Бел
Галоўная   /  Падзеі

Свята "Купалле" ("Александрыя збірае сяброў")

11 ліпеня 2020 года
Свята "Купалле" ("Александрыя збірае сяброў")
глядзіце таксама: відэа
11 ліпеня 2020 года
Свята "Купалле" ("Александрыя збірае сяброў")
Свята "Купалле" ("Александрыя збірае сяброў")
глядзіце таксама: фота
12 ліпеня 2020 года
Свята "Купалле" ("Александрыя збірае сяброў") 17 фота

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 11 ліпеня прыняў удзел у свяце "Купалле" ў Александрыі.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што, пад'язджаючы да канцэртнай пляцоўкі, задумаўся над пытаннем: што самае важнае, цяжкае і непрыемнае ў жыцці? "Гэта не хвароба, гэта не штосьці іншае. Самае галоўнае тое, што час няўмольна рухаецца наперад. Зусім нядаўна мы з вамі праводзілі тут першае свята, а сёння - ужо больш за дзясятак на гэтай багатай, добрай зямлі, на беразе гэтай цудоўнай ракі (Днепр. - Заўвага), якая аб'ядноўвае лёсы трох славянскіх народаў: нашых расіян, нашых украінцаў і беларусаў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка

"Рады, што мы сёння сабраліся тут разам. Паглядзелі адзін аднаму ў вочы, пагаварылі са старэйшымі і старымі таварышамі, набылі новых сяброў. Мы ўдыхнулі поўнымі грудзьмі летняе, напоўненае водарам мёду і спеючага калосся паветра беларускіх палёў. Мы пачулі спеў птушак, убачылі зорнае неба без гарадскіх агнёў. Мы маем магчымасць зноў паглыбіцца ў тое, што было самым звычайным у нашым басаногім дзяцінстве, але стала для многіх у сучасным свеце сапраўднай раскошай", - заўважыў Прэзідэнт.

Ён звярнуў увагу, што такую цудоўную магчымасць вось ужо больш за 10 гадоў дае гэты народны фестываль у Александрыі з вельмі цёплай, добрай і светлай атмасферай. Паводле яго слоў, сотні тысяч гледачоў, гаспадары рамесных і фермерскіх падворкаў, беларускія і замежныя артысты, якія імкнуцца прыехаць на свята (і гэты няпросты год не стаў выключэннем), не проста сталі сябрамі, а амаль парадніліся. "Паколькі шчырая дружба, жаданне сустрэцца заўсёды былі мацнейшыя за любыя перашкоды і адлегласці", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Калі ўжо абсалютна шчыра, то вось такіх свят, якія аб'ядноўвалі б асноўныя славянскія народы (хто мог бы падумаць, што такое будзе), няшмат".

Паводле слоў Прэзідэнта, фестываль у Александрыі - гэта фактычна рэпетыцыя асноўнага славянскага свята, якое адбудзецца літаральна праз некалькі дзён у паўночнай сталіцы Беларусі, - "Славянскага базару ў Віцебску".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што беларускі народ перажыў нямала бед і няшчасцяў, але ніколі і ні перад кім не станавіўся на калені. "Нездарма кажуць, што рай для кожнага чалавека там, дзе знаходзіцца яго сэрца. Не толькі маё, але і сэрцы ўсіх, хто тут сабраўся. Маё сэрца канчаткова і беспаваротна аддадзена гэтай зямлі і гэтым людзям. Усім беларусам. Нашаму мудраму і моцнаму народу. Народу, які за многія стагоддзі сваёй гісторыі перажыў нямала бед і няшчасцяў, але ніколі і ні перад кім не станавіўся на калені. Народу, які выдатна ведае цану словам і справам. Які выпакутаваў права жыць у сваёй дзяржаве і самастойна выбіраць і вызначаць сваю будучыню", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што 2020 год завяршае трылогію малой радзімы. "Азірніцеся вакол. Паглядзіце, колькі добрага, патрэбнага зроблена намі на гэтай роднай зямлі. Успомніце, якой яна была яшчэ два-тры гады таму. А пяць, дзесяць, чвэрць стагоддзя? Ваша вялікая заслуга ў тым, што ўжо не адно пакаленне беларусаў расце ў паспяховай, чыстай, мірнай і прыгожай краіне. Краіне, якую стварылі мы з вамі практычна з нуля, на абломках вялікай імперыі, імя якой - Савецкі Саюз", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.  

Паводле яго слоў, гэта было нялёгка, нешта атрымалася на выдатна і нават лепш, чым некалі ўяўлялі, нешта - на добра, а над нечым трэба яшчэ нямала папрацаваць. "Мы ж з вамі дакладна ведаем: каравай свежага, духмянага, натуральнага хлеба - гэта вынік доўгай, упартай і карпатлівай працы. І ніяк інакш. Так і ў дзяржаве. Працаваць на вынік, аб'ядноўвацца перад любымі выпрабаваннямі, пераадольваць усе цяжкасці - вось адзіны спосаб стварыць найлепшую будучыню для сваёй краіны і свайго народа. І - абавязкова - толькі ўсім разам", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт успомніў, як гаварылі ў савецкі час: перш чым спытаць, што Радзіма зрабіла для цябе, спытай, а што я зрабіў для Радзімы, свайго народа? "Сапраўдная любоў да Айчыны - стваральная. Таму давайце і ў далейшым разам будаваць нашу Беларусь справядлівай, бяспечнай і моцнай краінай. Цяпер гэта вельмі актуальна, калі ўладныя людзі спрабуюць перадзяліць свет, зламаць асновы, навязаць больш слабым свой склад мыслення і свой спосаб жыцця. І самае галоўнае: у такі час трэба слухаць сваё сэрца - яно заўсёды пакажа самы надзейны і правільны шлях у будучыню", - перакананы Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, свята ў Александрыі вяртае да вытокаў нацыянальных традыцый. "У многім дзякуючы ім, гэтым вытокам, мы былі, ёсць і застанёмся беларусамі - самабытным і незалежным народам", - заявіў Прэзідэнт.

© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь