У Беларусі ўстаноўлены юбілейны медаль "30 гадоў вываду савецкіх войскаў з Афганістана"

    У Беларусі ўстаноўлены юбілейны медаль "30 гадоў вываду савецкіх войскаў з Афганістана". Адпаведны Указ Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў 16 кастрычніка.

    Медалём будуць узнагароджвацца грамадзяне Беларусі (у тым ліку пасмяротна), якія выконвалі воінскі і службовы абавязак у Афганістане ў перыяд са снежня 1979 года па люты 1989-га, а таксама ваеннаслужачыя Узброеных Сіл, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў, работнікі дзяржаўных органаў і іншыя асобы, якія ўнеслі значны ўклад у героіка-патрыятычнае выхаванне грамадзян краіны, увекавечванне памяці загінулых, развіццё ветэранскага руху, арганізацыю работы па сацыяльнай, медыцынскай рэабілітацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў, інвалідаў і членаў сем'яў загінулых.

    Узнагарода вырабляецца з латуні. На яе правым баку размешчаны стылізаваныя выявы двух верталётаў, пад імі - тры бронетранспарцёры на фоне гор. На адным з іх адлюстраваны фігуры ваеннаслужачых, якія трымаюць баявы сцяг. На адваротным баку медаля знаходзіцца надпіс "30 гадоў вываду савецкіх войскаў з Афганістана" і рэльефны відарыс пяціканцовай зоркі, па абодва бакі якой размешчаны лаўровыя галіны.

    Фінансаванне расходаў на выраб медалёў і пасведчанняў да іх будзе ажыццяўляцца ў межах сродкаў, прадугледжаных Міністэрству абароны ў рэспубліканскім бюджэце на абарону і Узброеныя Сілы.