Святочны канцэрт з нагоды ўступлення на пасаду Прэзідэнта

  • 18
З нагоды ўступлення на пасаду Прэзідэнта ў Палацы Рэспублікі адбыўся святочны канцэрт "Разам у новы дзень". На галоўнай сцэне краіны выступілі дарослыя і дзеці, таленавітыя самародкі з глыбінкі і вядомыя беларускія артысты, а таксама праслаўленыя землякі, якія жывуць у розных краінах свету, але аб'яднаны любоўю да роднай Беларусі.

Выступаючы на святочным канцэрце, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што выбары для яго закончыліся напярэдадні выбараў.

"Няма той залы, у якую мы маглі б запрасіць усіх тых, хто душой і сэрцам, працай дакрануўся да гэтай вельмі важнай палітычнай кампаніі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым ён адзначыў, што многія, напэўна, так яшчэ і не зразумелі гэтай кампаніі. "Вы проста не зразумелі, што вы здзейснілі, як вы зрабілі гэты дзень і будучыню нашай краіны", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што быў добра інфармаваны аб ходзе выбарчай кампаніі, хоць і не мог умешвацца ў яе ход. "Я папярэдзіў кіраўнікоў майго штаба, Адміністрацыі Прэзідэнта, губернатараў, іншых, хто меў дачыненне да кампаніі, сказаўшы аб тым, што выбары для мяне закончыліся напярэдадні выбараў, выбары гэтыя будуць вашы, вы іх павінны правесці, каб ніхто не паказаў пальцам у наш бок, што ў нас дыктатура і нікому не даюць рот адкрыць. Я вельмі пільна назіраў за работай у рэгіёнах - ад вёсак да сталіцы. Дзе б я ні знаходзіўся, я быў інфармаваны, як ідзе работа ў перадвыбарных штабах", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў важнасць таго, што выбарчая кампанія прайшла ціха і спакойна. "Тое, што народ прыйшоў ціха і паказаў, хто ў доме гаспадар, не значыць, што не было той вялікай работы, каласальнай працы па арганізацыі перадвыбарнай кампаніі", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз выказаў словы ўдзячнасці ў адрас выбаршчыкаў, якія падтрымалі яго на выбарах: "Я, напэўна, не знайду тых слоў, каб падзякаваць усім вам так, каб вы адчулі, як я вам удзячны за тое, што мы зрабілі. І не толькі таму, што вы садзейнічалі выбранню мяне Прэзідэнтам, не ў гэтым справа. Галоўнае, што вы прымусілі ўвесь свет прызнаць сумленнасць выбараў і прымусілі ўвесь свет гаварыць пра Беларусь".