Сустрэча з творчай моладдзю

  • 27

Роля прадстаўнікоў творчых прафесій у жыцці краіны высокая і адказная. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 20 сакавіка на сустрэчы з творчай моладдзю.

Мерапрыемства прайшло на пляцоўцы Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра. Яго ўдзельнікамі сталі амаль 270 чалавек. У іх ліку студэнты рэспубліканскіх і рэгіянальных устаноў вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, прадстаўнікі вядучых творчых калектываў, маладыя творчыя работнікі і педагогі.

У тэатры разгарнулася выстаўка-прэзентацыя работ і дасягненняў таленавітай моладзі. Экспазіцыя расказвае аб традыцыях і інавацыях у сучаснай культуры, знаёміць з візуальнымі і відовішчнымі, харэаграфічнымі і музычнымі мастацтвамі.

Кіраўнік дзяржавы дэталёва агледзеў усе павільёны і стэнды. Экспазіцыя складалася з трох інфармацыйных стэндаў ("Падрыхтоўка кадраў у сферы культуры", "Дзейнасць спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі", "Дзейнасць фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва") і чатырох тэматычных павільёнаў. У прыватнасці, на іх былі адлюстраваны традыцыі і інавацыі ў сучаснай культуры, у тым ліку дэкаратыўна-прыкладное мастацтва (тэкстыль і кераміка), калекцыя беларускіх народных музычных інструментаў.

Прэзідэнт адзначыў аўтарскія творы студэнтаў і выпускнікоў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. У прыватнасці, карціну з выявай храма, выкананую з фетру, шкла і металу, а таксама дэкаратыўнае пано з тэкстыльнай мазаікі. Асаблівую цікавасць у Кіраўніка дзяржавы выклікалі старадаўнія музычныя інструменты і кераміка, якія таксама робяць маладыя таленавітыя майстры.

Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся ў тым ліку з павільёнамі, прысвечанымі візуальным і відовішчным мастацтвам, харэаграфіі і музычнаму мастацтву. Прэзідэнт пагутарыў са студэнтамі, якія прадставілі свае таленты, выступілі з музычнымі і вакальнымі нумарамі. Кіраўніку дзяржавы спадабаліся выступленні, і ён заўважыў: "А кажуць, на "Еўрабачанне" няма каго пасылаць...".

Затым Прэзідэнт сустрэўся з прадстаўнікамі творчай моладзі. Мерапрыемства, якое прайшло ў цёплай і шчырай атмасферы, доўжылася амаль чатыры гадзіны.

"Усё, што звязана з мастацтвам, заўсёды суб'ектыўна, а творчыя людзі чуллівыя і ранімыя. Таму часцей назіраю за вамі збоку і не спяшаюся даваць ацэнку. Але гэта не значыць, што не чакаю ад прадстаўнікоў творчых прафесій высокіх вынікаў. Ваша роля ў жыцці краіны высокая і адказная. Можа, нават больш, чым вы самі гэта ўсведамляеце", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

На думку Прэзідэнта, сённяшняе мерапрыемства - унікальная падзея, паколькі з маладымі творчымі людзьмі, асабліва ў фармаце адкрытай размовы, яму ўдаецца бачыцца нячаста. "І з боку можа паказацца, што культуры, у сувязі з гэтым і мастацтву дзяржава ўдзяляе менш увагі, чым іншым сферам дзейнасці. Адразу скажу, гэта не так. Зроблена для вас многае, а што датычыцца таго, каб чалавек мог тварыць, - для вас зроблена ўсё", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў моладзі ёсць, дзе праявіць сябе і прадэманстраваць свае здольнасці, створаны прэзідэнцкія фонды для падтрымкі самых адораных і таленавітых. "Астатняе - у вашых руках", - заўважыў ён.

Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што гэта дастойны і адказны шлях - весці свет за сабой, узвышаючы душы і выхоўваючы ў людзях пачуццё прыгожага. "Важна не звярнуць на дарогу лёгкай славы і бяздумнага пераймання", - перасцярог Аляксандр Лукашэнка. "Сустрэчы з моладдзю для мяне вельмі каштоўныя. Яны даюць магчымасць убачыць будучае нашай дзяржавы. Вам яго ствараць, удасканальваць і ахоўваць. Вашымі памкненнямі, марамі і, упэўнены, добрымі справамі Беларусь будзе жыць заўтра, - заявіў Прэзідэнт. - Дзе б вы ні праявілі сябе - у літаратуры, акадэмічным мастацтве, кіно, на тэлебачанні, эстрадзе, у танцы - вы будзеце дарыць людзям настрой, эмацыянальна ўзбагачаць іх і, галоўнае, фарміраваць духоўны каркас нацыі".

Прэзідэнт адзначыў, што, ствараючы новую дзяржаву, у Беларусі стараліся захаваць лепшую культурную спадчыну эпохі, каб дзяцей выхаваць на прыгожых прыкладах сапраўднага мастацтва. "Каб, выбіраючы творчую прафесію, яны разумелі: поспех - гэта не толькі лаўры, авацыі, папулярнасць, але і вялікая сацыяльная адказнасць. А сёння менавіта ад таго, як складзецца ваш творчы лёс, залежыць будучае краіны", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У тэатры Прэзідэнт наведаў выстаўку - прэзентацыю работ і дасягненняў таленавітай моладзі. Паводле яго слоў, яна паказала эстэтычныя грані мастацтва. "Але ёсць і іншыя. На жаль, чалавек лягчэй успрымае негатыўную інфармацыю. Менавіта на гэтым часцей за ўсё робяць сабе імя пасрэдныя асобы. Паколькі гэта самы хуткі і просты спосаб звярнуць на сябе ўвагу. Таму ён такі спакуслівы і небяспечны", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў сучасным грамадстве папулярныя або, прынамсі, набіраюць шмат праглядаў "хіты", якія складана аднесці да мастацтва. "Нават мне нязручна некаторыя рэчы тут паўтараць у гэтай аўдыторыі, тое, што мы бачым асабліва ў інтэрнэце. На жаль, вось гэтак мы літаральна за дваццаць з нечым гадоў перавярнулі ўсё грамадства і лічылі, што гэта лепш, гэта свабода. Вось атрымалі вынік. Таму для мяне вельмі каштоўная ваша творчасць, яна не такая", - прызнаўся Прэзідэнт.

Ён канстатаваў, што ўсе дзяржавы і нацыі перыядычна праходзяць праз выпрабаванне так званай чарнухай. "Тэрмін непрыгожы, але такая яго сутнасць. Як гэта працуе, вы ў поўнай меры адчулі на сабе і ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, і цяпер па асобных напрамках, на жаль, лепш не стала. І менавіта з гэтай прымітыўнай "культуры" пачаўся распад моцнай дзяржавы", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што прапаганда амаральнасці, скажэнне гісторыі, нецэнзурная лексіка, празмерны натуралізм сцэн лютасці і насілля ў літаратуры, кіно і драматургіі не былі вынаходствам таго часу. Песімістычнае, страшнае, шакіруючае мастацтва існавала заўсёды і часта разбурала цэлыя цывілізацыі знутры.

У Беларусі, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, людзі самі ледзь не сталі сведкамі таго, як пагарда да мінулага, адмаўленне сучаснага і нявер'е ў будучае прыводзяць да самазнішчэння нацыі. "Былі страчаны ідэалы, пачуццё ўласнай годнасці, вера ў сябе, а з імі - сіла, незалежнасць, бяспека краіны, як унутраная, так і знешняя", - сказаў Прэзідэнт.

Каб пераламаць гэту сітуацыю, у Беларусі зрабілі ўсё для таго, каб захаваць лепшую культурную спадчыну эпохі і выхаваць на ёй новыя пакаленні.

