Уручэнне дзяржаўных узнагарод

  • 15

Беларусы сваёй працай і талентам, ініцыятывай і майстэрствам робяць жыццё лепшым, забяспечваючы дабрабыт роднай краіны. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 8 кастрычніка на цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўзнагароджанне суайчыннікаў за значны ўклад у развіццё беларускай дзяржавы і грамадства ўжо стала добрай традыцыяй. На яго думку, асабліва прыемна, што высокіх узнагарод удастоены людзі, якія праявілі сапраўдны гераізм, рызыкуючы сабой дзеля выратавання чалавечых жыццяў.

"Мы ўшаноўваем нашых мужных ваенных лётчыкаў", - падкрэсліў Прэзідэнт. Ён расказаў, што камандзір экіпажа 61-й знішчальнай авіяцыйнай базы Узброеных Сіл Беларусі Уладзімір Паўленка ў час сітуацыі, якая ўяўляла пагрозу для жыцця людзей, адмовіўся ад катапульціравання, бо падзенне самалёта ў раёне населеных пунктаў магло прывесці да ахвяр сярод насельніцтва. У вельмі складаных умовах экіпажу ўдалося прадухіліць катастрофу і пасадзіць самалёт на базавым аэрадроме. Уладзімір Паўленка ўзнагароджаны ордэнам "За асабістую мужнасць".

Гэтай жа ўзнагароды ўдастоены начальнік штаба - першы намеснік камандзіра вучэбна-баявой авіяцыйнай эскадрыллі 116-й гвардзейскай штурмавой авіяцыйнай базы Георгій Мішаеў. Будучы намеснікам камандзіра звяна, ён вывеў у бяспечную зону самалёт, які страціў кіраванне, і на мінімальнай вышыні катапульціраваўся, пераканаўшыся, што машына не ўпадзе на жылыя пабудовы.

Прэзідэнт Беларусі падзякаваў лётчыкам за мужнасць і гераізм. Ён адзначыў, што вельмі рэдка ўручаецца ордэн "За асабістую мужнасць", гэта выключныя выпадкі. "Вы сапраўдны прыклад ваеннаслужачага, служэння нашай Айчыне. Вы сапраўды герой", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. На яго думку, у наш няпросты час вельмі важна, што ва Узброеных Сілах Беларусі служаць ваеннаслужачыя, якія могуць рызыкаваць сабой дзеля выратавання людзей. Абараназдольнасць краіны забяспечваецца не толькі моцай зброі і ўзроўнем падрыхтоўкі асабовага складу. Не менш важную ролю адыгрываюць маральныя ідэалы, маральна-этычныя ўстаноўкі салдат і афіцэраў, заявіў Прэзідэнт Беларусі.

У ліку ўзнагароджаных былі прадстаўнікі розных сфер. Напрыклад,  дырэктар Навукова-тэхнічнага цэнтра "ЛЭМТ" Беларускага оптыка-механічнага аб'яднання Аляксей Шкадарэвіч. Прадпрыемства 20 з лішнім гадоў паспяхова працуе на сусветных рынках высокатэхналагічнай прадукцыі.

Званне "Заслужаны будаўнік Рэспублікі Беларусь" прысвоена брыгадзіру філіяла вытворча-мантажнага ўпраўлення ААТ "Прамтэхмантаж" Валерыю Шаўчэнку. Гэта прадпрыемства вядома сваім удзелам ва ўзвядзенні такіх важных аб'ектаў, як "Мінск-Арэна", "Чыжоўка-Арэна", рэспубліканскі гарналыжны цэнтр "Сілічы".

Паводле слоў Прэзідэнта, добрых слоў заслугоўвае і калектыў вытворча-рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Віцебскаблгаз". Дзякуючы яго намаганням завершана газіфікацыя Віцебскай вобласці, а цяпер прадпрыемства актыўна ўкараняе найноўшыя тэхналогіі рэсурсазберажэння.

Аграрыяў на цырымоніі ўзнагароджання прадстаўляла дырэктар ААТ "Нясвіжскія Астроўкі" Людміла Гутнік. За апошнія гады ў гаспадарцы значна вырасла прадукцыйнасць жывёлагадоўлі і ўраджайнасць сельгаскультур, павысілася рэнтабельнасць вытворчасці.

Зусім нядаўна ў краіне адзначалі Дзень настаўніка, таму не выпадкова сярод узнагароджаных былі і педагогі розных навучальных устаноў. Узнагароджваліся таксама прадстаўнікі медыцыны і журналістыкі, вялікая група спартсменаў і дзеячаў мастацтва.

Асобныя словы ўдзячнасці прагучалі ў адрас шматдзетных жанчын, якія выхоўваюць дзяцей. "Асаблівая ўдзячнасць за дзетак. Нам так сёння іх не хапае. Я аб гэтым часта гавару, - адзначыў Прэзідэнт. - Мы ў будучым, калі нам з вамі давядзецца працаваць, прыярытэтную ўвагу будзем удзяляць дзецям і старым. І будзем рабіць усё для іх, наколькі гэта магчыма".  Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што "ў нас ёсць сур'ёзныя абмежаванні, ні ў якім разе не звязаныя з намі".

"Калі б не знешнія ўмовы, мы даўно ўжо былі б працвітаючай дзяржавай, - сказаў Прэзідэнт Беларусі. - У нас ёсць чаму павучыцца, і я гэта гавару ўсюды на перагаворах з вядучымі лідарамі дзяржаў, калі яны мне пачынаюць намёкамі гаварыць аб нашым дзяржаўным ладзе, аб дэмакратыі, - дай бог, каб у вас было столькі дэмакратыі. Таму што дэмакратыя - гэта перш за ўсё народ, гэта дзяржава, якая робіць усё ў інтарэсах народа. Там, дзе можна нараджаць, спакойна хадзіць з дзеткамі, адчуваць сябе абароненым, дзе можна дастукацца да ўлады. Я не хачу сказаць, што мы ўсё робім у гэтым напрамку, але дастукацца да самых высокіх узроўняў улады ў нашай краіне можна".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што вельмі многае залежыць таксама ад укладу кожнага ў развіццё і працвітанне краіны.