Цырымонія адкрыцця комплексу будынкаў пасольства Туркменістана ў Мінску

  • 30

Кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедаў 12 мая прынялі ўдзел у цырымоніі адкрыцця комплексу будынкаў пасольства Туркменістана ў Мінску.

Аляксандр Лукашэнка лічыць глыбока сімвалічным, што гэта падзея адбылася ў знамянальныя для ўсіх краін Садружнасці Незалежнасці Дзяржаў, у тым ліку Туркменістана і Беларусі, дні святкавання Вялікай Перамогі.

Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што будынкі ўзведзены даволі хутка. Усяго паўтара года таму яны разам з Прэзідэнтам Туркменістана закладвалі капсулу ў фундамент новага будынка, а сёння ўжо пабудаваны аб'ект, які па праву стане дастойным архітэктурным упрыгажэннем сталіцы.

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што беларускі бок ўдзяляў максімум увагі на ўсіх этапах будаўніцтва комплексу. Гэта датычылася як устанаўлення адпаведных падатковых ільгот, так і стварэння інфраструктуры, добраўпарадкавання прылеглай тэрыторыі.

"Упэўнены, што пасольства стане цэнтрам прыцяжэння беларуска-туркменскага супрацоўніцтва. А дыпламаты, якія будуць тут працаваць, унясуць свой важкі ўклад ва ўмацаванне шчырай дружбы паміж нашымі народамі і дзелавога партнёрства паміж дзяржавамі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама падкрэсліў, што ў Беларусі вучыцца нямала туркменскіх студэнтаў, якія пасля вучобы павязуць з сабой часцінку беларускай душы і ў далейшым будуць змацоўваць сваёй дзейнасцю беларуска-туркменскую дружбу. А аснова гэтай дружбы закладваецца ў Мінску. "Безумоўна, гэтым дэманструецца ўзаемная ўпэўненасць у доўгатэрміновым характары двухбаковых адносін, нацэленасць на іх развіццё і паглыбленне. Тым больш, што ў нас ёсць шэраг маштабных праектаў, рэалізацыя якіх паслужыць на карысць нашых краін", - падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы засяродзіў увагу на важнасці сумеснага стварэння буйных аб'ектаў у Туркменістане. Аляксандр Лукашэнка сказаў, што як у супрацоўніцтве, так і ажыццяўленні сумесных праектаў няма сур'ёзных праблем. А калі нават узнікаюць нейкія пытанні, яны своечасова вырашаюцца.

У сваю чаргу Гурбангулы Бердымухамедаў выказаў меркаванне, што "новы будынак пасольства будзе стаяць на трывалым фундаменце двухбаковай дружбы і ўзаемаразумення". Ён лічыць, што пасольства Туркменістана будзе актыўна працаваць на карысць далейшага развіцця двухбаковых сувязей. Прэзідэнт Туркменістана запэўніў, што з туркменскага боку ёсць дакладны намер у дасягненні канкрэтных высокіх вынікаў ва ўзаемадзеянні паміж Туркменістанам і Беларуссю.

Аляксандр Лукашэнка і Гурбангулы Бердымухамедаў азнаёміліся з умовамі работы туркменскіх дыпламатаў. Прэзідэнты агледзелі ў пасольстве экспазіцыі музея, якія прадстаўляюць культуру Туркменістана, а таксама пакінулі запісы ў Кнізе ганаровых гасцей.