Сустрэча з прэзідэнтам Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця Сумам Чакрабарці

  • 1

Беларусь заўсёды будзе надзейным партнёрам для Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 4 сакавіка ў час сустрэчы з прэзідэнтам Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця Сумам Чакрабарці.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь заўсёды будзе свята выконваць дамоўленасці, якія заключыла з банкам. Аляксандр Лукашэнка падзякаваў кіраўніцтву ЕБРР за ўвагу, якую банк удзяляе краіне. Дынаміка супрацоўніцтва за мінулы год істотна ўзрасла, інвестыцыі ЕБРР павялічыліся ў два разы.

Аляксандр Лукашэнка асабліва адзначыў ролю банка ў рэалізацыі важных праектаў, ад якіх у значнай ступені залежыць якасць жыцця людзей. "Асабліва хачу адзначыць тыя праекты, якія звязаны са сферай жыллёва-камунальнага будаўніцтва, павышэннем якасці пітной вады (гэта для нас вельмі важна), будаўніцтвам дарог, рамонтам мастоў, якія ў нас у многіх населеных пунктах патрабуюць гэтага неадкладна. Гэта жыццёва важныя праекты для нашай дзяржавы", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы запэўніў, што парады, прапановы і дапамога ЕБРР па ажыццяўленні ў Беларусі працэсаў прыватызацыі маюць велізарнае значэнне, як і падтрымка з боку банка малога і сярэдняга бізнесу. "Мы з боку дзяржавы не мелі магчымасці ажыццяўляць такую падтрымку. Вы прыйшлі ў Беларусь і падтрымалі нашых прадпрымальнікаў. Гэта вялікі ўклад у будучыню Беларусі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт прапанаваў Суме Чакрабарці правесці запланаванае на 2022 год чарговае пасяджэнне кіруючага савета ЕБРР у Беларусі і паабяцаў арганізаваць яго на самым высокім узроўні.

Сума Чакрабарці ў сваю чаргу падзякаваў за цёплыя словы: "Для мяне вялікая радасць і гонар прысутнічаць на такой сустрэчы. Гэта ўжо трэцяя наша сустрэча, і я быў бы рады прысутнічаць на такіх сустрэчах часцей, паколькі нашы адносіны дэманструюць пастаяннае ўмацаванне і паляпшэнне".

Прэзідэнт ЕБРР адзначыў, што ёсць розныя спосабы, якія даюць магчымасць ацаніць дынаміку развіцця адносін Беларусі з банкам. "Вядома, аб'ём інвестыцый - гэта адзін з такіх спосабаў. Як вы правільна адзначылі, у мінулым годзе інвестыцыі ўзняліся і дасягнулі амаль $400 млн. Гэта вельмі добры паказчык. Беларусь на сённяшні дзень знаходзіцца ў дзясятцы лідараў, з якімі мы працуем. Аднак мэта заключаецца ў тым, каб Беларусь увайшла ў пяцёрку лідараў у бліжэйшыя гады", - заявіў ён.