Тэлефонная размова з Прэм'ер-міністрам Арменіі Ніколам Пашынянам

    Па ініцыятыве армянскага боку 2 ліпеня адбылася тэлефонная размова Прэзідэнта Беларусі з Прэм'ер-міністрам Арменіі Ніколам Пашынянам.

    Абмеркавана тэматыка развіцця двухбаковых адносін, узаемадзеяння Беларусі і Арменіі ў інтэграцыйных аб'яднаннях. У прыватнасці, узнімаліся пытанні супрацоўніцтва ў Еўразійскім эканамічным саюзе, на 1 кастрычніка бягучага года ў Ерэване запланавана пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета.

    Таксама размова ішла аб пашырэнні знешнеэканамічных сувязей Еўразійскага эканамічнага саюза з Сінгапурам і Іранам. Цяпер вядзецца работа над падпісаннем пагаднення аб зоне свабоднага гандлю паміж ЕАЭС і яго дзяржавамі-членамі і Сінгапурам.

    Аляксандр Лукашэнка ў час тэлефоннай размовы адзначыў добрае выступленне армянскіх атлетаў на II Еўрапейскіх гульнях, што прайшлі ў Беларусі, і павіншаваў з гэтым Прэм'ер-міністра Арменіі. У сваю чаргу Нікол Пашынян павіншаваў беларускага лідара з паспяховым правядзеннем маштабнага мультыспартыўнага форуму.

    Нікол Пашынян таксама павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з Днём Незалежнасці і 75-годдзем вызвалення Беларусі, якія будуць адзначацца 3 ліпеня.