Цырымонія пасадкі Дрэва міру і ўстойлівага развіцця ў гонар 70-годдзя заснавання ААН

  • 8
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 23 кастрычніка прыняў удзел у цырымоніі пасадкі Дрэва міру і ўстойлівага развіцця ў гонар 70-годдзя заканчэння Другой сусветнай вайны і заснавання Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.

Цырымонія прайшла ў Лошыцкім парку ў Мінску.  Удзел у пасадцы дрэва ніцай вішні разам з Аляксандрам Лукашэнкам прынялі намеснік адміністратара Праграмы развіцця ААН, рэгіянальны дырэктар па краінах Еўропы, СНД і Балтыі Джыхан Султанаглу, пастаянны каардынатар ААН і пастаянны прадстаўнік ПРААН у Беларусі Санака Самарасінха, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, міжнародных арганізацый.

Белы колер, якім цвіце ніцая вішня, у розных культурах сімвалізуе чыстату і адраджэнне, добразычлівасць і заклік да прымірэння. Такое ж дрэва было пасаджана ў маі гэтага года ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку. Цырымонія пасадкі Дрэва міру і адзінства была прымеркавана да 70-й гадавіны Перамогі над фашызмам.

Для Аляксандра Лукашэнкі таксама правялі кароткую экскурсію па музеі Лошыцкай сядзібы. Прэзідэнт Беларусі ў нефармальнай абстаноўцы паразмаўляў з кіраўнікамі дыпмісій краін-донараў і прадстаўнікамі міжнародных арганізацый, якія прыйшлі на цырымонію.

Сёння ж у доме-музеі "Лошыцкая сядзіба" ў прысутнасці Прэзідэнта была падпісана рамачная праграма ААН па тэхнічнай дапамозе Беларусі ў мэтах развіцця на 2016-2020 гады. Гэта другі па ліку дакумент, які вызначае сумесную стратэгію дзейнасці арганізацый сістэмы ААН у Беларусі. Увага ў дакуменце засяроджана на чатырох найбольш важных для краіны галінах: устойлівае эканамічнае развіццё; інклюзіўнае, адказнае і падсправаздачнае кіраванне; захаванне спрыяльнага навакольнага асяроддзя і ўстойлівае выкарыстанне прыроднага патэнцыялу, заснаванае на прынцыпах "зялёнай" эканомікі; устойлівае развіццё чалавечага капіталу з упорам на ахову здароўя, адукацыю, сацыяльную абарону.