Бел
Галоўная   /  Падзеі

Тэлефонная размова са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам

11 чэрвеня 2020 года

Адбылася тэлефонная размова Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі са Старшынёй Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпінам.

Лідары краін абмеркавалі двухбаковае супрацоўніцтва, сумесныя праекты, міжнародны парадак дня, пытанні ўзаемадзеяння ва ўмовах пандэміі.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Сі Цзіньпіну за дапамогу ў пераадоленні пандэміі віруса, у тым ліку за дастаўленыя ў Беларусь ахоўныя сродкі і асабліва за пастаўку абсталявання для вытворчасці сродкаў аховы і медыцынскіх масак.

Асобна кіраўнікі дзяржаў адзначылі супрацоўніцтва міністэрстваў аховы здароўя дзвюх краін. Прэзідэнт падрабязна расказаў пра беларускі шлях і практыку ў барацьбе з пандэміяй.

Яшчэ адна тэма размовы - плануемы візіт Старшыні КНР у Беларусь. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў краіне вельмі чакаюць гэты візіт, які яшчэ больш умацуе жалезнае братэрства і ўсепагодную дружбу паміж Беларуссю і Кітаем.

У размове была закранута і кадравая тэма. Як вядома, пасол у КНР Мікалай Снапкоў будзе адкліканы з гэтай пасады ў сувязі з назначэннем Першым намеснікам Прэм'ер-міністра. Аляксандр Лукашэнка паабяцаў, што Беларусь узамен падбярэ фігуру не слабейшую.

Гаворачы ў цэлым пра сітуацыю ў Беларусі, Прэзідэнт адзначыў, што нават у цяперашніх няпростых эпідэміялагічных умовах эканоміка працуе, яе не спынялі. Усе прадпрыемствы працуюць, тым больш што ў Беларусі няма такіх рэсурсаў, як у Кітаі. Прэзідэнт асабліва падкрэсліў, што на сённяшні дзень галоўнае пытанне - рэалізацыя беларускай прадукцыі на экспарт.

Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзіньпін таксама абмяркоўвалі супрацоўніцтва ў рамках парка "Вялікі камень". Беларускі лідар з задавальненнем адзначыў, што парк ужо налічвае 60 рэзідэнтаў з 15 краін свету.

У сваю чаргу Старшыня КНР адзначыў, што вельмі цэніць парадак у Беларусі і шлях барацьбы з пандэміяй. У Кітаі яго падтрымліваюць і гатовы падзяліцца вопытам. У прыватнасці, гатовы арганізаваць відэаканферэнцыю "Беларусь - Кітай", на якой і адбудзецца абмен вопытам. У Кітая ёсць такая практыка з рознымі краінамі, але кітайскі бок гатовы зрабіць гэта з Беларуссю асобна, а таксама падзяліцца ўсім неабходным.

Сі Цзіньпін таксама падзякаваў за гуманітарную дапамогу, якую раней Беларусь аказвала Кітаю ў сувязі з эпідэміяй. Ён падкрэсліў, што кітайскі народ гэта помніць і будзе помніць заўсёды.

Старшыня КНР асабліва падзякаваў за ўмовы, у якіх кітайскія грамадзяне працуюць у Беларусі. Ён расказаў аб сітуацыі ў КНР. Там на сённяшні дзень у бальніцы з каранавірусам знаходзіцца адзін пацыент, і калі сустракаюцца выпадкі, то яны маюць завозны характар.

Сі Цзіньпін таксама падкрэсліў, што даўно знаёмы з Аляксандрам Лукашэнкам і вельмі добра інфармаваны аб сітуацыі ў Беларусі, аб тым, што ў краіне ў хуткім часе пройдуць прэзідэнцкія выбары. Ён папрасіў перадаць беларускаму народу словы падтрымкі. "Мы вас падтрымліваем, упэўнены, вы пераможаце, і мы падтрымліваем ваш шлях развіцця", - сказаў Старшыня КНР.

Акрамя таго, кітайскі лідар расказаў аб рашэннях 13-га склікання УСНП, адзначыўшы, што разам краіны стаяць перад сур'ёзнымі выклікамі, але гэта адначасова і шанц.

Гаворачы аб эканамічным узаемадзеянні, Сі Цзіньпін падкрэсліў, што падтрымае беларускі экспарт у Кітай, асабліва які датычыцца прадуктаў харчавання - малочнай прадукцыі, ялавічыны, курынага мяса.

Даведаўшыся, што галоўная прычына ў экспарце, Старшыня КНР прапанаваў Беларусі прадставіць сваю заяўку ў адпаведныя органы КНР і паабяцаў, што яна будзе разгледжана ў самыя кароткія тэрміны. Гэтым будзе займацца Першы намеснік Прэм'ер-міністра, які пакуль яшчэ знаходзіцца ў Кітаі. Кітай таксама гатовы аказваць фінансавую дапамогу.

Што датычыцца візіту ў Беларусь, Сі Цзіньпін адзначыў, што калі б не пандэмія, ён даўно адбыўся б. Старшыня КНР падкрэсліў, што вельмі цэніць вочныя сустрэчы, якія больш важныя і эфектыўныя, чым тэлефонная размова. Ён чакае сустрэчы і ўпэўнены, што яна адбудзецца.

Ад свайго імя і сваёй жонкі Сі Цзіньпін перадаў самыя цёплыя пажаданні беларускаму народу, а таксама сям'і Прэзідэнта, і асабліва малодшаму сыну, якога, як вядома, у Кітаі вельмі любяць.

Размова працягвалася амаль 50 хвілін.

 

© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь