Удзел у галасаванні на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

  • 15

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 11 кастрычніка прыняў удзел у прэзідэнцкіх выбарах, прагаласаваўшы на выбарчым участку № 1.

Кіраўнік дзяржавы паразмаўляў з міжнароднымі і беларускімі наглядальнікамі, а таксама з выбаршчыкамі, якія ў гэты час прысутнічалі на ўчастку. Пасля гэтага Аляксандр Лукашэнка адказаў на пытанні прадстаўнікоў айчынных і замежных сродкаў масавай інфармацыі, што датычыліся не толькі арганізацыі выбарчага працэсу і ходу выбараў, але і іншых палітычных тэм, у тым ліку міжнароднага напрамку.

Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу прысутных, што Беларусь праводзіць выбары згодна з Канстытуцыяй і заканадаўствам.

"Можа, вы і ведаеце міжнародныя стандарты, я асабіста іх не ведаю, хацелася б, каб вы мяне азнаёмілі з тымі стандартамі, якім мы павінны адпавядаць. Бяру ў двукоссе, гэта рытарычнае пытанне, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Самае галоўнае, я гэта ўжо не аднойчы падкрэсліваў, мы праводзім нашы выбары згодна з Канстытуцыяй і заканадаўствам нашай краіны. У нас ёсць законы, Канстытуцыя. Яны прайшлі адпаведную ацэнку. Мы былі за гэта. Але Канстытуцыя і нашы законы прызнаны ва ўсім свеце".

Аляксандр Лукашэнка сказаў, што ён у ходзе цяперашняй выбарчай кампаніі чуе ацэнкі тых, хто непрадузята і адкрыта глядзіць на наш палітычны працэс. "І яны вельмі пазітыўна ацэньваюць не толькі ход прэзідэнцкай кампаніі, датэрміновага галасавання, арганізацыю гэтага працэсу, але і тое заканадаўства, па якім мы праводзім нашы выбары. Напрыклад, некаму не падабаецца датэрміновае галасаванне, але апора дэмакратыі Злучаныя Штаты праводзяць датэрміновае галасаванне, па-мойму, нават за некалькі месяцаў да асноўнага галасавання. Таму, перш чым крытыкаваць нас (я толькі адзін прыклад назваў, можна шмат), ідзіце і наладзьце там гэты працэс, як нехта хоча".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: "Калі мы хочам з вамі адпавядаць нейкім стандартам, давайце раз і назаўсёды, будзе гэта ў рамках ААН, што мы прапаноўвалі разам з Расіяй, ці гэта ў рамках АБСЕ, тое, што мы прапануем ад імя СНД і ЕАЭС, выпрацуем гэтыя стандарты. І калі мы іх прымем і падпішамся пад імі, мы свята будзем іх выконваць".

Аляксандр Лукашэнка пажадаў апанентам дастойна падвесці вынікі выбараў. "Я прайграў - я сумленна скажу, што прайграў, нехта прайграў - яны павінны сумленна сказаць, што яны прайгралі. Гэта будзе дастойна беларускага народа, і гэта будзе ў скарбонку нашай дзяржавы і нашага народа", - лічыць беларускі лідар.

Прэзідэнт падкрэсліў, што галоўны прынцып яго палітыкі на працягу дваццаці гадоў - "усё павінна быць спакойна, без рэвалюцый", асабліва ў эканоміцы. Ён падкрэсліў, што гатовы на любыя рэформы, але сумняваецца, ці патрэбна гэта народу. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што абяцаў беларусам, што будзе рабіць так, як яны хочуць. "Я так і дзейнічаю. Калі вы мне дасце карт-бланш на любую ломку і рэвалюцыйнае пераўтварэнне, калі вы гэтага захочаце - калі ласка. Мы гэта зробім. Пытанне не ўва мне - пытанне ў грамадстве", - сказаў ён.

Закранаючы міжнародную тэматыку, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь ніколі не будзе пляцоўкай для атакі на любую дзяржаву.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ўжо не аднойчы заяўляў аб гэтым, прычым публічна.

Ва Украіне хутка ўсталюецца мір, і гэта пытанне адпадзе само сабой, лічыць Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што гэта датычыцца не толькі Украіны.

"Але не дай бог каму-небудзь захочацца бразгаць каля нашых граніц зброяй!" - дадаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

"Давайце жыць мірна. Слухайце, ну хопіць гэтых войнаў. Яны ўсюды ідуць. Малыя, вялікія канфлікты, халодныя, гарачыя. Хопіць! Мы ж родныя браты. Што мы дзелім, рускія, беларусы, украінцы? Дзяліць жа няма чаго. Час ужо жыць мірна, нікому не перашкаджаючы, і не ўлазіць ва ўнутраныя справы той ці іншай дзяржавы", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў выпадку яго перамогі на выбарах Беларусь не проста застанецца, як цяпер, дружалюбнай Расіі краінай. "Гэта братэрская і самая блізкая нам краіна. І ў гэтым вы можаце не сумнявацца! - падкрэсліў Прэзідэнт. - Мы родныя народы і родныя краіны, і гэтай пазіцыі мы будзем прытрымлівацца заўсёды, вядома ж, маючы сваю пазіцыю".

