Цырымонія ўшаноўвання выпускнікоў ваенных ВНУ і вышэйшага афіцэрскага складу

  • 19

Беларусы цэняць мір, бяспеку, незалежнасць, і гэтыя важнейшыя дасягненні беларускага народа маюць патрэбу ў надзейнай абароне. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 5 ліпеня на цырымоніі ўшаноўвання выпускнікоў вышэйшых ваенных навучальных устаноў і вышэйшага афіцэрскага складу.

"Сёння мы ўшаноўваем выпускнікоў вышэйшых ваенных навучальных устаноў. Правядзенне гэтага мерапрыемства ў дні, калі адзначаецца галоўнае свята беларускай дзяржаўнасці, - знак асаблівай павагі да афіцэрскага корпуса краіны", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы са шкадаваннем канстатаваў, што новы век не прынёс чалавецтву пазбаўлення ад войнаў. "У арсенале міжнародных адносін адным з інструментаў знешняй палітыкі па-ранейшаму застаецца ўзброеная агрэсія. Назіраецца пашырэнне ваенных блокаў і саюзаў на шкоду бяспецы іншых краін", - адзначыў Прэзідэнт.

У гэтых няпростых умовах Беларусь паслядоўна праводзіць міралюбівую палітыку, рэалізуе меры, якія даюць магчымасць захаваць мір не толькі ў рэгіёне.

"Наша краіна прапанавала сусветнай супольнасці знешнепалітычныя ініцыятывы, у аснове якіх ляжаць ідэі зніжэння напружанасці і ўмацавання мер даверу ў рэгіёне. Быццам бы нас чуюць, але дзеянняў пакуль не робяць - зразумела, чаму, - сказаў беларускі лідар. - Таму мы вымушаны ўдасканальваць нашу нацыянальную абарону і ўдзяляць пільную ўвагу нашай бяспецы".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што беларуская армія аснашчана новымі і мадэрнізаванымі ўзорамі ўзбраення. "Ваяваць ёсць з чым, трэба толькі ўмець", - падкрэсліў ён.

Вырашальную ролю ў павышэнні баяздольнасці Узброеных Сіл адыгрываюць ваенныя кадры. Гэта людзі, якія прысвяцілі ўсё сваё жыццё абароне Айчыны, заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Ім трэба будзе вырашаць складаныя і адказныя задачы па забеспячэнні найвышэйшай вывучкі і зладжанасці органаў кіравання і войскаў, абучаць надначаленых сучасным спосабам вядзення ўзброенай барацьбы.

"Асаблівую ўвагу звярніце, калі ласка, на ўмацаванне воінскай дысцыпліны, выхаванне ў ваеннаслужачых пільнасці і пачуцця ўзаемавыручкі. Менавіта вы павінны служыць прыкладам для падначаленых. Помніце, што ва ўсе часы афіцэры былі людзьмі абавязку, гонару і ўзорам дысцыплінаванасці", - звярнуўся да ваеннаслужачых Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, важнейшай задачай органаў унутраных спраў застаецца надзейная абарона асобы, грамадства і дзяржавы ад любых злачынных замахаў.

Выпускнікоў ВНУ сістэмы МНС Кіраўнік дзяржавы арыентаваў на папярэджанне надзвычайных сітуацый. Акрамя таго, асаблівую ўвагу ім трэба ўдзяляць безаварыйнай эксплуатацыі Беларускай атамнай электрастанцыі.

Ад супрацоўнікаў спецслужбаў Аляксандр Лукашэнка патрабуе забяспечыць недапушчэнне праяўленняў тэрарызму і экстрэмізму, распальвання нацыянальнай, рэлігійнай, сацыяльнай варожасці.

"Няпростая міжнародная абстаноўка, звязаная з небяспекай тэрарыстычных атак, наркатрафікам, незаконнай міграцыяй, патрабуе падтрымання на высокім узроўні баявой гатоўнасці органаў пагранічнай службы", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Ва ўрачыстай абстаноўцы Кіраўнік дзяржавы ўручыў пагоны генерал-маёра намесніку начальніка ўзбраення Узброеных Сіл - начальніку штаба ўзбраення Андрэю Федзіну, першаму намесніку начальніка тылу Узброеных Сіл - начальніку штаба тылу Аляксандру Панфёраву і начальніку Мінскага сувораўскага вучылішча Аляксандру Навуменку.

Пагоны генерал-маёра міліцыі атрымалі начальнік УУС Віцебскага аблвыканкама Іван Кубракоў і начальнік УУС Брэсцкага аблвыканкама Аляксандр Астрэйка. Званне дзяржаўнага саветніка мытнай службы III рангу прысвоена начальніку Гродзенскай рэгіянальнай мытні Андрэю Кавальчуку.

У Палацы Незалежнасці таксама ўшаноўвалі выпускнікоў вышэйшых ваенных навучальных устаноў - факультэта Генеральнага штаба Узброеных Сіл Ваеннай акадэміі, Акадэміі МУС, Інстытута нацыянальнай бяспекі, а таксама некаторых ваенных ВНУ Расіі. За выдатныя поспехі ў вучобе і ўзорнае выкананне воінскага абавязку лепшым з ваеннаслужачых аб'яўлена Падзяка Прэзідэнта.

Аляксандр Лукашэнка павіншаваў афіцэраў з паспяховым заканчэннем вучобы і з прысваеннем генеральскіх званняў. "Абарона Радзімы - гэта нялёгкая, але высакародная праца. Беларускі народ верыць у вас, разлічвае на вашу адказнасць і высокі прафесіяналізм. Вы павінны апраўдаць гэты давер і дастойна выканаць ускладзеныя задачы на вашым наступным службовым этапе", - сказаў беларускі лідар.

Ён дадаў, што ў Беларусі часта гавораць пра няхватку ваенных кадраў, асабліва сярод вышэйшага афіцэрскага складу. "А я ўвесь час думаю: а куды мы будзем дзяваць столькі людзей, якія скончылі вышэйшыя навучальныя ваенныя ўстановы? Значыць, кадраў у нас хапае", - канстатаваў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы таксама павіншаваў удзельнікаў цырымоніі з Днём Незалежнасці і падзякаваў усім, хто ўдзельнічаў у арганізацыі і правядзенні ваеннага парада ў гонар гэтага свята. "Упэўнены, што амаль усе тут прысутныя ўдзельнічалі ў нашым парадзе. Павінен заўважыць, што гэта быў лепшы парад па сваёй падрыхтоўцы за ўсе гады майго прэзідэнцтва, ды і наогул суверэннай і незалежнай Беларусі, - зладжаны, дынамічны, прыгожы, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Вельмі хацелася, каб мы гэтак жа дакладна, адназначна і ўпэўнена неслі ваенную службу".