Цырымонія ўручэння дзяржаўных узнагарод

  • 27
Беларусы не паступіліся сваімі прынцыпамі добрасуседства, захавалі мір і стабільнасць у грамадстве. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 17 снежня на цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўручэнне дзяржаўных узнагарод напярэдадні калядных і навагодніх свят ужо стала добрай традыцыяй, паколькі канец года - гэта час падвядзення вынікаў.

"Адыходзячы год быў няпростым, - сказаў Прэзідэнт. - Каля самых нашых граніц раптам запалала новая гарачая кропка. Радыкальна змяніліся міжнародныя адносіны. Здаецца, чалавецтва ўваходзіць у чарговы перыяд напружанасці і процістаянняў".

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, беларусы дастойна пражылі год, хоць і не абышлося без цяжкасцей і праблем. Многага ўдалося дасягнуць менавіта дзякуючы таму, што ў грамадстве захаваны мір і стабільнасць.

У Беларусі сабраны нядрэнны ўраджай збожжавых і іншых культур, забяспечана харчовая бяспека краіны. Уведзены ў строй новыя і мадэрнізаваныя прадпрыемствы, у выніку чаго прамысловы патэнцыял павялічаны амаль на паўтары тысячы арганізацый.

"У беларускай сталіцы і рэгіёнах за год пабудаваны жылыя масівы і сацыяльна-культурныя аб'екты. Упершыню за ўсю гісторыю сучаснай Беларусі мы прымалі ў сябе буйное міжнароднае першынство - чэмпіянат свету па хакеі", - дадаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што Беларусь сваімі дасягненнямі абавязана тым, хто ўпарта працуе, каб зрабіць наша жыццё лепшым. Дзяржаўных узнагарод удастоены прадстаўнікі розных прафесій. Прэзідэнт падкрэсліў: "Па выніках іх работы мы можам меркаваць аб тым, у якіх галінах Беларусь ужо дабілася прыкметных поспехаў".

Сярод узнагароджаных - прадстаўнік аднаго з флагманаў айчыннага машынабудавання і сусветна вядомага беларускага брэнда - адкрытага акцыянернага таварыства "БелАЗ". Аграпрамысловы комплекс на мерапрыемстве прадстаўляў кіраўнік філіяла "Сервалюкс Агра" сумеснага закрытага акцыянернага таварыства "Сервалюкс" Магілёўскага раёна. За некалькі гадоў прадпрыемства правяло сур'ёзную мадэрнізацыю і прыкметна нарасціла магутнасці. Уведзены ў строй некалькі прамысловых аб'ектаў.

"Мы аддаём даніну павагі беларускім будаўнікам, - прадоўжыў Прэзідэнт Беларусі. - За апошнюю пяцігодку абнавілася аблічча многіх населеных пунктаў - ад аграгарадкоў, райцэнтраў да сталіцы Беларусі. Пабудаваны завадскія карпусы, сацыяльна-культурныя будынкі і жылыя дамы, палепшана інфраструктура". Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у гэтым плане добрых слоў заслугоўваюць калектывы ААТ "Гроднажылбуд", Бялыніцкай перасовачнай механізаванай калоны нумар 241, Брэсцкага будаўнічага трэста нумар 8, Мінскага ўпраўлення механізацыі нумар 79.

"Дасягненні айчыннай медыцыны на слыху, і я рады бачыць у гэтай зале вялікую групу медыцынскіх работнікаў", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"У гэты ўрачысты дзень мы ўшаноўваем і тых, хто забяспечвае нашу бяспеку, спакой і мір. Высокіх дзяржаўных узнагарод удастоены супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных спраў, прадстаўнікі Узброеных Сіл і МНС", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ганаровых званняў і дзяржаўных узнагарод удастоены таксама вядучыя педагогі, работнікі СМІ, дзяржаўныя служачыя і дзеячы культуры. Адзначаны поспехі беларускай вузаўскай адукацыі.

Акрамя таго, узнагароджаны акцёры Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы імя Ленінскага камсамола Беларусі, кіраўнік аркестра народных інструментаў Магілёўскай абласной філармоніі. Аддадзена даніна павагі і тым, хто праслаўляе Беларусь спартыўнымі дасягненнямі.

Прэзідэнт Беларусі падзякаваў усім за шматгадовую карпатлівую працу і адказнае стаўленне да справы, за тое, што людзі свае таленты і здольнасці выкарыстоўваюць на карысць Радзімы. "Ведаю, шлях да высокіх узнагарод быў нялёгкім, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Але нездарма ў народзе кажуць: лепш сутыкацца з цяжкасцямі, калі рухаешся наперад, чым стаяць на месцы. Вы сваім прыкладам даказалі, што працавітасць, настойлівасць і ўменне ніколі не здавацца абавязкова прывядуць да поспеху".