Кіраўнік беларускай дзяржавы пракаменціраваў таксама тэму магчымага размяшчэння расійскай авіябазы ў Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што не абмяркоўваў пытанне з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. Ён выказаў сумненне ў тым, што Расія гатова і будзе ствараць на тэрыторыі Беларусі такую базу, таму што гэта вялізныя грошы. Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што не бачыць неабходнасці ў яе размяшчэнні ў краіне.

"Дапусцім, гэта база была б у Беларусі. Якую праблему яна вырашае? Якая розніца для Су-29: узняцца з аэрадрома Бабруйска ці Пскова, Смаленска або нават Масквы? Абсалютна ніякай розніцы. 500 км - гэта не адлегласць для такога самалёта-перахватчыка", - сказаў беларускі лідар.

Што датычыць адносін з Захадам, то, на думку Прэзідэнта, калі ў Захаду ёсць імкненне палепшыць адносіны з Беларуссю, ніхто і нішто перашкодзіць не зможа.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэтыя выбары, і не толькі выбары, могуць пасадзейнічаць паляпшэнню адносін Беларусі з Захадам толькі пры жаданні самога Захаду. "Усё, што Захад пажадаў, усё, што Захад захацеў бачыць напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, прызнаюся сумленна, мы зрабілі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. "Таму, калі ў Захаду ёсць імкненне ўстанавіць з намі адносіны, ніхто і нішто перашкодзіць не можа".

На яго думку, на Захадзе пераканаліся ў шкодзе санкцый супраць Беларусі і ўбачылі, што Беларусь - прыстойная дзяржава.

Па просьбе журналістаў Аляксандр Лукашэнка закрануў і тэму адносін Беларусі з Кітаем, падкрэсліўшы, што ў Беларусі ніколі не было такіх добрых, блізкіх, стратэгічна важных адносін з КНР, як цяпер. "Мы будзем развіваць, як і развівалі, нашы адносіны, мы будзем ісці толькі наперад, выбудоўваючы вельмі добрыя адносіны з Кітаем", - падкрэсліў беларускі лідар. Аляксандр Лукашэнка падзякаваў кітайскаму боку за падтрымку і дапамогу, аказаныя ў складаны час Беларусі. "І крэдытную, і інвестыцыйную, і па пастаўках і закупках беларускага абсталявання, тэхнікі ў Кітай - за ўсё. З Кітаем у нас няма сёння практычна ніякіх праблем", - сказаў Прэзідэнт.

Вяртаючыся зноў да выбарчай тэматыкі, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі нікому не дазволяць дэстабілізаваць абстаноўку.

У Беларусі вызначаны месцы, дзе апазіцыя можа без праблем праводзіць свае мерапрыемствы. "Няхай збіраюцца, абмяркоўваюць праблемы, крытыкуюць уладу - становяцца апазіцыяй", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Адзін з журналістаў выказаў меркаванне, што, магчыма, з улікам крызісу ў беларускай эканоміцы, можна было проста адмяніць выбары, на што Прэзідэнт Беларусі запярэчыў: "Хто вам сказаў, што ў нас такі крызіс, што нам трэба было адмяніць выбары?" "Мы дэмакратычная дзяржава і праводзім выбары. Самае галоўнае - правядзенне выбараў, - заявіў Прэзідэнт. - Сёння народ вызначае сваю ўладу. Вы ведаеце паўнамоцтвы Прэзідэнта ў Беларусі і выбары - гэта вельмі важны працэс і гэта права народа".

На яго думку, вельмі важна, з якім багажом выйдзе пераможца з прэзідэнцкай гонкі.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што, калі яго выберуць на чарговы прэзідэнцкі тэрмін, ён павінен будзе, зыходзячы з таго, што ёсць, забяспечыць вельмі хуткі рух наперад і бяспеку народа. "Мне нічога не даруюць - ні зарплаты, ні эканомікі, ні бяспекі, ні ваеннай абароны. Таму што з мяне адразу запатрабуюць - а дзе ж ты быў гэтыя гады? Таму я жыву гэтымі пытаннямі", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Будзем працаваць - будзем мець усё, - перакананы Кіраўнік дзяржавы. - Каб нармальна жыць, у Беларусі ёсць усё. Але перш чым патрабаваць ад Прэзідэнта, паглядзіце на сябе: ці ўсё вы робіце для таго, каб жыць нармальна. Калі вы не складаючы рук працуеце дзень і ноч і не маеце ў выніку, напрыклад, зарплаты (хоць гэта больш да савецкага часу падыходзіць), значыць тут нешта не так, значыць трэба нешта ва ўладзе шукаць. Калі ж вы дзесьці недапрацоўваеце і хочаце жыць, як на Захадзе, тады хіба мы можам жыць нармальна? Перш чым чагосьці патрабаваць ад улады, трэба паглядзець на сябе. Што датычыцца мяне, ад мяне заўсёды трэба патрабаваць, таму што вы мяне выбіраеце", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што беларускі народ - таленавіты, разумны і мудры.