу", вылучаныя кітайскім лідарам Сі Цзіньпінам, - гэта не проста ідэя эканамічнага партнёрства, а перш за ўсё глыбокая аб'яднальная філасофія міжнароднага супрацоўніцтва. "Пры рэалізацыі гэтых канцэпцый не адбываецца навязвання інтарэсаў, гандлёвай экспансіі ў дзяржавы. Кітай прыходзіць - і ў гэтым унікальная асаблівасць - як дружалюбная краіна, прапануючы механізмы стымулявання сумеснага развіцця", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Праект "Адзін пояс і адзін шлях" не толькі перакройвае эканамічную карту свету, стварае новыя кропкі росту, але і фарміруе міжнародныя адносіны новага тыпу. Гэта інтэграцыя паверх блокаў, прызначаная гарманізаваць усе эканамічныя інстытуты і ліквідаваць бар'еры на шляху свабоднага руху тавараў, інвестыцый і людзей. "Ганаруся тым, што Беларусь стала першай краінай у Еўропе і адной з першых краін у свеце, якія падключыліся да будаўніцтва эканамічнага пояса Шаўковага шляху па шэрагу напрамкаў", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Так, рэалізуючы прынцыпы пабудовы "Супольніцтва адзінага лёсу", Беларусь і Кітай разам развіваюць праект індустрыяльнага парка "Вялікі камень". "Ён будуецца як горад будучага - экалагічны, інавацыйны і камфортны для работы і для жыцця. Глыбіня праекта ў тым, што дзве краіны сумесна ствараюць не толькі інфраструктуру, але і законы, па якіх развіваецца гэта вузлавая пляцоўка эканамічнага пояса Шаўковага шляху", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

Было адзначана, што ініцыятыва "Адзін пояс і адзін шлях" - гэта не проста гандлёвы маршрут, а канал руху ідэй і сумеснага стварэння інавацый. У Беларусі цалкам падтрымліваюць думку, выказаную Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам, аб неабходнасці стварэння ўласных тэхналогій на аснове нацыянальных распрацовак і кіруюцца заяўленым ім прынцыпам - "Нельга будаваць сваю будучыню на аснове мінулых чужых дасягненняў".

"Беларусь захавала і паспяхова развівае школы дакладных навук і лічбавых тэхналогій. Прапануем усім дзяржавам-удзельніцам прадумаць алгарытмы па спалучэнні сваіх навуковых патэнцыялаў. На міждзяржаўным узроўні і з дзяржаўнай падтрымкай фарміраваць цэнтры даследаванняў і навуковых абменаў, - сказаў беларускі лідар. - Неабходна скаардынаваць намаганні па абароне стратэгічна важнай інфраструктуры ўрадавых і камерцыйных баз даных. Сёння гэта пытанне бяспекі захавання суверэнітэту кожнай дзяржавы".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь з'яўляецца надзейным, адказным партнёрам Кітая. Аб гэтым сведчыць устанаўленне асаблівага ўзроўню адносін паміж нашымі краінамі - усебаковага давернага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. "Мы адкрытая краіна. Жыццёвы прынцып беларусаў - добрасуседства. Беларусь гатова да ўзаемадзеяння ў мэтах міжнароднага развіцця. Тут і цяпер мы павінны думаць аб сучасным пакаленні і несці адказнасць за нашых дзяцей і ўнукаў", - заклікаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

На палях форуму Аляксандр Лукашэнка правёў перагаворы з Прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Таіпам Эрдаганам. Бакі абмеркавалі рэалізацыю дасягнутых раней дамоўленасцей, а таксама перспектывы развіцця супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі ў розных сферах.

У прыватнасці, была адзначана неабходнасць актывізаваць работу па стварэнні сумесных вытворчасцей па зборцы камбайнаў і аўтамабільнай тэхнікі. Таксама лідары краін грунтоўна разгледзелі развіццё сітуацыі ў рэгіёне ў сферы бяспекі.

Прэзідэнты дамовіліся, што ў бліжэйшы час будзе праведзена пасяджэнне сумеснай міжурадавай камісіі, якое адкладвалася ў сувязі з унутранай сітуацыяй у Турцыі.

У гэты ж дзень Аляксандр Лукашэнка сустрэўся са старшынёй праўлення кітайскай карпарацыі "СІЦІК Груп" Чан Чжэньмінам. На перагаворы таксама прыбылі кіраўнікі важнейшых падраздзяленняў кампаніі.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што вельмі шмат чуў аб карпарацыі і азнаёміўся з яе многімі добрымі праектамі, аднак заўсёды задаецца пытаннем, чаму кампанія не поўнасцю ўключана ў бізнес у Беларусі. "Так, вы ажыццяўляеце праекты ў нашай краіне. Я добра ведаю іх, на некаторыя вашы работы гляджу кожны дзень па два разы, праязджаючы міма будоўлі. Тым не менш для такой велізарнай кампаніі, як ваша "СІЦІК Груп", гэта кропля ў моры", - лічыць беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў кіраўніцтву карпарацыі разгледзець розныя варыянты вядзення бізнесу ў Беларусі, разгарнуць які можна ў бліжэйшы час. "Скажыце, што мы павінны зрабіць? - спытаў ён. - Ёсць невялікія праблемы па тых праектах, над якімі мы працуем з вамі. Вы павінны сказаць, у чым гэтыя праблемы з вашага пункту гледжання".

Па выніках перагавораў карпарацыя "СІЦІК Груп" прыняла рашэнне пачаць рэалізацыю новых праектаў у Беларусі. Інвестыцыі будуць накіраваны ў аграпрамысловую, сельскагаспадарчую і нафтахімічную сферу.