"Разумею, што ў мастацтве і шоу-бізнесе настаў час менеджараў і прадзюсараў, якія запальваюць зоркі. Але дзяржаўныя структуры таксама не павінны заставацца ўбаку. Міністэрствам культуры, інфармацыі і адукацыі, а таксама тэлебачанню, радыё, друкаваным выданням трэба яшчэ актыўней далучацца да пошуку і раскруткі маладых талентаў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт прывёў у прыклад песенны конкурс "Еўрабачанне", пра які ў Беларусі шмат гавораць. "Гэта, вядома, папулярнае, прыгожае тэлешоу, і прадставіць Беларусь дастойна на ім важна. У нас жа ператварылі яго ў падзею стагоддзя, а тым часам нашы артысты оперы і балета, музыканты-віртуозы, народныя калектывы выступаюць на лепшых сусветных сцэнах. Замежная публіка іх ведае і цэніць. Але якія імёны шырока вядомы ў нашай краіне? І што мы зрабілі для гэтага?" - спытаў Кіраўнік дзяржавы.

А ў Беларусі ж любяць класічнае мастацтва, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Праводзімыя ў краіне міжнародныя тэатральныя форумы, фестывалі зорак сусветнай оперы, балета, джазавыя канцэрты праходзяць з аншлагамі.

Асабліва важна, лічыць Прэзідэнт, пераламаць сітуацыю, звязаную з раскруткай маладых беларускіх талентаў, у Год малой радзімы. "Адораныя людзі павінны быць вядомы і запатрабаваны перш за ўсё на сваёй зямлі. І калі самі пра сябе не паклапоцімся, ніхто іншы гэтага не зробіць. Жадаючых пакрытыкаваць нас дастаткова і за межамі краіны. Пакінем ім гэту забаву. Сябе пачнём больш паважаць, сваіх - цаніць", - заклікаў Кіраўнік дзяржавы.

Прыкладам павінны стаць культура і мастацтва. Тым больш беларусам ёсць чым ганарыцца, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. "І дня не хопіць, калі станем успамінаць усіх геніяльных людзей, якіх падарыла свету Беларусь. Славу многіх з іх дзеляць з намі еўрапейскія і заакіянскія краіны. Але галоўнае, што вытокі майстэрства гэтых вялікіх асоб тут. Гэта яна - наша родная зямля - натхняе і дае сілы", - заявіў Прэзідэнт.

"Так, нашы ззяюць за мяжой, і мы, быццам бы, не ўсіх іх ведаем. Але трэба разумець, што, калі б яны не загарэліся тут, яны там не заззялі б і не ззялі. Таму не трэба забываць вось гэту сувязь, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Не дрэнна, што яны там ззяюць, дрэнна, што мы пра іх даведваемся адтуль, а не тут спачатку".

У той жа час Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што беларускія артысты павінны быць вядомы і за мяжой. "Гэта твар нашай краіны, нашай Радзімы, нашай Беларусі. Ён павінен быць прыгожым. А прыгожым яго можаце зрабіць толькі вы", - сказаў ён.

У час сустрэчы студэнты задавалі Прэзідэнту пытанні на самыя розныя тэмы.

Аб прадстаўніку Беларусі на "Еўрабачанні"

Прэзідэнт прызнаўся, што спакойна ставіцца да таго, што краіну на песенным конкурсе "Еўрабачанне" будзе прадстаўляць украінец. "Я ў гэтым ніякага страху не бачу, асабліва калі гэта рускі чалавек ці ўкраінец, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта ж не забаронена? Не. За Беларусь можа выступаць украінец, рускі чалавек, і мы за кагосьці можам выступаць. Такое практыкуецца ў іншых краінах".

