Удзел у агульнарэспубліканскіх святочных мерапрыемствах у гонар Дня Перамогі

  • 30
  • 30:05

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 9 мая прыняў удзел у агульнарэспубліканскіх святочных мерапрыемствах у гонар 74-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Кіраўнік дзяржавы ўсклаў вянок да манумента Перамогі ў Мінску. Кветкі да манумента ўсклалі таксама сыны Прэзідэнта.

У цырымоніі прынялі ўдзел кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, Нацыянальнага сходу, судоў, Савета Бяспекі і Узброеных Сіл, праваахоўных органаў, маладзёжных і грамадскіх аб'яднанняў, Выканаўчага камітэта СНД, прадстаўнікі замежнага дыпламатычнага корпуса, Беларускай праваслаўнай і Рымска-каталіцкай цэркваў.

У час урачыстага мерапрыемства памяць загінулых у Вялікай Айчыннай вайне ўшанавалі мінутай маўчання. Урачыстым маршам перад удзельнікамі цырымоніі прайшла зводная рота і аркестр ганаровай варты Мінскай ваеннай камендатуры. Затым на плошчы Перамогі адбыўся святочны тэатралізаваны паказ.

Пасля мерапрыемства Аляксандр Лукашэнка паразмаўляў з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўнікамі дыпламатычнага корпуса і моладдзю.

Актывісты Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі прадэманстравалі Прэзідэнту альбом "Беларусь памятае", дзе размешчаны фатаграфіі і кароткія гісторыі аб іх сваяках, якія змагаліся ў Вялікай Айчыннай вайне. Гэты альбом правязуць па розных гарадах і раённых цэнтрах краіны, і кожны жадаючы зможа размясціць у ім фатаграфіі сваіх сваякоў. Да Дня Незалежнасці экспанат зойме месца ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Аляксандр Лукашэнка таксама паразмаўляў з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі. Прэзідэнт заявіў, што прадстаўнікі і кіраўнікі дзяржаў постсавецкіх рэспублік павінны часцей збірацца на Дзень Перамогі ў Беларусі.

"9 Мая - гэта свята ўсіх, і перш за ўсё беларусаў. Таму на гэтай святой зямлі, напэўна, мы ўсе павінны часцей збірацца - прадстаўнікі былых савецкіх рэспублік і нават кіраўнікі дзяржаў, каб пакланіцца гэтай святой зямлі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Каменціруючы развагі ў некаторых СМІ аб яго адмове ехаць на святочныя мерапрыемствы ў Маскву, Прэзідэнт адзначыў: "Я не магу сказаць, што ніхто не прыехаў. Калі б расіяне або кіраўніцтва Расіі кагосьці запрасілі, а яны адмовіліся, то гэта было б "не прыехаў". Але што датычыцца нас: па-першае, мяне ніхто не запрашаў сёння ў Маскву, па-другое, нават калі б запрасілі, было б складана развесці гэтыя мерапрыемствы".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што не можа прапусціць святкаванне Дня Перамогі ў Мінску. На думку Прэзідэнта, калі б ён не наведаў урачыстыя мерапрыемствы ў беларускай сталіцы, у людзей з'явілася б шмат пытанняў. "Нават у вас, людзей, дасведчаных у палітыцы. А што людзі сказалі б, беларусы?" - спытаў ён.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што беларускі бок на святочных мерапрыемствах у Расіі прадстаўлены вельмі шырока - як простымі людзьмі, так і чыноўнікамі. Ён прывёў у прыклад губернатара Мінскай вобласці: Анатоль Ісачанка нядаўна наведаў сваю радзіму ў Бранскай вобласці. "Я яго прасіў перадаць нашым рускім людзям, якія там жывуць, самыя добрыя пажаданні з Днём Перамогі. Гэта народная дыпламатыя, у якую ўключаны Прэзідэнт Беларусі, была і ёсць заўсёды", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Адказваючы на пытанне журналістаў аб тым, што неабходна зрабіць для захавання памяці аб Вялікай Айчыннай вайне, Прэзідэнт адзначыў, што трэба памятаць самім і навучыць гэтаму сваіх дзяцей.

