Цырымонія ўручэння даверчых грамат пасламі замежных краін

  • 13

Беларусь успрымаецца на міжнароднай арэне як надзейны і прадказальны партнёр. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 13 снежня ў час цырымоніі ўручэння даверчых грамат.

Кіраўнік дзяржавы прыняў даверчыя граматы ад паслоў Буркіна-Фасо, Рэспублікі Інданезія, Канады, Літоўскай Рэспублікі, Вялікага Герцаргства Люксембург, Манголіі, Фінляндскай Рэспублікі, Французскай Рэспублікі, Дзяржавы Эрытрэя, Эстонскай Рэспублікі, Апостальскага Нунцыя ў Беларусі.

Прэзідэнт звярнуў увагу на важнасць таго, што ў гэтым годзе Беларусь адзначае 25-годдзе свайго суверэнітэту. "За параўнальна кароткі перыяд быў пераадолены эканамічны спад, выкліканы развалам СССР, і фактычна адноўлена сацыяльна арыентаваная дзяржава. На гэты час намі праведзена сістэмная мадэрнізацыя практычна ўсіх галін і сектараў эканомікі, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Мы па праву ганарымся прынцыпова новымі напрамкамі гаспадарчай дзейнасці - атамнай энергетыкай, касмічнымі і біяхімічнымі тэхналогіямі, у ваенна-прамысловым комплексе".

Кіраўнік дзяржавы лічыць невыпадковым той факт, што Беларусь усё часцей асацыіруецца з астраўком стабільнасці ў рэгіёне, прытрымліваючыся такіх каштоўнасцей, як выключныя міралюбнасць і бяспека. "Мы нязменна выступаем за вырашэнне канфліктных сітуацый цывілізаваным шляхам, за сталом перагавораў. Без прымянення ваеннай сілы, без аказання палітычнага і эканамічнага націску. Сёння Мінск стаў значнай пляцоўкай для ўрэгулявання рэгіянальных крызісаў", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама нагадаў, што ў верасні гэтага года сфарміраваны новы склад Нацыянальнага сходу і выказаў надзею на пашырэнне міжпарламенцкага ўзаемадзеяння.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь адкрыта для супрацоўніцтва і рэалізацыі ўзаемавыгадных праектаў. "Беларуская эканоміка з'яўляецца адной з самых адкрытых у свеце. Сёння разам з прыняццем мер, накіраваных на актывізацыю бізнесу, мы паглыбляем міжнародныя гандлёва-эканамічныя сувязі", - нагадаў Прэзідэнт.

Беларусь з'яўляецца адной з краін - заснавальніц Еўразійскага эканамічнага саюза. Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што замежныя краіны пры развіцці эканамічных адносін з Беларуссю ацэняць сапраўды бязмежныя перспектывы, што вынікаюць з магчымасці доступу на агульны рынак ЕАЭС.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь удзяляе асаблівую ўвагу супрацоўніцтву з краінамі Еўрапейскага саюза, пашыраючы канструктыўную ідэю "інтэграцыі інтэграцый", і ў гэтым плане ўскладае надзеі ў першую чаргу на нашых суседзяў.

Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што Літва з'яўляецца для Беларусі важным партнёрам у Еўропе, перш за ўсё ў знешнеэканамічнай сферы: "Мы даволі эфектыўна працуем у транспартна-транзітнай і інвестыцыйнай галінах. Трэба прадаўжаць рухацца ў гэтым напрамку і максімальна выкарыстоўваць існуючы патэнцыял".

Беларускі бок таксама адкрыты для плённага дыялогу з Фінляндыяй. "Для нашай краіны мае асаблівае значэнне прыцягненне інвестыцый і выкарыстанне сучасных фінляндскіх тэхналогій у мадэрнізацыі беларускіх прадпрыемстваў", - адзначыў Прэзідэнт.

"Цяжка пераацаніць ролю Францыі як аднаго з палітычных і эканамічных "цяжкавагавікоў" Еўрапейскага саюза і ўсяго свету. Разлічваем на падтрымку Францыяй нашага курсу на шматвектарную знешнюю палітыку і большую ўключанасць краіны ў міжнародныя эканамічныя адносіны", - заявіў беларускі лідар.

Беларусь гатова пашыраць кантакты з Эстоніяй ва ўсіх сферах, уключаючы палітычнае і гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва.

"Наша краіна зацікаўлена ў прагматычным узаемадзеянні з Люксембургам па ўсіх пытаннях двухбаковага, рэгіянальнага і глабальнага супрацоўніцтва. Улічваючы статус Люксембурга як аднаго з фінансавых цэнтраў Еўропы, мы выступаем за нарошчванне кантактаў у галіне эканомікі, перш за ўсё ў крэдытна-інвестыцыйнай сферы", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі разлічвае на ўмацаванне супрацоўніцтва Беларусі з Ватыканам: "Для нашай краіны Ватыкан - асаблівы партнёр у міжнародным дыялогу. У нас склаліся выключнае ўзаемаразуменне і давер з кіраўнікамі Рымска-каталіцкай царквы і асабіста з Яго Святасцю Папам Рымскім Францыскам". Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што пры новым Апостальскім Нунцыю двухбаковае супрацоўніцтва захавае і ўмацуе традыцыйна дружалюбны, плённы характар.

Кіраўнік дзяржавы бачыць перспектывы для пашырэння ўзаемадзеяння Беларусі з Канадай: "Для нашай краіны вельмі прывабны канадскі рынак. Разлічваем, што рашэнне ўрада Канады аб адмене абмежаванняў на гандаль з Беларуссю паслужыць наладжванню двухбаковага эканамічнага ўзаемадзеяння і паглыбленню палітычнага дыялогу".

Вялікі інтарэс для Беларусі ўяўляе і развіццё адносін з Інданезіяй, асабліва з улікам таго, што эканоміка гэтай краіны з'яўляецца буйнейшай сярод краін АСЕАН.

Паводле слоў Прэзідэнта, у апошнія гады таксама прыкметна актывізаваны дыялог Беларусі і Манголіі: адноўлены кантакты на вышэйшым і высокім узроўнях, пашырана дагаворна-прававая база, узрасла інтэнсіўнасць гандлёва-эканамічных адносін.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што наша краіна прадаўжае пошук агульных падыходаў для пашырэння супрацоўніцтва з краінамі Афрыкі. Ён адзначыў, што Беларусь ужо мае станоўчы вопыт кааперацыі з Буркіна-Фасо па пастаўках тэхнічнай прадукцыі. Што датычыцца Эрытрэі, гэта напрамак, дзе яшчэ шмат трэба будзе ажыццявіць.

У час размовы з пасламі пасля цырымоніі ўручэння даверчых грамат Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на намеры Беларусі выбудоўваць узаемавыгаднае супрацоўніцтва з усімі дзяржавамі і інтэграцыйнымі аб'яднаннямі. Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу на вялікую важнасць сумесных намаганняў па захаванні міру і стабільнасці: "Добра, што ў нашых дзяржавах - мір і спакой, цаніце гэта, і на гэтым шляху мы будзем самымі добрымі партнёрамі".