Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Тэлефонная размова з Прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім

31 ліпеня 2019 года
Сёння адбылася тэлефонная размова Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.

Аляксандр Лукашэнка павіншаваў украінскага калегу з паспяховым правядзеннем палітычных кампаній, пажадаўшы поспехаў у фарміраванні органаў улады і ў цэлым у далейшай рабоце.

Уладзімір Зяленскі яшчэ раз пацвердзіў запрашэнне, накіраванае раней у адрас Кіраўніка беларускай дзяржавы, наведаць Украіну ў рамках II Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны, які адбудзецца ў кастрычніку гэтага года ў Жытоміры. Аляксандр Лукашэнка запрашэнне прыняў, адзначыўшы, што як ініцыятар і суаўтар гэтага мерапрыемства бачыць яго высокую эфектыўнасць і карысць для эканомік абедзвюх краін.

Акрамя таго, Уладзімір Зяленскі падрабязна расказаў Прэзідэнту Беларусі аб сітуацыі ў Данбасе і падзякаваў за арганізацыю эфектыўнай перагаворнай пляцоўкі і ў цэлым за тую ролю, якую адыгрывае Беларусь у справе ўрэгулявання канфлікту. Беларускі лідар у сваю чаргу запэўніў, што Мінск прадоўжыць і ў далейшым прыкладаць усе намаганні для ўрэгулявання сітуацыі ў рэгіёне і Украіна заўсёды можа разлічваць на Беларусь як краіну - прыхільніцу мірных ініцыятыў і працэсаў.

Асобным комплексам у час размовы былі абмеркаваны пытанні эканамічнага ўзаемадзеяння і гандлю, у прыватнасці развіццё супрацоўніцтва ў сферы прамысловасці, сельскай гаспадаркі. Тут прэзідэнты асаблівую ўвагу ўдзялілі ходу ўборачнай кампаніі ў абедзвюх краінах. Яшчэ адной асобнай тэмай размовы стала ўзаемадзеянне і забеспячэнне нацыянальнай бяспекі абедзвюх краін у энергетычнай сферы.

Уладзімір Зяленскі павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з бліскучым правядзеннем II Еўрапейскіх гульняў, падкрэсліўшы, што ва Украіне сачылі за ходам спаборніцтваў і, безумоўна, за выступленнем сваіх спартсменаў. Аляксандр Лукашэнка ў адказ павіншаваў калегу з высокім рэзультатам украінскай зборнай.

У фінале размовы Аляксандр Лукашэнка запрасіў Прэзідэнта Украіны наведаць Беларусь у любы час і ў любым фармаце. Уладзімір Зяленскі гэта запрашэнне з задавальненнем прыняў.
© 2019, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь