Тэлефонная размова з Федэральным канцлерам Аўстрыі Себасцьянам Курцам

    Тэлефонная размова паміж Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам і Федэральным канцлерам Аўстрыі Себасцьянам Курцам адбылася 29 мая па ініцыятыве аўстрыйскага боку.

    Федэральны канцлер праінфармаваў Прэзідэнта Беларусі аб тых змяненнях, якія адбыліся на палітычным полі Аўстрыі. У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка асабіста павіншаваў Себасцьяна Курца з назначэннем на пасаду Федэральнага канцлера Аўстрыі.

    У час тэлефоннай размовы бакі ў цэлым абмеркавалі напрацаваныя паміж краінамі кантакты ў розных сферах і сышліся на думцы, што іх ні ў якім выпадку нельга страціць. Себасцьян Курц запрасіў Аляксандра Лукашэнку наведаць Аўстрыю. Прыняўшы запрашэнне, Прэзідэнт Беларусі ў сваю чаргу запрасіў Федэральнага канцлера прыехаць у Беларусь у суправаджэнні дзелавых колаў.

    Асаблівую ўвагу ў ходзе размовы бакі ўдзялілі абмеркаванню міжнароднага форуму "Усходняя Еўропа: у пошуках бяспекі для ўсіх" экспертнай ініцыятывы "Мінскі дыялог", што прайшоў у беларускай сталіцы. Себасцьян Курц падкрэсліў станоўчыя вынікі праведзенай канферэнцыі. Акрамя таго, была абмеркавана запланаваная да правядзення восенню бягучага года ў Беларусі сустрэча асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. Федэральны канцлер выказаў гатоўнасць падтрымаць і аказаць дапамогу па ўсіх напрамках у правядзенні гэтага мерапрыемства.

    Гаворачы аб двухбаковым супрацоўніцтве, Аляксандр Лукашэнка адзначыў пазітыўную дынаміку ў развіцці беларуска-аўстрыйскіх адносін і выказаў надзею на прадаўжэнне канструктыўнага ўзаемадзеяння, абазначыўшы прыхільнасць да далейшага развіцця супрацоўніцтва з Аўстрыяй.

    Размова ішла аб узаемадзеянні ў гандлёва-эканамічнай і інвестыцыйнай сферах. Аўстрыя трывала ўвайшла ў лік вядучых інвестыцыйных партнёраў Беларусі. Аляксандр Лукашэнка і Себасцьян Курц закранулі ў размове тэму функцыянавання беларускага сектара тэлекамунікацый, у прыватнасці, работы на рынку і далейшага развіцця кампаніі velcom, якая з'яўляецца даччынай кампаніяй аўстрыйскага холдынга Telekom Austria AG.