Цырымонія закладкі капсулы на будаўнічай пляцоўцы комплексу "Мінск-Мір"

  • 28
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Рэспублікі Сербія Таміслаў Нікаліч 20 лістапада прынялі ўдзел ва ўрачыстай цырымоніі закладкі капсулы, якая сімвалізуе пачатак будаўніцтва эксперыментальнага шматфункцыянальнага комплексу "Мінск-Мір".

Да пачатку цырымоніі кіраўнікі дзяржаў паразмаўлялі ў нефармальнай абстаноўцы, абмеркаваўшы, у прыватнасці, перспектывы правядзення ў Беларусі ў 2016 годзе сустрэчы кіраўнікоў былых югаслаўскіх рэспублік.

Прэзідэнт Беларусі выказаў надзею, што сербскі бок акажа Беларусі дапамогу ў арганізацыі гэтай сустрэчы. Таміслаў Нікаліч у сваю чаргу расказаў, што пэўныя захады па арганізацыі гэтай сустрэчы ўжо зроблены. Напрыклад, наконт удзелу прэзідэнтаў Славеніі, Харватыі, Македоніі і Чарнагорыі. "Тут будзе прадстаўлена ўся былая Югаславія, і гэта дапаможа нашаму народу лепш жыць. Гэта ваша вялікая заслуга", - падкрэсліў Таміслаў Нікаліч, звяртаючыся да беларускага лідара.

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў разгледзець магчымасць рэалізацыі ў Беларусі яшчэ аднаго праекта з удзелам былых югаслаўскіх рэспублік, і Прэзідэнт Сербіі пазітыўна ацаніў гэту ініцыятыву. Ён лічыць, што было б цудоўна, напрыклад, аднавіць сумесную вытворчасць прадукцыі.

У гутарцы прэзідэнты коратка абмеркавалі вынікі цяперашняга трохдзённага візіту Таміслава Мікаліча ў Беларусь. Так, напярэдадні лідары дзвюх краін правялі плённыя перагаворы ў вузкім і пашыраных складах. Кіраўнікі дзяржаў таксама падпісалі сумесную заяву, у якой падкрэслілі прыхільнасць Беларусі і Сербіі да захавання прынцыпаў міжнароднага права, намецілі прыярытэтныя напрамкі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.