"Ведаеце, я інтэрнацыяналіст і патрыёт не меншы, чым вы, маладыя людзі. У тым, што Беларусь будзе прадстаўляць украінец, нават бачу некаторую выгаду для нашай дзяржавы, асабліва для вас, вашага "цэха" - вось ён прыйшоў і ўсіх вас здзівіў, - прадоўжыў Кіраўнік дзяржавы. - Давайце згодзімся, што гэта таленавіты хлопец, ён аб'ектыўна перамог. Фармат "Еўрабачання"? Абсалютна. Яшчэ плюс - ён раскручаны, як гэта модна гаварыць, ён вядомы ў Расіі, у той жа Украіне. Я вельмі спадзяюся, што гэтыя краіны нам могуць даць па 12 балаў. Што ў гэтым дрэннага? Нічога дрэннага не бачу".

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: яго больш за ўсё ўсхвалявала, што некаторыя вельмі актыўна запрацівіліся кандыдатуры гэтага прэтэндэнта. У сувязі з гэтым Прэзідэнт заўважыў, што гэта спаборніцтва, гэта канкурэнцыя. "Калі б былі нашы на такім жа ўзроўні - мы былі б рады", - дадаў ён.

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што шмат гадоў таму падтрымаў ідэю прадстаўляць Беларусь на "Еўрабачанні". "Я тады сказаў: трэба ездзіць, можа, мы не заваюем там месца, але трэба, каб свет нас убачыў. Еўрапейцы, увесь свет глядзіць. І калі там беларусы, Беларусь, то гэта таксама маленькае зярнятка на нашу карысць", - адзначыў Прэзідэнт.

Ён лічыць, што нават калі артыст не займае прызавое месца на Еўрабачанні, то гэта для яго добрая магчымасць заявіць аб сабе. "Дарэчы, гэты хлопец і грошай не прасіў, але, дзе трэба, мы плячо падставім, ён жа едзе ад нас выступаць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Разам з гэтым важна, каб прадстаўнік ад Беларусі, хто б гэта ні быў, не проста выступіў на "Еўрабачанні", а ўсё ж прывёз конкурс у краіну, выказаў меркаванне Аляксандр Лукашэнка.

Аб тым, што падабаецца ў музыцы, і кумірах у жыцці

Акрамя таго, маладыя людзі спыталі, якую музыку Прэзідэнт слухае ў час заняткаў спортам, а таксама ў аўтамабілі. Аляксандр Лукашэнка адказаў, што на лыжах і ў час хакейных трэніровак не да музыкі. А вось калі садзіцца за руль, то слухае музыку, асабліва песні, якія асацыіруюцца з яго малой радзімай.

Было таксама зададзена пытанне аб кумірах, на што Кіраўнік дзяржавы адказаў адмоўна - такіх няма. Але ёсць людзі, учынкамі, дзейнасцю якіх Аляксандр Лукашэнка захапляецца.

Аб рабоце і творчасці

Студэнты ў час сустрэчы з Прэзідэнтам адзначалі, што ў дзейнасці палітыка ўсё рэгламентавана, і цікавіліся ў сувязі з гэтым, ці дапушчальныя ў яго рабоце элементы творчасці. У якасці прыкладу такога творчага падыходу Кіраўнік дзяржавы назваў распрацоўку Дэкрэта аб лічбавай эканоміцы. Пасля яго падпісання Беларусь стала першай краінай, якая рызыкнула і прыняла сур'ёзнае рашэнне па развіцці ІТ-тэхналогій.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што праз кароткі час становіцца зразумела - трапілі ў кропку, за гэтым будучае. Цяпер Прэзідэнту паступаюць прапановы аб стварэнні Міністэрства лічбавай эканомікі, і, хутчэй за ўсё, Кіраўнік дзяржавы іх падтрымае.

Ён звярнуў увагу, што прыбытак толькі аднаго Парка высокіх тэхналогій за 2017 год склаў больш як $1 млрд."Калі ствараў гэты парк, думаў, цацка нейкая будзе, што гэта дасць. За 10 гадоў ужо на мільярды долараў стварылі прадукту. Малайцы!" - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Цяпер сюды прыходзяць кампаніі з усяго свету".