"Каб захаваць памяць, нам трэба самім не забыць і навучыць гэтаму сваіх дзяцей. Дзе толькі магчыма, паказваць сваім дзецям, нават самым маленькім, што гэта - наша Перамога, і гэта не толькі здабытак тых людзей, хто перамог (яны, вядома ж, галоўныя, яны прынеслі нам Перамогу), але гэта наш здабытак, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Мы наследнікі тых, хто ўмеў перамагаць".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што тэма захавання памяці аб Вялікай Перамозе не новая, асабліва для палітыкаў. "Гэта зразумела, з кожным годам будзе ўсё цяжэй, таму што час няўмольны, чалавечая памяць прыстасавана такім чынам, што не можа памятаць усё, захоўваць усё, - сказаў Прэзідэнт. - Нам трэба думаць аб тым, як захаваць галоўнае, што робіць нас людзьмі, што арыентавана на будучыню. Гэта, зразумела, адзін з нашых сімвалаў - Дзень Перамогі".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў неабходнасць прыняцця мер на дзяржаўным узроўні, каб перадаваць веды, вопыт і памяць аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны ад старэйшага пакалення моладзі. "Вядома ж, большасць нашай моладзі адданыя і надзейныя, - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, у час сваіх сустрэч з маладымі людзьмі ён часта задаецца пытаннем, ці здольны яны захаваць памяць аб тых падзеях. "У пераважнай сваёй большасці, абсалютна ўпэўнены, здольны", - сказаў Прэзідэнт. Упэўненасць у гэтым надаюць і шматлікія акцыі, якія праходзяць у Беларусі з удзелам і па ініцыятыве моладзі, у прыватнасці акцыя "Беларусь памятае!", якая была задумана менавіта ў нашай краіне, а пасля атрымала распаўсюджванне ў іншых дзяржавах, пад іншымі назвамі. "Гэтыя акцыі якраз і садзейнічаюць захаванню той памяці", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы са шкадаваннем канстатаваў, што з году ў год становіцца ўсё менш жывых сведкаў Вялікай Айчыннай вайны. "Мы трошкі забывалі аб тых, хто пасля вайны - дзеці вайны - аднавілі нашу краіну, - адзначыў Прэзідэнт. - Мы аб іх не павінны забываць. Яны яшчэ жывыя, яны бачылі гэту вайну".

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што трэба актыўна прыцягваць маладое пакаленне да падтрымання ў парадку помнікаў і месцаў пахаванняў удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. "Вядома, акцыямі ўсё не захаваеш, трэба кожны дзень нешта рабіць і паказваць гэта дзецям. А лепш за ўсё, каб дзеці самі гэта рабілі", - перакананы Кіраўнік дзяржавы.

"Праблема ёсць, - заўважыў Прэзідэнт. - Ёсць ужо і асобныя, якія з падачы нас, дарослых, лічаць, што гэта не наша перамога, што мы ледзь ці не агрэсарамі былі і гэтак далей. Гэта ж знаходзіць водгукі ў сэрцах няхай асобных, але нашых дзетак. Гэта дрэнна". Беларускі лідар падкрэсліў, што на ўзроўні дзяржавы і грамадства неабходна прыняць дзейсныя меры, каб захоўваць памяць аб Вялікай Айчыннай вайне.

Каменціруючы сітуацыю ў сферы бяспекі ў рэгіёне і асобных краінах, Прэзідэнт адзначыў, што ў Беларусі не проста прадбачылі, як будуць развівацца канфлікты ў розных кропках планеты, але і перажылі гэтыя падзеі так ці іначай. Ён нагадаў аб вулічных пратэстах у 1990-я гады, спробах апаганіць і знесці помнікі, у тым ліку ў Мінску на плошчы Незалежнасці. "Усё гэта мы перажылі. Па-мойму, у 2010 годзе была апошняя акцыя, дзе нас ужо паспрабавалі звергнуць. Помніце штурм Дома Урада. Да рэзідэнцыі Прэзідэнта пабаяліся падысці. Мы ўсё гэта перажылі: і гібрыды, і гарачыя сутыкненні, і спробу звергнуць канстытуцыйны лад і цяперашняе кіраўніцтва", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сёння найбольш актуальнае пытанне для Беларусі - гэта эканамічнае развіццё. Ён заўважыў, што калі кожны будзе працаваць як належыць, і перш за ўсё пачынаць з сябе, а потым патрабаваць ужо з кіраўніцтва краіны, то людзі будуць жыць добра. "Калі мы будзем прынцыпова да гэтага падыходзіць і думаць аб эканоміцы, аб тым, што нам трэба добра жыць (а для гэтага ў нас ёсць усё), то нам ужо нічога не страшна, таму што мы перажылі ўсё, - заявіў Прэзідэнт. - Нас немагчыма нахіліць і звергнуць, як сёння гэта адбываецца ў Венесуэле, як учора гэта пачалося і прадаўжаецца ў Сірыі, Лівіі і іншых дзяржавах".

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, дзякуючы адзінству беларускага народа пратэсныя настроі ў краіне, якія маглі скончыцца сутыкненнямі, удалося своечасова спыніць. "Мы, як цяпер ужо відаць (вялікае бачыцца на адлегласці), выратавалі сваю краіну. Нават калі мы заўтра пойдзем на пенсію, мы можам сказаць сваім дзецям: бярыце, жывіце спакойна і мірна. Нават багатыя, размешчаныя побач дзяржавы думаюць: а што пакінуць дзецям? Мы гэтага пазбеглі, таму нам гэта ўжо не страшна. Але аб гэтым трэба думаць заўсёды, і мы гэта трымаем у галаве", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт яшчэ раз звярнуў увагу, што для Беларусі галоўнае - гэта эканоміка. "Трэба хутчэй разгортвацца. Сёння ў нашых руках наш лёс, і як мы ім распарадзімся, залежыць толькі ад нас", - рэзюмаваў ён.