Бел
Галоўная   /  Падзеі

Сустрэча з віцэ-канцлерам, федэральным міністрам замежных спраў ФРГ Зігмарам Габрыэлем

17 лістапада 2017 года

Беларусь і Германія адкрываюць новую старонку адносін. Аб далейшым развіцці беларуска-германскага супрацоўніцтва ішла размова на праведзенай 17 лістапада сустрэчы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі з віцэ-канцлерам, федэральным міністрам замежных спраў ФРГ Зігмарам Габрыэлем.

На перагаворах абмяркоўваліся існуючыя двухбаковыя кантакты, пры выбудоўванні якіх бакі, безумоўна, не забываюць і пра трагічныя старонкі гісторыі. "Час ідзе, ён мяняе многае. Так і ў сучасным свеце нашы адносіны мяняюцца з цягам часу, - заўважыў Прэзідэнт. - Я спадзяюся і ўпэўнены, што мы адкрываем новую старонку ў нашых адносінах, накіраваную ў лепшы бок".

Кіраўнік дзяржавы выказаў словы асаблівай удзячнасці германскаму боку за штогадовую дапамогу ў аздараўленні беларускіх дзяцей з пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС тэрыторый.

Акрамя таго, Прэзідэнт выказаў удзячнасць за тэхналагічную падтрымку, што аказваецца беларускай эканоміцы. "Амаль увесь імпарт з Германіі - гэта высокатэхналагічнае абсталяванне, тэхналогіі. Мы вельмі хацелі б, каб гэты пазітыўны працэс меў сваё далейшае прадаўжэнне на больш высокім эканамічным узроўні", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы, прапанаваўшы германскаму боку звярнуць увагу на індустрыяльны парк "Вялікі камень", дзе створаны самыя льготныя ўмовы для інвестараў. Праект рэалізаваны з улікам сусветнага вопыту стварэння такіх паркаў.

Аляксандр Лукашэнка запэўніў: "Калі мы дамовімся і паабяцаем вам нешта зрабіць, мы абавязкова зробім".

Прэзідэнт таксама папрасіў германскі бок уважліва сачыць за сітуацыяй у Беларусі і аб'ектыўна яе ацэньваць: "Калі гэта так будзе, то ў нас усё атрымаецца. З тэрыторыі Беларусі вы ніколі не атрымаеце ніводнага сігнала ў парушэнне цэласнасці і бяспекі еўрапейскага кантынента".


Акрамя таго, ён адзначыў важнасць пазіцыі Германіі ва ўрэгуляванні ўкраінскага канфлікту. "Германія можа ўнесці вялікі ўклад у развіццё сучаснай гісторыі, калі будзе прадаўжаць сваю лінію па нармалізацыі сітуацыі ва Усходняй Украіне, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Мы сапраўды маем шмат праблем і пасля сустрэчы ў "нармандскім фармаце", але там, ва Украіне, няма вайны. Калі б Германія не заняла жорсткую пазіцыю, там бы да гэтага часу гінулі людзі".

У сваю чаргу Зігмар Габрыэль таксама акцэнтаваў увагу на тым, што Беларусь і Германія перажывалі розныя часы адносін. "Будучы немцамі, мы думаем аб тых жудасных злачынствах, якія былі ўчынены немцамі супраць Беларусі і грамадзян краіны ў час Другой сусветнай вайны, - сказаў ён. - Таму і на сённяшні дзень з'яўляецца цудам тое, з якой дружалюбнасцю і адкрытасцю, нягледзячы на гэта, грамадзяне вашай краіны і краіна ставяцца да Германіі. Мы хацелі б падзякаваць вам за гэтыя дружалюбнасць і адкрытасць".

Міністр канстатаваў, што і ў мінулым, і на сённяшні дзень існавалі рознагалоссі ў адносінах. "Але калі паглядзець, якая была зыходная кропка нашых адносін, то тут сапраўды можна з мужнасцю, смеласцю і аптымізмам глядзець на адносіны паміж нашымі краінамі. Паколькі яны перажывалі сапраўды страшны час, а на сённяшні дзень абедзве дзяржавы прыхільныя да міру", - сказаў Зігмар Габрыэль.


"Можа, менавіта той факт, што такая невялікая дзяржава з 10-мільённым насельніцтвам, як Беларусь, якая знаходзіцца па суседстве з буйнымі краінамі і заўсёды ў пэўнай залежнасці ад адносін з імі, прайшоўшы праз такі гістарычны вопыт, прызначана і як бы падыходзіць больш за ўсё для таго, каб у выпадку ўзнікнення канфліктаў у іншых краінах адыгрываць ролю пасрэдніка. І, магчыма, менавіта таму Мінск стаў такой цудоўнай пляцоўкай для перагавораў у фармаце "нармандскай чацвёркі", - лічыць федэральны міністр замежных спраў ФРГ.

Ён выказаў удзячнасць, што тады гэтыя перагаворы адбыліся ў Мінску. "І далей перагаворы ідуць у трохбаковым фармаце ўсё яшчэ тут, - адзначыў Зігмар Габрыэль. - Вы абсалютна маеце рацыю, калі гаворыце, што тады нам удалося прадухіліць вайну".

Германскі міністр выказаў надзею, што Мінск і ў далейшым будзе адыгрываць важную ролю ў мірных перагаворных працэсах.

Тэгі: Сустрэчы
© 2017, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь