Сустрэча з віцэ-прэзідэнтам Сусветнага банка па рэгіёне Еўропы і Цэнтральнай Азіі Лорай Так

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка прапануе Сусветнаму банку пашырыць фінансаванне праектаў дарожнага будаўніцтва ў Беларусі. Аб гэтым ішла размова 16 верасня на сустрэчы Кіраўніка дзяржавы з віцэ-прэзідэнтам Сусветнага банка па рэгіёне Еўропы і Цэнтральнай Азіі Лорай Так.

    "Вельмі вас прашу, каб у плане пашырэння фінансавання, якое прадугледжваецца на гэты і будучы гады, былі выдзелены Сусветным банкам дадатковыя рэсурсы для будаўніцтва аўтамабільных дарог у Беларусі", - сказаў беларускі лідар.

    Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што беларускія спецыялісты прадставяць Сусветнаму банку планы і праекты, у тым ліку па дарожным  будаўніцтве. "Думаю, вы падтрымаеце іх. Тым больш гэта не столькі інтарэс Беларусі, колькі Еўрапейскага саюза, Расіі і Азіі", - сказаў Прэзідэнт.

    "Калі такая падтрымка будзе, гарантую, што праз тры-чатыры гады дарожная сетка, асабліва па мадэрнізацыі транспартных калідораў, пашырыцца ў два разы і палепшыцца", - запэўніў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

    Прэзідэнт адзначыў той факт, што з боку Сусветнага банка аказваецца вялікая падтрымка Беларусі ў будаўніцтве аўтамабільных дарог. "Сусветны банк разумее, што Беларусь з'яўляецца транзітнай дзяржавай, і ад таго, якія тут будуць дарогі, будзе залежаць эфектыўнасць эканомікі як Усходу, так і Захаду", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Ён адзначыў, што ў краіне прыняты пэўныя праграмы на гэты і будучы год са значным аб'ёмам фінансавання. "Але Сусветны банк паабяцаў, што гэта фінансаванне можа быць яшчэ шырэйшым. У сувязі з тым, што іншыя суседнія транзітныя дзяржавы паміж Еўропай і Усходам цяпер у складаным становішчы, асабліва Украіна, Беларусь з'яўляецца найбольш прывабнай краінай транзіту", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён дадаў, што ў Беларусі прыняты дадатковыя меры па будаўніцтве і мадэрнізацыі існуючых транспартных калідораў паміж Еўропай і Азіяй.

    Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь будзе таксама зацікаўлена і ў падтрымцы іншых праграм.

    Прэзідэнт падзякаваў Сусветнаму банку за існуючае супрацоўніцтва, а таксама за ацэнку, дадзеную ў штогадовай справаздачы Сусветнага банка. "Скажу шчыра, мы спецыяльна не працуем, каб спадабацца ўсім у свеце, але хацелася б, каб мы Сусветнаму банку падабаліся", - сказаў беларускі лідар.

    "Не выключаю, што на дзейнасць Сусветнага банка ўплываюць нейкія палітычныя фактары. Але тое, што Сусветны банк з'яўляецца найменш палітызаванай фінансава-эканамічнай структурай, - гэта факт. Аб гэтым сведчаць тыя праекты і праграмы, па якіх мы з вамі супрацоўнічаем", - адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

    Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што Сусветны банк аказаў вялікую дапамогу Беларусі ў мадэрнізацыі энергетычнай базы, што дало магчымасць значна рушыць наперад у энергаэфектыўнасці, а таксама ў пераадоленні наступстваў катастрофы на ЧАЭС. "Відаць, ніхто нам больш не дапамагае, чым Сусветны банк", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

    Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што "Беларусь адкажа на гэта дабром".