Аб якасцях паспяховага чалавека

Удзельнікі сустрэчы таксама спыталі, што Прэзідэнт Беларусі, з'яўляючыся таленавітым і добра вядомым у свеце палітыкам, думае аб універсальных якасцях паспяховага чалавека. Адказваючы на гэта пытанне, Прэзідэнт падкрэсліў: каб дабіцца поспеху ў сваёй справе, неабходна пакласці ў аснову высакародную мэту.

Ён успомніў, што, калі быў выбраны на прэзідэнцкую пасаду, вельмі хацеў змяніць сітуацыю, у якой знаходзілася краіна. "Мая першая прэзідэнцкая праграма заключалася ў тым, каб адвесці народ ад прорвы, - расказаў Кіраўнік дзяржавы. - Мне хацелася змяніць жыццё і пабудаваць яго на прынцыпах справядлівасці".

"Для мяне галоўны прынцып жыцця - гэта справядлівасць", - дадаў ён. Аляксандр Лукашэнка назваў і іншыя якасці, якія трэба мець паспяховаму чалавеку. Гэта талент, які з'яўляецца важнейшым крытэрыем. А яшчэ гатоўнасць шмат працаваць для таго, каб рэалізаваць свае здольнасці.

У той жа час Прэзідэнт супраць празмернай і неабгрунтаванай загружанасці навучальнага працэсу. На думку Кіраўніка дзяржавы, у школах і ВНУ трэба выкладаць асновы, якія спатрэбяцца ў дарослым самастойным жыцці. У дзяцей і моладзі павінен заставацца час на спорт і хобі.

Аб сацыяльных сетках

Удзельнікі сустрэчы спыталі ў Кіраўніка дзяржавы, ці не хоча ён сабе завесці акаўнт у папулярнай сацыяльнай сетцы Instagram, паколькі ўся моладзь актыўна карыстаецца ёю і там магла б чытаць інфармацыю аб дзейнасці Прэзідэнта Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што яму прапаноўвалі ўжо адкрыць такую старонку. Аднак, паводле слоў Прэзідэнта, для яго гэта будзе вялікая адказнасць. "Там жа будзе нават не тысяча зваротаў, праглядаў, заяў... Вы ж будзеце пісаць з разлікам на размову з Прэзідэнтам", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён са шкадаваннем канстатаваў, што з-за сваёй занятасці не зможа адказваць кожнаму падпісчыку, а даручаць гэта сваім памочнікам ён не хоча. На яго думку, паступіць так будзе несумленна. "Таму я ўстрымліваюся ад гэтага, ведаючы, што я не асілю, не змагу адказваць на ўсе запыты і вашы пытанні. Вось у мяне такія разважанні. Таму я не спяшаюся гэта рабіць. Але сайт Прэзідэнта ж ёсць. Чаго вы не пішаце туды?" - у сваю чаргу пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка ва ўдзельнікаў сустрэчы.

Аб шумісе вакол сучасных кінастужак

Сярод маладых людзей на сустрэчы прысутнічалі і тыя, хто прафесійна займаецца кінавытворчасцю. Яны пацікавіліся ў Прэзідэнта, што ён думае аб нашумелых фільмах "Мацільда" і "Смерць Сталіна".

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што, калі ўзняўся шум вакол гэтых карцін, ён вырашыў паглядзець іх. "У мяне такое падазрэнне, што спецыяльна арганізавалі шуміху, каб падагрэць цікавасць да гэтых фільмаў. Ні адзін, ні другі таго не заслугоўвае. Я нават пашкадаваў, што час патраціў", - прызнаўся Аляксандр Лукашэнка.

Гаворачы пра фільм "Мацільда", Прэзідэнт адзначыў, што яму спадабалася аператарская работа, і ён цалкам дапускае, што сюжэтная лінія можа быць праўдай. "Прыгожыя здымкі", - канстатаваў ён. Расказваючы аб сваіх уражаннях ад фільма "Смерць Сталіна", што апавядае пра апошнія гадзіны жыцця аднаго з лідараў СССР, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што да гэтага часу дакладна невядома, як памёр гэты чалавек. У той жа час Прэзідэнта не ўразіў рэжысёрскі падыход да тых падзей.

"Усе тлумачаць, што стыль такі гэтага фільма, гэта камедыя... Танная камедыя - у мяне такое ўражанне пра гэты фільм, ды і разважаць на гэту тэму сёння няма чаго", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што адна з ідэй фільма - расказаць аб тым парушэнні правоў чалавека, калі жыццё асобных людзей лічылася за нішто, у Савецкім Саюзе. І тут ён упэўнены: рабіць так недапушчальна ні для каго - ні для Сталіна, ні для ўсіх, хто мае ўладу. З іншага боку, звярнуў увагу Прэзідэнт, сёння складана даць аб'ектыўную ацэнку тым падзеям, паколькі аб іх існуе шмат рознай інфармацыі і не заўсёды праўдзівай.

Аб Беларускай Народнай Рэспубліцы

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што тыя падзеі да гэтага часу мала вывучаны, а існуючая інфармацыя вельмі супярэчлівая. З аднаго боку, стваральнікі Беларускай Народнай Рэспублікі хацелі незалежнасці для краіны, з іншага - яны былі гатовы прасіць у гэтай справе дапамогі хоць у каго, аднак потым зноў апынуліся пад ботам.

Ён падкрэсліў, што разумныя людзі павінны ведаць праўду аб тых падзеях. "Не заклейваць, не вырываць з кантэксту. Але ганарыцца гэтым, калі гэта было так, не трэба", - адзначыў Прэзідэнт. - Гэта была сумная старонка, і ў гісторыі многіх народаў такіх сумных старонак было шмат".

"У гісторыі любой дзяржавы былі розныя падзеі. Возьмем Германію: у іх была страшэнная падзея, якую будуць помніць усе пакаленні, - адтуль прыйшла вайна. Яны знішчылі мільёны ні ў чым не вінаватых людзей. Гэта халакост не толькі для яўрэяў, але і для ўсяго свету, асабліва для нашага славянскага, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - У імя чаго яны гэта рабілі? У імя шчасця свайго нямецкага народа. Яны ішлі сюды, каб мець рэсурсы, тэхналогіі і гэтак далей. Яны, напэўна, тады лічылі, што робяць правільна. З нашага пункту гледжання, гэта варварства".

Прэзідэнт звярнуў увагу, што прайшоў час і ў Германіі ўжо не ганарацца гэтым перыядам у жыцці краіны. "Яны ж не ганарацца, што ў часы Гітлера былі пабудаваны шыкоўныя аўтабаны, што яны там стварылі магутнейшую эканоміку, нашых людзей, украінцаў, рускіх, палякаў зганялі туды, і яны там за нішто працавалі, пакуль маглі рухацца", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.

І ў беларускай гісторыі, напэўна, былі пэўныя памылкі, адзначыў ён. "Тыя людзі, якія спрабавалі стварыць незалежную Беларусь, не ведалі, куды кінуцца. Бальшавікі разагналі з'езд (Першы Усебеларускі з'езд), спалохаўшыся, што гэта частка імперыі можа адкалоцца. Беларусь - каштоўнейшая для іх была тэрыторыя, яны баяліся яе страціць", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, бальшавікі былі гатовы прадаставіць Беларусі пэўную незалежнасць і нават дазволілі праводзіць гэты з'езд, аднак, як толькі заўважылі, што гучаць заклікі адкалоцца ад усёй краіны, яны яго разагналі. "Не таму што не хацелі даць беларусам нейкую волю, свабоду. Яны спалохаліся, што наогул страцяць Беларусь, і немцы і іншыя ворагі будуць пад Смаленскам, а то і пад Масквой", - сказаў Прэзідэнт.

