Сустрэча з віцэ-прэзідэнтам Зімбабвэ Эмерсанам Мнангагва

  • 1
У Беларусі і Зімбабвэ няма ніякіх перашкод для глыбокага ўсебаковага супрацоўніцтва. Аб гэтым Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка заявіў 20 ліпеня на сустрэчы з віцэ-прэзідэнтам Зімбабвэ Эмерсанам Мнангагва.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў Беларусі і Зімбабвэ няма ніякіх праблем ва ўзаемаадносінах. "У нас няма ніякіх праблем з вашай краінай. У нас няма ніякіх перашкод для глыбокага ўсебаковага супрацоўніцтва. Мы гатовы зрабіць усё, што мы можам, для вашай краіны, для Паўднёвай Афрыкі", - сказаў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы выказаў перакананасць, што візіт у Беларусь віцэ-прэзідэнта Зімбабвэ будзе знакавым. "Ён будзе значным, гістарычным, таму што пасля яго, я ў гэтым перакананы, мы адкрыем новую старонку нашых адносін", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама выказаў упэўненасць, што дзякуючы супрацоўніцтву з Зімбабвэ Беларусь будзе развіваць узаемадзеянне і з іншымі краінамі рэгіёна. Тым больш што ён, як заўважыў Аляксандр Лукашэнка, мае патрэбу ў прадукцыі, якая вырабляецца ў Беларусі.

"Думаю, што наша супрацоўніцтва трэба было б пачынаць з канкрэтных праектаў. Няхай іх будзе няшмат. Але гэта будзе сігнал не толькі для прадпрымальнікаў вашай краіны, але і іншых краін, з якімі вы мяжуеце, - сігнал да супрацоўніцтва з нашай краінай. Мы ў гэтым вельмі зацікаўлены", - прапанаваў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка парэкамендаваў віцэ-прэзідэнту Зімбабвэ пабываць на прадпрыемствах, якія выпускаюць прадукцыю, неабходную для Афрыкі. "І па выніках наведвання гэтых прадпрыемстваў я хацеў бы ведаць ваша меркаванне аб перспектывах нашага супрацоўніцтва", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу Эмерсан Мнангагва адзначыў, што мэтай яго візіту з'яўляецца пашырэнне і паглыбленне супрацоўніцтва Беларусі і Зімбабвэ. Ён выказаў салідарнасць з меркаваннем Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што ў палітычных адносінах дзвюх краін няма ніякіх праблем. Таму зімбабвійскі бок зацікаўлены ў пашырэнні гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння, а таксама супрацоўніцтва ў такіх галінах, як інфраструктура, сельская гаспадарка і горназдабыўная прамысловасць.

 Па выніках сустрэчы Аляксандр Лукашэнка прапанаваў падрыхтаваць "дарожную карту" развіцця двухбаковых адносін, а таксама прапрацаваць пытанне стварэння магутнага сэрвіснага цэнтра па абслугоўванні тэхнікі - адзінага для беларускіх прадпрыемстваў. Месцам размяшчэння такога цэнтра можа стаць Зімбабвэ, працаваць ён будзе на некалькі краін рэгіёна. Акрамя таго, Кіраўнік дзяржавы прапанаваў арганізаваць у Беларусі навучанне для спецыялістаў з Зімбабвэ, якія будуць працаваць на тэхніцы, што пастаўляецца туды.