Перагаворы з Віцэ-прэзідэнтам Венесуэлы Рыкарда Менендэсам

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пацвярджае курс на развіццё цесных адносін з Венесуэлай і мае намер зрабіць візіт у гэту краіну. Аб гэтым ён заявіў 28 лістапада на сустрэчы з Віцэ-прэзідэнтам Венесуэлы Рыкарда Менендэсам.

"Што датычыцца нашых двухбаковых адносін, яны ў палітычных, дыпламатычных плоскасцях як былі, так і застаюцца дружалюбнымі і братэрскімі. Усё, што мы можам сёння, мы гатовы пакласці на чашу вашага поспеху ў Венесуэле, - сказаў Прэзідэнт. - Мы дамовіліся, што выпрацуем дарожную карту паглыблення нашага двухбаковага развіцця з улікам той абстаноўкі, якая складваецца. І ўжо ў 2018 годзе ў час майго візіту ў Венесуэлу мы зможам значна рушыць наперад у нашых адносінах. І не толькі зацвердзіць гэту дарожную карту, - мы яе пачнём ужо рэалізоўваць".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў двухбаковых адносінах ёсць нявырашаныя пытанні, аднак яны не павінны стрымліваць развіццё супрацоўніцтва. "Калі мы нешта не можам сёння вырашыць, мы павінны гэта адкласці ўбок і дарожную карту скласці такім чынам, каб маглі рухацца наперад", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. У адваротным выпадку, лічыць ён, бакі могуць больш страціць, чым набудуць у чаканні вырашэння праблем у адносінах.

"Сёння ў нас ёсць тое, што трэба вам. У поўным аб'ёме. Тое вострае, у чым вы маеце патрэбу. У вас ёсць тое, што патрэбна нам. І мы нават на гэтым можам нешта зарабіць. Думаю, гэта трэба пакласці ў аснову нашых дамоўленасцей і дарожнай карты", - дадаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ад гэтага візіту Рыкарда Менендэса ў Беларусь і пасяджэння сумеснай міжурадавай камісіі залежыць вельмі многае. "Прынамсі, ад гэтага залежыць змест новай старонкі ў нашых адносінах", - сказаў ён.

Прэзідэнт Беларусі папрасіў перадаць Прэзідэнту Венесуэлы Нікаласу Мадуру віншаванні з пераканаўчай перамогай яго прыхільнікаў на важных і паказальных рэгіянальных выбарах. "Усё ідзе так, як і павінна ісці. Камусьці ваша перамога не падабаецца, і яны робяць спробы разбурыць кансалідацыю, якая намецілася ў грамадстве Венесуэлы. Вам не трэба гэтаму здзіўляцца і надаваць надзвычайнае значэнне. Так бывае заўсёды. Мы гэта перажылі, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Настане час, добрыя людзі зразумеюць ролю і значэнне Венесуэлы ў сусветнай супольнасці, і, я ўпэўнены, вы вельмі хутка пераадолееце гэтыя перашкоды ў сувязі з тым, што ў апошнія гады і нават месяцы свет катастрафічна хутка мяняецца".

"Галоўнае я ўжо гаварыў Нікаласу Мадуру - каб вы былі адзіныя ў Венесуэле і верылі ў сваю перамогу. У адваротным выпадку наш сябар Уга Чавес нам ніколі не даруе", - падкрэсліў беларускі лідар.

У сваю чаргу Рыкарда Менендэс перадаў Аляксандру Лукашэнку цёплае прывітанне ад Прэзідэнта Венесуэлы. "Ён сам асабіста адсочваў усе моманты - з пачатку гэтага візіту і да канкрэтных дамоўленасцей і сустрэч, якія мы цяпер праводзім. Пасля вашай сустрэчы з Прэзідэнтам Мадурам было шмат напрамкаў для разважанняў, і якраз над гэтымі праектамі мы цяпер працуем", - сказаў ён.