Бел
Галоўная   /  Падзеі

Тэлефонная размова з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным

4 лістапада 2020 года
Тэлефонная размова прэзідэнтаў Беларусі і Расіі адбылася 4 лістапада вечарам. Прадметна і грунтоўна Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін абмеркавалі самы шырокі спектр тэм.

У прыватнасці, аднымі з асноўных пытанняў сталі сітуацыя з распаўсюджваннем COVID-19, абстаноўка вакол Беларусі і Расіі, а таксама ўнутры дзвюх краін. У частцы процідзеяння інфекцыі размова ішла аб арганізацыі вытворчасці вакцыны ў Беларусі, перадачы расійскіх тэхналогій і тэхналагічнага працэсу для гэтай вытворчасці. Такая прапанова беларускага лідара была падтрымана расійскім калегам.

Прадметам дэталёвага абмеркавання стала і сітуацыя ў свеце. У прыватнасці, у Злучаных Штатах Амерыкі і суседніх з Беларуссю краінах - Польшчы, Літве, Украіне.

Падрабязна абмеркавалі лідары і актуальныя пытанні ўнутранага парадку дня Расіі і Беларусі.

З іншых актуальных тэм размовы - пытанне перавалкі беларускіх тавараў з порта Усць-Луга, ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва.

Ішла размова і аб пачатку перагавораў па пастаўках вуглевадародаў - нафты і газу - у Беларусь у будучым годзе. Усе пытанні ў гэтым напрамку кіраўнікі дзяржаў дамовіліся вырашаць аператыўна. Таксама Прэзідэнт Беларусі звярнуўся да расійскага калегі з просьбай аб магчымым набыцці радовішча нафты на тэрыторыі Расіі. Уладзімір Пуцін гэту ідэю падтрымаў. Пасля прапрацоўкі пытанне больш дэталёва будзе абмеркавана ў час бліжэйшых перагавораў.
© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь