Сустрэча з трохразовай алімпійскай чэмпіёнкай па біятлоне Дар'яй Домрачавай

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 31 ліпеня сустрэўся з трохразовай алімпійскай чэмпіёнкай па біятлоне, Героем Беларусі, паслом добрай волі Праграмы развіцця ААН Дар'яй Домрачавай.

    На сустрэчы абмяркоўваліся пытанні развіцця біятлоннага спорту ў краіне. Аляксандр Лукашэнка, у прыватнасці, пацікавіўся падрыхтоўкай нацыянальнай зборнай Беларусі да чарговага сезона, а таксама станам біятлонных аб'ектаў.

    Кіраўнік дзяржавы нагадаў аб сваіх абяцаннях давесці да гатоўнасці спартыўныя аб'екты для трэніроўкі нацыянальнай зборнай - біятлоннай трасы ў Раўбічах і лыжна-біятлоннай спартыўнай базы "Заечая паляна". Прэзідэнт сказаў, што літаральна ў бліжэйшыя месяцы ўсё будзе гатова. "Мяне запэўнілі, што не будзе праблем з трэніроўкай нацыянальнай каманды, ды і наогул біятланістаў. Усё будзе зроблена, як мы абяцалі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

    У час сустрэчы размова ішла таксама аб падрыхтоўцы маладых біятланістаў. Прэзідэнт лічыць важным, каб побач з вядомымі біятланістамі перыядычна трэніравалася моладзь. Аляксандр Лукашэнка папрасіў спартсменку дапамагчы ў тым, каб маладыя біятланісты пераймалі вопыт праслаўленых спартсменаў. "Я буду цябе прасіць і патрабаваў ад кіраўнікоў-біятланістаў, каб да цябе падключылі падрастаючае пакаленне на якія-небудзь трэніроўкі. Ведаеш, калі бяжыць вялікі чалавек, то за ім дзесьці і паглядзець, і прабегчыся, павучыцца ў яго можна, каб яны таксама выйгравалі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

    Паводле яго слоў, "вялікая справа, калі спартсмены з дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы прыязджаюць і некаторы час трэніруюцца побач з нацыянальнай камандай". "Гэта ўсё ж такі ўзнімае дух", - упэўнены Прэзідэнт.