Тэлефонныя перагаворы з прэзідэнтамі Азербайджана і Арменіі

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заклікаў бакі карабахскага канфлікту да дыялогу. Гэта тэма абмяркоўвалася 2 красавіка ў час тэлефонных размоў Кіраўніка беларускай дзяржавы з прэзідэнтамі Азербайджана і Арменіі Ільхамам Аліевым і Сержам Саргсянам.

    Былі падрабязна абмеркаваны падзеі, абставіны інцыдэнту ў Нагорным Карабаху.

    Прэзідэнт Беларусі выказаў занепакоенасць у сувязі з сітуацыяй, якая склалася ў зоне карабахскага канфлікту. Кіраўнік беларускай дзяржавы таксама заклікаў бакі да дыялогу і выказаў шкадаванне, што ў сувязі з сутыкненнямі гінуць людзі, сярод якіх як ваеннаслужачыя, так і мірныя жыхары.

    Па даручэнні Прэзідэнта Беларусі сітуацыя ў зоне карабхскага канфлікту была абмеркавана і на міністэрскім узроўні. Адпаведныя перагаворы са сваімі азербайджанскім і армянскім калегамі правёў міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў.

    Аналагічная работа вядзецца і па дыпламатычных каналах. Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей правёў ужо кансультацыі з міністрам замежных спраў Азербайджана Эльмарам Мамед'яравым. Цяпер прапрацоўваецца магчымасць перагавораў з міністрам замежных спраў Арменіі Эдвардам Налбандзянам.