Разам з тым, на думку Кіраўніка дзяржавы, рашэнне стваральнікаў БНР прасіць дапамогі ў Германіі не магло ў поўнай меры забяспечыць незалежнасць Беларусі. "Ад аднаго бота з усходу пабеглі на захад пад бот кайзера. Можна гэта і так расцэньваць. Але я прасіў бы не меркаваць аб іх строга, таму што нас там не было і мы гэта не перажывалі псіхалагічна, не разумеем, што тады адбывалася. Моцнае жаданне зрабіць Беларусь незалежнай іх магло штурхнуць хоць да кайзера, хоць чорт ведае да каго. Былі і такія людзі. Добрая гэта старонка ў нашай гісторыі? Напэўна, не зусім", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

"Не трэба гэта педаліраваць, нават калі вы вельмі ненавідзіце ўсё рускае - а з гэтага ўсё пачыналася, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Рускія - гэта нашы браты. Яны розныя, бываюць добрыя і дрэнныя. Бывае, і малако не пускаюць, і цукар не дазваляюць там прадаць, і нафту перакрыюць, і газ. Усяляк бывае. Я гэта ўсё перажыў спаўна. Дык і мы ж не святыя. На тое ёсць палітыкі, каб мы маглі ўрэгуляваць гэтыя пытанні. Але гэта не значыць, што гэта нашы ворагі. Нам хто перш за ўсё руку працягне? Рускія. Няважна, якая прычына будзе ў аснове гэтага. Яны да гэтага часу баяцца страціць Беларусь".

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ён больш чым хто-небудзь з'яўляецца прыхільнікам суверэнітэту і незалежнасці Беларусі. "Таму што гэта мая работа. Я як галоўны тут кіраўнік павінен забяспечыць суверэнітэт і бяспеку", - падкрэсліў беларускі лідар.

Закранаючы святкаванне 100-годдзя БНР, Прэзідэнт прызнаўся, што кіраўнікам органаў улады даручыў не ўмешвацца ў абмеркаванне гэтых працэсаў. "Няхай яны самі разбяруцца. Хочуць яны каля Опернага тэатра - няхай збіраюцца", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Галоўнае, адзначыў ён, каб быў парадак і ніхто не закрануў сам тэатр.

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што не супраць дэманстрацый і вулічных шэсцяў. Аднак, упэўнены ён, ні да чаго добрага яны не вядуць. "Не патрэбны нам сёння гэтыя дэманстрацыі, вулічныя шэсці. Не таму што я іх баюся. Пройдуць па вуліцы, па Мінску - перажывём. Але адзін раз, другі, трэці раз, а потым будзе, як дваццаць гадоў таму", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Ва ўсіх гэтых пытаннях неабходна быць вельмі акуратнымі і таму, што сітуацыя вакол краіны вельмі напружаная, лічыць Аляксандр Лукашэнка. "Трэба берагчы тое, што сёння ёсць. І не трэба пад выглядам нейкай БНР, БССР або чаго-небудзь ламаць. Так, гэта было ў нашай гісторыі. І мы павінны адэкватна гэта ацэньваць: вось гэта - дрэнна, гэта - зусім дрэнна, гэта - трэба разумець, а гэта - трэба цаніць", - рэзюмаваў беларускі лідар.

Аб вытворчасці музычных інструментаў

Маладыя музыканты ў час сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам закранулі тэму забеспячэння ўстаноў адукацыі ў сферы культуры і мастацтва добрымі музычнымі інструментамі. Прэзідэнт адзначыў, што гэта пытанне ўжо ўзята на кантроль.

