Бел
Галоўная   /  Падзеі

Удзел у адкрыцці Ржэўскага мемарыяла Савецкаму салдату

30 чэрвеня 2020 года
Удзел у адкрыцці Ржэўскага мемарыяла Савецкаму салдату
глядзіце таксама: фота
30 чэрвеня 2020 года
Удзел у адкрыцці Ржэўскага мемарыяла Савецкаму салдату 21 фота

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разам з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным 30 чэрвеня прыняў удзел у адкрыцці Ржэўскага мемарыяла Савецкаму салдату.

У час цырымоніі кіраўнікі дзяржаў пагутарылі з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, а затым усклалі кветкі да мемарыяла. Пасля гэтага ўдзельнікі мерапрыемства ўшанавалі памяць загінулых герояў мінутай маўчання.

"Вайна - гэта заўсёды кроў, жах і смерць. У гэтай нечалавечай, жорсткай рэальнасці бываюць рубяжы, процістаянне на якіх аплачана неймавернай цаной. Ржэў - менавіта такое месца, таму што за ім была сталіца нашай Радзімы і ўся наша вялікая краіна. Тут гарэла зямля, плавіўся камень і крышылася браня, але не здаваўся савецкі салдат. Ішоў урукапашную ў жорсткай схватцы з ворагам, калі заканчваліся патроны. Сыходзіў крывёю на снезе ў люты мароз. Паміраў, але стаяў насмерць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка ў час цырымоніі.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пада Ржэвам паляглі сотні тысяч герояў, і для кожнага з іх гэта была апошняя пядзя яго роднай зямлі. Гэтак жа, як для іншых воінаў, - Брэсцкая крэпасць, Неўскі выступ пад Ленінградам, Буйніцкае поле пад Магілёвам або Мамаеў курган у Сталінградзе, дадаў Прэзідэнт.

"Сёння мы адкрываем помнік воінам, сярод якіх былі прадстаўнікі ўсіх народаў Савецкага Саюза. Мы аддаём ім свой сыноўскі абавязак, абавязак святой памяці. Пакуль мы ствараем помнікі, пакуль мы прыходзім да помнікаў, мы ваяваць не будзем, мы пазбегнем гэтай страшнай трагедыі. Як толькі мы забудзем дарогу да гэтых святых мясцін - мы абавязкова будзем ваяваць. У гэтым сэнс нашых дзеянняў у гэтыя светлыя святы", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Ён падзякаваў стваральнікам гэтага грандыёзнага помніка, а таксама кіраўніцтву Расійскай Федэрацыі, Пастаяннаму камітэту Саюзнай дзяржавы, ураду Цвярской вобласці, Расійскаму ваенна-гістарычнаму таварыству, творчаму калектыву і ўсім грамадзянам, якія прынялі ўдзел у будаўніцтве.

"Адкрыццё гэтага мемарыяла, урачыстасці ў расійскай сталіцы, мітынг-рэквіем у Брэсцкай крэпасці, парад 9 мая ў Мінску яшчэ раз паказваюць, што гэта нашы агульныя перамога, памяць і слава, якія мы і ў далейшым будзем свята захоўваць. Гэта і ёсць рэальная сувязь часоў і пакаленняў. Нябачная ніць, якая злучае сэрцы ўсіх народаў, якія ваявалі ў той страшэннай вайне, і, перш за ўсё, беларусаў і расіян. З самай глыбокай удзячнасцю мы схіляем галаву перад мужнасцю і стойкасцю ўсіх, хто аддаў жыццё за свабоду цяперашніх і будучых пакаленняў", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Прэзідэнт перакананы, што мемарыял Савецкаму салдату пада Ржэвам заўсёды будзе сімвалам непарушнай дружбы паміж Расіяй і Беларуссю, месцам усеагульнага гонару і пакланення перад подзвігам нашых дзядоў і прадзедаў. "Мы не дазволім прыменшыць значэнне Вялікай Перамогі, сказіць праўду аб падзеях таго часу і рэабілітаваць нацызм. Інакш трагедыя можа паўтарыцца. Беларусь і Расія, якія заплацілі мільёнамі жыццяў сваіх грамадзян за мір на зямлі, абсалютна адзіныя ў гэтым імкненні", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуўся да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Ён адзначыў, што яны прадэманстравалі ўсяму свету ўзор бяспрыкладнай мужнасці, патрыятызму, свабодалюбства і сілы духу. "Нізкі вам паклон за бессмяротны подзвіг, доблесць, адвагу і вернасць Айчыне!" - выказаў сваю ўдзячнасць Прэзідэнт.

Кіраўнік беларускай дзяржавы таксама прыняў удзел у міжнароднай акцыі "Сад памяці". Ён і расійскі лідар пасадзілі саджанцы елкі. Акцыя стартавала ў сакавіку 2020 года і прадугледжвае высадку 27 млн дрэў у Расіі і іншых краінах СНД у памяць аб загінулых у час Вялікай Айчыннай вайны.

Адна з валанцёраў прапанавала кіраўнікам дзяржаў завяршыць гэту акцыю 22 чэрвеня 2021 года - у дзень 80-годдзя пачатку вайны - у Брэсцкай крэпасці, пасадзіўшы дрэвы ў гонар усіх загінулых там. Аляксандр Лукашэнка падтрымаў гэту прапанову. "Чакаем", - сказаў ён.

Затым прэзідэнты наведалі філіял Цэнтральнага музея Вялікай Айчыннай вайны, прысвечаны Ржэўскай бітве, дзе для іх правялі кароткую экскурсію.

Тэгі: Візіты
© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь