Цырымонія ўшаноўвання выпускнікоў вышэйшых ваенных навучальных устаноў і вышэйшага афіцэрскага складу

  • 9

Беларускі народ цэніць мір і спакой у краіне. Аб гэтым Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка заявіў 5 ліпеня на цырымоніі ўшаноўвання выпускнікоў вышэйшых ваенных навучальных устаноў і вышэйшага афіцэрскага складу.

"Наш народ, як ніхто іншы, цэніць мір і спакой у краіне, даражыць сваёй бяспекай, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Для нас многае значаць такія паняцці, як суверэнітэт, незалежнасць і тэрытарыяльная цэласнасць дзяржавы. Гэта не проста палітыка, гэта наша жыццё, гэта жыццё нашых бацькоў сёння, гэта жыццё нашых дзяцей у будучым".

Каб захаваць усё гэта, адзначыў беларускі лідар, дзяржава праводзіць міралюбівую шматвектарную знешнюю палітыку, ажыццяўляе ваеннае будаўніцтва, умацоўваючы абараназдольнасць краіны. "Гэтыя падыходы арганічна знайшлі адлюстраванне ў новай Ваеннай дактрыне, якую вам, выпускнікам ваенных навучальных устаноў, трэба будзе рэалізоўваць на практыцы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што, выбраўшы для сябе шлях служэння Айчыне, афіцэры нясуць вялікую адказнасць перад краінай і народам. "Менавіта вам трэба будзе нарошчваць магутнасць Узброеных Сіл, вырашаць складаныя і адказныя задачы забеспячэння дзяржаўнай, грамадскай, пагранічнай бяспекі Беларусі, падтрымання правапарадку ў грамадстве", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, афіцэрам Узброеных Сіл неабходна сканцэнтравацца на ўсямерным павышэнні ўзроўню баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці, вывучцы і зладжанасці органаў упраўлення і войскаў, рэзультатыўнасці баевой падрыхтоўкі злучэнняў і воінскіх часцей. Трэба акцэнтаваць практычнае абучэнне войскаў на сучасных спосабах вядзення ўзброенай барацьбы, іх падрыхтоўку пад канкрэтныя задачы, вызначаныя планам абароны.

Важнейшай задачай супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, адзначыў Прэзідэнт, застаецца падтрыманне грамадскага парадку ў краіне, калі любы грамадзянін можа быць упэўнены ў сваёй бяспецы і бяспецы сваіх дзяцей.

Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу, што цяпер узрастае значнасць дзейнасці пагранічнага ведамства па адсочванні і прагназаванні магчымых выклікаў і пагроз пагранічнай бяспецы.

Удасканальваць сваю дзейнасць, на думку Прэзідэнта, павінна і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. "Патрэбны свежыя, узважаныя і разумныя ідэі і прапановы па развіцці, удасканаленні дзейнасці МНС, аптымізацыі кантрольнай дзейнасці", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Беларускі лідар таксама звярнуў увагу, што краіна ўдзяляе значную ўвагу тэхнічнаму перааснашчэнню сілавых ведамстваў. "Зусім хутка ў дапаўненне да новых самалётаў Як-130 ва Узброеныя Сілы паступяць новыя сучасныя верталёты Мі-8МТВ", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што беларускія прадпрыемствы абароннага сектара эканомікі асвоілі новы напрамак - ракетабудаванне, яны выпускаюць сучасныя радыялакацыйныя станцыі, сродкі сувязі і кіравання. Прадаўжаецца распрацоўка айчынных лёгкабраніраваных аўтамабіляў для сілавых структур. Акрамя таго, у краіне адкрыты цэнтр кіравання касмічнай сувяззю, выведзены на арбіту два спадарожнікі. "Гэта сведчыць аб тым, што мы можам многае рабіць сваімі рукамі. Любая краіна, якая думае аб бяспецы і абароне, асноўную зброю павінна рабіць сваімі рукамі", - упэўнены беларускі лідар.

Уручаючы генеральскія пагоны прадстаўнікам сілавых ведамстваў, Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што такія высокія званні атрымліваюць самыя дастойныя афіцэры. "Не кожнаму дадзена насіць гэтыя "цяжкія" пагоны на плячах. Без пафасу скажу: будзьце дастойныя гэтага. Вы сапраўды людзі асаблівыя, і на вас сёння ляжыць асаблівая адказнасць, - адзначыў Прэзідэнт. - Помніце адно, для чаго мы прызначаны з вамі. У нас ёсць толькі адзін абавязак і адна мэта: мы ў цяжкую хвіліну павінны быць наперадзе, і, калі трэба будзе ў імя нашага народа памерці, мы павінны памерці першымі. Мы аб гэтым павінны помніць заўсёды", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама ўручыў спецыяльныя лісты аб аб'яўленні Падзякі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 15 выпускнікам вышэйшых ваенных навучальных устаноў за выдатныя поспехі ў вучобе і ўзорнае выкананне воінскага абавязку. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што кіраўніцтва краіны і беларускі народ вераць у афіцэраў сілавых ведамстваў і разлічваюць на іх энергію і ініцыятыву, адказнасць і высокі прафесіяналізм.