"Што творчаму чалавеку трэба? Акрамя ўсяго іншага, патрэбны інструмент. Я заўважыў, што інструменты ў вас ёсць, прынамсі, у тых, хто дэманстраваў сваё майстэрства. У каго іх няма, віцэ-прэм'ер паабяцаў, што нават музычныя інструменты ў бліжэйшы час мы ўжо будзем вырабляць у Беларусі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што тое ж новае піяніна каштуе немалых грошай, а старыя ўжо выходзяць са строю. "Таму пастаўлена задача адрамантаваць усё старое і аднавіць вытворчасць, але на больш высокім узроўні, музычных інструментаў. Асабліва піяніна, якое ў нас некалі выпускалася", - сказаў ён.

Аб асаблівасцях прэзідэнцкага водпуску

Вялікую цікавасць ва ўдзельнікаў сустрэчы выклікала пытанне аб тым, як Прэзідэнт праводзіць свой водпуск.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў яго не бывае выхадных, часткова і таму, што не мае намесніка. "Я нават калі і адлучаюся на тыдзень, максімум на дзесяць дзён у так званы водпуск, на водпуск цэлая праграма. Дваццаць мерапрыемстваў, і ты думаеш: гэта водпуск або не? А гэтыя пытанні я павінен вырашыць і магу вырашыць толькі ў гэты перыяд", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт прывёў у прыклад сваю паездку ў Аб'яднаныя Арабскія Эміраты. "Я не люблю гарачае надвор'е, гэта не маё. Паўтара дня - і ўсё, потым мяне дадому цягне, - прызнаўся Кіраўнік дзяржавы. - Таму ў мяне там пэўныя сустрэчы, звязаныя перш за ўсё з эканомікай, размяшчэннем нейкіх заказаў, знаёмствам з людзьмі, якія потым прыедуць, нешта адкрыюць".

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, з прадстаўнікамі кампаніі Stadler, якая некалькі гадоў таму пачала вырабляць у Беларусі вагоны для чыгуначнага транспарту, ён пазнаёміўся ў час рабочага візіту ў Швейцарыю, які быў сумешчаны з кароткатэрміновым адпачынкам. "Раз пагаварылі, другі. Яны прыехалі і адкрылі вытворчасць. Яны ўжо гатовы інвесціраваць у новую вытворчасць", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што аддушынай для яго стаў спорт. "Я вам раю: займайцеся спортам. І вы будзеце нармальна выглядаць. Гэта немалаважна для любога чалавека, а для маладога тым больш", - падкрэсліў ён.

Аб падтрымцы таленавітай моладзі

Шэраг пытанняў датычыўся падтрымкі таленавітай моладзі. Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі неабходна ўдасканаліць сістэму выяўлення адораных маладых людзей. У краіне ёсць усе інструменты для іх падтрымкі, у тым ліку фонды, на фінансаванне якіх дзяржава не шкадуе грошай.

Сістэма адбору ў мастацтве, спорце - самае складанае, дадаў Аляксандр Лукашэнка. Ён прызнаўся, што для яго гэта тэма мае вялікае значэнне і запатрабаваў ва Урада прымаць усе меры, каб не выпускаць з-пад увагі таленавітых маладых людзей і забяспечваць усім неабходным.

Маладыя людзі задавалі Прэзідэнту пытанні пра яго стаўленне да дызайну, сучасных відаў мастацтва. Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, ён вітае творчасць мастакоў-графіцістаў, работы якіх упрыгожваюць асобныя будынкі Мінска.

Адказваючы на пытанні аб сваіх любімых відах мастацтва, Прэзідэнт расказаў, што яму бліжэй за ўсё кіно і музыка. Акрамя таго, ён адзначыў, што ў студэнцкія гады займаўся фатаграфіяй.

На заканчэнне мерапрыемства Аляксандру Лукашэнку ўручылі падарунак ад таленавітай моладзі - карціну "Малая Радзіма" ("Александрыя. Старая школа").