Бел
Галоўная   /  Падзеі

У Дзяржпраграму інавацыйнага развіцця Беларусі ўключаны 34 новыя праекты

14 чэрвеня 2018 года
Чытайце таксама:

У Дзяржаўную праграму інавацыйнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады ўключаны 34 новыя праекты і шэсць мерапрыемстваў па развіцці інавацыйнай інфраструктуры. Адпаведны Указ № 236 падпісаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Сярод новых праектаў стварэнне сучасных вытворчасцей па выпуску сродкаў зараднай інфраструктуры для электрамабіляў, мішэннага комплексу "Вяртушка-2" і беспілотнага авіяцыйнага комплексу "Фенікс", святлодыёднага асвятляльнага абсталявання, арганізацыя вытворчасці інавацыйных аналітычных і інспекцыйных комплексаў, оптыка-механічных вырабаў двайнога і спецыяльнага прызначэння, стварэнне высокатэхналагічнай аграпрамысловай вытворчасці поўнага цыкла.

Указ сцвярджае выкарыстанне сродкаў інавацыйных фондаў для фінансавання праектаў, што выконваюцца горадаўтваральнымі прадпрыемствамі, напрыклад, ААТ "Аршанскі інструментальны завод", ААТ "Белшына", ААТ "Брэсцкі электралямпавы завод", ААТ "Віцязь".

Для актывізацыі работ па забеспячэнні лічбавай трансфармацыі нацыянальнай эканомікі ў склад заказчыкаў праграмы ўключаецца Міністэрства сувязі і інфарматызацыі.

Развіццё высокатэхналагічных сектараў дапаўняецца напрамкамі "адытыўныя тэхналогіі", "прыборабудаванне, электронная прамысловасць і робататэхніка", "электратранспарт і яго інфраструктура".

Прыняцце дакумента будзе садзейнічаць інавацыйнай дзейнасці ў галінах і рэгіёнах, развіццю суб'ектаў інавацыйнай інфраструктуры, дасць магчымасць накіраваць неабходныя рэсурсы для стварэння новых высокатэхналагічных вытворчасцей.

© 2018, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь